Вы тут

Ці месца чырвонаму колеру ў труне?


Ліст Н. У. Красінскай з Магілёўскай вобласці: «На пахаванні мужа жанчыны звярнулі ўвагу на тое, што гальштук у яго быў чырвоны. Загадалі абавязкова памяняць, таму што чырвонае ў труне быць не павінна. На наша пытанне, а чаму нельга, адказала проста: «Так жанчыны сказалі, а чаму — не ведаю».


Розныя кантэксты рытуальнага ўжывання чырвонага колеру даюць падставы расшыфроўваць яго як сімвал жыццёвага пачатку, а таксама пацвярджаюць трактоўку бінарнай апазіцыі чырвонага і белага колераў як супрацьпастаўлення жыцця і смерці.

Даўней падчас родаў праз парадзіху перакідвалі чырвоную нітку (пояс), якая выконвала ролю магічна-ахоўнага сродку. Менавіта таму хочацца параіць будучым матулям: на працягу ўсяго перыяду цяжарнасці разам з вамі павінен быць чырвоны пояс-абярэг. На Беларусі доўгі час жыла цудоўная традыцыя першага рытуальнага купання дзіцяці. Бабуля асцярожна купала немаўля, а потым спавівала ў белыя пялёнкі і перавязвала поясам чырвонага колеру. Прычым як нацельныя рэчы для кожнага нованароджанага, так і пояс у сям'і былі адны і тыя ж (імкнуліся яднаць усіх дзетак гэтай сям'і). Падкрэсліваем, чырвоным поясам перавязвалі і хлопчыка, і дзяўчынку. Сучасныя матулі «запазычылі» чужую традыцыю і перавязваюць нованароджаных ружова-блакітнымі стужкамі.

Ахоўную ролю выконваў гэты ж пояс, калі ў сям'і нехта з блізкіх паміраў: бабуля перавязвала цяжарную або нованароджанага чырвоным поясам.

Парог — гэта своеасаблівая мяжа паміж мінулым і будучыняй. Падчас вяселля бабуля праз той самы парог павінна была палажыць чырвона-белы ручнік (пралажыць масток) такім чынам, каб чырвоныя канцы былі перад і за парогам, а непасрэдна над парогам ляжала белая частка. Жаніх станавіўся на чырвонае поле, браў маладую на рукі, пераносіў яе над недатыкальнай зонай, маркіраванай белым колерам, і станавіўся на процілеглае поле чырвані. Публічна, у прысутнасці радні і з яе згоды пераход у новае жыццё заканчваўся.

Адным з галоўных атрыбутаў беларускага вяселля быў каравайны абрад, які сімвалізаваў жыццесцвярджальнае радавое адзінства, пачатак новага жыцця. Асноўным колерам, якім апісвалі каравай, быў чырвоны. У вясельнай песні знаходзім: «Ой, чырвоны каравай, чырвоны, знаю, яго чырвоныя (прыгожыя) рабілі...» Заканчвалася кампазіцыя каравая парай галубкоў (сімвал маладых), якіх таксама перавязвалі чырвонай стужкай.

З аналагічным ужываннем колераў-сімвалаў мы сутыкаемся і на пахаванні. Згодна з традыцыяй, труну з нябожчыкам апускалі ў магілу на чырвона-бела-чырвоных ручніках. Атрымлівалася форма перавернутай аркі — «лодкі смерці» (добра вядомай па мастацкіх выявах у культурах розных народаў свету — на ёй нябожчыка адпраўлялі (перапраўлялі) на той свет). Мужчыны, якія апускалі труну ў магілу на ручніках, каб засцерагчыся ад смерці, трымаліся за іх чырвоныя канцы. Інакш кажучы, памерлы знаходзіўся на белай частцы ручніка — зоне смерці, а жывыя кантактавалі з чырвоным сегментам — зонай жыцця.

Становіцца зразумела, што ў прасторы труны, у тым ліку і ў адзенні нябожчыка, не павінна быць нічога чырвонага. Нашы інфарматары ў розных рэгіёнах Беларусі настойліва падкрэслівалі, што гэта недапушчальна, каб не справакаваць смерць блізкіх сваякоў.

У народнай медыцыне наяўнасць чырвонага колеру была складовай кампанентай пры лячэнні рожыстага запалення, спалоху, сурокаў. Падчас цяжкай працы, напрыклад жніва, хворыя руку ці нагу абвязвалі ніткай ці палоскай тканіны чырвонага колеру.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Прэв'ю: attuale.ru

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».