Вы тут

Вялікі спартыўна-аздараўленчы комплекс адкрыўся ў Астраўцы


Двухпавярховы спартыўна-аздараўленчы комплекс са спартзалай для баскетбола, валейбола, гандбола і міні-футбола, 25-метровым басейнам глыбінёй 1,76 і 1,44 метра, саўнай, трэнажорнай залай, фітнес-кавярняй, дзвюма фітнес-заламі, залай для заняткаў дзюдо, вольнай і грэка-рымскай барацьбой стаў шыкоўным падарункам да 80-гадовага юбілею Астравецкага раёна. Гэта ўжо другі сацыяльна-значны аб'ект, які адкрыўся ў горадзе ўсяго за тыдзень. У мінулую пятніцу ў новы будынак пераехала і адразу прыняла першых пацыентаў Астравецкая цэнтральная раённая бальніца. Мяркуецца, што сёлета ў горадзе з'явіцца яшчэ і лядовы каток.


Прапускная здольнасць шматфункцыянальнага комплексу, дзе можна займацца больш чым 20 відамі спорту, — аднамомантна 221 чалавек. Трыбуны разлічаны на 751 месца. На ўзвядзенне «Імпульсу» за два гады спатрэбілася больш чым 15,5 мільёна рублёў.

Працаваць 24 гадзіны ў суткі спарткомплексу і атрымліваць адрэналін і здароўе яго наведвальнікам пажадаў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір КРАЎЦОЎ:

— Год таму ў Астраўцы з'явіўся цудоўны стадыён з футбольным полем і бегавымі дарожкамі. Увосень на базе першай гімназіі ў межах рэалізацыі сацыяльна-спартыўнага праекта адкрылі суперсучасную пляцоўку (кажуць, найлепшую ў краіне) для баскетбола.

Кіраўнік вобласці выказаў надзею, што тут будуць нараджацца зорачкі і зоркі спорту, чэмпіёны краіны, Еўропы і свету, і падарыў спарткомплексу сертыфікат на 5000 рублёў для набыцця інвентару. «Імпульс» ужо аснашчаны больш чым тысячай адзінак разнастайнага абсталявання, якім напоўніцу карысталіся першыя наведвальнікі трэнажоркі і басейна.

— Гэтае месца стане цудоўнай найсучаснейшай пляцоўкай для развіцця камандных, гульнявых і індывідуальных відаў спорту, масавых мерапрыемстваў накшталт канцэртаў і навагодніх ёлак. У кавярні будзе спецыяльнае фітнес-харчаванне, у тым ліку кіслародныя кактэйлі. У трэнажорнай зале, якая ўкамплектавана сучаснымі трэнажорамі, адначасова могуць трэніравацца 40 чалавек, — расказаў пра магчымасці комплексу Аляксей ДВАРЭЦКІ, загадчык сектара спорту і турызму Астравецкага райвыканкама.

Пасля ўрачыстага адкрыцця ў спартзале прайшоў першы матч па міні-футболе. Права першага ўдару дасталося міністру спорту і турызму Сяргею КАВАЛЬЧУКУ. Ён пажадаў юным і дарослым спартсменам вялікіх вынікаў і дасягненняў, каб яны ўдыхалі жыццё ў спарткомплекс, які не павінен прастойваць ні гадзіны.

«Імпульс» не стане адзінай установай такога ўзроўню ў вобласці. У межах праграмы развіцця спорту і матэрыяльна-тэхнічнай базы спартаб'ектаў у Навагрудку ўзводзіцца такі ж цудоўны шматфункцыянальны палац, які пачне працаваць літаральна праз два месяцы, а праз месяц прыме наведвальнікаў басейн у Смаргоні, заўважыў Уладзімір Краўцоў:

— У планах таксама будаўніцтва футбольных палёў і стадыёнаў у Ваўкавыску, Гродне. Вызначаемся з фарматам спартыўнага аб'екта ў Слоніме. Палац там будзе больш арыентаваны на водныя віды спорту. У Гродне сёлета павінны адкрыцца тэнісныя корты добрага ўзроўню.

З 7 лютага комплекс пачаў работу ў звычайным рэжыме — з васьмі гадзін раніцы да дзесяці вечара.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: «Імпульс» спартыўнага жыцця ў Астраўцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».