Вы тут

«Выхоўваць маладое пакаленне трэба на творах Кандрата Крапівы, Янкі Купалы, Якуба Коласа...»


Для папулярызацыі чытання дзецьмі і моладдзю ў краіне праводзіцца шмат мерапрыемстваў. Пра гэта расказаў начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Вячаслаў КАРАТКЕВІЧ.


Фота Таццяны Ткачовай.

— Сярод іх — даследаванні па гэтай тэме. Па выніках апошняга высветлілася, што адзін з галоўных фактараў, па якім вызначаецца, чытае дзіця ці не, — наяўнасць кніг у хатняй бібліятэцы. Малым вельмі важна бачыць бацькоўскі прыклад. Варта адзначыць, што калі ў твора захапляльны сюжэт, ён цікавы, то попытам у хлопчыкаў і дзяўчынак карыстацца будзе.

Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван САВЕРЧАНКА перакананы: выхоўваць маладое пакаленне трэба на творах Кандрата Крапівы, Янкі Купалы, Якуба Коласа і іншых беларускіх творцаў, прывіваць яму цікавасць да нацыянальнай і самабытнай культуры, любоў да беларускай мовы.

— Дзеці павінны шмат чытаць разнапланавых і якасных кніг. А для гэтага ў краіне створаны ўсе ўмовы. Наш Інстытут перавыдае зборы твораў беларускіх класікаў, дапаўняючы іх раней невядомымі шэдэўрамі: ужо ўбачылі свет 19 тамоў з 50. Мы ўдзельнічаем у рэалізацыі праграмы па падтрымцы сацыяльна значнай літаратуры: так выданні адпраўляюцца ў школьныя бібліятэкі ў розныя гарады і вёскі.

З ініцыятывы Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі ў краіне былі скарэкціраваны навучальныя праграмы па рускай літаратуры для школьнікаў: выдзелены гадзіны для пазакласнага чытання. Пра гэта паведаміла навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Навукова-метадычнай установы Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Кацярына ЦЕМУШАВА:

— Кнігі для дзяцей павінны быць маляўнічыя, добра ілюстраваныя. Таму для школьнікаў 5-8 класаў прапануюцца дыдактычныя і дыягнастычныя гульні, якія настаўнік можа выкарыстоўваць падчас урокаў. Цяпер хлопчыкам і дзяўчынкам, прачытаўшы твор, прапануецца прыдумаць да яго набор хэштэгаў, або зняць відэаролік,
або напісаць ліст сябру.

Летась дзіцячыя бібліятэкі сталіцы абслужылі 123 тысячы чытачоў. Дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска Таццяна ШВЕД запэўніла, што сучасныя дзеці чытаюць шмат, асабліва калі ёсць вялікі кніжны фонд.

— Іншым часам не кожны можа набыць жаданую кнігу, бо кошт выданняў нятанны. А вось прыйсці ў бібліятэку і прачытаць яе там можна заўсёды. Штогод з боку дзяржавы нам выдзяляюцца вялікія грошы на камплектаванне фондаў. Летась паступіла шмат новых цікавых беларускіх твораў, якія хутка становяцца папулярнымі. Варта адзначыць, што наша галоўная мэта — каб чытач прыйшоў у бібліятэку. Таму часта праводзім цікавыя экскурсіі і скайп-сустрэчы нашых наведвальнікаў з наведвальнікамі бібліятэк Расіі, ажыццяўляем новыя праекты. Напрыклад, у сталічнай дзіцячай бібліятэцы № 10 праводзіцца «Гурток сямейнага чытання 0+. Вырошчваем чытача самі». Ён створаны для таго, каб прывабіць тых малых, якія яшчэ не ўмеюць чытаць.

Намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Юлія ДАШКЕВІЧ адзначыла, што летась установай было выдадзена каля 50.

— На Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, якая пачнецца сёння і прадоўжыцца да 9 лютага ў выставачным павільёне на праспекце Пераможцаў, 14, будуць шырока прадстаўлены нашы выданні. Мы разумеем, што трэба шырока прапагандаваць цікавасць да чытання ў маладога пакалення, таму праводзім розныя акцыі і сустрэчы для дзяцей з пісьменнікамі. На тыдзень выходзіць прыкладна 10—15 мерапрыемстваў.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Як вырасціць чытача, або Калі галоўны герой — кніга

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Давайце разам прыгадаем свае першыя крокi ў школе. Што кажа дзецям настаўнiк?

Спорт

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Як беларусы рыхтуюцца да галоўных стартаў i як развiваецца паралiмпiйскi рух.

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў.