Вы тут

ІT-тэхналогіі павінны стаць адным з галоўных складнікаў новай эканамічнай мадэлі краіны


Гэтае меркаванне прагучала ў Парку высокіх тэхналогій падчас круглага стала на тэму развіцця ІТ-індустрыі, перспектыў лічбавізацыі фінансавай сферы краіны. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел члены Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, прадстаўнікі Нацыянальнага банка, Міністэрства фінансаў.


Дырэктар адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Усевалад ЯНЧЭЎСКІ адзначыў, што паміж ІT-супольнасцю і парламентам наладжаны вельмі добры дыялог.

— Тое, што было разумна, актуальна сёння, літаральна заўтра, праз год, два, тры, асабліва гэта датычыцца сферы тэхналогій, ужо састарэла, трэба нешта новае. Дзякуючы вядомым рашэнням, якія ў свой час прыняў кіраўнік дзяржавы, Беларусь стала піянерам, прычым не толькі ў рэгіёне, але і ва ўсім свеце, — у заканадаўстве, якое датычыцца ІT-сферы. Сёння трэба зрабіць так, каб мы не толькі не адставалі, а апярэджвалі сусветныя заканадаўчыя навацыі, якія рэгулююць сферу высокіх тэхналогій.

У 2017 годзе Прэзідэнт падпісаў Дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Згадваючы яго, Усевалад Янчэўскі прызнаўся: удзельнікі ІT-рынку за яго вельмі ўдзячныя. Па словах дырэктара ПВТ, перавыкананне паказчыкаў тут ідзе пастаянна і лёгка. Гэта вынік таго, што бізнес адчувае сябе ўпэўнена.

— На большасць кампаній уплыў аказала атмасфера, гэта стала стымулам для стварэння новых — іх становіцца ўсё больш і больш. Прэзідэнт не проста падпісаў дакумент, ён удыхнуў у іх упэўненасць. І ў гэтых невялікіх кампаніях будучыня — будучыня на мільярды долараў.

Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерый МІЦКЕВІЧ упэўнены, што сёння наспела неабходнасць больш актыўна ўкараняць лічбавыя тэхналогіі і ў іншыя сферы, а для гэтага трэба трансфармаваць заканадаўства.

— Многія законапраекты, якія сёння ўжо знаходзяцца на разглядзе ў парламенце, у той ці іншай ступені ўтрымліваюць розныя нормы, якія рэгулююць ІT-сферу. Напрыклад, законапраект «Аб персанальных даных». Таму што любая добрая справа, любая тэхналогія нясе як карысць, так часам і шкоду. І вядома, мы павінны стымуляваць карыснае развіццё і, адпаведна, заканадаўча адрэгуляваць праблему такім чынам, каб мінімізаваць любую шкоду, — зазначыў спікер.

І дадаў, што дэпутаты могуць падтрымаць укараненне ІT на дзяржаўных прадпрыемствах. Дзяржаўны сектар у гэтым плане не адстае ад прыватнага. «Усё залежыць ад патрэб, жадання і імкнення канкрэтных прадпрыемстваў, іх менеджараў. Тэхналогіі паскараюць, робяць таннейшым вытворчы працэс, любы менеджар павінен імкнуцца да таго, каб укараняць іх. Калі ёсць патрэба ў стымулюючых заканадаўчых рашэннях, то мы гэта можам абмеркаваць. Калі будуць такія ідэі, мы іх разгледзім».

Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрый КАЛЕЧЫЦ прывёў у прыклад праект закона «Аб аплатных сістэмах і аплатных паслугах»:

— Дакумент кардынальна змяняе канфігурацыю развіцця фінансавага рынку з пункту гледжання рэгулявання. Цяпер мы рэгулюем суб'екты, а з яго прыняццем будзем рэгуляваць дзейнасць, адкрываючы шлях канкурэнцыі. Гэта прывядзе да росту якасці, тэхналагічнасці, а ў канчатковым выніку выйграюць спажыўцы.

Старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Людміла НІЖЭВІЧ звярнула ўвагу, што ўсе высокія тэхналогіі, якія існуюць у свеце і краіне, хутчэй за ўсё ўкараняюцца менавіта ў фінансавую сферу. «Калі так адбываецца, гэта, хочаш ці не, падштурхоўвае ўсе іншыя галіны да таго, каб яны таксама рэагавалі на ўсе навіны. Такі працэс запатрабуе неаднаразовага ўмяшання, у тым ліку з боку заканатворчасці», — упэўнена яна.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Будучыня на мільярды долараў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.