Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


Надвор'е сёлета мяняе настрой без папярэджання, і многія ўжо жывуць у чаканні вясны. Тэлеканалы таксама радуюць гледачоў навінкамі.


Вячэру аддай блогерам

«Вячэра не патрэбна» — такую назву мае новы праект, які стартуе ўжо ў гэтую нядзелю. У забаўляльным шоу мы ўбачым, як нарэзаць інгрэдыенты для салаты шрубакрутам, ці магчыма пасмажыць мяса газавай гарэлкай на рыдлёўцы, які атрымліваецца амлет, калі гатаваць яго ў зварачнай масцы, і шмат іншых цікавых эксперыментаў... «Вячэра не патрэбна» — гэта тая праграма, дзе вядучыя і ўдзельнікі кідаюць выклік адно аднаму, правяраючы сябе і іншых на трываласць, стрэсаўстойлівасць і пачуццё гумару. У кожным выпуску дзве каманды праз выкананне непрадказальных, інтэлектуальных, а часам і небяспечных заданняў павінны будуць вырашыць вельмі простую задачу: прыгатаваць звычайную страву. Яна ў канцы праграмы адправіцца на дэгустацыю «таемнаму госцю». Аднак кулінарыя ў праграме будзе далёка не галоўнай, бо ў прыярытэце гумар і відовішча. Стваральнікі праекта адзначаюць, што праграма «Вячэра не патрэбна» — арыгінальнае аб'яднанне тэлеэфіру і вяшчання ў сеціве, якое прадыктавана сучаснымі густамі моладзі і яе захапленнем разнастайнымі гумарыстычнымі інтэрнэт-фарматамі. Кулінарнага шоу ў звыклым фармаце чакаць не варта, і не спрабуйце паўтарыць убачанае самастойна!

Вядучымі новага праекта будуць трое таленавітых юнакоў Васіль Чэхаў, Пётр Сафронаў і Дзмітрый Лаўроў. А вось сярод гасцей і непасрэдных удзельнікаў кулінарна-гумарыстычных выпрабаванняў убачым, напрыклад, спявачку і блогера Леру Яскевіч, Віцэ-міс свету Рlus Sіzе Яўгенію Цюленеву, былога лідара гурта «Без білета» Віталя Артыста ды многіх іншых персон.

Прэм'ерны выпуск глядзіце 9 лютага на «Беларусь 2» у 15.30.

Хто выйдзе ў «Начную змену»?..

Пілотную серыю новага серыяла нядаўна прадставілі першым гледачам у сталіцы. Яго стваральнікамі выступілі энтузіясты — супрацоўнікі тэлеканала АНТ. Маючы ўласных аператараў, рэжысёраў і сцэнарыстаў у штаце і багаты вопыт выпуску разнастайных праграм, ад навін да дакументальных, спартыўных, музычных і забаўляльных, тут вырашылі паспрабаваць наладзіць вытворчасць новага фармату — здымаць серыял з беларусамі і пра іх. Што адметна, стаць суаўтарам можа кожны — варта толькі прайсці апытанне на сайце тэлеканала і тым самым дапамагчы творчай групе ўбачыць запыты глядацкай аўдыторыі. Тэлевізійнікі кажуць, што гатовы да канструктыўнага дыялогу і народнага абмеркавання.

Пасля прагляду пілотнага выпуску серыяла рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў, напрыклад, зазначыў: «Я не лічу, што гэта чарнавы матэрыял, бо гэта вельмі якасная работа і перспектыўная. Яна прадугледжвае працяг. Знойдзена цудоўнае месца дзеяння — запраўка, дзе можа адбывацца ўсё што заўгодна. У іх цудоўная тройка персанажаў, і іх прыгоды могуць мець самы розны працяг. Яны могуць жыць з намі штовечар». Таму цалкам імаверна, што ў хуткім часе ў тэлеэфіры мы нарэшце ўбачым серыял айчыннай вытворчасці. Дату прэм'еры, аднак, на АНТ пакуль не называюць.

«Слабае звяно». Перазагрузка

Любімая многімі тэлегульня вернецца ў тэлеэфір праз 15 гадоў адсутнасці 14 лютага. Здымкі новых выпускаў распачаліся пасля зімовых канікул, і да канца года плануецца вытворчасць 32 эпізодаў. Вядучай шоу па-ранейшаму застанецца алімпійская чэмпіёнка Марыя Кісялёва, а вось месцам «прапіскі» стане цяпер тэлеканал «Мір». Вядома, што ў праграме захаваюцца класічны сцэнарый і вобраз вядучай, а як зменіцца тэлевізійная карцінка — гэта гледачы ўбачаць і ацэняць неўзабаве. Як адзначае генеральны прадзюсар МТРК «Мір» Павел Карчагін, «Слабае звяно» — фармат, які па-сапраўднаму «чапляе» гледача». «Гэта практычна гульня на выжыванне — каб набраць балы, камандзе патрэбны моцныя гульцы, але пераможца толькі адзін, таму ўдзельнікі пачынаюць хітрасцю пазбаўляцца канкурэнтаў. Гэта чысты адрэналін. Плюс «Слабае звяно» ідэальна ўпісваецца ў канцэпцыю тэлеканала «Мір», бо апошнім часам мы робім стаўку на гульнявыя фарматы і інтэлектуальныя шоу».

Нагадаем, праграма «Слабае звяно» з'яўляецца адаптацыяй брытанскага фармату Thе Wеаkеst Lіnk, які стаў папулярны ў многіх краінах свету. У прыватнасці, у расійскім тэлеэфіры шоу з'явілася ў 2001 годзе. На тэлеканале «Мір» яно будзе выходзіць кожную пятніцу ў 19.15. Пры жаданні трапіць на здымкі і згуляць у тэлеэфіры ахвотныя могуць, паспрабаваўшы папярэдне свае сілы на сайце slаbоеzvеnо.tv.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Прэм'еры ў любімых жанрах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?