Вы тут

«Сімпозіум літаратараў стаў пляцоўкай, якая зацвярджае міралюбнасць»


Шосты раз у межах Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу прайшоў традыцыйны Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». Сёлета яго ўдзельнікамі сталі паэты, празаікі, перакладчыкі, журналісты, літаратуразнаўцы, педагогі, грамадскія дзеячы і нават дыпламаты — прадстаўнікі 20 краін свету абмеркавалі магчымасці і перспектывы літаратуры, як складовай часткі культурнага дыялогу.


«Сімпозіум літаратараў стаў пляцоўкай, якая зацвярджае міралюбнасць і добрасуседства, — падкрэсліў 6 лютага на адкрыцці літаратурнага форуму міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. — Беларусы ведаюць цану міру, і многія пакаленні людзей, якія жылі ў драматычныя перыяды гісторыі, нагадваюць нам пра тое, што гэта самая вялікая каштоўнасць чалавечага жыцця».

«Свет імкліва змяняецца, і, на жаль, не заўжды гэтыя перамены ў лепшы бок, — звярнуўся да аўтараў з розных краін старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. — Што могуць зрабіць, адгукаючыся на актуальныя праблемы і запыты сучаснага грамадства, пісьменнікі — «інжынеры чалавечых душ», як гаварыў Максім Горкі, «вочы і вушы народа», як казаў Янка Купала? А пісьменнікі могуць зрабіць многае. І нам трэба дбаць аб тым, каб вярнуць у грамадстве павагу да слова, любоў да кнігі, каб павысіць культуру падрастаючага пакалення. Я перакананы, што кнігі мусяць стаць у тым ліку інструментам палітыкаў, каб на змену дыктату сілы прыйшоў дыктат слова». Іранскі пісьменнік, выкладчык, дырэктар Фонду паэзіі і мастацкай літаратуры Мехдзі Гезелі падтрымаў беларускага калегу: «Нам, людзям літаратуры, трэба садзейнічаць нараджэнню новага мірнага часу, у якім людзі будуць жыць у гармоніі ды спакоі, у якім адродзяцца такія каштоўнасці, як свабода, роўнасць, любоў і духоўнасць».

Удзельнікі сімпозіума расказалі аб тым, як кожны з іх уяўляе і рэалізуе на практыцы культурны дыялог праз літаратуру. Расійскі публіцыст, намеснік рэдактара часопіса «Наш современник» Аляксандр Казінцаў адзначыў: «Цяпер літаратура перажывае не лепшыя часы, і тое, што ў Беларусі яна мае падтрымку на дзяржаўным узроўні — вельмі каштоўна». Дарэчы, у кожным «беларускім» нумары часопіса друкуюцца сучасныя беларускія аўтары, а сучасныя расійскія літаратары выдаюць свае кнігі ў Беларусі, як, напрыклад, маладая пісьменніца Алена Тулушава, і гэты абмен узбагачае літаратурную палітру абедзвюх краін.

Былы пасол Славакіі ў Беларусі, а таксама паэт і перакладчык Марыян Серватка ўзгадаў, як некалі з дапамогай беларускіх сяброў і аднадумцаў ініцыяваў праект «Дыялог культур», у межах якога ў Славакіі прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Янку Купалу. «Я ўпэўнены, што такі дыялог мусіць працягвацца — і не толькі праз літаратуру, а ва ўсіх галінах мастацтва, каб супрацьстаяць глабалізацыі, уніфікацыі нацыянальных культур. Трэба будаваць, наводзіць наноў, у рэшце рэшт, рамантаваць разбураныя культурныя масты паміж краінамі».

Узвесці такі мост можна нават самому, што яскрава прадэманстравала Анхела Эспіноса Руіс (на фота). Дзяўчына, апантаная беларускай мовай і літаратурай, выдала на дзвюх мовах — беларускай і іспанскай — зборнік 30 вершаў Максіма Багдановіча, які зацікавіў не толькі беларускую дыяспару і іспанскую інтэлігенцыю — яго з захапленнем чытае нават 88-гадовая бабуля паэткі! А, напрыклад, для народнага паэта Чувашыі Валерыя Тургая вынікам асабістага знаёмства з Беларуссю стала невялікая анталогія беларускай паэзіі на чувашскай мове і ўдзел у маштабным творчым праекце — перакладзе санетаў Янкі Купалы на мовы свету. (Дарэчы, у маі гэтага года ў Чэбаксарах, сталіцы Чувашскай Рэспублікі, плануецца адкрыццё мемарыяльнай дошкі беларускага песняра.)

Нам варта перастаць думаць стэрэатыпамі, перакананая частая госця Беларусі, нямецкая пісьменніца і кіраўнік дабрачыннага фонду падтрымкі пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС Хайке Забель: «Гэта было б так проста, калі б можна было рассартаваць людзей па скрынках паводле нацыянальнасці: вось «тыповы беларус», вось «тыповы немец»... Але межы паміж намі сціраюцца, і замест таго, каб гаварыць адно пра аднаго, давайце больш гаварыць адно з адным. Я напісала тры кнігі пра Беларусь, як многія ўдзельнікі сімпозіума, — але, быць можа, наперадзе яшчэ адна, якую напішам усе мы разам — сукупнасць поглядаў на Беларусь пісьменнікаў з розных краін?»

Узаемныя пераклады і выданне анталогій, лакальныя і маштабныя сумесныя творчыя праекты, арганізацыя дзён нацыянальных культур, захаванне памяці выбітных дзеячаў літаратуры — гаворку на гэтыя тэмы ўдзельнікі міжнароднага сімпозіуму літаратараў працягнуць і сёння на семінарах, творчых сустрэчах са школьнікамі і студэнтамі ВНУ, на літаратурным пленэры ў Барысаве. Але найважнейшую рэзалюцыю форуму прынялі яшчэ ўчора: пісаць актуальна, шчыра і цікава, глыбока і ўдумліва, каб не было ніякіх перашкод і межаў паміж аўтарамі і чытачамі з розных краін.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».