Вы тут

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Зянькі Камянецкага раёна


Сённяшні герой «Вёсак» — трыццаты па ліку, а значыць, крышачку юбілейны. Больш за тое, ён не ўпісваецца ў агульны фармат праекта, чаму я вельмі нават рада. Не, Зянькі, на першы погляд, сюды цалкам падыходзяць, у вёсцы засталося пяцёра сталых жыхароў. Але двое з іх, Іна і Алег, прыехалі сюды, каб адрадзіць вёску, не даць ёй знікнуць, удыхнуць новае жыццё. І, здаецца, гэта ў іх атрымліваецца.


Алег Сце­па­нюк, Іна Хо­міч і Ган­на Зян­чук.

Дом

Іна Хоміч нарадзілася ў Зяньках. Так сталася ў жыцці, што гадавала яе бабуля. Дзяўчына вырасла, атрымала адукацыю, стварыла сям'ю. І ўжо разам з мужам яны прыйшлі да высновы, што кватэра на паверсе крыху не іх варыянт. Сталі думаць пра дом у вёсцы з тым прыцэлам, каб было бліжэй да бабулі, якая ўжо мела патрэбу ў іх клопаце. Вось і купілі старую хату, якая на той момант прадавалася ў Зяньках.

Пачалі нават рэстаўраваць, замовілі вокны пад той дом, але аказалася, што адна сцяна згніла амаль цалкам. І сумленныя будаўнікі адмовіліся рабіць дах, сказалі, што ў такім варыянце ён ненадоўга, усё роўна давядзецца перабудоўваць. Таму разабралі сцены і на старым падмурку паставілі новую каробку з бярвення.

— Мы вельмі стараліся, каб захаваўся дух тых пасляваенных вясковых хат, — расказвае Іна. — Вокны нам было прынцыпова зрабіць драўляныя з перакладзінамі, як раней рабілі. Планіроўка засталася ранейшая. Была камора — стаў санвузел, вось і ўсе змены. Другі паверх, як і раней, абсталёўваем нежылы, у нас гэта будзе шматфункцыянальная камора. Праўда, тут быў яшчэ прыбудаваны да дома склеп. Мы яго забралі ў дом, наземнае памяшканне стала верандай, а падвальная частка засталася склепам.

Вось печы зрабілі новыя, працягвае гаспадыня. Печніка шукалі доўга, спачатку нарваліся на не вельмі добрых спецыялістаў, давялося перарабляць. Новая печка ў пакоі стаіць год, цяпла дае багата. І ў кухні вялікая печ добра паліцца. Абедзве складзены з айчыннай віцебскай цэглы.

Мы з гаспадарамі і гутарку вялі каля печкі, дзе патрэсквалі дровы. Дзверцы да яе паставілі з празрыстага матэрыялу, таму агонь добра відаць, як у каміне. Каля такога ачага, несумненна, хораша пасядзець і з кніжкай, і з келіхам віна, і ўдваіх, і з сябрамі. Тым больш калі сцены, зробленыя з пушчанскага дрэва, напаўняюць хату прыемным водарам свежай драўніны.

Праўда, яшчэ ўнутры дома не скончана адстройванне, але ж жыць ужо можна. І яны часта тут начуюць. Жывуць, як Іна сказала, напалову: летам больш у вёсцы, зімой — у брэсцкай кватэры. Гаспадар жа пахваліўся агародам, вітаміны да стала сям'я мае свае.

Прызначэнне свайго дома яны разглядаюць у двух кірунках. Па-першае, як жыллё для сябе, па-другое, хочуць паспрабаваць сілы ў агратурызме. Гаспадары маюць намер не проста прымаць гасцей і браць за гэта грошы, а праводзіць святы, семінары, майстар-класы. Напрыклад, Іна захапляецца ткацтвам, дома мае прабабуліны кросны. Станок пераедзе сюды, як толькі скончыцца рамонт.

— Чаму б не паказваць гасцям, як нашы продкі выраблялі тканіну для адзення, для аздаблення хаты? — разважае гаспадыня. — Калі ўсё пойдзе добра, калі будзем жывыя-здаровыя, у будучым хацелі б нават паставіць нейкі гасцявы домік для розных мерапрыемстваў. А пакуль паспрабуем на гэтым доме вучыцца, напрацоўваць вопыт гаспадароў аграсядзібы.

Каб не страціць назвы

А першы крок у справе развіцця сваёй вёскі, захавання яе адметнасці і прывабнасці для наведвальнікаў Іна і Алег зрабілі ў выглядзе карты з мясцовымі назвамі. Іна ж тут нарадзілася і вырасла, назвы большасці мясцін ведае з дзяцінства. Некалі іх з бабуляй запісвалі ў сшытак, малявалі карту. Цяпер жа ёй дапамагала «галоўны эксперт» — суседка баба Гандзя.

Мясцовыя назвы — гэта вусная спадчына, якая жыве разам з носьбітамі. І каб не страціць яе, трэба як мінімум недзе занатаваць. Спачатку ўсё сабранае запісалі і зрабілі макет карты мясцовасці. Перад гэтым Іна абышла людзей, пагаварыла з вяскоўцамі, іх гарадскімі дзецьмі, працавала нават у архівах. Калі прадставілі праект, знайшлося і фінансаванне. Гранта якраз хапіла на адмысловы стэнд з картай. На яе нанесены назвы кожнага поля, кожнай мясцінкі на тутэйшым дыялекце і па-беларуску. Людзі падыходзяць і чытаюць: «Бабыцькава поле, Кругельскае поле, Шырша рызка, Пасадка, Пецькава сажалка» — так, як называлі бацькі і дзяды, як помніцца з дзяцінства. Занатавана каля пяцідзесяці мясцовых назваў.

Нанялі мастака, аформілі належным чынам інфармацыю, зрабілі стэнд. Але ж проста паставіць гэтую карту было б нецікава. Таму Іна з Алегам задумалі нешта накшталт прэзентацыі, але нават самі не чакалі, што запланаваная імі імпрэза выльецца ў сапраўднае свята вёскі. Ідэяй падзяліліся са старшынёй Войскага сельскага Савета Віктарам Міхайлоўскім. Віктар Вальдэмаравіч па сваіх каналах апавясціў людзей. Яны кінулі заклік у сацсетках, напісалі аб'яву. І сабралася столькі былых выхадцаў з сяла, іх нашчадкаў, што здзівіліся. Раней здавалася — колькі тых Зянькоў!

Прэзентацыя як свята

Праўда, яшчэ напярэдадні, у выхадныя, калі давялося манціраваць стэнд, прыйшлі ўсе мужчыны, хто прыехаў на выхадныя ў бацькоўскія хаты. «Яны ж мелі свае планы на работу пры сядзібах, у агародах, але ўсё пакінулі і прыйшлі, прыклалі рукі да агульнага, — не хавае захаплення Іна. — А ўжо ў дзень свята гаспадыні стол арганізавалі літаральна за лічаныя хвіліны. І ўсе разам так хораша пасядзелі! І я разумела, што гэта землякам трэба. Мы ж нанеслі на карту кожную хату. Людзі падыходзілі да мяне і пыталіся пра сваіх родзічаў. Я разлічвала, што яны мне раскажуць нешта цікавае, а яны чакалі таго ж ад мяне. Такім чынам, у іх з'явілася нагода альбо штуршок, каб болей даведацца пра сваю сям'ю і сваю вёску».

Зянькі згарэлі ў 1944 годзе. Немцы спалілі вёску пры адступленні. Праўда, жыхары не пацярпелі, ім сказалі забіраць маёмасць, выводзіць скаціну. На зборы даваліся адны суткі. Потым хаты запалілі. Той дзень помніць найстарэйшая жыхарка Зянькоў — Ганна Леанідаўна Зянчук, якой было тады 12 гадоў: тая самая баба Гандзя, якую Іна называла сваім галоўным экспертам. Бабуля жыве адна, і яе маладыя суседзі цяпер для яе нібы родныя людзі. Яны заходзяць да бабулі кожны дзень, а яна іх заўсёды чакае.

Прафесійныя філолагі Іна Хоміч і Алег Сцепанюк адчуваюць сябе дома ў светлай кампактнай вёсачцы ў адну вуліцу, дзе абсалютная большасць хат зімой пустуе. Летам з'язджаюцца нашчадкі былых гаспадароў у водпуск, на канікулы, і Зянькі напаўняюцца галасамі.

Культурная прастора

Яшчэ яны стараюцца быць тут гаспадарамі. Згадалі, як Алег у першы год пасля набыцця дома сабраў недалёка ад рэчкі мяхоў шэсць смецця. І цяпер ён не пройдзе ўздоўж дарогі, каб не падабраць пластыкавую бутэльку ці прынесены ветрам пакет. «Ну хто, калі не мы? — разважае Іна. — Я неяк задумалася, чаго мне не хапае ў маіх Зяньках. І адказала сабе — не хапае актыўнай культуры. Таму вырашыла яе паціху ствараць. Мы прывыклі хацець, каб нехта нам штосьці зрабіў для камфорту. Можна ж зрабіць самому, гэта нават цікавей. Тым больш калі ёсць у каго вучыцца. Калі мы паставілі гэты стэнд і прыехалі праз пару дзён, то ўбачылі, што каля яго ўжо кветкі растуць. Гэта наша 88-гадовая баба Гандзя пасадзіла. Я тады напісала ў «Фэйсбуку»: «Вандалізм» па-зянькоўску — значыць вандалізм наадварот».

Хаты на вуліцы стаяць пустыя, але іх не прадаюць, даглядаюць і падтрымліваюць. Значыць, перакананыя Іна і Алег, дзеці былых гаспадароў выйдуць на пенсію і прыедуць сюды жыць. Дарэчы, як тут называюць, на хутары, крышачку ўбаку ад вёскі таксама пасялілася маладая сям'я. Яны набылі старэнькую хату, добраўпарадкавалі яе, а год таму пераехалі зусім. Значыць, будуць жыць Зянькі, не знікнуць, бо ёсць людзі, для якіх гэта самае лепшае месца на зямлі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».