Вы тут

Пад заступніцтвам Феліцыяна, або Мінск хрысціянскі


Старая тапаніміка магла б дапамагчы вывучаць гісторыю горада — у прыватнасці, сёння гаворка пойдзе пра Мінск. Часта назвы вуліц паказвалі, да якіх храмаў яны вялі. Напрыклад, Юр'еўская, Дамініканская, Бернардзінская, Казьмадзям'янаўская. Апошняя моцна пацярпела ў гады Вялікай Айчынай вайны, але яшчэ некалькі дамоў на ёй дастаялі да 70-х, і на савецкіх плакатах тады пісалі, што «пад ударамі пераможнага сацыялістычнага будаўніцтва памірае стары сярэднявечны губернатарска-архіерэйскі горад Мінск»...


Так, наш горад страціў многа сваіх храмаў, сярод якіх былі і адны з самых прыгожых, як, напрыклад, Дамініканскі касцёл Святога Тамаша Аквінскага. Будынак быў моцна пашкоджаны ў вайну, але «прыбралі» яго толькі ў 1950 годзе, калі расчышчалі плошчу, каб паставіць велізарны помнік Сталіну. Калі гэты барочны храм захацелі б аднавіць, то ён стаяў бы за будынкам Палаца Рэспублікі. У 30-х гадах была ўзарвана Казанская царква. Сцены Пакроўскай царквы былі выкарыстаны пры пабудове Дома афіцэраў, але сутарэнні храма і сёння можна пабачыць унутры гэтага будынка, калі наведаць тамтэйшы бар, што працуе ў падвальных памяшканнях. Размешчаны на Камуністычнай вуліцы будынак Міністэрства абароны (ранейшы штаб Беларускай ваеннай акругі) таксама ўбудаваны ў былое жаночае духоўнае вучылішча, а Сувораўскае — «упісалася» ў будынак семінарыі.

А ці ведаеце вы, адкуль пайшла назва Юбілейнай плошчы? У 1825 годзе ў Мінску адзначалі 1500-годзе Нікейскага сабора. А праз год тут з'явіўся юбілейны знак. Каплічка, узведзеная тады ў гонар хрысціянскай падзеі, прастаяла да 50-х гадоў мінулага стагоддзя, і між іншым каля яе часта адбываліся мітынгі, дэманстрацыі.

За­ха­ва­лі­ся фа­та­гра­фіі  Ка­зан­скай царк­вы.

У пошуку старых будынкаў

Сёння пра тое, што побач з выхадам метро «Няміга» знаходзіўся старажытны цэнтр Мінска, нагадваюць толькі шыльда ды памятны знак на ўзбярэжжы Свіслачы пра былую царкву ХІІ стагоддзя, якая так і не была дабудавана. Затое захаваліся яе падмуркі і сучаснай пліткай выкладзены абрысы храму. У ХІІ—пачатку ХІІІ стагоддзяў у гэтым месцы хавалі заможных людзей, і археолагі, якія вялі раскопкі на Замчышчы, знайшлі тут больш за дваццаць пахаванняў, сярод якіх была жанчына з заплеценай касой, — мяркуецца, мінская князёўна.

Сярод самых старажытных храмаў горада можна назваць царкву Раства Багародзіцы, якая размяшчалася пры Замчышчы. Менавіта ў ёй спачатку захоўваўся абраз Мінскай Божай Маці. Таксама ёсць звесткі, што ў цэнтры горада дзейнічалі Святамікольская і Уваскрасенскія цэрквы.

Самы ж стары храм Мінска, які дажыў да нашых дзён, — гэта царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла — былая Вялікая Кацярынінская, пабудаваная літаральна на ахвяраванні гараджан у 1611 годзе.

На сцяне чатырохсотгадовага храма можна пабачыць шыльду з імёнамі людзей, якія давалі сродкі на будаўніцтва царквы Святых Пятра і Паўла.

— Маё перакананне, што будынкі, у якія ўкладзена вялікая любоў, на якія людзі самі збіралі і ахвяравалі грошы, вельмі цяжка знішчыць, — дзеліцца падчас экскурсіі «Мінск хрысціянскі» гісторык і краязнаўца Павел Каралёў. — Так, з усёй Нямігі засталася толькі гэта царква. Тое ж самае і з касцёлам Святых Сымона і Алены (ці не цуд, што на Савецкай вуліцы побач з Домам урада ўдалося захаваць храм)?

Пра тое, як у мінулым стагоддзі вялася барацьба з рэлігіяй, можна пачытаць як у старых газетах, так і пачуць ад відавочцаў і ўдзельнікаў тых падзей. Напрыклад, дысідэнт Пётр Грыгарэнка пісаў, што падрыўныя работы былі аднымі з самых прыбытковых, грошы за іх цяклі ракой. Грыгарэнка ўдзельнічаў у знішчэнні праваслаўных храмаў у Беларусі і прызнаваўся, што «заламваў» вялікія кошты за свае паслугі, але яго ўмовы прымалі адразу, без торгу. Пазней ён каяўся ў зробленым, з жахам узгадваў, як раней радаваўся таму, што пасля ўзрыву застаецца груды цэглы, якую можна было выкарыстоўваць для розных патрэб...

Сёння горад вяртае страчанае. Так, побач з ратушай на плошчы Свабоды была адноўлена царква Святога Духа (храм таксама быў узарваны ў 30-я гады). Адноўлены будынак у архітэктурных формах ХVІІ — ХVІІІ стагоддзяў. Зараз у ім знаходзіцца канцэртная зала «Верхні горад».

Ба­ка­вы фа­сад кас­цё­ла Най­свя­цей­шай Дзе­вы Ма­рыі.

Храм... пад нагамі

Калі будзеце гуляць у Мінску па старым горадзе, зможаце ўбачыць шыльды, на якіх пазначаны ранейшыя назвы вуліц, і нават прайсціся па тэрыторыі былых храмаў. На Камсамольскай вуліцы, калі яе рабілі пешаходнай, патрапілі на падмуркі былога касцёла Арханёла Міхаіла і кляштара бенедыктынцаў. Сёння пра межы і форму храма «расказвае» чырвоная плітка пад нагамі — яе выклалі па перыметры ў тым месцы, дзе яшчэ ў ХІХ стагоддзі размяшчалася пабудова. У свой час бенедыктынцы разгарнулі ў Мінску неблагую гаспадарчую дзейнасць (фізічная праца — абавязковы «пункцік» у гэтага ордэна). Побач быў сад, які манахі даглядалі, дзейнічала пякарня. Дарэчы, у Еўропе бенедыктынцы аднымі з першых пачалі гатаваць каву, а шампанскае «П'ер Перыньён», больш вядомае як «Дом Перыньён», — вынаходніцтва манаха гэтага ордэна... У 1832 годзе Мінскі кляштар быў скасаваны, маёмасць перададзена гарадскім уладам, паступова пабудовы былі разбураны, а на іх тэрыторыі з'явіліся жылыя дамы.

Павел Каралёў прапануе паглядзець на бакавы фасад касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі — большасць жыхароў Мінска наўрад ці дасюль (Рэвалюцыйная, 1А) дабіралася. А дарма. Калі пярэдні фасад касцёла за савецкім часам быў перароблены, дык з унутранага боку дворыка сцены храма ніхто не чапаў. У 1920—1930-я гады будынак выкарыстоўвалі як аўтамайстэрню, а пасля вайны тут размясціўся спартыўны комплекс таварыства «Спартак». І толькі ў 1993 годзе храм вярнулі вернікам пасля таго, як на працягу сямі месяцаў людзі штодня хадзілі сюды і маліліся за аднаўленне святыні.

Менавіта ў касцёле Дзевы Марыі захоўваліся мошчы галоўнага святога горада — Феліцыяна (іх з Рыму прывёз мінскі ваявода Крыштаф Завіша). Дарэчы, вуліца Камсамольская да сярэдзіны ХІХ стагоддзя была Феліцыянаўскай. У ХІХ стагоддзі, 6 лютага, дзень Святога Феліцыяна-пакутніка, у Мінску адзначаўся як Дзень горада, з масавымі гуляннямі ды кірмашамі. За савецкім часам мошчы святога былі страчаны. На жаль, сёння забыліся ў горадзе пра свайго заступніка. Але што перашкаджае ўспомніць?

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.