Вы тут

​Зімуючыя культуры вытрымалі цёплую зіму, але ці вытрымаюць маразы?


Анамальна цёплая, маласнежная зіма хвалюе сваёй нетыповасцю многіх людзей, у тым ліку і аграрыяў. Як пры такіх умовах адчуваюць сябе азімыя культуры?


Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА.

— Зазелянелыя на палях азімыя культуры ў халодную пару — такое ў Беларусі ўжо было. Так, зімой 2006—2007 гадоў слабая вегетацыя азімых працягвалася да сярэдзіны студзеня. У далейшым, прыблізна на месяц, усталявалася зіма з даволі адчувальнымі маразамі і снежным покрывам, — расказала начальнік аддзела аграметэаралогіі Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыяцыйнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Надзея МЕЛЬЧАКОВА.

Што датычыцца сёлетняй зімоўкі, то, як мяркуюць спецыялісты-кліматолагі, зіма 2019—2020 гадоў можа стаць самай цёплай за ўвесь перыяд метэаралагічных назіранняў. Вялікая імавернасць і таго, што цяперашняя зіма будзе адна з самых маласнежных ці нават самая маласнежная. Невялікае снежнае покрыва ўтваралася за гэтыя месяцы некалькі разоў, але ўтрымлівалася кароткі час.

Паводле слоў Надзеі Мельчаковай, незвычайна цёплае надвор'е не дазволіла азімым культурам перайсці ў стан глыбокага фізіялагічнага спакою. Глеба заставалася талая, ці падмярзаў толькі верхні яе слой. А вось тэмпература глебы на глыбіні залягання вузла кушчэння азімых збожжавых культур была пераважна блізкая да нуля і слабаплюсавая. Пад уплывам такіх аграметэаралагічных умоў расліны трацілі загартоўку. Пры гэтым небяспечных нізкіх тэмператур, якія маглі б выклікаць пашкоджанні раслін, на тэрыторыі краіны тады не назіралася.

У канцы студзеня асобныя падраздзяленні Белгідрамета правялі адгадоўванне азімых культур, каб вызначыць іх жыццяздольнасць. Па яго выніках каля 90 % проб азімых збожжавых культур і рапсу далі поўнае адрастанне. У астатніх пробах спецыялісты адзначылі нязначную зрэджанасць (менш за 10 % раслін), што лічыцца натуральнай гібеллю. Пры гэтым шматгадовыя травы (канюшына, люцэрна) ва ўсіх адабраных узорах адраслі цалкам.

— Мінулай восенню азімыя збожжавыя культуры спынілі вегетацыю на большасці плошчаў у фазе кушчэння, — адзначыла Надзея Віталеўна. — Аднак познія кастрычніцкія пасевы не паспелі раскусціцца. У далейшым у анамальна цёплыя перыяды ў іх назіралася слабапраяўная вегетацыя. Па апошніх звестках амаль на ўсіх назіраных палях з познімі тэрмінамі сяўбы азімыя збожжавыя пачалі кусціцца.

Згодна з прагнозам сіноптыкаў, у сярэдзіне бягучага тыдня на тэрыторыі краіны пахаладае. Тэмпературны рэжым наблізіцца да кліматычнай нормы. Уначы тэмпература паветра будзе паніжацца да 2—9 градусаў ніжэй за нуль, у асобных раёнах пры працяглых праясненнях — да -10...-15 °С. Аграметэаролаг запэўніла, што такія маразы для большасці зімуючых культур не нясуць небяспекі. Пры паступовым паніжэнні тэмпературы расліны аднаўляюць марозаўстойлівасць. Акрамя таго, на палях павінна ўтварыцца невялікае снежнае покрыва. Калі ж тэмпература панізіцца да -14...-15 °С, могуць узнікнуць апасенні за зімовы рапс як найменш марозаўстойлівую культуру. Але ёсць надзея, што яны не спраўдзяцца, тым больш што, па папярэдніх ацэнках сіноптыкаў, пахаладанне чакаецца кароткатэрміновае.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Неспакой для рапсу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.