Вы тут

На Віцебшчыне вялікі попыт на рабочых, працаўнікоў сельскай гаспадаркі, кіроўцаў


У Віцебскай вобласці, як і ва ўсёй краіне, няма праблемы знайсці сабе работу. Ёсць вялікі попыт на рабочых, працаўнікоў сельскай гаспадаркі, кіроўцаў.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Зразумела, стварэнне новых рабочых месцаў — адзін з лакаматываў развіцця эканомікі. Гэта і падаткі, і магчымасць спыніць адток высокакваліфікаваных спецыялістаў. За кошт стварэння новых вытворчасцяў і прадпрыемстваў за 2016—2018 гады вобласць перавыканала заданне па працаўладкаваных больш чым на тры тысячы чалавек.

Летась дапамаглі знайсці работу 6,5 тысячы чалавек, за бягучую пяцігодку — 32 тысячам.

Дарэчы, цікавы «дысананс» па тэме стварэння новых рабочых месцаў. У інтэрнэце актыўна абмяркоўваюць запалкавую тэму: і сумуюць, і жартуюць наконт закрыцця з-за стратнасці вытворчасці запалак у Пінску. І манапалістам часова стане славуты барысаўскі вытворца. Але нядоўга, бо на Віцебшчыне з'явіцца канкурэнт. Інвестар з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў плануе толькі на першым этапе рэалізацыі праекта ўкласці тры мільёны долараў у выраб запалак у Паставах. Выгадныя ўкладанні, бо працаваць можна ў рамках ільгот свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск». Каля трыццаці чалавек атрымаюць рабочыя месцы. Плануецца ў асноўным экспартаваць тавар у краіны афрыканскага кантынента.

Дарэчы, нядаўна ў зоне зарэгістраваны 49-ы рэзідэнт. Як паведаміў кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Віцебск» Міхаіл СКУРАТ, навічок — з айчынным капіталам — прыватнае будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства «Лінія зносу», якое будзе рэалізоўваць інвестыцыйны праект па зборы і перапрацоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў з наступным выкарыстаннем іх у будаўнічай галіне. Пад размяшчэнне вытворчасці абрана пляцоўка ў Оршы.

Рэалізацыя гэтага інвестыцыйнага праекта будзе спрыяць выкананню праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Аршанскага раёна да 2023 года (у рамках Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 506).

І ўсё больш ёсць прыкладаў адкрыцця там унікальных прадпрыемстваў. Для стварэння ўмоў фарміравання лагістычнага патэнцыялу і павышэння транзітнай прывабнасці вобласці ў гарадскім пасёлку Балбасава працуе адзін з найбуйнейшых у краіне аўтамабільных тэрміналаў «Брэміна-Орша». І яго паэтапнае развіццё з будаўніцтвам і пашырэннем маштабаў дзейнасці вельмі актыўна працягваецца. Ён стане адным з найбуйнейшых у Еўропе.

У Аршанскім раёне пачаў працаваць і цэх перапрацоўкі соі. А з прыцягненнем тэхналогій адной з ізраільскіх кампаній гарантавана паспяховым будзе функцыянаванне свінарэпрадуктара на пяць тысяч галоў свінаматак паблізу вёскі Гараны. Аналагічны — у Лёзненскім раёне...

Што датычыцца ўплыву на эканоміку і рынак працы малога і сярэдняга бізнесу, то ён забяспечвае чацвёртую частку бюджэту. Яго ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці няўхільна расце. Сёння на тэрыторыі вобласці працуе больш за 31 тысячу суб'ектаў прадпрымальніцтва. Іх колькасць летась вырасла на тысячу. Пачалі дзейнасць каля 280 новых малых арганізацый і каля 20 вытворчасцяў, дзе створана амаль 1400 новых рабочых месцаў.

У Прыдзвінні ўжо нямала прыкладаў, калі ствараюцца вытворчасці, якія даюць магчымасць актыўней развівацца прадпрыемствам. Напрыклад, на «Віцебскіх дыванах» арганізавалі ўласную вытворчасць поліпрапіленавых нітак. Прадпрыемствам «Віцебскэнерга» ўведзены ў эксплуатацыю цэх замарозкі ягад, агародніны і грыбоў. Рэалізоўваецца праект па замарозцы бульбы Талачынскім кансервавым заводам. Датэрмінова здадзены
Віцебскай бройлернай птушкафабрыкай зернесушыльны комплекс з ёмістасцямі для захоўвання ў прыгранічным з Расіяй гарадскім пасёлку Сураж.

Кіраўнікам райвыканкамаў губернатар Мікалай Шарснёў паставіў задачу: асабіста браць удзел у прыцягненні інвестараў, а значыць, у стварэнні новых рабочых месцаў, якія будуць адпавядаць патрэбам часу. Адпаведны і клопат старшынь райсаветаў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Попыт на рукі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?