Вы тут

Наваколле Белавежскай пушчы мае вялікую патрэбу ў рабочых руках і спецыялістах


Спецыфіка Камянецкага раёна абумоўлена яго геаграфічным становішчам. Блізкасць мяжы з Еўрасаюзам заахвоціла многіх працаваць менавіта за мяжой. Ну а пушчанскі край паўплываў на развіццё бізнесу ў сферах агратурызму, дрэваапрацоўкі, паслуг. Варта сказаць, што сярэдняя зарплата ў раёне — больш за тысячу рублёў — стала трэцім паказчыкам у вобласці пасля Брэста і Бярозы. Гэта пры тым, што ў мясцовасці з насельніцтвам у 34 тысячы чалавек буйных прамысловых прадпрыемстваў няма зусім.


Попыт на даярак, кіроўцаў, медыкаў

— Сельгаспрадпрыемствы, калі выстаўляюць вакансіі жывёлаводаў, указваюць зарплату аператараў машыннага даення прыкладна ў 1200 рублёў. І пры гэтым вакансіі пастаянна ёсць, — расказвае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла МІХАЛАЧКІНА. — У сельскую мясцовасць патрабуюцца механізатары, кіроўцы, жывёлаводы. Сёння ўзровень механізацыі такі, што да кандыдатаў на гэтыя месцы выстаўляюцца сур'ёзныя патрабаванні ў тым ліку па стане здароўя. Скажам так: хто «засвяціўся» у нарколага, той медкамісію не пройдзе. Работнікі патрэбны надзейныя і адказныя. Аўтапарк мае патрэбу ў кіроўцах аўтобуса. Па-першае, допуск да работы прадугледжвае пэўную катэгорыю правоў, якая ёсць не ў кожнага. Але ж катэгорыю пры жаданні можна атрымаць. А вось рэжым работы, калі трэба ўстаць не проста рана, а вельмі рана альбо закончыць работу часам позна ўвечары, задавальняе не кожнага. Таму вакансіі ёсць.

У раёне значыцца каля 170 вакансій медыцынскіх работнікаў, не хапае ўрачоў, медыцынскіх сясцёр і санітарак. Гэта не значыць, што ў медустановах няма каля дзвюх соцень спецыялістаў і работнікаў. Часам незапоўненыя аказваюцца палова стаўкі, чвэрць стаўкі таго ці іншага спецыяліста, але ж патрэба ў медыках ёсць заўсёды. Пастаянна на работу запрашае санаторый «Белая вежа». Там час ад часу не хапае кухонных работнікаў, мыйшчыкаў посуду, афіцыянтаў. Асабліва адчуваецца недахоп афіцыянтаў. Гэтая работа патрабуе фізічнай працы маладых людзей. І летам, калі з'язджаюцца дадому студэнты, многія з іх не супраць падпрацаваць, з задавальненнем уладкоўваюцца на работу ў санаторый: і ад горада блізка, і свежае паветра навокал. Зімой патрэба ўзнікае зноў.

На сельгаспрадпрыемствы патрабуюцца інжынеры, аграномы, заатэхнікі. Будаўнічыя арганізацыі маюць самыя розныя вакансіі рабочых у залежнасці ад аб'ёмаў будаўніцтва. Ёсць попыт на сезонную працу, напрыклад, у гаспадароў фермерскіх і сялянскіх гаспадарак. Усяго на сённяшні дзень значыцца 480 вакансій. А на ўліку ў службе занятасці на канец мінулага года было шэсць чалавек, цяпер лічба ўзрасла да дванаццаці, — падсумавала Людміла Міхалачкіна.

Летась у службу занятасці раёна звярнулася 369 чалавек. З іх 134 падыходзяць пад статус беспрацоўнага, бо на час звароту не мелі ніякага даходу, астатнія звярталіся па розных прычынах, напрыклад, студэнты альбо навучэнцы хацелі знайсці падпрацоўку, нехта меў жаданне памяняць работу. З названых 134 чалавек 106 атрымалі садзейнічанне ў працаўладкаванні, гэта значыць атрымалі накіраванне да канкрэтнага работадаўца.

Работа камісіі

— На жаль, не ўсе накіраваныя даходзяць да прадпрыемства ці ўстановы ў прамым сэнсе слова, — уступае ў гаворку старшыня пастаяннай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці, старшыня райсавета дэпутатаў Ірына НЕГІРЫШ. — Ёсць асобная катэгорыя грамадзян, якія не працавалі і працаваць не збіраюцца. У ходзе работы камісіі мы праводзілі з імі самыя розныя гутаркі, некаторых, даволі маладых, здаровых, даводзілася дастаўляць на пасяджэнне з дапамогай міліцыі. Яны ўважліва выслухоўваюць сказанае, як правіла, не пярэчаць, пагаджаюцца з тым, што працаваць у прынцыпе трэба, а на канкрэтныя прапановы рабочага месца адказваюць, што будуць думаць. Думаюць, выходзіць, па сённяшні дзень.

Яшчэ адна катэгорыя не занятых у эканоміцы працуе... ад уладкавання да запою і звальнення. Такім мы дапамагаем, здараецца, па другім і трэцім разе. І толькі ствараем дадатковыя праблемы наймальнікам. Хто хоча працаваць, замацавацца на сваім месцы, той гэта робіць. Апошняе пацвярджаюць і факты працаўладкавання людзей, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Тыя з іх, хто настроены на нармальнае жыццё і працу, адразу пачынаюць рабіць і ставяцца да сваіх абавязкаў адказна.

Старшыня камісіі адзначыла таксама, з якімі праблемамі камісія сутыкаецца і якія трэба вырашаць на заканадаўчым узроўні. Напрыклад, нямала людзей з раёна працуе за мяжой — у Польшчы, у Расіі. Варта выпрацоўваць механізмы іх уліку ў нашай статыстыцы. Яны ж у абсалютнай большасці з часам вяртаюцца, прывозяць грошы і ўкладваюць у нашу эканоміку. Пакуль што пацвердзіць сваю работу ў замежжы для нашага грамадзяніна вельмі складана. Патрабуецца прафесійны пераклад шэрагу дакументаў, усё гэта каштуе грошай, не ўсе маюць жаданне гэтым займацца. А да людзей трэба ставіцца больш уважліва, яны ў будучыні могуць прывезці не толькі сродкі, але і вопыт, навыкі, сувязі, каб пачаць сваю справу на радзіме і адкрыць новыя вакансіі.

Новыя рабочыя месцы

Паводле слоў намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра МІХАЛЬЧЫКА, у раёне летась з'явілася 12 новых мікра- і малых прадпрыемстваў, на новыя рабочыя месцы ўладкавана 72 чалавекі. Прыкладна палова рабочых месцаў створана ў сельскай мясцовасці. Скажам, ААТ «Белавежскі» адкрывае на адным са сваіх участкаў новую вытворчасць кармоў. Там адразу спатрэбілася шэсць працаўнікоў, якія атрымалі работу. «Традыцыйны кірунак цікавасці нашых прадпрымальнікаў — дрэваапрацоўка, кругом жа лес. Вось і летась у Навіцкавіцкім сельсавеце зарэгістравана ТАА «ДНКдрэў». На работу яны ўзялі шэсць чалавек, у тым ліку жанчын, бо вытворчасць прадугледжвае не асабліва цяжкую працу. Прадпрыемства выпускае еўрападдоны, пелетную дошку, шпон — прадукцыю, якая карыстаецца попытам за мяжой. З'яўляюцца невялікія транспартныя, гандлёвыя прадпрыемствы. Часта і новыя вытворцы адчуваюць недахоп рабочых рук. А тыя, хто працуе даўно і паспяхова, як, напрыклад, цэх «Санты», «Еўратрэйд», возяць работнікаў з Брэста», — кажа намеснік старшыні райвыканкама.

Яшчэ Аляксандр Пятровіч адзначыў у ліку асаблівасцяў раёна той факт, што тут добра развіваецца агратурыстычны бізнес. У гэтай сферы занятыя 136 чалавек, што з'яўляецца найвышэйшым паказчыкам у вобласці. Так склалася гістарычна, што аграсядзібы сталі з'яўляцца менавіта ў прыпушчанскім краі. Многа едзе турыстаў, значыць, запатрабаваныя сувеніры. Таму тут зарэгістраваны 288 рамеснікаў. Але ж на Камянеччыне заўсёды чакаюць людзей ініцыятыўных, тых, хто гатовы ўкладваць інвестыцыі, ствараць новую вытворчасць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Камянецкі раён

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Вакансій — каля пяці соцень

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».