Вы тут

Вера Бурлак: «Nil admirari»


Вера Бурлак: «Nil admirari»

Неяк выпадкова трапіла на прэзентацыю дзіцячай кнігі «Фантазюркі». Асобнічак мне падпісала аўтарка: «Ганне. Вясёлага чытання і высокага палёту фантазіі!» Тады здалося, што Вера Жыбуль цалкам адпавядае маім уяўленням пра дзіцячую пісьменніцу — ад яе патыхала ледзь улоўнай цеплынёй і юнацкай хэнцю.
Але як «Фантазюркі» аказаліся нашмат больш глыбокімі, чым проста дзіцячыя вершы (за што і здабылі прэмію Цёткі ў намінацыі «Найлепшая дзіцячая кніга»), так і асоба Джэці зусім не змяшчаецца ў адной толькі ролі аўтаркі твораў для малых чытачоў. Што марыць перакласці, чаму хоча быць строгім выкладчыкам і як стварае вершы, расказала Вера Бурлак — паэтка, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук, актрыса, музыка і мама.

Вера Бурлак.

— Не так даўно натрапіла на відэа: вы дэкламуеце верш «Лепей шыбенікі, чым каты» — вельмі экспрэсіўны, сур’ёзны твор. А калі заканчваеце, чуецца тоненькі дзіцячы голасок вашага сына Кастуся: «Мама, і я хачу верш парасказваць!» І пачынае: «Ножкі, ножкі ў матрошкі..» Гэта вельмі міла. Калі пішаце новы дзіцячы твор, як рэагуюць на яго першыя крытыкі і слухачы — вашы сыны?
— Мае вершы часта ствараюцца ў працэсе гульняў з дзецьмі. То–бок мы можам ісці, нешта прагаворваць — з’яўляецца рытм. І так калектыўна, стыхійна нараджаецца новы твор. Дзеці ў мяне адчувальныя, абодва любяць вершы. Таму, вядома, заўсёды рады, калі мама нешта прыдумляе, і яны да гэтага працэсу з задавальненнем далучаюцца. Кастусь (13 гадоў — Г. В.) ужо даўно піша, нават публікуецца. І Эрык (2,3 гадочкі — Г. В.) таксама пачаў нешта складаць. Думаю, што будзе творчай асобай.
— Гэта і не дзіўна, калі нарадзіўся ў такіх творчых бацькоў. А якія кнігі вы чытаеце дзецям?
— У нас розныя кніжкі, бібліятэка на некалькіх мовах: беларускай, украінскай, англійскай, рускай. Вельмі важна, каб кніга была цікавай не толькі па змесце, але і па знешнім выглядзе, аздабленні. Я люблю, калі ў Кіеў прыязджаем, зайсці ў дзіцячую кнігарню і набраць там рознага. У дзяцей багатая бібліятэка. Сыны ведаюць як «Песенькі матулі Гусыні» па–англійску, так і ўкраінскія народныя і аўтарскія вершыкі з кніжкі «Абетка» выдавецтва «А–БА–БА–ГА–ЛА–МА–ГА», напрыклад, і шмат усяго. Але вершы любяць больш за прозу. Сістэмнасці не было ні ў маёй дзіцячай бібліятэцы, ні ў маіх сыноў. Няма нейкіх спісаў, якімі мы кіраваліся б. Ёсць проста кнігі, якія падабаюцца. Напрыклад, асаблівай папулярнасцю ў нас карыстаюцца выданні амерыканскага дызайнера і ілюстратара Эрыка Карла. Кастусь і Эрык маюць амаль усе і чытаюць разам. Наконт беларускіх кніжак: мы сочым за ўсім, што выдаецца, і стараемся набываць — па нашай бібліятэцы можна назіраць храналагічна, што выходзіла па–беларуску за мінулыя гады. І ўсё гэта чытаецца з задавальненнем.
— Вы ўкраінка, выхоўваліся ў рускамоўным асяроддзі, выкладаеце рускую літаратуру на філфаку БДУ, але пішаце выключна па–беларуску, да таго ж вы яшчэ і перакладчыца. Змяняецеся, калі размаўляеце на той ці іншай мове?
— Я сябе адчуваю ўтульна ў шматмоўным свеце. Бо ў мяне так ад пачатку было: у сям’і размаўлялі па–руску, але па тэлевізары глядзела ўкраінскую калыханку. Ды і частка навакольнага грамадства была ўкраінамоўнай, што ўспрымалася спакойна і нязмушана. Так што, прынамсі, дзве мовы я чула з дзяцінства. Калі гаварыць, ці змяняюся, калі размаўляю на розных мовах, я думаю, што так. У мяне з кожнай мовай звязаны свой асабісты міф, які дзейнічае пры яе выкарыстанні. Маю на ўвазе не забабоны, а менавіта міф як вобразнае адлюстраванне сусвету праз мову, граматыку, набор слоў. Не буду, напэўна, у філалогію паглыбляцца, а то ўжо хочацца нейкі тэрмін выдаць (смяецца). Вельмі добра я мала моў ведаю. Але руская, беларуская, англійская, мабыць, украінская маюць асабістыя фідбэкі. І выкарыстанне кожнай з гэтых моў — асобны кантэкст і трошкі іншая асоба, якая размаўляе.

Вера Бурлак — уладальніца прэміі Карласа Шэрмана, якая ўручаецца за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову.
— Вы пераклалі апавяданне «Студня Стогнаў» Мантэгю Родса Джэймса, два вершы Іосіфа Бродскага і кнігу Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса». Што наступнае ў вашых планах і марах?
— Насамрэч, шмат. Перакладніцтва — гэта не мой сродак заробку, таму я магу выбіраць творы, да якіх мне проста хочацца дакрануцца. Да аднаго ўжо даволі добра дакранулася і, спадзяюся, што ён хутка выйдзе. Гэта аповесць «Сабака Баскервіляў» Артура Конан Дойла, якую з дзяцінства вельмі люблю. Калісьці гэты твор мяне так уразіў, што чытала яго ўсю ноч да самай раніцы, пакуль не дайшла да апошняй старонкі. Я пераклала толькі адну казку Кэрала пра Алісу і, вядома, хацела б перакласці і тую, з якой усё пачыналася. Гэта тое, што ў рэальных планах. Але ёсць яшчэ і іншыя пісьменнікі і творы. Спадзяюся, я дайду да іх з цягам часу.
— У нейкім інтэрв’ю я чытала, што вы пачалі пісаць вершы ў дашкольным узросце… Мне гэта цяжка ўявіць. Рыфмы самі прыходзілі?
— Яны і дагэтуль самі прыходзяць. Я параўноўваю гэты працэс са спампоўкай з інтэрнэту. Калі верш з’яўляецца ў галаве, ён запампоўваецца — трэба фіксаваць хуценька. Можа недапампавацца, дарэчы. Тое самае і ў дзяцінстве было. Толькі не магла параўнаць у тэхналагічным сэнсе, бо інтэрнэт хіба што тады быў толькі ў сакрэтных распрацоўках (смяецца). Я разумею, што гэта праца падсвядомасці, відаць.
— І вы фіксавалі?
— У дзяцінстве мама запісвала. Адзінае, што магу цяпер на памяць расказаць, — гэта верш «Відавочная»:
Відавочна бачыцца
Слыхавушна чуецца
Векапомна помніцца
Адпаведна ведаецца
Толькі ж я жа ж несумнеўна
За сабой сама сабой.
Чуеш, відавочная?
— І гэта вы напісалі ў дашкольным узросце? Вы геній…
— Не! Такія геніі ўсе дзеці. Нездарма ж Карней Чукоўскі сабраў цэлую кнігу лінгвістычных пошукаў дзяцей («Ад двух да пяці» — Г. В.), якія яны вядуць, калі вывучаюць мову. Старэйшы сын пытаецца: «Чаму малы кажа не “вуліца”, а “вуляца”?» Я і адказваю: «Таму што Эрык не па падручніку, а з практыкі вывучае мову. Ён сам вылоўлівае нейкія заканамернасці — адчувае ж яканне ў беларускай мове, таму эксперыментуе». І прашу Кастуся, каб дазволіў меншаму гэта рабіць, бо ён выпраўляе. Так, дзеці — эксперыментатары, усё вывучаюць з практыкі, моўныя геніі. А калі правіла вывучана, мова засвоена, гэтая геніяльнасць некуды знікае.
— Вы гаварылі, што пачалі ўжываць псеўданім Джэці, каб абстрагавацца ад свайго імя Вера Бурлак. І цяпер вы ў трох постацях існуеце: Джэці, Вера Бурлак і Вера Жыбуль.
— Цяпер я па дакументах Вера Жыбуль, таму Вера Бурлак рэабілітаваная (смяецца) — магу ўжываць імя як псеўданім. Папраўдзе, я не хацела, каб мая асоба і мае творы адно аднаму заміналі. Мне здаецца, што, калі твор варты, ён пачынае існаваць сам: як жывая істота не будзе залежаць ад пісьменніка. Пэўна, з гэтых меркаванняў мне так хочацца шыфравацца.
— А што–небудзь азначае Джэці?
— Так, для мяне азначае. Калісьці на энтузіязме ў студэнцкія гады сама спрабавала вывучаць сярэднеегіпецкую мову. «Джэці» — гэта прыметнік мужчынскага роду з асновай «djt». Не захаваліся галосныя, так што мы не ведаем, што паміж зычнымі. Слова мае некалькі значэнняў, сярод іх — дух і мяса. Адзін варыянт звязаны з духоўным светам, а другі — з груба матэрыяльным, можна сказаць.
— Ух, вельмі метафарычна! А чаму менавіта сярэднеегіпецкая вас захапіла?
— Не ведаю. Чамусьці зацікавілася ёю, была проста апантаная Егіптам. Чытала шмат гістарычных кніг. Мне вельмі было цікава паўзаемадзейнічаць з арыгінальнымі тэкстамі. Паглядзець, пачытаць, што пісалі людзі таго часу, каб гэта было не праз чыёсьці пасрэдніцтва. Таму я здабывалападручнікі сярэднеегіпецкай мовы. У Нацыянальнай бібліятэцы адзіны слоўнік знайшла. Цяпер прасцей: ёсць інтэрнэт з мноствам інфармацыі, праграмы, з дапамогай якіх можна друкаваць іерагліфічныя тэксты. Тады такога не было. Я запісвала практыкаванні ў агульныя сшытачкі, тэксцікі ад рукі. Гэта было вельмі цікава. А слоўнік давялося яшчэ і перакладаць з нямецкай мовы.
— А вы і нямецкую ведаеце?
— Не (смяецца). Лазіла па слоўніках і шукала пераклады. Тут яшчэ важна перакласці як трэба, бо валентнасць слоў у розных мовах не аднолькавая. Але потым мовы адна адной сталі спрыяць: веды, якія я набыла пры чытанні пра Старажытны Егіпет, дапамагалі выбраць правільны варыянт пры перакладзе з нямецкай мовы. Гэта быў культуралагічны шок, занырванне ў іншы сусвет. Цікавы такі вопыт для студэнткі (смяецца).
— Звар’яцець можна! А калі б магчыма было машынай часу трапіць у любое месца, туды б выправіліся, у Старажытны Егіпет?
— На нейкі час цікава было б, вельмі. Але старажытныя часы вельмі жорсткія. Я, як чалавек, які прызвычаіўся да сучасных побытавых зручнасцей, напэўна, не вельмі добра сябе адчувала б. Але калі не назаўсёды, то было б здорава.

З мужам Віктарам і сынам Эрыкам.

— Рэдка бывае, што ў сям’і ўжываюцца два творчыя чалавекі, асабліва паэты. Ці адрозніваецца як–небудзь паэтычная сям’я ад сярэднестатыстычнай?
— У мяне сярэднестатыстычнай не было (смяецца). Ёсць нейкая тыпалогія стасункаў, але, як і кожны чалавек, сям’я — гэта нешта ўнікальнае для мяне. Пра паэтычныя сем’і часта думаюць, што яны не вельмі лёгкія. Ёсць стэрэатып наконт багемнасці, таго, што яны жывуць у фантастычных сусветах, вельмі эмацыйныя людзі... Я думаю, гэта не зусім праўда. І ў нашай сям’і шмат што будуецца менавіта на размовах і рацыянальных падставах. Ды і мы проста імкнёмся дапамагаць адно аднаму. Самае галоўнае, каб у не зусім лёгкім жыцці паспрабаваць атрымаць ад яго асалоду, мы дапамагаем адно аднаму атрымаць яе (смяецца). Вось неяк так, відаць, я апісала б наша жыццё сямейнае.
— А вы строгі выкладчык?
— Цяжка сказаць. Я, мабыць, хацела б быць строгай, але для гэтага трэба мець вельмі дакладныя крытэрыі ацэнкі. Я ў гэтым сэнсе нешта даволі расплывістае. Мне цікава самой вывучаць тое, што я выкладаю, мне цікава распавядаць пра гэта студэнтам. Хочацца, каб яны таксама зацікавіліся. І я разумею, што толькі пернік у гэтым не дапаможа. Усё–ткі я прытрымліваюся той думкі, што павінна быць іерархія — не ў плане асобы, а ў сэнсе спецыфікі дзейнасці. Выкладчык стаіць за кафедрай і прамаўляе, а студэнты слухаюць. Лічу, што павінна быць абавязковая дыстанцыя паміж выкладчыкам і студэнтам. Гэта стараюся вытрымліваць. З іншага боку, наконт ацэнкі ведаў: мне заўсёды цяжка вызначыць, чаго студэнт не ведае. З гадамі я навучылася колькасна падлічваць: ага, я задала дзесяць пытанняў, адказалі на тры — у мяне ўжо ўсё ў паперках пазначана, адзнака будзе такая. Але для мяне гэта цяжкі шлях, дарэчы, — стаць не проста строгім выкладчыкам, які стукае кулаком па стале, усіх запалохвае, адпраўляе на пераздачу. Не, мне не хацелася б адпужваць студэнтаў. Усё–ткі важна быць са студэнтамі суразмоўцамі. Таму я вельмі люблю, калі чалавек зацікавіўся і задае пытанні. Але каб субардынацыя была. Цяжкае пытанне. Хацелася б спалучыць і тое, і тое. Іду да гэтага.
— А студэнты прыносяць вам свае літаратурныя работы?
— Часам бывае. Але, відаць, дыстанцыя паміж мной і аўдыторыяй усё ж працуе, таму рэдка такое здараецца. Але былі выпадкі, калі студэнты нечым дзяліліся. Я заўсёды з вялікай павагай стаўлюся да творчасці іншага чалавека. Тут ужо ўсё адно: студэнт ён, не студэнт. Калі нехта просіць парады, то я стараюся пачытаць твор, даць водгук. Калі бачу, што магу нешта параіць, — раю. Проста бывае, што чалавек ужо сам склаўся як творчая асоба, тут парады мае не патрэбны, магу толькі зваротную сувязь даць. Але я не ведаю: ці то студэнты мала пішуць, ці то не хочуць несці.

З сынамі Кастусём і Эрыкам.

— А калі бачыце, што ну зусім не таленавіта, вы гаворыце аўтару? Які вы крытык?
— Крытык з мяне кепскі, адразу скажу. Але калі бачу яўныя… не магу нават сказаць «памылкі», але нейкія структурныя неадпаведнасці, хібы, над чым можна папрцаваць, то я магу сказаць пра іх аўтару. Бывае, што творы вельмі недасканалыя (а недасканаласць можа быць рознага кшталту: памылкі ў творы, банальнасць), але аўтар іх вельмі перакананы ў сабе. У такіх выпадках я не адважваюся сказаць чалавеку, што яго творы асабіста мне падаюцца не надта цікавымі. Але я чакаю ў мастацтве наватарства, а іншыя мо чакаюць знаёмага, тэхнічна выкананага, у класічным памеры, са звыклай лексікай.
— У вас у шапцы профілю ў Фэйсбуку напісана «Nil admirari» (лац. ‘нічому не здзіўляцца’). Гэтая думка адпавядае вашаму характару?
— Хутчэй, гэта мой дэвіз па жыцці. Ён дапамагае мне заставацца спакойнай амаль заўсёды, нават у экстрэмальных сітуацыях. Дзякуючы гэтым словам я ў выпадках, калі магла б абурацца, вучылася рэагаваць спакойна. Здаецца, гэта здаровая рэакцыя. Мне з дзяцінства падабаліся флегматычныя персанажы Жуля Верна (смяецца). Заўсёды хацела быць падобнай да іх у жыццёвых паводзінах. Сусвет падкідвае шмат і страшнага, і дзівоснага. Не здзіўляцца ў якім сэнсе? Менавіта ў тым, калі гэта выклікае рэакцыю адштурхвання. Мяне вельмі цікавіць навакольны свет. І ён насамрэч дзівосны, нягледзячы на тое, што часам можа здавацца варожым і страшным.

Ганна ВАРОНКА

***

Кастусь Жыбуль
Апавяданне пра смелага пацука

Жыў–быў пацук. Прапанавалі яму з’есці клапа. Пацук згрыз яго хутка.
Але потым пацуку прапанавалі мыш. І пацук яе таксама актыўна жэр.
Яшчэ яму далі тлустую вавёрку. Ён зрабіў з ёй тое самае.
Ну і потым яму прапанавалі свінню. Пацук з’еў яе з тым жа поспехам.
Пацук пайшоў у лес і сустрэў мядзведзя. Пацук не наважыўся есці яго. «Я надта маленькі для гэтага, — падумаў ён. — Але я ўсё адно смелы».

Пра Лямпіка, Арэшка і Арушку

Жыў–быў Лямпік. Ён быў звычайнай лямпай напальвання. Яго сябры былі таксама лямпамі. Іх звалі: Арэшак, Арушка. Аднойчы яны прыйшлі ў госці да Лямпіка. Арушка вырашыла зладзіць спаборніцтва, хто першым разаб’ецца. Дык Арэшак адразу ж разбіў Лямпіка так, што ў яго вочы паляцелі на падлогу. Але з вачыма пачало адбывацца нешта дзіўнае. Яны павялічыліся ўтрая. Раптам ад гэтых вачэй пачаліадрастаць патроны. Арэшак  кажа:
— А можа, гэта яны так размнажаюцца?
І праўда, яны ператварыліся ў малюсенькіх лямп–дзяцей. Арэшак і Арушка думалі: што ж рабіць? Вырашылі — і на наступны дзень аддалі ў дзіцячы дом. Іх там назвалі так: Лмучма, Нормш. Іх там апранулі і забяспечылі. Яны былі лямпамі напальвання, таму што і Лямпік таксама. У сталоўцы Лмучму і Нормша кармілі стравай пад назвай «ток», правадамі.
Потым разбіліся і Арэшак з Арушкай. Лямпянят нарадзілася трое, а чацвёртае было цяжкахворым і памерла. Тых траіх забралі ў той жа дом. Ім далі кубак за тое, што зладзілі такое ж спаборніцтва, як і Лямпік і яго сябры. Але лямпы–дзеці зусім не б’юцца. І пра такое лямпам–дзецям не расказваюць. Але трое гэта даведаліся праз згубленую паперку.
Нарэшце трое трохі падраслі, а Лмучма і Нормш былі ўжо падлеткамі. Яны ўмелі хадзіць рукамі па перакладзінах.
На наступны тыдзень Лмучму і Нормша выпусцілі з дзіцячага дома. Потым у Лмучмы з рота пасыпаліся вочы. Яна накіравала рот да Нормша. Гэта быў такі пацалунак.
— Хочаш яшчэ? — спытала Лмучма ў яго.
Праз два тыдні тыя трое таксама сталі падлеткамі. У роце Нормша стала казытна. Нешта заварушылася. У яго з рота таксама выскачыла вока. Ён кінуў яго ў кусты. Лмучма дакранулася да гэтага вока, і ёй прыйшоў канец. Вока зачарніла яе. Нормш зрабіў памятнае фота, і гэта стала гербам Лямпеліі. Ён выглядаў так: стаіць лямпа напалову чорная, вока выбухае і прыліпае да яе.
І Нормш расказаў гэта ўсім жыхарам краіны, вывесіў герб на кожнай вуліцы. Ён быў абстрактнай формы, падобнай ці то да трыкутніка, ці то да вуглавога зігзагу. Але ён трымаў у сабе вялікую памяць.

Хто апошні?

Жылі–былі дзядзя і цёця. Яны часта хадзілі на прагулку. І вось на адной прагулцы цёця кажа:
— Я не хачу хадзіць апошняй! Я хачу нарадзіць дзіцё.
А дзядзя кажа:
— Добра, так і зробім!
І з’явілася ў іх дзіцё.
Дзіцё на адной з прагулак кажа:
— Я не хачу быць апошнім, хачу, каб вы завялі сабаку!
А дзядзя і цёця кажуць:
— Мы толькі за!
І завялі яны сабаку.
На другі дзень прагулак сабака апускае хвост і пачынае вішчаць і гаўкаць.
Дзядзю ён нават укусіў. Сям’я зразумела, што трэба завесці ката.
Праз некалькі дзён у сям’ю дадаўся і кот. Калі сямейства выйшла на прагулку, кот стаў драпацца. Але калі да іх ззаду прыбіўся вожык (там яго ніхто не бачыў, акрамя ката), кот узрадаваўся. Сям’я з катом
і сабакам прынялі вожыка. Але вожык скруціўся ў клубок і пачаў усіх калоць і папіскваць.
Цёця захацела завесці мыш. Дзядзя з ёй згадзіўся. І ўся сям’я дружна злавіла вулічную мыш. Мыш прыжылася, але пасля прагулкі, з–за таго, што яна ішла апошняй, яна так гучна запішчала, што ўсе зачыніліся ў кладоўцы.
Сям’я думала: каго б яшчэ завесці? Вырашылі, што жука. Дзіцё злавіла ў сетку вялікага жука, і яны сталі гуляць разам. На прагулцы жук пачаў усіх кусаць. Тады дзядзя вырашыў завесці муху.
Дзядзя злавіў у паперку муху — тую, што лётала па пакоі. На прагулках муха поўзала апошняй спакойна. Чакала сямейства тыдзень, чакала месяц, а муха спакойная–спакойная. І сталі яны жыць–пажываць і дабра нажываць.

Прыгоды пальцаў

Жылі–былі пяць пальцаў, і іх звалі: Вялікі, Указальны, Сярэдні, Безыменны і Мезенчык. Ва ўсіх гэтых пальцаў былі нейкія праблемы, і ім трэба было ісці да ўрача. У Вялікага пальца быў зламаны пазногаць, і ён запісаўся да зубнога на вечар. У той час астатнія пальцы думалі, хто пойдзе наступным, і вырашылі, што Указальны.
Па дарозе да клінікі пальцу пагражалі сярэднія пальцы і не давалі ісці далей. Вялікі палец пытаецца ў іх:
— Хто вы такія?
— Мы — сярэднія пальцы. А куды ты, Вялікі палец?
— А адкуль вы ведаеце, што я менавіта Вялікі?
— А мы сустракаліся з табой, памятаеш?
— Не!!! Мне цяпер не да таго!
І Вялікі палец увайшоў у клініку. Потым ён звярнуўся да зубнога, і той прывёў яму ўсё ў норму. На наступны дзень запісаўся і Указальны палец. Зайшоўшы ў кабінет, ён распавёў пра рану, з якой цячэ кроў. Зубны ўрач узяў пластыр і прыклеіў яго да Указальнага пальца. Яшчэ ён даў яму флакон зялёнкі.
У наступны дзень ламаны Сярэдні палец пайшоў да зубнога. Але калі ён увайшоў у клініку, абвясцілі, што ў зубнога ўрача праблема з лункай і ён на бальнічным. Сярэдні палец падумаў, што яму надышоў канец. Калі ён вярнуўся дадому, расказаў гісторыю Безыменнаму і Мезенчыку. Вялікі і Указальны былі радыя і здаровыя, а ўсе астатнія — наадварот. Але менавіта Вялікі і Указальны пальцы больш за ўсё ўдзельнічаюць у пісьме ці маляванні.

Вясёлка на ўвесь дзень

Раніцай, вельмі рана, сонца месціцца каля далягляду, і яно адлюстроўвае святло ў неба. Неба робіцца чырванаватым. Чырвоны — першы колер дня.
Потым сонца вісіць ужо вышэй, і неба аранжавае. Яшчэ пазней сонца падымаецца ўверх, і яго промні ўтвараюць жоўты колер. Жоўтыя промні сонца зліваюцца з блакітнымі аблокамі і ўтвараюць зялёнае
адценне.
Калі сонца бліжэй да захаду, аблокаў збіраецца вельмі шмат, ад гэтага неба блакітнае. Потым пачынае цямнець, і неба робіцца сінім. Калі ўжо бліжэй да ночы, неба фіялетавае.

Ён выбраў карпа

Адзін чалавек захацеў мець хатняга ўлюбёнца. Прычым гэты ўлюбёнец мусіў быць танным, непераборлівым, лёгкім у доглядзе і, акрамя ўсяго, ціхім і спакойным. Чалавек пайшоў у краму з хатнімі жывёламі. Сабакі і кошкі былі надта дарагімі для яго, таму ён пачухаў патыліцу і купіў… акварыум, корм і водарасці.
Прыйшоў чалавек дадому, паставіў акварыум на тумбачку, побач паклаў корм для рыбак. Наліў у акварыум вады. Потым ён пайшоў назад у жывёльную краму. Там прадавалася некалькі відаў акварыумных рыбак. Адзін від — «залатая рыбка» — быў занадта дарагі. Бачыць чалавек «сініх рыбак» і пытаецца ў крамніцы:
— А які характар у «сініх рыбак»? Якія ўмовы догляду?
А крамніца адказвае:
— Гэтую рыбку трэба карміць кожныя паўгадзіны і мяняць ваду ёй сем разоў на дзень.
— Фу! А «зялёныя рыбкі» якія?
— Яны вельмі шумныя і актыўныя!
— Не! Мне такія не пойдуць!
Больш рыбак чалавек у краме не ўбачыў. Але яму прыйшла да галавы адна ідэя. Ён выправіўся ў прадуктовую краму. Там завітаў у рыбны аддзел.
За акварыумам з карпамі сядзеў прадавец. Чалавек яму кажа:
— Дайце, калі ласка, мне карпіка.
Прадавец сеткай вылавіў карпа, запакаваў яго і ўзважыў. Чалавек расплаціўся — і бягом з крамы. Ён вельмі спяшаўся, бо ведаў, што рыба без вады доўга не жыве. Пакуль чалавек бег, карп вырываўся з яго рук і нават разарваў пакунак.
Чалавек дабег дадому, і першае, што ён зрабіў, — апусціў свайго карпа ў акварыум. Потым ён сам паеў і карпа пакарміў.
З таго часу карп прывык да акварыума. А праз некалькі дзён гаспадар купіў яму сябра. І чалавек пачаў жыць весела — з хатнімі ўлюбёнцамі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?