Вы тут

Спавядальны шлях. Памяці народнага артыста Барыса Луцэнкі


Асобы тэатра выконваюць сваё наканаванне нават пасля таго, як гадзіннік перастае адлічваць іх зямны час. Гадзіннік спыняецца, а яны працягваюць размову, якую вялі са сцэны цягам жыцця, часам нават праз эпохі. Барыс Луцэнка — рэжысёр, па якім за савецкім часам пазнавалі беларускі тэатр, — пакінуў свет на 83-м годзе жыцця. Учора з ім развіталіся ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага, дзе ён служыў да апошніх дзён. Служыў тэатру і чалавеку, у якога верыў нягледзячы на расчараванні і перасцярогі злому эпох.


Фота дадзена тэатрам імя М. Горкага.

«У чалавеку ёсць усё: пэўны працэнт годнасці і подласці, любові і нянавісці, баязлівасці і смеласці, працаздольнасці і ляноты, дабрыні і злосці...» Задача мастацтва — змяніць гэтыя суадносіны хоць бы на некалькі працэнтаў на карысць любові, дабрыні, годнасці. Як гэта зрабіць? Галоўнае — не спрабаваць аднымі лекамі вылечыць усіх. У нашым тэатры гэтую задачу мы імкнёмся рашыць праз індывідуальнае ўздзеянне на кожнага гледача... Для мне Тэатр сёння — гэта майстэрня, дзе людзі могуць вызваліцца ад сваёй персанальнай клеткі нянавісці, подласці, злосці, сквапнасці, зайздрасці... Хай з тысячы гледачоў толькі адзін здолее стаць вольным! Ужо недарэмна пражытае жыццё, ужо Тэатр апраўдаў сваё існаванне...»

Для Барыса Іванавіча Луцэнкі галоўным было асэнсаванае існаванне. Асэнсавана падчас навучання ў чыгуначным тэхнікуме ён зрабіў выбар на карысць сцэны, а далей яго быццам вёў лёс: ураджэнец Кубані стаў студэнтам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, а пасля — адным з найярчэйшых прадстаўнікоў беларускага тэатра. З павагай да беларускай культуры ён працаваў у Купалаўскім тэатры, дзе паставіў сваё знакавае «Раскіданае гняздо» паводле Янкі Купалы. Гадоў праз дваццаць ён вернецца да гэтага твора ў кіно: напачатку 90-х грамадства будзе ў пошуку нацыянальнай ідэі. Барыс Луцэнка ведаў, што яна была і ёсць: ён паглыбіўся ў традыцыі, адчуў менталітэт і сам стаў часткай гэтай культуры. Нездарма ў 1995 годзе яму прысвоілі званне народнага артыста Беларусі. У той час Барыс Іванавіч ужо з'яўляўся мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага.

Быў час, калі пра Рускі тэатр так і казалі: «тэатр Луцэнкі». Два перыяды работы пад яго кіраўніцтвам (як галоўнага рэжысёра, пасля перапынку — як мастацкага кіраўніка) сапраўды пашырылі славу тэатра, у тым ліку за межамі Беларусі. «Макбет» паводле Шэкспіра — гучная прэм'ера 1974 года, Гран-пры на фестывалі ў Штутгарце, неверагодны поспех у публікі. «Трагічная аповесць пра Гамлета, прынца Дацкага», «Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дзмітрыя Меражкоўскага — паднятае з глыбінь і перавернутае вось гэтае «чалавечае», падкрэсленае адчуванне магчымай бяды, якая цалкам залежыць ад чалавека. Рэжысёру было важна, каб дадому глядач пайшоў іншым чалавекам.

Істотным бокам служэння Барыса Луцэнкі ў Рускім тэатры стала паспяховая праца з творамі беларускіх аўтараў: Алеся Адамовіча (спектакль «Вяртанне ў Хатынь»), Васіля Быкава («Пайсці і не вярнуцца»), Аляксея Дударава («У прыцемках»). Тут ён зноў звярнуўся да думак Купалы, аднавіўшы легендарны спектакль «Раскіданае гняздо» (па-беларуску на сцэне Рускага тэатра!) ды ўвасобіўшы ўжо ў новым стагоддзі «Сон на Кургане». Дзякуючы Луцэнку тут паўстала «Легенда пра беднага д'ябла» Уладзіміра Караткевіча.

На якіх бы сцэнах ні ставіў Барыс Луцэнка (лёс даў яму магчымасць папрацаваць на некалькіх), ён быў упэўнены, што «тэатр дапамагае чалавеку спазнаць самога сябе».


Сяргей Кавальчык, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага:

«Пад кіраўніцтвам Барыса Іванавіча Рускі тэатр дасягнуў творчых вышыняў, таму што ў яго як у рэжысёра быў свой непаўторны почырк, навізна формы і глыбокае пранікненне ў чалавека. Ён умеў дакладна адлюстроўваць час. Мы працавалі разам дзесяць гадоў. Канешне, ён ставіў цікавыя спектаклі, але для мяне таксама важна, што мы выпусцілі курс рэжысёраў у Акадэміі мастацтваў і што Барыс Іванавіч змог перадаць студэнтам частку свайго багатага жыццёвага і рэжысёрскага вопыту».

Мікалай Пінігін, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы:

«У канцы 1960-х — пачатку 1970-х Барыс Іванавіч шэсць гадоў працаваў у Купалаўскім тэатры, таму ён нам не чужы, я цудоўна памятаю яго спектаклі, напрыклад, «Раскіданае гняздо» — ён тут шмат чаго добрага зрабіў, а потым перайшоў у Рускі тэатр. Я вучыўся ў тэатральна-мастацкім інстытуце на рэжысёра тэлебачання, і Барыс Луцэнка, які вёў у інстытуце курс драмы, бачыў мяне як артыста, бо я іграў у дыпломных спектаклях. Калі я апынуўся на тэлебачанні і прапрацаваў там тры месяцы, ён раптам запрасіў мяне на галоўную ролю сваёй пастаноўкі ў Рускім тэатры. Я быў яму вельмі ўдзячны, таму што ў савецкія часы тэлебачанне было сумнае, а ў тэатры ставілі цудоўныя класічныя і сучасныя п'есы. Я з задавальненнем збег у тэатр. Потым ён стаў мне даваць ставіць, адпаведна свой першы ў жыцці спектакль у прафесійным тэатры я паставіў менавіта ў яго. Ён сыграў у маім прафесійным лёсе вызначальную ролю, ён, можна сказаць, мой прафесійны бацька. У 1970—1980-я гады ён быў, як бы сёння сказалі, модным рэжысёрам, але ставіў сур'ёзныя спектаклі па сур'ёзнай літаратуры. Я лічу, калі Барыс Луцэнка кіраваў Рускім, гэта быў грандыёзны, проста фантастычны тэатр. Тады ўвогуле менавіта Рускі і Купалаўскі вызначалі шлях беларускага тэатра. Уявіце сабе, разам з Расціславам Янкоўскім я іграў у «Макбеце» — з гэтым спектаклем мы ў 1980 годзе месяц вандравалі па Германіі, значыць, гэта быў узровень».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.