Вы тут

Гурт Vuraj прадставіў новы рэліз Kalyna («Калына»)


Папулярызатар беларускага фальклору, музычны гурт Vuraj прадставіў прыхільнікам новы рэліз пад назвай Kalyna («Калына»), у які ўвайшлі песні, знойдзеныя падчас экспедыцыі па Брэсцкай вобласці вясной 2019-га.


На дыску чатыры запісы, але толькі дзве песні. Рэч у тым, што кампазіцыі запісаныя ў двух варыянтах: «вурайскім», асучасненым у гуказапісваючай студыі, і традыцыйным, ад саміх носьбітаў палескіх спеваў. «Гэтым разам мы паставілі перад сабой задачу максімальна захаваць аўтэнтыку твораў — мелодыі, вымаўленне, настрой і нават саму манеру выканання», — гаворыць пра сваю новую работу лідар гурта Сяржук Доўгушаў. З гэтай мэтай на запіс адной з песень запрасілі вакалістку полацкага гурта «Варган» Ганну Лутаву, а ў другой кампазіцыі гучаць галасы спявачак з народнага калектыву «Бабіна лета».

Каляндарную веснавую песню «Юр'я» музыканты адшукалі ў вёсцы Аранчыцы Пружанскага раёна — яе выконваў калектыў «Бабіна лета», які быў створаны яшчэ ў 80-я і па сёння працягвае традыцыю народных спеваў. (Як напаўжартоўна запэўнівае кіраўнік і найстарэйшая ўдзельніца творчай суполкі, 84-гадовая Таццяна Пушко, спевам узрост не замінае.)

Што да загалоўнай песні «Калына», яна паходзіць таксама з Брэсцкага Палесся, а дакладней, з Драгічынскага раёна. Запісалі яе ў вёсцы Волька ў выкананні сямейнага дуэта Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі, якія беражліва захоўваюць «колішнія» песні, а ў дадатак займаюцца ткацтвам і народнымі рамёствамі. Сюжэт песні досыць распаўсюджаны: маладая прыгажуня пераехала жыць да мужа, аднак у новай сям'і ёй даводзіцца цяжка, бо свякруха яе неўзлюбіла ды ўсяляк нагаворвае.

У хуткім часе Vuraj абяцае прадставіць відэасюжэт аб тым, як праходзіла экспедыцыя і запіс песень. А паслухаць іх можна ўжо цяпер у сеціве — на Soundcloud і стрымінг-сэрвісах «Яндэкс.Музыка», YouTube Musіc, іTunes ды іншых.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Загаловак у газеце: Песні з водарам каліны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».