Вы тут

Параненыя сэрцы. Што чакае малых, ад якіх адмовіліся ў радзільні


Любили тебя без особых причин

За то, что ты дочь,

За то, что ты сын,

За то, что малыш,

За то, что растешь,

За то, что на папу и маму похож.

И эта любовь до конца твоих дней

Останется тайной опорой твоей.

В. Берастаў.

...Палата на хвіліну падаецца пустой. Тры маленькія дзяўчынкі, якім няма і месяца, ляжаць ціха. Заўважаю, што адна з іх сканцэнтравана некуды ўглядаецца. Яна чуе голас дарослых, але адчувае, што звяртаюцца не да яе, таму маўчыць. Разглядаю вясёлую рознакаляроваую бялізну, на якой ляжаць малыя, але ад гэтага яшчэ больш не па сабе. Адзін ложачак пусты, ён якраз выклікае ў мяне самыя прыемныя пачуцці. Няхай так і будзе, няхай у бальнічных палатах не ляжаць дзеці, ад якіх адмовіліся іх самыя родныя і блізкія людзі — матулі.


Першыя дні

— Да нас вязуць немаўлят з усіх радзільных дамоў Мінска, — гаворыць галоўны ўрач 3-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Максім Ачэрэтні. — Жанчыны, якія адмаўляюцца ад сваіх дзяцей у радзільні, прадстаўляюць зусім розныя слаі насельніцтва: студэнткі і навучэнкі, жанчыны з вышэйшай адукацыяй і тыя, што вядуць маргінальны лад жыцця... Нядаўна ў нас было дзіця зусім маладзенькай студэнткі, жыла яна ў іншым горадзе, а ў Мінску нарадзіла. Яе бацькі не ведалі пра тое, што яна цяжарная, і, адпаведна, нават не здагадваліся, што ў іх нарадзіўся прыгожы і здаровы ўнук. Але гэта гісторыя з добрым канцом. Маладая маці праз дваццаць дзён прыехала да нас і напісала адкліканне адмовы ад хлопчыка.

Дарэчы, любая жанчына, якая вырашыла адмовіцца ад свайго дзіцяці, можа забраць сваю заяву назад, але часу на гэта няшмат — толькі да суда, на якім яе пазбавяць бацькоўскіх правоў. Такія гісторыі бываюць, і, як прызналіся супрацоўнікі бальніцы, яны вельмі ўмацоўваюць веру ў людзей.

Самотнае жыццё

Жанчыны пасля родаў адмаўляюцца браць іх на рукі, папярэджваюць акушэраў, каб ім не прыносілі на кармленне малога. Чаму? Калі няма пачуццяў да дзіцяці, не хвалюе лёс народжанага, чаго баяцца? Але мне самой было страшна. Страшна ўбачыць вочы кінутых дзяцей, іх адзіноту. Жанчыны звычайна пішуць адмову адразу ў радзільні. Прычынай указваюць «цяжкае матэрыяльнае становішча» ці «стан здароўя немаўляці». У бальніцу прывозілі дзетак не толькі здаровых, але з сіндромам Даўна, і паліятыўных малых.

— Паліятыўнымі лічацца дзеці з невылечнымі захворваннямі, якія прывядуць да смерці ці пажыццёвай інваліднасці, — тлумачыць галоўны ўрач бальніцы. — Але хацеў бы падкрэсліць, што ад хворых дзяцей адмаўляюцца не часцей, чым ад здаровых.

Калі жанчына піша адмову, яна павінна пазначыць, ад каго адмаўляецца. У сэнсе, напісаць прозвішча малога, даць імя... Супрацоўнікі радзільных дамоў ужо самі рэгіструюць пакінутых малых. І толькі потым вязуць у 3-ю дзіцячую бальніцу. Юрысты ўстановы звязваюцца з органамі апекі і паведамляюць аб паступленні такога малога ў клініку.

Педыятр-неанатолаг Вікторыя Хацько і медсястра Галіна Астрэйка.

У сярэднім дзеці-«адмоўнікі» знаходзяцца ў бальніцы прыкладна месяц. За гэты час вырашаецца іх лёс. У малых тры варыянты развіцця падзей: дзіцячы дом, усынаўленне ці апека.

— За мінулы 2019 год непасрэдна з бальніцы былі ўсыноўлены чацвёра «адмоўнікаў», — расказвае юрысконсульт бальніцы Ірына Герасімава. — Дваіх дзетак узялі пад апеку, а васьмярых накіравалі на дзяржаўнае забеспячэнне ў дзіцячы дом. Пасля таго як жанчына напісала адмову на сваё дзіця, яна піша заяву, дзе пагаджаецца на яго ўсынаўленне іншымі людзьмі. Органы апекі маюць інфармацыю аб усынавіцелях, у якіх падрыхтаваны ўсе дакументы. Яны накіроўваюць гэтых людзей да нас. Будучыя бацькі прыязджаюць, знаёмяцца з дзіцем, могуць пакарміць яго, пераапрануць, памяняць памперс, пакачаць на руках. Звычайна гэта падрыхтаваныя і вельмі чуллівыя людзі. Яны да малых адносяцца як да вялікай каштоўнасці. У самым лепшым выпадку дзеці, якіх выбіраюць усынавіцелі, праз 20-22 дні ўжо едуць дамоў.

Вось і цяпер адну з дзяўчынак у палаце для адмоўнікаў «знайшлі» бацькі. Я паглядзела на малую. Яна ўжо прачнулася і пачала крахтаць. Педыятр адразу дастала яе з ложка і пачала гушкаць на руках.

— А адзенне для малых адкуль? — спытала я, здзівіўшыся, што ўсе дзеткі добра і чыста апрануты.

Калі праходзіла міма іншых палат, дзе ляжаць на лячэнні малыя з матулямі, праз шкло бачыла, з якой любоўю пераапранаюць тыя сваіх немаўлят, як нешта ім гавораць і смяюцца. Іншыя кармілі ці проста гушкалі малых на руках.

— Прывозяць дзяцей з радзільні ў адзенні, — тлумачыць педыятр-неанатолаг Вікторыя Хацько. — Тут на месцы мы іх пераадзяваем у адзенне наша. Нам шмат ахвяруюць валанцёры. Пераапранаем малых штодня абавязкова або па меры забруджвання адзення. Кормяць іх кожныя тры гадзіны медсёстры, якія замацаванныя амаль за кожным дзіцем.

У палату заходзіць зусім маладзенькая медсястра. Яна працуе ўсяго два з паловай гады. Адразу бярэ дзяўчынку, якой толькі два тыдні ад роду, на рукі. Малая не плача — трывожна прыслухоўваецца да размовы.

— Я заўсёды хацела працаваць з дзецьмі, — расказвае медсястра Галіна Астрэйка. — Але ўсвядоміць, што ёсць кінутыя дзеці, цяжка. Памятаю, у першыя дні сваёй працы я даглядала хлопчыка. Ён такі ладненькі быў, здаровы, але... Яго ніхто не забраў. Мне асабіста прыйшлося везці яго ў дзіцячы дом. Гэта цяжка.

Дзяўчына падчас аповеду інстынктыўна прыціскае да сябе дзяўчынку, якую трымае на руках. Я пачынаю глядзець у акно. Там голыя дрэвы паднялі свае галіны да неба, нібыта застылі ў нямым пытанні.

— Ці даводзілася вам даваць імёны гэтым дзецям?

— Так, бывае і такое. Але не часта, — прызнаецца юрысконсульт Ірына Герасімава. — Звычайна гэта здараецца, калі нам прывозяць малога, ад якога маці афіцыйна не адмовілася ў радзільні, але падчас выпіскі проста знікла. Нам прыходзіцца рэгістраваць такіх дзетак самім і прыдумваць ім імёны. Такіх маці не проста знайсці, калі яны ў «бягах»... Зацягваецца афармленне дзетак ад іншаземных грамадзянак, якія адмовіліся ад малых — тут падрыхтоўка дакументаў займае больш часу. Але сёлета было ажно два выпадкі, калі жанчыны да суда аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў паспявалі перадумаць, пісалі заяву аб скасаванні адмовы і забіралі сваіх дзетак дамоў. Гэта з'ява рэдкая, але яна прыносіць шмат радасці, бо пазбаўляе нас ад ненатуральнага абавязку — везці малых у дзіцячы дом.

...Выйшаўшы з бальніцы, я агледзелася. Вакол шмат дзяцей: кагосьці выпісалі, нехта прыехаў лячыцца.... Але ўсе з матулямі, бацькамі, бабулямі... Ідуць, моцна трымаюць родных за руку, самыя маленькія едуць у прыгожых калясках. Яны ўсе пад аховай, з моцнай апорай у жыцці. Але ёсць у гэтым вялікім будынку палата, дзе ляжаць тры здаровыя дзяўчынкі, пакінутыя ў трывожным маўчанні і чаканні. Няўжо іх лёс — дзіцячы дом?

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.