Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Што той інструмент, што гэты

Стоп-кадр youtube.com

Было гэта гады два-тры таму, калі вясна ўсё больш уступала ў свае правы, з сорамам выстаўляючы на вочы месцы, дзе тэрмінова трэба было прыбрацца, навесці парадак... Час суботнікаў, карацей.

Адзін з іх ладзіўся ў вёсцы Крупа, добра вядомай сваёй купеллю на сямі крыніцах з гаючай вадой. Туды, каб акунуцца, каб набраць вадзіцы, едзе шмат людзей. І не толькі на Вадохрышча.

Дык вось якраз там у час суботніка мы збіраліся папрацаваць. Але спачатку (усе ў рабочай вопратцы, хто з граблямі, хто з венікам, хто з сякерай ды рыдлёўкай) у пэўны час прыйшлі ў пэўнае месца. Стаім — чакаем аўтобус, які павінен завезці ў Крупу, вітаемся з новымі людзьмі, што далучаюцца да нашай кампаніі, здалёку бачым і вядомага ў раёне музыку Міхаіла Папругу. Прычым пры парадзе, як той казаў, з гармонікам.

— Вы таксама ў Крупу? — жартам пытаемся ў яго.

— Так, — на поўным сур'ёзе адказвае Міхаіл.

«Можа, яго некуды падвезці трэба?» — мільганула думка.

Аказалася — не: яму, як і многім з нас, напярэдадні патэлефанавала начальства і без лішніх падрабязнасцяў папярэдзіла, каб заўтра а восьмай раніцы быў на плошчы... Абавязкова з інструментам.

Для нашага славутага музыкі такія званкі, вядома ж, не ў навінку. Яго часта некуды запрашаюць — з інструментам, з гармонікам, значыць. Таму і гэтым разам Міхась падумаў, што яго клічуць выступіць на нейкім мерапрыемстве.

Карацей, па дарозе ў Крупу не абышлося без жартаў і смеху. Маўляў, сваёй музыкай ён будзе ствараць нам адпаведны настрой... Але ж на месцы музыка адставіў убок свой любімы інструмент, зняў святочную куртку, надзеў рабочыя пальчаткі.

Затое па дарозе назад, здавалася, сам аўтобус разам з гарманістам спяваў заліхвацкія песні!

...Дарэчы і да гонару музыканта, ён зусім не супраць быў, каб я расказала гэту гісторыю. І нават прозвішча яго назвала. Вясёлы чалавек, які любіць жарты сам, не супраць павесяліць іншых.

Ала Альфер,

г. Беразіно.

Хто пытае, той не блукае...

baden-baden.de

Некалі даўно, у канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя, я зрабіла адно «вынаходніцтва», і зараз хацелася б расказаць, што мяне падштурхнула і як гэта было.

Значыць, на той час дзеткі мае ўжо трохі падраслі, пайшлі ў школу, а следам і я вырашыла паступіць у інстытут, атрымаць вышэйшую адукацыю. Падрыхтавалася да экзаменаў, паспяхова здала і — ура! — мяне залічылі на завочнае аддзяленне!

Радасці з гэтай нагоды было шмат, але ненадоўга — пакуль не даведалася, што чатыры гады нам давядзецца здаваць экзамены па замежнай мове, якая мне асабіста не давалася ну ніяк: вучу-вучу нямецкія словы, а яны адскокваюць як гарох ад сценкі! Галоўнае — з іншымі прадметамі ніякіх праблем, а вось гэты... Ну проста нейкай неадольнай гарой узвышаецца на маім шляху да дыплома.

Хоць-нехаць тады ўспомніла прымаўку, што разумны ўгару не пойдзе — стане шукаць абход. І — эўрыка! — я знайшла яго! Ведаючы, што вывучаць замежную мову мы будзем на базе газетных матэрыялаў у тысячу слоў за семестр, я купіла дзесяць аднолькавых газет (як зараз помню, «Новая Германія» за 18 верасня 1967 года), папрасіла знаёмага, які досыць добра чытаў па-нямецку, падабраць мне лягчэйшы артыкул і пісьмова перакласці яго на рускую мову. Атрыманы тэкст, як вершык, я завучыла на памяць, а ўсе словы «занесла» ў адмысловы слоўнік (ім дазвалялася карыстацца). Карацей, да экзамену я падрыхтавалася.

Убачыўшы гэта, педагог, які прымаў іспыт, застаўся задаволены і зусім не прыдзіраўся. Адно што газету маю перакрэсліў і забраў сабе. «Ну няхай, — падумала, — дома ж яшчэ дзевяць штук за тое ж 18 верасня... І таму на іспытах, што здаваліся потым у канцы кожнага семестра, я адчувала сябе ўсё смялей і смялей, а газет, па якіх я здавала экзамены, станавілася ўсё меней і меней.

І вось нарэшце доўгачаканы фініш: зачыняючы дзверы аўдыторыі ў апошні раз, я па-нямецку сказала выкладчыкам: «Аўф відэр зеен!» (да пабачэння).

...Ці сорамна мне (было і ёсць) за сваё вынаходніцтва? Здаецца, не, бо вывучаць нямецкую мову праз 20 гадоў пасля Перамогі над фашыстамі не хацелася многім. Да таго ж, шчыра кажучы, і сэнсу ў тым амаль не было. Мы не марылі тады аб паездках у Германію і не прымалі замежных турыстаў тут.

Міра Любаскіна,

г. Бабруйск.

Лячэнне шокам... Як токам

Фота cont.ws

Не так даўно мне давялося ляжаць у бальніцы. Дні (а тым больш вечары) там, як вядома, доўгія, а размоў — дык хоць вушы затыкай!

Неяк вось гамонка зайшла пра лячэнне токам. «А можна яшчэ і шокам, — засмяяўся мой сусед па ложку і потым вось што расказаў.

Яго суседка Зоя вырасла ў сям'і набожных старавераў. Бацькі не хацелі, каб яна ўступала ў піянеры, потым у камсамол. Яны, можа, і ў школу яе не пусцілі б, каб не баяліся ўлад (на той час — няхай і бязбожных).

Але ж вось вучоба скончана. Паступаць у які-небудзь інстытут або тэхнікум Зоя нават не спрабавала. Цвёрда верачы яшчэ, што ўсе людзі добрыя і сумленныя, што без Божай волі з яе галавы не ўпадзе ніводзін волас, што шлюбы ладзяцца толькі на нябёсах і г. д., яна, як параілі бацькі, уладкавалася працаваць на швейную фабрыку, засялілася ў рабочы інтэрнат. І, мякка кажучы, вельмі здзівілася: амаль усе яе «сужыцелькі» — ад учарашніх школьніц да цётачак пад сорак — не баяліся выпіць-пакурыць, многія не саромеліся грубай мужчынскай лаянкі ды і нечапанак з сябе не строілі — прыводзілі да сябе хлопцаў, часам пакідалі іх нанач...

У такім атачэнні Зоі было, вядома ж, нядобра, аднак яна вырашыла цярпець, думаць, што вось гэта — выпрабаванне веры, якое паслаў сам Госпад. І ўсё б, можа, нічога, калі б яно, гэтае выпрабаванне, скончылася праз год ці праз два, а то ж «працэс» зацягнуўся...

Факт, што аднойчы цярпенне ў дзяўчыны лопнула: пайшла да старшыні прафкама, разам з ім да дырэктара фабрыкі, які з улікам Зоіных працоўных заслуг згадзіўся выдзеліць ёй жытло ў іншым інтэрнаце, прычым блочнага тыпу: два пакойчыкі, санвузел, кухня... Зою зусім не палохала, што гэта на два чалавекі... І з тым самым другім да яе не ўжыўся ніхто...

Ніна і сапраўды была дзеўка дзікаватая. Расказвалі, што расла недзе ў лесе і ў досыць праблемнай сям'і. А таму не разумела, навошта, напрыклад, прыбіраць са стала, мыць посуд і падлогу, навошта мыцца самой часцей, чым адзін раз на месяц, навошта наогул нешта рабіць, калі, наеўшыся макароны з яешняй, можна ляжаць на ложку?

Прыняўшы вось такое суседства за чарговае выпрабаванне веры, Зоя спярша паціху-памалу ўзялася за справу. Падарыла суседцы зубную пасту і шчотку, сама стала наводзіць шык-бляск ва ўсіх агульных памяшканнях, прыбіраць, нават мыць Нінін посуд, каб потым сказаць:

— Ну, паглядзі — гэта ж так проста... А як прыгожа!

Суседка, як здавалася, бачыла (хоць і маўчала), яна сабе нават звычку ўзяла ў шчылінку паміж лістамі фанеры ў дзвярах пазіраць, што робіць Зоя.

— Не хавайся, выходзь, — клікала часам тая.

Ніна не адзывалася...

— Ну ніякіх сіл маіх з ёю! — паскардзілася неяк Зоя, на тыдзень прыехаўшы да бацькоў. — Не ведаю, што і рабіць.

— У мяне ёсць ідэя! — заікнуўся старэйшы брат.

— Гэта ж якая? — насцярожылася сям'я, але марна.

— Расказваць нічога не буду, — папярэдзіў хлопец. — Я паспрабую... Праўда для гэтага, — сказаў ён Зоі, — мне трэба ў цябе паначаваць.

...Назаўтра ўвечары яны ўдваіх прыехалі ў інтэрнат.

— Глядзі — і вось так кожны раз! — ледзь не з плачам сказала Зоя, убачыўшы ў ванне замочаную (яшчэ да яе ад'езду...) Нініну куртку, а ў кухні — брудныя патэльню, каструлі ды цэлую гару талерак.

Шчасце, што есці ім зусім не хацелася, і таму Зоя з братам разышліся спаць.

...А назаўтра з раніцы яны прачнуліся і, можна сказаць, жытло не пазналі: і ракавіна ў кухні, і ванна былі пустыя і чыстыя.

— Ты што — усё павыкідваў? — спалохана спытала Зоя ў брата.

— Не. Я спаў як сурок, — ледзь не бажыўся той. — Ты ж мяне ведаеш — мне б галаву да падушкі...

— І што — нічога не чуў, не бачыў?

— Не.

— Цуд нейкі! — не зразумела Зоя.

Прычым, як аказалася, зусім не «аднадзённы», бо суседку — ну як хто падмяніў! На кухні больш ніводнай бруднай талеркі, у ванне — ніводнай недамытай адзежыны...

Толькі праз гады, за чаркай, са смехам і зусім не Зоі брат расказаў, што ж ён тады зрабіў.

Спачатку, значыць, пастаяў каля акна (пераканаўся, што Ніна заняла сваю пазіцыю — падглядвае ў шчыліну ў дзвярах), потым да трусоў раздзеўся, з ручніком на плячы схадзіў у ванну, вярнуўся назад, на кухні адкруціў кран над брудным посудам, з мылам, добрасумленна і па парадку вымыў рукі і твар, шыю і грудзі, а нарэшце — усё, што... ніжэй, выцерся, лёг на раскладушку і нават «захроп».

Дзікунка Ніна (ён таксама падглядваў) з'явілася ў кухні хвілін праз дваццаць і ціхенька, па адной місачцы-талерцы стала пераносіць посуд у свой пакой. Туды ж, выкруціўшы, пазносіла ўсё, замочанае ў ванне...

Карацей, па словах майго суседа па бальнічным ложку, лячэнне шокам стала для той дзікункі не менш карысным, чым для некага лячэнне токам.

А. Мароз, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».