Вы тут

Як пачувае сябе Вялікабрытанія на «вольных хлябах»?


Тыдзень таму Вялікабрытанія пачала адлік новага этапу сваёй найноўшай гісторыі. Брэксіт, які ўжо амаль пераўтварыўся ў далёкую і няспраўджаную мару, нарэшце набыў рэальныя абрысы. Харызматычны прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан ўсё-такі выканаў сваё гучнае абяцанне «вывесці краіну з Еўрасаюза або памерці». Адна з ключавых краін супольнасці пакінула ЕС, не дацягнуўшы трох гадоў да 50-гадовага юбілею знаходжання ў арганізацыі. Як гэта ўдалося і што пацягне за сабой такі крок?


Аптымісты і скептыкі

24 чэрвеня 2016 года ў Вялікабрытаніі абвясцілі вынікі рэферэндуму аб выхадзе з ЕС. Адна з самых гучных выбарчых кампаній завяршылася перамогай еўраскептыкаў, хоць і з зусім нязначнай перавагай. За Brexіt прагаласавалі 51,9 працэнта брытанскіх грамадзян супраць — 48,1. Ідэя выхаду з Еўрасаюза набрала папулярнасць пасля грэчаскага эканамічнага крызісу, нагадвае gazeta.ru. Яшчэ большы імпульс размовам пра Brexіt надаў міграцыйны крызіс у Еўропе. На думку еўраскептыкаў, выхад з ЕС мог бы засцерагчы краіну ад еўрапейскіх эканамічных праблем і абмежаваць колькасць мігрантаў. Прыхільнікі Brexіt настойвалі, што сяброўства ў аб'яднанні толькі перашкаджае развіццю Злучанага Каралеўства, адымаючы ў краіны мільярды фунтаў і нічога не прапаноўваючы наўзамен.

Абурэнне многіх брытанцаў пры гэтым выклікала статыстыка па галасаванні. Так, паводле дадзеных YouGov, за Brexіt галасавалі пераважна грамадзяне старэйшыя за 50 гадоў. Акрамя таго, даследаванні прадэманстравалі, што чым больш у акрузе людзей з вышэйшай адукацыяй, тым большай аказалася падтрымка сяброўства ў ЕС. Супраць выхаду Брытаніі з Еўрасаюза прагаласаваў Лондан, Паўночная Ірландыя і Шатландыя, якая практычна адразу заявіла пра гатоўнасць пакінуць Злучанае Каралеўства і стаць членам ЕС. Астатняя ж краіна практычна аднадушна прагаласавала за выхад.

Курс фунта да долара адразу пасля выхаду першых папярэдніх даных знізіўся да мінімальных з 1985 года значэнняў, прабіўшы адзнаку $1,32 за Ј1. Брытанцы гадалі, што будзе рабіць прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран — галоўны ідэолаг палітыкі захавання членства ў ЕС і да ўсяго іншага ініцыятар рэферэндуму. Ён ператварыў плебісцыт у інструмент выбарчай кампаніі на парламенцкіх выбарах у 2015 годзе. Кэмеран паабяцаў, што калі кансерватары выйграюць, то ён правядзе галасаванне аб выхадзе з Еўрасаюза.

Іронія ў тым, што, акрамя інструмента ў выбарчай кампаніі, рэферэндум стаў для прэм'ера элементам палітычнай стратэгіі. Яшчэ ў 2013 годзе ён расказаў, што Лондан павінен быць часткай ЕС, аднак на іншых умовах. У прыватнасці, палітык хацеў дамагчыся змен у галіне міграцыйнага заканадаўства і сацыяльных ільгот. Такім чынам ён разлічваў паставіць кропку ў спрэчцы аб мэтазгоднасці членства Злучанага Каралеўства ў садружнасці, а таксама, калі атрымаецца дамовіцца з Бруселем аб новых умовах суіснавання. Іншымі словамі, Дэвід Кэмеран быў упэўнены ў перамозе еўрааптымістаў на рэферэндуме. Прэм'ер-міністр пайшоў ва-банк і прайграў. Раніцай 24 чэрвеня на Даўнінг стрыт, 10 Кэмеран заявіў, што сыходзіць у адстаўку. «Я біўся супраць выхаду ўсім сваім сэрцам, але брытанцы абралі іншы шлях. Значыць, ім патрэбны новы прэм'ер-міністр», — сказаў ён. Чарговым кіраўніком брытанскага ўрада 13 ліпеня 2016-га стала Тэрэза Мэй — праціўніца выхаду краіны з Еўрасаюза. «Brexіt азначае Brexіt», — паўтарала яна падчас выбарчай кампаніі за месца лідара Кансерватыўнай партыі і, адпаведна, крэсла прэм'ер-міністра. «Мы перажываем важны гістарычны момант для нашай краіны. Пасля рэферэндуму трэба будзе прайсці праз часы велічэзных нацыянальных перамен, і я ведаю, што мы — Вялікабрытанія — прымем выклік, — сказала Мэй падчас свайго першага звароту да нацыі. — Улічваючы, што мы выходзім з ЕС, даможамся для сябе новай, важнай і пазітыўнай ролі ў свеце».

У маі 2019-га Тэрэза Мэй са слязамі на вачах абвесціць аб сваёй адстаўцы. За гэты час яна будзе ўзгадняць з Бруселем 500-старонкавае пагадненне аб «разводзе», якое тройчы не пройдзе ўзгадненне ў парламенце. Дамагчыся саступак ад Еўрасаюза прэм'еру таксама не атрымаецца.

Дзень незалежнасці

Толькі праз тры з паловай гады лёс Brexіt трапіў у рукі чалавека, здольнага давесці пачатае да канца. Летась 24 студзеня пераемнік Мэй Борыс Джонсан, адзін з галоўных еўраскептыкаў, ідэолаг кампаніі за Brexіt, падпісаў пагадненне аб выхадзе Вялікабрытаніі з Еўрасаюза. «Падпісанне пагаднення — надзвычайны момант, калі, нарэшце, выконваецца вынік рэферэндуму 2016 года і заканчваюцца зацяглыя гады спрэчак і рознагалоссяў», — заявіў Джонсан, апрануты ў колеры брытанскага сцяга, у ходзе цырымоніі.

З парламентам Джонсану давялося пазмагацца: каб мець магчымасць прасоўваць сваю палітыку і спыніць шматлікія адтэрміноўкі Brexіt, прыйшлося распусціць палату абшчын і пайсці на пазачарговыя выбары. У парламенце папросту адсутнічала большасць, якая прасоўвала б неабходную пазіцыю, ці то новы рэферэндум, выхад без здзелкі або падтрымка існуючага пагаднення. Такім чынам, датэрміновыя выбары далі брытанцам магчымасць прадэманстраваць сваю волю адносна будучыні краіны — з ЕС або без яго. Вынікі пераўзышлі ўсе чаканні: кансерватыўная партыя Джонсана, заняўшы 364 з 650 месцаў у палаце абшчын, атрымала найбуйнейшую перамогу з 1987 года, калі такога ж поспеху дамаглася Маргарэт Тэтчэр.

«Гэта новы кірунак для незалежнай, суверэннай Вялікабрытаніі, наперадзе — дзесяцігоддзе абнаўлення і новых магчымасцяў», — заявіў кіраўнік МЗС краіны Дамінік Рааб. «Мы зніжаем гандлёвыя бар'еры паміж краінамі, працуем па пытаннях змены клімату або паляпшаем жыццё людзей ва ўсім свеце, наша бачанне па-сапраўднаму ўпісанай у глабальны свет Брытаніі стане асновай для добрых спраў», — высакамоўна адзначыў Рааб перад пачаткам апошняга для брытанскіх дэпутатаў пасяджэння ў Еўрапарламенце, на якім выносілі заключнае рашэнне па працэдуры Brexіt. За выхад Брытаніі з Еўрасаюза ў выніку прагаласаваў 621 парламентарый, супраць — 49.

Развітанне прайшло эмацыянальна. Пераходзячы ў разрад былых калег, палітыкі моцна ціснулі адзін аднаму рукі і са слязамі на вачах спявалі «Стары добры час» («Auld Lang Syne») — шатландскую песню, якую традыцыйна выконвалі ў Новы год, а потым і па іншых святах. Дэпутаты адзін за адным падымаліся з месцаў, каб прамовіць апошняе слова.

У Брытаніі кансерватыўная партыя святкавала свой трыумф на снежаньскіх выбарах і перамогу лозунга Борыса Джонсана «Здзейснім Brexіt!» (Get Brexіt done). На сайце партыі можна было замовіць памятныя сувеніры, але ўжо са слоганам «Здзейснілі Brexіt!» (Got Brexіt done). Кухонны ручнік з выявай Джонсана ўнутры вянку з брытанскім сцягам каштаваў 12 фунтаў, такі ж магніт — шэсць, значок з дэвізам прэм'ера — пяць. Увечары 31 студзеня адсвяткаваць «дзень незалежнасці» Вялікабрытаніі ад ЕС на вуліцы Лондана выйшлі тысячы людзей. Брытанцы палічылі выхад краіны з Еўрапейскага саюза праз тры з паловай гады пасля рэферэндуму сваёй перамогай над палітычнай элітай Вялікабрытаніі, паведаміла CNN. Асноўным месцам святкавання «разводу» Лондана і Бруселя стала Парламенцкая плошча.

Пасля «разводу»

Аднак Brexіt — яшчэ не канец працэдуры. На працягу 11 месяцаў (да 31 снежня 2020 года) будзе доўжыцца так званы транзітны перыяд. Дэталёвае абмеркаванне будучых абрысаў супрацоўніцтва пачнецца, па некаторых даных, у пачатку сакавіка. Галоўная мэта — распрацаваць механізм, па якім Брытанія захавае выгады ад агульнага з ЕС рынка і Мытнага саюза, але не будзе больш прадстаўлена ў розных органах Еўрасаюза і пазбавіцца права ўплываць на прыняцце палітычных рашэнняў. Падчас транзіту Лондан працягне прытрымлівацца агульнаеўрапейскіх законаў, але прапаноўваць новыя ініцыятывы не зможа.

У тэорыі, калі дамовіцца аб новых правілах не паспеюць, транзіт можна падоўжыць на два гады, але Борыс Джонсан ужо выступіў катэгарычна супраць зацягвання працэсу, паколькі яго аднапартыйцы не ўхвалілі б такога развіцця падзей. Ключавой тэмай абмеркавання стане гандлёвае супрацоўніцтва. У перыяд транзіту гандлёвыя адносіны бакоў не зменяцца. Па яго заканчэнні Брытанія пакіне Мытны саюз ЕС і выйдзе з пагаднення аб свабодным гандлі, па якім брытанскія тавары могуць свабодна перамяшчацца па Еўропе без праверак і тарыфаў. Бакам трэба будзе заключыць новы дагавор. За гэты час таксама трэба будзе вызначыцца, як брытанска-еўрапейскае супрацоўніцтва будзе выглядаць у іншых сферах: правасуддзі, бяспецы і абмене дадзенымі, авіяцыйных стандартах, доступе да водаў для лоўлі рыбы, пастаўках электрычнасці і газу, ліцэнзаванні медыцынскіх прэпаратаў.

Працэдуру мяркуюць завяршыць да канца лістапада 2020 года. Да гэтага моманту дагавор павінен быць абмеркаваны, правераны і прадстаўлены Еўрапарламенту. 31 снежня 2020 года стане пунктам незвароту, да гэтага моманту пагадненне аб свабодным гандлі павінна быць ратыфікавана. Калі гэтага не адбудзецца, Брытанія будзе гандляваць з ЕС па правілах Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Такі варыянт некаторыя назіральнікі прыраўноўваюць да выхаду без пагаднення, якога так імкнуліся пазбегнуць. Фінальны акорд прагучыць у апошні дзень 2022 года. Гэта крайняя дата, да якой можа быць прадоўжаны транзітны перыяд. Да гэтага моманту ўсе спрэчныя пытанні ў тэорыі канчаткова ўладзяць.

Акно магчымасцяў

Другая па велічыні еўрапейская эканоміка паказала рэкордна нізкія тэмпы росту прадукцыйнасці працы за апошнія 10 гадоў. Запаволенне прызнана найгоршым з часоў Прамысловай рэвалюцыі, якая пачалася 250 гадоў таму. Пра гэта паведаміла газета The Guardіan са спасылкай на даследаванне навукоўцаў з Універсітэта Сэсекса і Лафбара. Адной з прычын стагнацыі навукоўцы назвалі наступствы Brexіt. У бліжэйшай перспектыве брытанская эканоміка будзе паказваць слабы рост, лічаць эксперты.

Выхад Вялікабрытаніі са складу Еўрапейскага саюза, які ўжо каштаваў казне краіны больш за 170 мільярдаў долараў, можа абярнуцца для Злучанага Каралеўства праблемамі не толькі эканамічнага характару. Змены ўжо адбываюцца і яны не заўжды станоўчыя. Напрыклад, выхад з Еўрасаюза прывёў да ўсплёску ксенафобскіх настрояў. Як паведамляе брытанскае выданне Guardіan, у адным з дамоў ў горадзе Норыдж у графстве Норфалк з'явілася аб'ява непрымальнага зместу: «Мы зноў здабылі нашу вялікую краіну і не пацерпім, каб жыхары кватэр гаварылі на іншых мовах, акрамя мовы каралевы Лізаветы — англійскай. У адваротным выпадку вяртайцеся адкуль прыехалі, і вярніце кватэры дзяржаве, каб у іх маглі жыць брытанцы». Гэты заклік пад назвай «Шчаслівага брэксіту» быў прылеплены да пажарных шчытоў на ўсіх 15 паверхах дома. Гаворка ідзе пра так званае сацыяльнае жыллё, шматкватэрныя блокі з нізкай арэнднай платай, у якіх кватэры выдаюцца сем'ям з нізкім дастаткам і мігрантам. Улады Норыджа заявілі, што маюць намер адрэагаваць жорстка.

Брэксіт спарадзіў яшчэ адзін галаўны боль для Лондана. Кіраўнік урада шатландскай аўтаноміі Нікола Стэрджэн паабяцала, што Шатландыя вернецца ў Еўрапейскі саюз, але ўжо ў якасці незалежнай дзяржавы. Мітынгі і шэсці супраць брэксіту прайшлі ў Эдынбургу, Глазга, Абердзіне, Дандзі і іншых шатландскіх гарадах. У Шатландыі ўсё часцей гаворка заходзіць аб новым рэферэндуме аб незалежнасці, піша швейцарскае выданне Tages-Anzeіger.

Аднак ужо відавочныя і станоўчыя моманты. Брэксіт можа стаць новым акном магчымасцяў для ўмацавання супрацоўніцтва Вялікабрытаніі і Беларусі. Такое меркаванне выказаў пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі Сяргей Алейнік у праграме «Контуры» на тэлеканале АНТ. На працягу апошніх гадоў Злучанае Каралеўства ўстойліва займае трэцяе месца па аб'ёме экспарту беларускай прадукцыі пасля Расіі і Украіны, а таксама другое — па аб'ёмах інвестыцый у эканоміку Беларусі. З улікам таго, што Лондан — глабальны фінансавы цэнтр, на думку Сяргея Алейніка, ёсць вялікі патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва ў банкаўскай і фінансавай сферах. Як заўважыў пасол, «Беларусь разлічвае на працяг прагматычнага і канструктыўнага супрацоўніцтва з Вялікабрытаніяй і развіццё адносін па ўсіх ключавых сферах нашага ўзаемадзеяння».

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Лондан, гуд-бай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Ад таго, наколькі беражліва людзі ставяцца да прыроды, залежыць якасць іх жыцця, здароўе і нават дабрабыт. 

Грамадства

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

Пра асаблівасці работы мы пагутарылі з намеснікам начальніка ўстановы Максімам Кулем.

Грамадства

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Пахаванне адходаў — самы просты i танны спосаб пазбавiцца ад iх, аднак ён шкодзiць наваколлю i здароўю чалавека.

Грамадства

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

У перыяд летніх канікулаў для школьнiкаў i студэнтаў падрыхтаваны розныя цiкавыя мерапрыемствы, у тым лiку шмат з iх — анлайн.