Праект канцэпцыі ўдасканалення юстыцыі для непаўналетніх, распрацаваны ў Беларусі, дае магчымасць падлеткам выправіць свае памылкі. Аднаўленчыя працэдуры ў дачыненні да дзяцей, якія пераступілі закон, дапамогуць ім хутчэй сацыялізавацца і ўпісацца ў законапаслухмяны асяродак. Для гэтага трэба пашыраць такія метады работы, як медыяцыя і дасудовая прабацыя, лічаць эксперты.
Такі падыход, аднак, не азначае адсутнасці пакарання і не супярэчыць прынцыпу яго няўхільнасці. Падлетак мусіць звесці да мінімуму наступствы свайго ўчынку: пакрыць урон або памірыцца з пацярпелым. Правесці работу над сабой і памылкамі малому дапамогуць спецялісты. Калі на працягу года вінаваты дакажа, што перагледзеў жыццёвыя прыярытэты, да крымінальнай адказнасці яго не прыцягнуць.
— Канцэпцыя мае эканамічны, сацыяльны і дэмаграфічны патэнцыял. Яе прыняцце дазволіць уцягнуць падлетка ў эканамічнае жыццё краіны і прынесці карысць грамадству, — упэўнены прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (Юнісэф) Рашэд Мустафа САРВАР. — Ва ўмовах неспрыяльных дэмаграфічных прагнозаў прымяненне аднаўленчых падыходаў дазволіць захаваць дзіця ў грамадстве, развіць чалавечы капітал, а гэта ўжо пытанне нацыянальнай бяспекі.
Статыстыка сведчыць, што 90 % злачынстваў падлеткаў не прадстаўляюць грамадскай небяспекі. Часцей за ўсё моладзь вырашаецца на крадзеж, другое па папулярнасці злачынства — хуліганства. Іншым разам хапае прафілактычнай бяседы, каб парушальнік зразумеў, што нарабіў.
Сярод новых падыходаў да ўдасканалення юстыцыі для непаўналетніх — абмежаванне публічнага распаўсюджвання інфармацыі аб удзеле падлетка ў крымінальным судаводстве ці адміністратыўным працэсе, каб не дапусціць яго стыгматызацыі.
У выпадках цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў: забойстваў, разбояў, наркотыкаў — аднаўленчыя працэдуры прымяняцца не будуць. Праўда, магчыма ўвядзенне новай формы ўстановы для выканання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, якое прызначана непаўналетнім, — выхаваўчага цэнтра, які ствараецца шляхам пераўтварэння выхаваўчай калоніі для асуджаных непаўналетніх.
Ірына СІДАРОК
Прэв'ю: mensagens.jroots.info
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.