Вы тут

Бярэзінскі біясферны запаведнік адзначае 95-годдзе


Ён быў створаны 30 студзеня 1925 года ў адным з найстарэйшых і найпрыгажэйшых куткоў першароднай прыроды Беларусі.


Навукоўцы завуць яго эталонам некранутай прыроды, яе жывой лабараторыяй. І гэта сапраўды так: Бярэзінскі біясферны запаведнік — найстарэйшая і адзіная ў Беларусі ахоўная прыродная тэрыторыя самага высокага рангу, адзін з нешматлікіх куткоў еўрапейскай часткі паўднёвай тайгі, якія захаваліся ў першародным відзе. Менавіта тут, у вярхоўі Бярэзіны размешчаны разнастайныя прыродныя комплексы, у якіх жыццё расліннага і жывёльнага свету працякае амаль так жа, як гэта было многія сотні гадоў таму.

На запаведнай тэрыторыі налічваецца 56 відаў звяроў, 237 — птушак, 5 — паўзуноў, 11 — земнаводных і 34 відаў рыб і кругларотых. У запаведных лясах, балотах і лугах расце больш за 800 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 63 з якіх строга ахоўваюцца. Паводле Бернскай канвенцыі на яго тэрыторыі вылучаны 23 рэдкіх і ўнікальных для Еўропы біятопы, якія займаюць больш за палову агульнай плошчы.

Бярэзінскі біясферны запаведнік вядомы не толькі ў нашай краіне, але і як еўрапейскі прыродаахоўны комплекс. З 1979 года ён уваходзіць у Сусветную сетку біясферных рэзерватаў праграмы ЮНЭСКА «Чалавек і біясфера», а таксама шматлікіх еўрапейскіх арганізацый, якія ахоўваюць асабліва каштоўныя прыродныя тэрыторыі.

У 2010 годзе ён быў уключаны ў Спіс Рамсарскіх угоддзяў — водна-балотных тэрыторый, якія маюць важнае міжнароднае значэнне ў якасці месцапражыванняў для вадаплаўных і каляводных птушак.

***

31 студзеня ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 116, трэці паверх) а 14-й гадзіне адбудзецца прэзентацыя выставы «Жамчужына беларускай прыроды», прысвечанай 95-годдзю Бярэзінскага біясфернага запаведніка.

Яна дае магчымасць убачыць экспанаты, прадстаўленыя Бярэзінскім біясферным запаведнікам, фатаграфіі вядомага беларускага фотамайстра і аднаго з пазаштатных аўтараў часопіса «Родная прырода» Дзяніса Іўковіча, а таксама дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, якія захавалі гісторыю запаведніка на «паперы». Упершыню выстаўляюцца дакументы вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання, прысвечаныя яго стварэнню і развіццю, лісты і справаздачы беларускіх навукоўцаў і практыкаў, якія праводзілі навуковыя даследаванні ў запаведніку, а таксама акты аб шкодзе, прычыненай запаведніку ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Суаўтарамі праекта выступілі: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Бярэзінскі біясферны запаведнік», філіял Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі — Музей прыроды і экалогіі, часопіс «Родная прырода».

Падрыхтавала Вераніка КОЛАСАВА

Фота Дзяніса ІЎКОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».