Вы тут

Школа ва ўмовах поўнай свабоды. Якая б яна была, калі б гэта залежала ад настаўнікаў?


Ці ведаеце вы, што такое энергія яркіх людзей? Гэта рэальная сіла, якая збівае з ног і натхняе. Менавіта такія людзі сабраліся суботняй раніцай, у свой выхадны дзень, на першы адукацыйны бранч. Ініцыятарамі серыі нефармальных сустрэч педагогаў сталі сузаснавальнік акадэміі крэатыўных тэхналогій ІT Рrіnсеss і прыватнай школы STЕАM, выкладчык, ментар Валянціна ЧЭКАН і кіраўнік ІT-школы Mуfrееdоm, архітэктар адукацыйных сістэм, адукатар Яўген ЛУФЕРЧЫК.


Вачыма вучняў

— Адразу скажам, што мы нікога не прадстаўляем. У нас на дваіх вельмі шмат педагагічных гіпотэз, але дыскутаваць удваіх — гэта сумна, — кажуць яны. — Вось таму мы і вырашылі запрасіць неабыякавых людзей, каб «пакруціць» розныя пытанні, звязаныя з адукацыяй. «Адукацыйны працэс у школе: што можна было б зрабіць, калі б можна было рабіць усё?» — менавіта так гучыць тэма нашай першай сустрэчы. Шчыра кажучы, у суботу раніцай менш за ўсё хацелася б чуць ныццё. Не варта думаць, што з'явяцца новы міністр, новы дырэктар у школе, новы начальнік упраўлення адукацыі, новы мэр, новыя дзеці і іх бацькі — і ўсё адразу наладзіцца. Толькі ад кожнага з нас залежыць, як мы працуем, якія мэты ставім, якімі інструментамі карыстаемся і якія каштоўнасці транслюем дзецям.

Усім было прапанавана сфармуляваць запыт, з якім яны прыйшлі на сустрэчу. «Даведацца, што рэальна ў сілах педагогаў і што яны могуць зрабіць ва ўмовах поўнай свабоды...», «Хачу знайсці людзей, гатовых на разрыў шаблонаў, на выхад з зоны камфорту, гатовых штосьці рабіць, а не толькі абмяркоўваць», «Знайсці зацікаўленых калег для рэалізацыі далейшых праектаў у сферы адукацыі», — адказвалі педагогі. «Зразумець, у які бок рухаецца сістэма адукацыі», «Даведацца, як адмесці ў працэсе навучання лішняе», «Даведацца, як прымусіць вышэйшых адміністратараў не лезці ў справы настаўнікаў», «Як абудзіць у дзецях інтарэс да вывучэння новага», «Як убудаваць сучасныя падыходы ў жорсткую структуру школьнай адукацыі»...

Дарэчы, запрашэнне на сустрэчу зацікавіла не толькі педагогаў (як дзяржаўных, так і недзяржаўных устаноў адукацыі), але і прадстаўнікоў бацькоўскай грамадскасці, якія, як прызналіся, нечакана ўбачылі школу зусім па-іншаму. Праўда, і ў настаўнікаў была магчымасць убачыць сваю працу з іншага боку, напрыклад вачыма вучняў. Ім прапанавалі сфармуляваць бачанне вучэбнага працэсу ад імя сваіх выхаванцаў. І высветлілася, што праблема нумар адзін — «на ўроку мне сумна, я не слухаю настаўніка, мне хочацца балбатаць, гуляць, тузаць суседак за коскі». Ва ўсякім разе, так думаюць педагогі. Праблема нумар два — «мне страшна». Я баюся, калі мяне выклікаюць, баюся памыліцца, бо за памылкі караюць. Я адчуваю небяспеку з боку і аднакласнікаў, і настаўніка. Баюся выдзеліцца сярод іншых... Настаўнік у мяне не верыць, і, як вынік, або агрэсія ў бок апошняга, або, наадварот, пасіўнасць на ўроку. Ну і адказ, з якім пагадзіліся ўсе: «Мяне прымушаюць вучыцца (незразумела, навошта мне гэта ўсё), занадта шмат даюць непатрэбнай інфармацыі, у мяне ад вучобы ўвогуле не застаецца вольнага часу, я нічога не паспяваю». Пад гэтым падпішуцца, напэўна, 99 працэнтаў старшакласнікаў... Геніяльная думка: школа — гэта пра выжыванне! Наш мозг не прызначаны для вучобы, яго прызначэнне — выжыванне...

Якая творчасць?

Цікава, што праблемы з матывацыяй ёсць і ў саміх настаўнікаў, таму што працаваць ім даводзіцца ў рэжыме шматзадачнасці. Падтрымкі не адчуваецца ні з боку адміністрацыі, ні з боку бацькоў вучняў. Больш таго, самі настаўнікі канстатуюць, што часцяком мае месца педагагічны булінг з боку калег і цкаванне з боку адміністрацыі, у дэматывуючым асяроддзі складана працаваць, а папярэдні негатыўны вопыт назаўсёды адбівае жаданне праяўляць ініцыятыву. Як вынік — праблемы са здароўем, стрэс, які пераходзіць ў дэпрэсію, расчараванне ў рабоце і хуткае прафесійнае выгаранне. Дарэчы, разбалансіроўка жыццёвых інтарэсаў і вельмі моцны фокус на працу таксама прыводзяць да выгарання.

На якіх яшчэ праблемах у сваёй дзейнасці спыніліся педагогі? Гэта змест праграм: іх перагружанасць і недахопы, адарванасць адукацыі ад жыццёвых прыярытэтаў навучэнцаў і сацыяльна-эканамічных запытаў грамадства. Празмерная цэнтралізацыя і рэгуляванне вучэбнага працэсу. Абмежаванні ў выбары сучасных метадаў не дазваляюць дасягнуць высокай якасці ведаў, перашкаджаюць раскрываць здольнасці дзяцей. «Састарэлыя формы работы прыводзяць да таго, што мы не фарміруем у вучняў вельмі актуальныя мяккія (сацыяльныя) навыкі, — канстатуюць педагогі. — Калі раней вучоба зводзілася да механічнага завучвання, а паслухмянасць і выкананне задач па ўзоры лічыліся прыкметай добрага вучня, то сёння такія формы работы вядуць у нікуды. Недавер да настаўніка, строгія стандарты і пастаянны кантроль прыводзяць маладых педагогаў да расчаравання ў прафесіі, а ў іх больш сталых калег застаецца толькі адно жаданне — не высоўвацца і не прыцягваць да сябе ўвагу... Нізкія заробкі прымушаюць настаўніка браць шмат гадзін нагрузкі: калі ты замест 18 урокаў даеш за тыдзень 40, што атрымліваецца на выхадзе? Няма ні часу, ні сіл ні на творчасць, ні на прафесійнае ўдасканаленне. Зноў-такі, колькасць дзяцей у класе: чым больш дзяцей, тым менш увагі можна ўдзяліць кожнаму вучню. Падзяліце 45 хвілін на 15 або на 30 вучняў».

Не задавальняюць настаўнікаў састарэлая мадэль арганізацыі працэсу навучання, адсутнасць інтэграваных урокаў. Кожныя 45 хвілін вучні вымушаны хутка пераключацца з матэматыкі на гісторыю, з рускай літаратуры на беларускую, з замежнай мовы на фізіку і гэтак далей. Патрабаванні ў школе заніжаны ў параўнанні з патрабаваннямі, якія прад'яўляюцца да студэнтаў у ВНУ, таксама і пяцікласнікам даводзіцца складана, таму што ў пачатковай школе да іх былі зусім іншыя патрабаванні.

Слабае месца педагогаў — іх галасавая падрыхтоўка. Голас — асноўны рабочы інструмент, вось толькі як яго зберагчы, у педуніверсітэце не вучаць. А чаму сацыяльна псіхалагічная служба займаецца толькі дзецьмі? Настаўнікі лічаць, што ў школе павінен быць псіхолаг, які будзе займацца «разрульваннем» самых розных сітуацый, у тым ліку па ўзаемадзеянні настаўнікаў з вучнямі і калегамі.

Ну а фраза з боку адміністрацыі «Зрабіце гэта за кошт свайго педагагічнага майстэрства» азначае толькі адно: што ты, ахвяруючы сваім часам і сіламі, павінен заткнуць прабоіны, якія ўзніклі з-за няўмелага кіравання караблём, цябе проста робяць крайнім.

Дасталася ад педагогаў і дзеючай сістэме праверкі ведаў. Чаго толькі вартая «песня» адміністрацыі «ніжэй за «тройку» мы ў школе не ставім». Дзесяцібальная сістэма не працуе. Ацэнка не адпавядае мэтам навучання, адсутнічае празрыстасць у яе прымяненні, дзейнічаюць двайныя стандарты, калі «дзясятку» можна атрымаць, напрыклад, за падрыхтаваны рэферат або проста за наведванне спартыўнага мерапрыемства.

Паставіў дыягназ — лячы!

А цяпер пра ідэальную школу, у якой усім хацелася б працаваць. Пасля агульнага мазгавога штурму атрымалася прыкладна такая карціна.

Гэта школа, у якой адмовіліся ад публічнага ацэньвання, ад ацэньвання ў лічбах на карысць зваротнай сувязі ад настаўніка. Праз каментарый педагог паказвае моцныя бакі вучня, яго прагрэс не ў параўнанні з іншымі, а з самім сабой, прабелы ў засваенні матэрыялу, дае рэкамендацыі, як іх выправіць. Зваротная сувязь заахвочвае да далейшай работы над сабой. Навучанне не можа быць эфектыўным, калі пазбавіць дзіця нават шанцу на поспех. І зусім іншая справа, калі поспехі прызнаюцца і ацэньваюцца. Галоўнай становіцца не адзнака, а ацэнка яго дзейнасці. Значэнне мае не тое, колькі балаў ты атрымаў на ўроку, а тое, чаму навучыўся. Знікае страх перад выстаўленнем адзнакі. Вучні не баяцца памыліцца, таму што вучобы без памылак не бывае.

У школах адмаўляюцца ад класна-ўрочнай сістэмы. Акцэнт робіцца на мультыдысцыплінарнасць, праектнае навучанне з інтэграцыяй розных прадметаў (кшталту вывучэння феноменаў у фінскай школе), камандную работу і нефармальную арганізацыю вучэбнага працэсу. Можна два дні вывучаць, напрыклад, матэматыку, інфарматыку і фізіку, а потым два дні прысвяціць вывучэнню гуманітарных прадметаў. Дзецям не давядзецца пастаянна пераключацца, гэта зусім іншыя энергавыдаткі, ды і аб'ёмы дамашніх заданняў зменшацца. У школьнікаў з'яўляецца магчымасць выбіраць вучэбныя дысцыпліны і фарміраваць індывідуальны навучальны план. Змяняецца і фізічная прастора школы. Інтэр'еры ствараюцца па прынцыпе мабільнай прасторы і ўключанасці ўсіх у навучальны працэс. Дзеці не глядзяць у класе ў патыліцы адно аднаму.

Сістэма адукацыі бачыць кожнага вучня з яго мэтамі, цяжкасцямі, асаблівасцямі і інтарэсамі.

У вучэбным плане з'яўляюцца прадметы і дысцыпліны, неабходныя для выжывання ў сучасным свеце. Педагогі вучаць, як граматна карыстацца інфармацыяй у лічбавым свеце. Развіваюць у вучняў эмацыянальны інтэлект. Настаўнікі свабодныя ў выбары падручнікаў, метадаў і інструментаў для навучання.

Кантралюючыя органы таксама павінны змяніць прынцыпы сваёй работы. Калі камісія праверыла школу і знайшла там нейкія недахопы, гэтая структура павінна стварыць з прафесіяналаў «спецназ», які прыйдзе ў гэтую школу і пакажа, як трэба працаваць, а потым будзе яе курыраваць. Цяпер жа функцыя правяраючых зводзіцца толькі да таго, каб прыйсці і пакараць, але гэта толькі перашкаджае рабоце. Калі паставіў дыягназ — лячы!

Беларуская мова зойме ў «школе мары» сваё пачэснае месца. «Чаму большасць сказаў для практыкаванняў пра прыроду, надвор'е і рыбалку? Колькі можна пісаць у падручніках па беларускай мове «пайшоў дожджык, і вожык схаваўся пад дрэвам»? Дзіця марнуе дзясяткі гадзін, выконваючы заданні, якія не нясуць ніякай інфармацыйнай нагрузкі, адбываецца нейкая інтэлектуальная выпусташанасць. Чаму не практыкаваць родную мову на прыкладах актуальнага словаўжывання, каб дзеткі потым маглі скарыстаць набытае? Дзе ў праграме кнігі і прыклады, якія спрыяюць развіццю асобы, рухаюць дзяцей наперад?» — разважае выкладчык англійскай мовы Валянціна
ГОЛУБЕВА.

Педагагічная адукацыя даецца студэнтам на беларускай мове. У дакументазвароце таксама выкарыстоўваецца родная мова. Сама меней гісторыя Беларусі, прадмет «Мая радзіма — Беларусь», мастацкая культура выкладаюцца на беларускай мове. Гэта таксама з пажаданняў...

Тры гадзіны мазгавога штурму праляцелі імгненна.

— Спадзяюся, што хтосьці з вас пераканаўся ў асабістых гіпотэзах, але не выключаю, што нехта пойдзе з нашай сустрэчы з яшчэ большай колькасцю пытанняў, — падвёў вынікі першага адукацыйнага бранча Яўген Луферчык.

— Для мяне адным са стымулаў завітаць сюды было жаданне трапіць у атмасферу аднадумцаў, — канстатаваў настаўнік матэматыкі цэнтра дадатковай адукацыі «Адукацыйная прастора «Краіна сяброў», аўтар праекта «Па той бок лікаў» Ягор ДАЎГАЛЕВЕЦ, — таму што калі табе штодня кажуць, што ты дурань, то пачынаеш у гэта верыць. А тут прыйшоў, паглядзеў, пакантактаваў з калегамі і разумееш: з табой насамрэч усё нармальна. Гэта дарагога каштуе.

— Калі на такія сустрэчы не могуць прыйсці тыя ці іншыя настаўнікі і адміністрацыя, то могуць прыйсці неабыякавыя бацькі. І калі мы нараджаем штосьці светлае і добрае, то можна дзейнічаць праз іх, няхай яны нясуць гэтыя ідэі ў свае школы, — прапанавала настаўнік інфарматыкі Яўгенія ГУШЧЫНА.

8 лютага на абмеркаванне ў нефармальнай абстаноўцы выносіцца тэма «Методыкі і філасофія адукацыйнага працэсу: ці адчуваем мы розніцу?». 22 лютага ў цэнтры ўвагі будуць настаўніцкая этыка, рызыкі і вырашэнне канфліктных сітуацый. Ацэньванне і матывацыю (ці можна паставіць паміж імі знак роўнасці) педагагічная супольнасць абмяркуе 14 сакавіка.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».