Вы тут

Як праходзіць дэдаларызацыя


Як вядома, урад зацвердзіў стратэгію павышэння даверу да нацыянальнай валюты да 2035 года. Гэты дакумент знаходзіцца ў адкрытым доступе на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Сярод мер па дэдаларызацыі — адвязаць ад замежнай валюты стаўкі падаткаў, арэнднай платы, а таксама цэн і тарыфаў. Разбяромся больш удумліва.


Гэты працэс працяглы

Кіраўніцтва і Нацыянальны банк, «разумеючы першараднасць пытання аб аднаўленні даверу да нацыянальнай валюты, будуць рэалізоўваць узгодненую палітыку, якая дазволіць забяспечыць галоўную ролю беларускага рубля ва ўнутранай эканоміцы», — гаворыцца ў стратэгіі. А падмуркам далейшага аднаўлення даверу да беларускага рубля застанецца рэалізацыя паслядоўнай палітыкі па забеспячэнні ў краіне цэнавай стабільнасці і макраэканамічнай збалансаванасці. Але тут жа ў дакуменце гаворыцца, што «працэс поўнага аднаўлення даверу да нацыянальнай валюты можа быць доўгім».

Пра тое, што беларускай эканоміцы патрэбна дэдаларызацыя, фінансісты задумаліся яшчэ ў 2009 годзе. А неўзабаве былі зроблены першыя крокі да пастаўленай мэты. Нацбанк перастаў выдаваць новыя ліцэнзіі на разлікі ў наяўнай замежнай валюце, стаў праводзіць палітыку зніжэння ставак па фінансавых інструментах у замежнай валюце, а потым забараніў выдаваць насельніцтву крэдыты ў замежнай валюце.

Услед за забаронай выдачы людзям валютных крэдытаў урад прыняў яшчэ адну меру: пастановай Саўміна суму здзелак з нерухомасцю, ад якой вызначалася стаўка на рыэлтарскія паслугі, адвязалі ад еўра. З 1 жніўня 2009 года стаўка вызначаецца выключна беларускімі рублямі, а яе памер — базавымі велічынямі. Паслугі рыэлтараў значна патаннелі.

Чарговы крок да дэдаларызацыі быў зроблены летам 2015 года. У многіх месцах, дзе раней гэта было дазволена, забаранілі разлічвацца замежнай валютай — напрыклад, у кавярнях і на запраўках на рэспубліканскіх аўтадарогах, у пунктах пропуску на граніцы. З таго часу нельга плаціць валютай за турыстычныя паслугі. У тым жа годзе ўлады адпусцілі курс рубля. Практычна адразу прыватныя наймальнікі пачалі масава адвязваць зарплаты ад доларавага эквіваленту, цяпер яны імкнуліся зафіксаваць свае абавязацельствы ў нацыянальнай валюце.

У 2017 годзе Нацбанк забараніў разлікі замежнай валютай з фізічнымі асобамі медыцынскім установам і авіякампаніям. Каб зрабіць беларускі рубель прывабным для ўкладчыкаў, галоўны банк краіны з ліпеня 2017 года павысіў норму адлічэнняў у фонд абавязковых рэзерваў ад прыцягнутых у замежнай валюце сродкаў з 11 % да 15 %.

Камуналку прывяжуць да базавай велічыні

«Намінаванне арганізацыямі цэн, тарыфаў, іншых плацяжоў у замежнай валюце ўносіць дысбаланс на ўнутраны валютны рынак, робячы яго адчувальным для шокаў паслаблення нацыянальнай валюты, а таксама павялічвае неабгрунтаваныя дэвальвацыйныя чаканні з боку насельніцтва», — гаворыцца ў стратэгіі. Дык вось, цяпер на ўзроўні заканадаўства неабходна адмаўляцца ад выкарыстання замежнай валюты ўнутры краіны. «Усе стаўкі падаткаў, арэнднай платы і тарыфаў дзяржаўных арганізацый будуць устанаўлівацца ў беларускіх рублях. Усе выплаты, дапамогі, субсідыі будуць ажыццяўляцца дзяржавай пераважна ў беларускіх рублях», — сцвярджае дакумент.

Дарэчы, у нашай краіне штогод павышаюць тарыфы на «камуналку», зыходзячы з прынцыпу, што сукупны плацеж не павінен перавысіць пяці долараў у разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажыванні імі паслуг. І вось цяпер рыхтуецца дакумент, па якім прапануецца адвязаць ад долара дзеючае абмежаванне павышэння плацяжоў насельніцтва за ЖКП. Распрацоўшчыкі падрыхтаванага праекта збіраюцца адмовіцца ад долара ў разліку іх росту і прывязаць плацяжы да базавай велічыні. Сама прывязка, мяркуецца, будзе дзейнічаць такім чынам: штогод «камуналка» павінна павышацца ў межах паловы базавай велічыні. (Цяпер базавая велічыня складае 27 рублёў, адпаведна яе палова — 13,5 рубля.)

З іншых планаў мер па дэдаларызацыі — ўнясенне змяненняў у Закон «Аб рынку каштоўных папер». Будучы дакумент прадугледжвае выпуск аблігацый, умовамі эмісіі якіх прадугледжана іх размяшчэнне на тэрыторыі нашай краіны, у беларускіх рублях. Урад таксама разглядае магчымасць унесці змены ў прэзідэнцкі Указ № 530 «Аб страхавой дзейнасці», каб выключыць магчымасць разлікаў у замежнай валюце паміж рэзідэнтамі ў страхавой сферы.

Галоўнае, каб рубель захоўваў стабільнасць

Фінансавы аналітык Жанна Кулакова лічыць, што меры па дэдаларызацыі, якія цяпер робіць урад, правільныя і доўгачаканыя. Гэта нават незразумела, калі шмат гадоў гаворыцца пра курс на дэдаларызацыю, а павышэнне платы за камунальныя паслугі лічаць у доларавым эквіваленце.

Аднак, на яе думку, адмова ад долара не можа адбыцца толькі на паперцы з пячаткай. У першую чаргу яна павінна здарыцца ў галовах людзей. Але як людзі, так і бізнес даволі часта лічаць у замежнай валюце. Цяпер трэба яшчэ вярнуць давер людзей да беларускага рубля. «Ён стаў вышэйшы, чым раней, але ўсё роўна застаецца досыць нізкі. За мінулыя гады давер быў вельмі моцна падарваны як да рубля, так і да заяў пэўных дзяржаўных экспертаў, якія абяцалі стабільнасць курсу нацыянальнай валюты», — тлумачыць спікер. З моманту апошніх непрыемных падзей, звязаных са скачкамі валютных курсаў, прайшло ўсяго пяць гадоў. Відавочна, што гэтага мала, што трэба яшчэ час. Больш таго, важна, каб на працягу гэтага часу захоўвалася стабільнасць на валютным рынку.

На думку аналітыка, трэба зрабіць так, каб курсаўтварэнне заставалася рынкавым, але пры гэтым рубель захоўваў стабільнасць. У такім выпадку ўрад будзе вымушаны выкупляць лішкі замежнай валюты на ўнутраным рынку. Яны фарміруюцца з-за таго, што людзі, прадпрыемствы і банкі прадаюць больш валюты, чым купляюць. Лішкі замежнай валюты маглі б ісці на ўмацаванне беларускага рубля. Па словах аналітыка, сітуацыя з нашымі валютнымі абавязацельствамі такая, што ўрад павінен іх выкупляць і накіроўваць альбо ў склад золатавалютных рэзерваў, альбо на пагашэнне даўгоў.

Акрамя таго, Жанна Кулакова тлумачыць, што ў нас да гэтага часу кошт буйных дарагіх пакупак часта прывязваецца да курсу долара. Можна ў прыклад прывесці жыллё — забудоўшчыкі ўстанаўліваюць цэны квадратнага метра ў доларах. Плату яны потым прымаюць у беларускіх рублях, але ўсё роўна чалавек плаціць у эквіваленце па актуальным курсе, гэта значыць, з прывязкай да замежнай валюты. Разлікі па ўсіх здзелках на другасным рынку — продажах-пакупках машын, кватэр — таксама лічацца ў доларавым эквіваленце. Гэта няправільна, але так адбываецца. Нягледзячы на тое, што пытанне па адвязцы кошту нерухомасці ад долара ўжо не раз абмяркоўвалася, асаблівых змен пакуль не назіраецца.

Ацэнка ўзроўню жыцця павінна быць у нацыянальнай валюце

Як адзначаюць фінансавыя эксперты Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра BЕRОС, узровень даларызацыі ў нас паступова зніжаецца, але гэта не хуткі працэс. Варта адзначыць тыя меры, якія ўжо былі прынятыя Нацбанкам. Напрыклад, зняцце валютных абмежаванняў, якія ўключаюць адмену абавязковага продажу валютнай выручкі экспарцёрамі, абавязковае прад'яўленне пашпарта фізічнымі асобамі пры куплі замежнай валюты і іншыя захады адыгралі сваю станоўчую ролю. Гэта сведчыць пра тое, што фінансавы рэгулятар упэўнены ў стабільнасці на валютным рынку.

Яшчэ адзін момант, які паказвае на тое, што ідзе дэдаларызацыя, — павелічэнне долі дэпазітаў у рублях. Валютныя ўклады насельніцтва яшчэ складаюць досыць вялікую частку ад іх агульнай колькасці. Але апошнія гады назіраецца паступовае зніжэнне гэтага паказчыка. На думку аналітыкаў, адвязка павышэння платы за ЖКП ад долара — адна з мер, якая будзе паступова прыводзіць да таго, што мы перастанем думаць у «зялёных», плануючы свае даходы і выдаткі.

Наша краіна дасягнула стабільнасці на валютным рынку. Нацыянальны банк, прымаючы такія меры, чакае, што нейкіх рэзкіх змяненняў курсу не прадбачыцца. У нас устойліва нізкія інфляцыйныя працэсы, нізкія дэвальвацыйныя працэсы — некалькі працэнтаў у год. Неабходнасць пераводзіць усё ў доларавы эквівалент як у эквівалент стабільнасці ўжо аб'ектыўна адпала. У краінах з устойлівым валютным рынкам і стабільнай манетарнай сістэмай прывязваць тарыфы, стаўкі і іншыя паказчыкі да замежнай валюты няправільна.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Рубель — галоўны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Маленькі прынц у аднайменнай казцы кожны дзень пачынаў з таго, што прыводзіў у парадак сваю планету. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Пажадана, каб нікога да слёз не даводзіла. Але ж бывае па-іншаму.

Грамадства

«Дзякуй за вашу працу! Вы — героі на ўсе часы!» Як працуюць з COVІD-пацыентамі дзіцячыя ўрачы

«Дзякуй за вашу працу! Вы — героі на ўсе часы!» Як працуюць з COVІD-пацыентамі дзіцячыя ўрачы

Работа дзіцячых паліклінік, гэтак жа як і дарослых, змянілася з-за распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі.

Грамадства

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Псiхолаг тлумачыць, чаму паўза пасля заканчэння школы — не трагедыя.