Вы тут

Як гістарычнае кіно вяртае землякоў з іншых культур


Калі запытацца ў мінакоў на вуліцы, хто такі Бенядзікт Дыбоўскі, знойдзецца хіба два-тры чалавекі, што дадуць адказ, — лічыць Уладзімір Бокун і такім чынам прадстаўляе чарговую карціну сваёй Студыі гістарычных фільмаў з цыкла «100 імёнаў Беларусі». Гэтым разам гаворка ідзе пра вучонага, які ў другой палове ХІХ стагоддзя, у ссылцы, адкрыў насычанае падводнае жыццё возера Байкал, хоць дагэтуль лічылася, што там можа знайсціся толькі парачка біялагічных відаў. «Бенядзікт Дыбоўскі. Таямніцы свяшчэннага мора» ўпершыню быў прадстаўлены публіцы ў Дзень беларускай навукі, 26 студзеня, а цяпер чакае паказаў на тэлебачанні.


«Майстэрня Уладзіміра Бокуна» ўжо мае ў сваім актыве фільмы пра Ігнація Дамейку, Соф'ю Кавалеўскую, Уладзіміра Мулявіна, Зігмунда Урублеўскага, Якава Зельдовіча ды іншых — да сотні яшчэ далёка, але па вялікім рахунку і сотні было б мала.

Як гэта ў нас часта здараецца, важныя для грамадства задачы выконваюцца асобнымі ініцыятывамі, якія трымаюцца на парадаксальным энтузіязме: патрэба папулярызацыі беларускай гісторыі і дасягненняў нашых землякоў, якая на добры лад павінна рабіцца краінай ледзь не ў прамысловых масштабах, у афіцыйнай кінасферы ўсвядомленай не выглядае.

Нічога не магу з сабой зрабіць: кожная прэм'ера «Майстэрні Уладзіміра Бокуна» нагадвае мне пра нашу няспеласць, бо пакуль краіна не дасягнула належных масштабаў прасоўвання сваёй культуры, студыя, якая гэтым займаецца ўвесь час, па чутках, закрываецца ледзь не кожны месяц, бо з цяжкасцю знаходзіць сродкі на новыя праекты, а грошы з бюджэту на асобныя фільмы атрымлівае гады ў рады.

Зразумела, у гэтым адчуваецца пэўная маніпуляцыя, бо камісія рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў, што выбірае фільмы для бюджэтнага фінансавання, улічвае шэраг фактараў, у тым ліку мастацкіх, па якіх пададзеныя «Майстэрняй» праекты могуць сапраўды не падысці, але за ўсімі фармальнымі прычынамі сціпласць «100 імёнаў Беларусі», улічваючы іх выключнасць, не выглядае для дзяржавы годна.

Мне не падабаецца гэтае параўнанне, але яно прынамсі трапнае: калі «Майстэрня» шукала магчымасці для стварэння фільма пра Ігнація Дамейку, як расказаў Уладзімір Бокун, яна звярнулася да польскіх інстытуцый. Для апошніх тэма супрацоўніцтва аказалася нерэлевантнай, бо ў гэты час у Польшчы здымалася адразу дзве карціны пра Дамейку.

Нехта можа парыраваць, што ніякі праект «100 імёнаў Беларусі» не сціплы — рэгулярныя прэм'еры, рэжысёраў не пералічыць, вядомыя акцёры, паказы ў Sіlvеr Sсrееn і на тэлебачанні, традыцыйнае шампанскае пасля прэзентацыі. На ўсё гэта можна толькі спаслацца да якасці фільмаў: здымачныя групы, бачна, выціскаюць усё, што магчыма, але нізкабюджэтнасць у «Майстэрні» — згаджуся з калегам-кінакрытыкам — стала не толькі фінансавым пытаннем, але і ментальным. Уласна выбачэнне за недасканаласці праз нізкі бюджэт суправаджае кожную прэм'еру «Майстэрні».

Фільм «Бенядзікт Дыбоўскі. Таямніцы свяшчэннага мора» быў створаны дзякуючы міжнароднаму фонду «Навука вакол нас», які не ўпершыню стаў партнёрам Студыі. Карціна зроблена ў стылістыцы чорна-белага нямога кіно з інтэрцітрамі для перыяду жыцця Дыбоўскага, калі ён быў у ссылцы, і ў колеры для дзён, калі ён ужо расказваў пра мінулае сваёй жонцы. Што незразумела, бо калі навуковец быў на Байкале, кіно яшчэ не існавала, а калі жонка запісвала яго ўспаміны, існавала толькі чорна-белае.

Так ці інакш, малады і сталы Дыбоўскі паказалі, як у навуцы робяцца адкрыцці і якім дзіўным энтузіязмам часам вызначаецца чалавек. Калі навуковец ужо стаў прафесарам заалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, ён быў прысуджаны да смяротнага пакарання за ўдзел у паўстанні 1863 года, але праз хадайніцтвы ў тым ліку Ота фон Бісмарка адправіўся на катаргу на бераг Байкала. Тым не менш і ў ссылцы Дыбоўскі знайшоў для сябе занятак і ў выніку справакаваў шырокія дыскусіі ў заалагічным свеце.

Сцэнарыст карціны Барыс Герстэн кажа, што ў стужку не трапіла і паловы таго цікавага, што можна было б сказаць пра асобу, — па аналогіі таксама складана ўявіць, колькі яшчэ можна расказаць у «асветніцкім» кіно «Майстэрні Уладзіміра Бокуна» і не толькі. У «Вікіпедыі» тым часам Бенядзікт Дыбоўскі пазначаны як польскі і расійскі навуковец, што толькі нагадвае: калі мы не будзем заяўляць правы на сваіх землякоў, яны ціхай сапай канчаткова пяройдуць у іншыя культуры.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Заявіць правы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Чым сябе заняць на самаiзаляцыi?

Урачы па ўсiм свеце запусцiлi флэшмоб #StayAtHome.

Грамадства

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Хто паставiць кропку ў спрэчцы вакол пакупкі за адну базавую?

Ранейшы ўласнiк цяпер звярнуўся ў суд i патрабуе вярнуць будынак.

Культура

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар Капыцько: У нашых прыдворных тэатрах ставіліся оперы, напісаныя тут, а не дзе-небудзь у Італіі

Віктар з'яўляецца аўтарам опер, сімфоній і кантат, яго музыка гучыць у розных кутках свету, а ў Беларусі з ім працуюць найлепшыя выканаўцы.

Культура

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы

Уладзiмiр Амельяновiч і Апанас Кляцко.