Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


Фота Анатоля Клешчука.

СМАК ФІНІКАЎ

У нашу Іскань у канцы пяцідзясятых гадоў прыехалі дзве выпускніцы Магілёўскага педінстытута — Галіна Стасевіч і Яўгенія Мінкіна. Апошняя пабыла год і пакінула школу. Кажуць, быццам выйшла замуж і сёння жыве ў Калінінградзе. Хоць і мала папрацавала, аднак успаміны пра яе засталіся добрыя. Як забыць хаця б тое, што Яўгенія Іванаўна звазіла наш клас у Магілёў на экскурсію, а паколькі яе бацькі жылі ў гэтым горадзе, то пазнаёміла нас з імі. Бацькі настаўніцы пачаставалі ўсіх гасцей — дзе толькі талерак набралі! — смачным «гарадскім» абедам. Што было на другое, сёння не прыгадаю, але спадабаўся вельмі боршч. Чырвоны, з бурачкоў. Як кажуць у такіх выпадках, мы і лыжкі аблізалі.

І ўсё ж, згадваючы гэтых маладых, прыгожых дзяўчат-настаўніц, я і яшчэ два сябры найбольш успамінаем смак фінікаў. Баршчы мы сёрбалі і ў сваёй вёсцы, былі яны наварыстыя і не менш апетытныя, чым той гарадскі. А вось фінікі елі ўпершыню...

Галіна Сцяпанаўна была з Быхава, і таму на выхадныя дні нярэдка ездзіла ў райцэнтр да маці. Аўтобус тады ў нашу вёску не хадзіў, і ёй трэба было ісці пешшу ад асфальту ажно шэсць кіламетраў. І не проста ісці, а нешта ж і ў руках несці. Хоць у Іскані і была крама, аднак у горадзе, несумненна, выбар прадуктаў быў больш шырокі, а хлеб наогул тады да нас не завозілі — усе яго пяклі самі. Толькі ж не маладая настаўніца.

Узімку дні, як вядома, надзвычай кароткія, і, калі Галіна Сцяпанаўна выходзіла з аўтобуса на прыпынку ў Абідавічах, рабілася ўжо зусім цёмна. Тады ж і электрычнасці не было ў нашай і бліжэйшых вёсках. Гэта цяпер лямпачкі гараць на слупах. А ёй жа, маладой дзяўчыне, трэба было ісці праз усе Абідавічы, праз Дружбу... Няблізка. Адбівацца ад сабак — гэта яшчэ што, дарог жа таксама амаль не было.

І тады мы, я, Валерка Юрчанка і Славік Сныткоў, узялі за правіла сустракаць Галіну Сцяпанаўну. Узімку бралі санкі, з намі бег Шарык, не помню ўжо чый сабака — ці тое Валеркі, ці тое Славіка. Усім нам было хораша, весела, і дарога ў два канцы пралятала хутка і непрыкметна.

Даводзілі настаўніцу да хаты бабы Ганны, дзе тая кватаравала, а там яна частавала нас гарадскімі ласункамі. З усіх іх чамусьці запомніліся фінікі. І не толькі мне... Калі Галіны Сцяпанаўны не стала — а пражыла яна ўсё жыццё ў нашай Іскані, нарадзіла пяцёра дзяцей, узначальвала шмат гадоў васьмігодку, апошні час была старастай вёскі, — то я патэлефанаваў Валерку Юрчанку ў Магілёў, каб паведаць сумную вестку. Пасля пэўнай паўзы мой аднакласнік ціха прамовіў:

— Я і сёння адчуваю смак фінікаў, якімі частавала нас Галіна Сцяпанаўна...

То былі сумленна заробленыя фінікі. Таму, відаць, і такія смачныя.


КРЫЎДА

Сусед Пятровіч завітаў да мяне надвячоркам, і быў ён, як кажуць, «на ўзводзе». Прысеўшы на прапанаванае крэсла, пачаў скардзіцца:

— От жа прыдумалі! Віншуюць мяне сёння, ты толькі паслухай, з днём пажылога чалавека. З прафсаюза. Так і так, маўляў, паважаны Андрэй Пятровіч, прымі сардэчныя віншаванні... Жадаем здароўя, шчасця ў жыцці і гэтак далей... Падзякаваў, канешне ж, я ў адказ. За клопат і ўвагу. А потым, як толькі паклаў трубку, нібы ачомаўся, працверазеў: знайшлі з чым віншаваць — са старасцю. Якое ж гэта свята? Што ж у ёй, у гэтай старасці, добрага? І тут баліць, і там баліць... На дрэва, як раней, не залезеш, каб той жа яблык зняць. Калі нахіляешся, каб завязаць шнуркі, то думаеш, што б яшчэ заадно зрабіць. Вунь і кавеньку ўжо прыдбаў. Без яе хістае. Хаджу ў паліклініку, як раней хадзіў на працу. Дык з чым тут віншаваць? Свята, я не пярэчу, аднак мала радасці яно мне дае — не ведаю, як каму... Чаму маўчыш? Што скажаш?

Я наліваю ў кубачкі каву, сядзім, гамонім пра жыццё. Пра тое, што мо і не трэба асабліва крыўдаваць Андрэю Пятровічу на старасць, бо ўсё ж не кожнаму Бог даў да ягонага веку дажыць — амаль восемдзесят гадкоў мае. Зноў жа, двух сыноў выгадаваў і дачку, цяпер да яго горнуцца ўнукі. «Асабліва калі пенсію атрымліваю», — удакладняе сусед, і лёгкая, пяшчотная ўсмешка набягае на ягоны чыста паголены твар. Потым перабралі, хто з ягоных аднакласнікаў і аднагрупнікаў па інстытуце пайшоў ужо ў іншы свет — такіх, на жаль, аказалася многа. А табе, кажу, Пятровіч, пашанцавала. Хоць тут і там баліць, але ж ты можаш радавацца кожнаму новаму дню, а калі спаць кладзешся, то — пражытаму. Можаш радавацца нават дажджу, снегу, ветру, зялёным дрэвам, небу... На цябе яшчэ, пытаюся, бурчыць іншы раз баба Марыя? Адказвае: не без таго! Значыць, жыццё ідзе.

— А і праўда, не так ужо ўсё і кепска, — Пятровіч дзякуе за каву і павольна ўзнімаецца. — Дарэмна крыўдаваў на прафсаюз. Няхай жыве свята пажылых людзей. Няхай віншуюць і мяне. Дазваляю. І чым больш разоў, тым лепей. Ты мяне пераканаў. Дзякуй.

Ён пайшоў, а я яшчэ пэўны час сядзеў нерухома. Да свята пажылых людзей мне заставалася на той час не надта доўга.

Але я цвёрда вырашыў: не буду крыўдаваць, калі і мяне хто павіншуе. Як вось Пятровіча. Толькі парадуюся.


НЕДАРАВАЛЬНА

Непрадказальна іншы раз складваецца лёс чалавека. Аляксандр Іванавіч жыў у Светлагорску, меў добрую і любімую працу, а тут здарылася бяда: захварэла малодшая дачка. Каб выратаваць яе, дактары параілі тэрмінова і неадкладна памяняць наш беларускі клімат на больш сонечны і цёплы. Во як! Што ж рабіць? Як быць? І дзе, у якой краіне шукаць той спякотны клімат? Сур'ёзна задумаліся ў сям'і Аляксандра Іванавіча. Крок адказны, пагадзіцеся. Акрамя дачкі, у сям'і ёсць яшчэ два сыны-школьнікі. Хоць і цяжка, няпроста было, аднак цвёрда вырашылі на сямейнай нарадзе: трэба ратаваць дачку і сястру. Балазе ва Узбекістане жыве брат жонкі Аляксандра Іванавіча, патэлефанавалі яму, растлумачылі сітуацыю. Сваяк абрадаваўся: прыязджайце, вядома! І мне весялей будзе. А жыць дзе? Ды на Беларусь памяняць кватэру ахвотнікаў знойдзецца багата.

Сказана — зроблена. Неўзабаве Аляксандр Іванавіч перавёз сям'ю ў Наваі. Сваю двухпакаёўку памянялі на кватэру значна большых памераў. Горад прыгожы. Прамысловы. Уладкавацца на працу не праблема. Дзеці пайшлі ў школу. Як добраму і стараннаму работніку, выдзелілі Аляксандру Іванавічу дачны ўчастак, і там неўзабаве вырас прыгожы двухпавярховы дамок. Суседзі ківалі не без зайздрасці: бач, які спрытны гэты бульбаш!.. А самае галоўнае — дачка пайшла на папраўку. А потым і зусім забыліся на тое, што некалі яна хварэла.

А тым часам у далёкай цяпер ужо беларускай вёсцы жылі бацькі Аляксандра Іванавіча. Калі раней ён мог часта наведвацца да іх, то цяпер раз у год, а тое і ў два. А неяк бацька сам напрасіўся ў госці. Прыехаў. Была тады восень, залатая пара ў Наваі. Спякота спала. Цёпла, утульна. «Дык вы тут у раі жывяце!» — пазайздросціў бацька. «Дык у чым справа? Перабірайцеся з мамай да нас! Месца хопіць!» — абрадаваўся сын. Што там было перабірацца. Выпісаліся ў сельсавеце, узялі тое-сёе з рэчаў, і ў шлях-дарогу. Паколькі маці пабаялася ляцець на самалёце, то дабіраліся да новага месца жыхарства на цягніку — амаль чацвёра сутак.

Але тады ніхто і не падумаў, што бацькі дажываюць ужо свой век. Не-не ды і прызнаваліся з сумам і непрыхаваным болем у вачах старыя, што хацелі б знайсці апошні прытулак на сваіх беларускіх могілках, а не тут, на чужыне... Аляксандр Іванавіч суцяшаў: ды што вы заладзілі! Вы ж у мяне яшчэ — ого!.. Жывіце і ні аб чым не думайце.

Думай не думай, а неўзабаве памёр бацька. Нядоўга пасля яго пражыла і маці. Пахавалі, вядома ж, іх у Наваі. Пайшоў з жыцця і брат жонкі, дзеці разляцеліся хто куды. З нявесткай адносін не склалася. І вось тады Аляксандр Іванавіч і сам засумаваў па Беларусі. Якраз распаўся СССР. Многія славяне пачалі вяртацца на радзіму сваіх продкаў. Памяняць кватэру, як гэта ён сам зрабіў некалькі гадоў назад, не атрымалася. Найбольш нецярплівыя проста пакідалі жыллё, чым, канешне ж, збівалі цану на яго. Давялося прадаць за мізэрныя грошы і дачу, і кватэру, і легкавік. Амаль улегцы вярнулася сям'я Аляксандра Іванавіча на радзіму. Паколькі грошай на гарадскую кватэру не хапала, купілі хату пад горадам у вёсцы, пэўны час гаспадар і хлопцы ездзілі на працу ў райцэнтр на аўтобусе... Пазней разжыліся на легкавік. Калі Аляксандру Іванавічу, як добраму і адказнаму спецыялісту, выдзелілі службовае жыллё, стала лягчэй. Пажаніліся сыны, выйшла замуж дачка. Здавалася б, жыві ды радуйся. Аднак баліць у яго, цяпер ужо глыбокага пенсіянера, душа, што не можа пабываць на магіле бацькоў. Далёка надта. Прызнаецца іншы раз блізкім знаёмым:

— Дараваць сабе не магу! Навошта сарваў іх, старых? Хіба ж цяжка было прадбачыць сітуацыю? Калі шчыра, я ж і сам не збіраўся дажываць свой век ва Узбекістане. Людзі там да нас, беларусаў, ставіліся вельмі добра. Але ж Радзіма ёсць Радзіма, свая зямля ёсць свая зямля! Даруйце, тата і мама! Гэта быў мой, сынаў, промах. А вось сам я ніколі сабе гэтага не дарую... Ніколі...

Васіль ТКАЧОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.