Вы тут

Законапраекты мусяць быць прапрацаваныя, запатрабаваныя і зразумелыя


Строгія патрабаванні да фармулявання праектных прапаноў, абавязковае грамадскае абмеркаванне, канстытуцыйная адпаведнасць законаў і прагназаванне наступстваў іх прыняцця. Гэтыя і іншыя акалічнасці на шляху ператварэння ідэі ў закон абмяркоўваліся ў Палаце прадстаўнікоў. План падрыхтоўкі законапраектаў на 2020 год прадугледжвае распрацоўку 27 дакументаў, пяць з якіх складаюць бюджэтны пакет, а таксама чатырох канцэпцый будучых законаў.


У грамадскасці цікавяцца

— Пры распрацоўцы плана падрыхтоўкі законапраектаў разглядаюцца прапановы суб'ектаў права, заканадаўчай ініцыятывы, дзяржорганаў і іншых арганізацый, у тым ліку навуковых і грамадскіх аб'яднанняў, якія выконваюць функцыі па абароне інтарэсаў грамадзян і суб'ектаў гаспадарання ў пэўнай сферы, — расказаў Вадзім ІПАТАЎ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў. — Пры фарміраванні праекта плана на 2020 год запыты былі накіраваны прыблізна 50 адрасатам. Паступіла каля 90 прапаноў.

Для прыцягнення грамадскасці ў нарматворчы працэс на прававым форуме краіны змяшчаецца інфармацыя аб пачатку работы па падрыхтоўцы праекта плана. Летась для грамадскага абмеркавання апублікавалі больш за 170 праектаў.

У праект плана рэкамендуецца ўносіць найбольш неабходныя і запатрабаваныя грамадствам законапраекты. У прыватнасці, забаронена змяняць нарматыўныя акты раней чым праз год пасля прыняцця або ўнясення ў іх апошніх змен.

— Строгія патрабаванні да фармулявання праектных прапаноў маюць свой вынік. Яны становяцца ўсё больш прапрацаваныя. Летась, напрыклад, каля паловы прапаноў было ўлічана, хоць раней больш за 60 % іх адхілялася, — удакладніў Вадзім Іпатаў. — Усе няўлічаныя прапановы з абгрунтаваннем і ўказаннем прычыны адхілення яшчэ раз прапрацоўваюцца ў Адміністрацыі Прэзідэнта.

Каб закон не парадзіў... злачынства

Беларусь стала першай дзяржавай на прасторы СНД, у заканадаўства якой была ўведзена крыміналагічная экспертыза. Гэтая працэдура — асобны самастойны этап заканатворчай дзейнасці.

— Толькі на пачатку ХХІ стагоддзя прававеды зразумелі, што весці барацьбу са злачыннасцю, у тым ліку з карупцыяй, можна на ранніх стадыях. На ўзроўні заканатворчай работы можна здымаць недахопы, якія ўтрымліваюцца ў нормах, бо яны параджаюць пэўны правакатыўны эфект, даюць магчымасць для супрацьпраўнай матывацыі, — расказаў Васіль МАРЧУК, дырэктар Навукова-практычнага цэнтра праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры. — У будучым гэта можа прывесці да злачынстваў і парушэнняў, таму такая мера мае важны прэвентыўны эфект. З 2007 года праз ведамства прайшло больш за шэсць тысяч прававых актаў.

Каб не дапусціць негатыўных наступстваў ад новых нормаў, з 2008 года ў Беларусі існуе абавязковы папярэдні кантроль канстытуцыйнасці ўсіх законапраектаў.

— Значэнне абавязковага канстытуцыйнага кантролю выцякае з ёмкай формулы «канстытуцыя жыве ў законах», — заўважыла Наталля КАРПОВІЧ, намеснік старшыні Канстытуцыйнага суда. — Перш чым патрабаваць добрасумленнага выканання закона, трэба найперш забяспечыць такую яго якасць.

Перш-наперш правяраецца замацаванне ў законе дастатковых механізмаў для рэалізацыі правоў і свабод грамадзян. Яшчэ адзін крытэрый канстытуцыйнасці закона — выразнасць яго нормаў. Закон павінен быць зразумелы і даступны, каб выконваць яго было лёгка і ў поўнай адпаведнасці з закладзеным у яго сэнсам. Не менш важны аспект — суразмернасць устаноўленых законам абмежаванняў, якія не павінны парушаць межы, вызначаныя артыкулам 23 Канстытуцыі.

Дэпутаты разам са спецыялістамі абмеркавалі таксама іншыя праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць падчас выкарыстання на практыцы заканадаўчых змен. Напрыклад, негатыўны ўплыў на бізнес частых паляпшэнняў умоў яго дзейнасці.

— Асабліва адчувальныя для бізнесу сферы неабходна пераводзіць на ўзровень законаў, — канстатаваў першы намеснік міністра юстыцыі Сяргей ЗАДЗІРАН. — Яшчэ адна праблема — наяўнасць некалькіх заканадаўчых актаў па адных і тых жа пытаннях. Усе карэктуемыя акты аднаго віду павінны змяняцца адначасова. А існаванне ў законах вялікай колькасці адсылачных нормаў пазбаўляе сістэму стабільнасці і празрыстасці.

Дэлегуючы мясцовым органам улады пэўныя паўнамоцтвы, неабходна вызначаць, на якім узроўні (абласным, раённым, гарадскім) яны павінны рэалізоўвацца, каб не атрымаць з розных рэгіёнаў разнастайныя рашэнні і, адпаведна, павялічаную колькасць нарматыўных актаў. Павінна быць максімальная аднастайнасць у іх рэалізацыі па ўсёй краіне, працягнуў Сяргей Задзіран:

— Адбываецца пэўны дысбаланс і ў дачыненні да рэалізацыі асобных нормаў па грамадзянах. Часам рашэнні органаў мясцовага кіравання фарміруюцца заканадаўствам у цэнах і тарыфах на паслугі, што аказваюцца насельніцтву, якія ў розных абласцях і рэгіёнах адрозніваюцца ў некалькі разоў. А ў законах няма нават першасных адсылак, як разлічваць кошт сацыяльных паслуг і на што арыентавацца. Гэта перавозка пасажыраў і багажу, паслугі лазні, аплата пражывання ў інтэрнатах і іншае.

Каб стварыць зразумелую і празрыстую прававую сістэму, Мінюст збіраецца кансалідаваць акты Прэзідэнта і ўрада і нават разважае наконт прымянення механізму рэгулятарнай гільяціны. Апошні інструмент дазволіць выдаліць з прававога поля адмерлыя нарматыўныя прадпісанні, якімі ўжо не карыстаюцца, бо яны страцілі сваю актуальнасць, аднак пакуль не адменены і тым самым ствараюць лішнюю таксічнасць для бізнесу.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Кожнаму закону — свой час

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?