Вы тут

Непрачытанае


Непрачытанае

Напэўна, кожнаму надаралася завіснуць са старой кнігай, знойдзенай падчас уборкі ці пры адборы рэчаў на адпраўку ў камору або на гарышча. Нанава перажываць некалі прачытанае, забытае, высвечанае раптам узроставым успрыманнем па-новаму. І здзіўляцца: дык вось жа яно — сугучнае сённяшнім думкам, адказ на пытанні, якія якраз і хвалююць. Яно тут — у надзейна забытай кнізе.

Мы бясконца шукаем новае. Не паспеем засвоіць толькі што атрыманую інфармацыю, як ужо косім вока на свежую. Як цяпер модна гаварыць, мы падсаджаны на пастаянную яе змену. І вельмі крыўдна за аўтараў прамінулых стагоддзяў, чые творы намі па-сапраўднаму не прачытаны і не ацэнены. Мы спадзяемся на шэдэўр, які б адкрыў нам нешта невядомае, уразіў навізной думак. Але ўсё значнае ўжо сказана — і сказана таленавіта. Новае ж часта апынаецца, прабачце за банальнасць, добра забытым старым, толькі другасным і слабейшым. Прыклад? Ды калі ласка!

На мой погляд, разрэкламаваны ў свой час «Алхімік» Паола Каэльё саступае раману Германа Гесэ «Сідхартха» на падобную тэму пошуку Шляху (з апорай на ўсходні светапогляд). Той, хто прагне ісціны, знаходзіць у нямецкага пісьменніка метафару важных этапаў спасціжэння чалавекам жыцця, яго ўзаемаадносін са светам і шлях да сябе. Гесэ не толькі больш глыбокі, але і больш складаны. А мы ж так прызвычаіліся да дынамікі і «фішачак», хаця б у выглядзе таленавітых ілюстрацый, каб воку было за што зачапіцца.

Шукаем, шукаем філасофскую дапамогу, новыя фарбы для карціны свету, а яны вось — побач, на кніжнай паліцы. «Вусны, як карэнне, пілі каханую істоту». Як эратычна і цнатліва-пяшчотна, праўда? Гэта з цудоўнай амаль забытай аповесці Рамэна Ралана «П’ер і Люс», якая, між іншым, гучыць як магутны пратэст супраць войнаў. А паэма Максіміліяна Валошына «Шляхамі Каіна» з падзагалоўкам «Трагедыя матэрыяльнай культуры» здаецца настолькі актуальнай па думцы, абагульненнях і мове, што дзіўна, як так атрымалася, што гэты шэдэўр яшчэ не вывучаецца ў школе ў якасці своеасаблівай ілюстрацыі да гісторыі чалавецтва. Кожная глава — адкрыццё.

Мудрагельствуюць у нас наконт пазітыўнага мыслення, і многім здаецца, што афірмацыі Луізы Хей і іншых гуру нашага часу — гэта нешта новае. А гэта не так. Па-першае, думкамі пра санагеннае мысленне набітыя амаль усе духоўныя вучэнні. Па-другое, быў і ёсць цудоўны раман Элінор Портэр «Паліяна». Галоўны ўрок, дадзены бацькам дзяўчынкі перад сыходам з жыцця, — пачынаць дзень з пошуку радасці. Гэта і ратуе дзяўчынку-сірату ў яе няпростым жыцці. У Фэйсбуку ёсць старонка, дзе такая тэрапія прапануецца для пераадолення зімовай дэпрэсіі.

А які дасціпны забыты «Хор» Чэстэртана! Вось нават і пераказваць не буду: выслізне тонкасць філосафа. Хацела аддаць у бібліятэку лішнія кнігі, у тым ліку і зборнік «Самасвядомасць еўрапейскай культуры ХХ стагоддзя», пагартала і — завісла, адчуваючы, як ад асалоды бягуць па целе славутыя мурашкі. Цяпер у хвіліны суму я ўспамінаю аптымістычны хор чалавецтва з эсэ і міжволі ўсміхаюся.

Тэхналагічны прарыў паставіў нас перад новымі праблемамі: ці можа быць нешта накшталт свядомасці ў машын, ці можа ўзнікнуць свабода волі ў робата, ці можна ствараць прылады, якія самі сябе праграмуюць… Навуковая фантастыка заўсёды была полем віртуальнага эксперыменту. Цяпер дадамо і кіно. Ці памятае хто геніяльную, на мой погляд, «Маску» Станіслава Лема? У гэтай невялікай кнізе дастаткова адказаў на прыкладзе метамарфозаў істоты, запраграмаванай на забойства: ад ракавой прыгажуні да жудаснай металічнай сараканожкі, яго (яе) рэфлексіі. А матыў адказнасці навукі ў Лема гучыць рэфрэнам ва ўсіх творах.

Хіба можна нешта дадаць істотнае ў тэме пра Сістэму бюракратыі ў кафкіянскім «Замку»? Вобраз настолькі яскравы і несуцешны, што астатняе можа хіба разбаўляць уражанне. Новыя дэталі не заўсёды патрэбны. І антыўтопія Дж. Оруэла вычарпала тэму, як мне здаецца. Канечне, калі чытаць гэтыя творы ўважліва, і, канечне ж, не ў адаптаваных версіях. Цяпер жа з мэтай эканоміі многае прыстасоўваецца пад фармат азнаямлення. Існуе цэлы праект, які стварае матэрыялы, што сцісла перадаюць сэнсы кніг. О часы, о норавы!

Людміла РАХМАТУЛІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?