Вы тут

Роды па-сучаснаму. Хто такая доўла?


Калі пра партнёрскія роды з мужам многія не толькі чулі, але і прайшлі праз іх, то роды з доўлай, як і сама гэта прафесія, для большасці застаюцца таямніцай. Настасся Навіцкая, якая ўжо пяць гадоў дапамагае цяжарным жанчынам і суправаджае роды, расказала, што такое нараджаць з доўлай, колькі гэта каштуе і за што іх недалюблівае медперсанал.


Не масавая з'ява. Але...

— Многія думаюць, што гэты занятак звязаны з медыцынай і патрабуе медыцынскай адукацыі. На самай справе, не. Гэта прафесія афіцыйна прызнана ў многіх краінах, у тым ліку ЗША, Англіі, Ізраілі, Польшчы. І адпаведна, на яе ёсць навучанне і сертыфікацыя. Тут трэба разумець межы сваёй прафесіі і тлумачыць гэта кліентам. У Беларусі такой прафесіі афіцыйна няма. Але ўжо гадоў дзесяць, як доўлы ў нас існуюць. Праўда, назваць гэта масавай з'явай нельга. Цяпер у Мінску 4-5 доўл, якія суправаджаюць роды. Пры гэтым попыт на іх у жанчын цяпер прыкметна павышаецца.

Займацца ў нас на пастаяннай аснове гэтым немагчыма. Яшчэ некалькі гадоў таму было дастаткова складана трапіць у радзільню. Апошнім часам стала прасцей, нашы радзільныя дамы сёння больш адкрытыя. Нараджаць з доўлай можна ў межах партнёрскіх родаў — калі з нейкіх прычын муж не можа ці не хоча прысутнічаць, а жанчыне патрэбна падтрымка. Паўтаруся, яна не медыцынская. Я магу зрабіць абязбольваючы масаж паясніцы, пакажу позы, у якіх, магчыма, стане лягчэй, падыхаем разам, дапамагу схадзіць у душ, падтрымаю жанчыну маральна, калі сілы будуць яе пакідаць, паклічу доктара. Пры гэтым, згодна з прынцыпамі этычных нормаў, доўла ніколі не прымае за жанчыну рашэнняў і нічога не навязвае. Яна проста знаходзіцца побач, і яе падтрымка часам больш прафесійная, чым у мужа, бо яна сама — жанчына і хутчэй за ўсё — маці, ведае, як працякаюць роды і мае спецыяльную падрыхтоўку.

Чаму выбіраюць доўлу

— Паводле рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, жанчына можа пайсці на роды з тым партнёрам, з якім яна жадае. Гэта можа быць і мама, але яна эмацыянальна ўключаецца, перажывае за дачку і можа сваё перажыванне перадаць ёй. Тое самае і муж, яны часам перажываюць да такой ступені, што іх саміх даводзіцца супакойваць. Доўла так эмацыянальна не ўключаецца. Гэта той чалавек, які знаходзіцца ў цвярозым розуме заўсёды.

Не пакрыўдзіць жанчыну

— Мой бацька прымаў роды — ён акушэр. У свой час захапляўся натуральнымі родамі, шмат расказваў пра гэта. Я з юнацтва была ў тэме. Але атрымала юрыдычную адукацыю і працавала ў офісе спецыялістам па кадрах. Дарэчы, сваю старэйшую дачку я нараджала са сваім татам (цяпер у Настассі ўжо чацвёра дзяцей: 16-ці, 13-ці, 3-х і 1,5 гадоў, — «Зв».) І толькі калі зацяжарыла трэцім, актыўна пачала займацца гэтай тэмай. Рэч у тым, што мае другія роды былі не зусім удалыя: яны пачаліся заўчасна, давялося тэрмінова ехаць у радзільны дом, існавала рызыка, што дзіця не выжыве. У гэтым вінавацілі мяне — я адчула шмат акушэрскай агрэсіі. Таму пасля мне хацелася дапамагаць усім жанчынам, каб з імі не здарылася таго, што адбылося са мной. Затое свае трэція роды я пражыла так, як і планавала. А апошнія былі ўвогуле выдатныя.

Раней як доўла я магла схадзіць на роды адзін-два разы на год, як і астатнія калегі-дзяўчаты. Цяпер часцей: адны-двое родаў на месяц. Але менавіта сертыфікат на родавую доўлу не атрымлівала. Я скончыла курсы масажу ў Акадэміі фізвыхавання, вучылася розным відам масажу ў Мінску і Маскве, у Санкт-Пецярбургу атрымала сертыфікат выкладчыка перынатальнай ёгі (я цяпер праводжу ёгу для цяжарных і жанчын пасля родаў). Акрамя таго, наведваю тэматычныя семінары, канферэнцыі — займаюся гэтай тэмай шчыльна апошнія некалькі гадоў. Праўда, не ўпэўнена, ці хацела б у будучым працягваць гэта, бо работа вельмі цяжкая. Сёння мая дзейнасць звязаная ў асноўным з ёгай для цяжарных, курсамі дародавай падрыхтоўкі, аднаўленнем пасля родаў, масажамі.

Я зарэгістравала грамадскае аб'яднанне «Нараджэнне». У нас больш за 50 удзельнікаў па ўсёй Беларусі. Гэта кансультанты па грудным кармленні, доўлы, акушэркі, медыкі, псіхолагі. Мы праводзім семінары і канферэнцыі, даводзім да жанчын новую інфармацыю, запрашаем удзельнікаў з іншых краін падзяліцца вопытам. Займаемся праектам па перынальных стратах — чытаем лекцыі ў радзільнях на тэму, як правільна размаўляць з жанчынай, як не параніць яе, не пакрыўдзіць.

Асаблівасці работы

— Звычайна жанчыны самі пра мяне даведваюцца, знаходзяць у сацсетках, выходзяць на сувязь. Мы сустракаемся, знаёмімся. Жанчына глядзіць, ці падыходжу я ёй, а я магу прапанаваць кагосьці іншага з калег. Я заўсёды даю кантакты іншых доўл, каб быў выбар. Часам адмаўляюся ад суправаджэння родаў, бо браць больш за двое на месяц — гэта цяжка.

Пасля знаёмства ў нас пачынаецца кантактаванне. Я заўсёды за тое, каб жанчына як мага больш са мной камунікавала: прыйшла на індывідуальную кансультацыю, ёгу ці заняткі па падрыхтоўцы да родаў (у камандзе з акушэркай і псіхолагам мы вядзём курсы для цяжарных). Трэба, каб мы з жанчынай адчувалі адна адну. Гэта дзве-тры сустрэчы да родаў.

Потым пачынаецца пастаяннае кантактаванне: у жанчыны мільён пытанняў, і ў маёй асобе яна знаходзіць чалавека, якому ўсё гэта адрасуецца. Гэта могуць быць і медыцынскія, і псіхалагічныя аспекты. Урачэбныя пытанні я перанакіроўваю знаёмым акушэрам-гінеколагам ці рэкамендую жанчыне звярнуцца да ўрача.

Калі пачынаюцца роды, мы разам едзем у радзільню. З жанчынай я знаходжуся побач, нікуды не адыходзячы. У гэтай рабоце ў мяне няма перапынкаў, колькі б яна не доўжылася. Перадапошнія роды, напрыклад, працягваліся 19 гадзін, апошнія — 16. Гэта вельмі стамляе.

Калі жанчына народзіць, я яшчэ дзве-тры гадзіны знаходжуся з ёй. Магу схадзіць і паглядзець, як там немаўля, ці сяджу і трымаю дзіця, каб яго не забіралі. Потым праводжу яшчэ адну сустрэчу пасля родаў. Прыязджаю да жанчыны дадому праз тыдзень-два пасля выпіскі, раблю пасляродавы масаж, адказваю на пытанні — у мяне ёсць адукацыя кансультанта па грудным кармленні. Увесь гэты пакет паслуг (дародавыя і пасляродавыя сустрэчы і самі роды) і называецца суправаджэннем родаў. Яно можа быць, дарэчы, і частковым — па тэлефоне, калі жанчына са мной на сувязі ўсю цяжарнасць і падчас родаў. Таксама магчымы варыянт, калі я магу даехаць да радзільні, а далей жанчына ідзе з мужам.

Аб коштах за паслугі

— Чамусьці існуе меркаванне, што гэта вельмі дорага. Поўны пакет паслуг каштуе 500 рублёў. Калі палічыць па колькасці адпрацаваных гадзін — сустрэчы, анлайн-кансультацыі, самі роды 15-19 гадзін, — то гэта невялікія грошы. А работа вымотваючая.

Складана, калі жанчына сама баіцца родаў, непрыемных адчуванняў і закрываецца, заціскаецца. Часам амаль суткі на кожную схватку робіш масаж паясніцы і рук не адчуваеш...

Трэба разумець, што наяўнасць доўлы не гарантуе станоўчага зыходу родаў, і як усё пойдзе, немагчыма прадказаць. Аднойчы дзіця прыйшлося рэанімаваць, бо яно не дыхала. Гэта той выпадак, калі мама баялася болю, патугі доўжыліся 3,5 гадзіны. Было сапраўды страшна.

Чаго не хапае нашым радзільням

— Цяпер вельмі шмат станоўчых змен адбылося ў нашых радзільных дамах, многае ў апошнія пяць гадоў памянялася. Але самае важнае, на што я зрабіла б упор, гэта этыка і дэанталогія, кантактаванне медыцынскага персаналу з пацыентамі. Хочацца, каб гэта былі адносіны як да кліента, а не як да пацыента. Бо тыя ж партнёрскія роды — гэта платная паслуга. Што я бачу, калі прыходжу ў радзільню? Перагружаныя ўрачы, якія ў шчырай размове прызнаюцца, што змена ў іх доўжыцца другія суткі. Як аднаўляцца ў такой сітуацыі? Трэба нейкімі мерамі заахвочваць іх да адпачынку. Усе яны вельмі адукаваныя і высокакваліфікаваныя спецыялісты. Але перагрузка і эмацыянальнае выгаранне не лепшым чынам адбіваюцца на прафесійным іміджы.

Калі роды ідуць добра, адчуваецца, што я нікому не перашкаджаю. Наадварот, мне рады: медперсаналу можна крыху расслабіцца, бо ёсць я. Але ж калі штосьці ідзе не так, то вінаватая таксама я. Мяне адразу пачынаюць заўважаць, я адчуваю ў свой бок раздражненне. Звычайна жанчыне кажуць: «Паставім вітамінку». Я ж ведаю, што гэта аксітацын, гармон, які стымулюе родавую дзейнасць. І не маўчу, бо жанчыне павінны растлумачыць, што гэта за прэпарат і для чаго ён. І медыкаў гэта, вядома, раздражняе.

Ці абавязкова жанчыне рыхтавацца да родаў

— Маё асабістае меркаванне — рыхтавацца трэба. Як мінімум, абавязкова даведацца аб фізіялогіі працэсу, як ён праходзіць, якія могуць быць ускладненні, умяшальніцтвы, і скласці ў галаве прыкладны план. Задача акушэраў — каб усе засталіся ў жывых, але ніхто не расказвае жанчыне, як сябе аднавіць пасля родаў. Напрыклад, што практыкаванні на прэс у першыя два месяцы рабіць не рэкамендуецца. Гэтыя мышцы вельмі моцна расцягнутыя, аслабленыя, і іх лепш не напружваць.

І аб самым прыемным

— Канешне, кожны раз, калі нараджаецца малое і яго кладуць маме на жывот, слёзы коцяцца самі сабой. Гэта незямное пачуцце! Кожны раз я пражываю роды з жанчынай, быццам бы свае. Кожная з іх потым становіцца быццам бы маёй сваячкай — дасылае мне фотаздымкі дзіцяці, расказвае, як ідуць справы. У нас застаецца моцная сувязь.

Мне падабаецца і пасляродавае аднаўленне, калі я прыходжу да мамы. Звычайна пасля родаў усе забываюцца пра жанчыну, на першым месцы ў сям'і дзіця. Я цэлы дзень прысвячаю жанчыне: раблю пяць-шэсць відаў масажу, купаю яе ў ванне, гатую спецыяльны напой, мы размаўляем. Для жанчыны гэта сапраўдны цуд!

Пасляродавае спавіванне — гэта мексіканская цырымонія, я вучылася ёй у мексіканскай акушэркі. Там гэта вельмі распаўсюджана. Жанчыне робяць масаж, прамасліваюць і праграваюць цела, а потым абгортваваюць жанчыну ў прасціны, перацягваюць кожную частку цела спецыяльнымі паланцінамі. У гэтым ёсць свой сэнс. Гармон рэлаксін, які дапамагаў расцягвацца звязкам і суставам падчас родаў, яшчэ нейкі час працягвае выпрацоўвацца. З-за гэтага ўсе тканкі і мышцы мяккія. І калі пачынаць актыўную дзейнасць пасля родаў, гэта негатыўна адаб'ецца на арганізме. Фізічныя практыкаванні лепш аднаўляць праз два месяцы. Мы спачатку разаграваем цела, для гэтага жанчына п'е спецыяльны напой накшталт морсу, прымае ванну з травамі, потым загортваецца ў сем слаёў прасцін — і такім чынам рэлаксін разам з потам выходзіць з арганізма. Калі цела перацягваеш паланцінам, усе костачкі становяцца на месца, знікаюць выступаючы жывот і ацёкі, з'яўляецца больш энергіі. Гэта мая любімая частка працы.

Алена КРАВЕЦ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.

Грамадства

Зіновій Прыгодзіч. Успаміны пра архітэктара Леаніда Левіна. Пайшоў, каб застацца...

Зіновій Прыгодзіч. Успаміны пра архітэктара Леаніда Левіна. Пайшоў, каб застацца...

З Леанiдам Левiным, славутым нашым архiтэктарам, мяне пазнаёмiў Генадзь Бураўкiн — яго даўнi, харошы сябра.

Грамадства

«Дзякуй участковаму — ён нас добра беражэ». Як міліцыя праводзіць прафілактычны рэйд падчас сітуацыі з каранавірусам

«Дзякуй участковаму — ён нас добра беражэ». Як міліцыя праводзіць прафілактычны рэйд падчас сітуацыі з каранавірусам

«Без мiлiцыi мы нiяк», — рэзюмаваў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з мiнiстрам унутраных спраў Юрыем Караевым, маючы на ўвазе сiтуацыю з каранавiрусам. 

Грамадства

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Урачы па ўсiм свеце запусцiлi флэшмоб #StayAtHome.