Вы тут

Да 90-годдзя часопіса «Беларусь. Belarus». Гісторыя не ведае ўмоўнага ладу


Нататкі адказнага сакратара

Гартаем студзеньскі нумар часопіса «Беларусь» за 2000-ы год. Ён цалкам прысвечаны святочнай даце — 70-годдзю выдання. Гэта, як цяпер кажуць у дачыненні да чалавека, трэці ўзрост, і такое вызначэнне ўжо нікога не здзіўляе. З тае пары мінула 20 гадоў, і часопіс адзначае чарговы юбілей. Дата нараджэння: студзень далёкага 1930-га.

Нумары выдання на мяжы тысячагоддзяў

Што было, тое было

Стварэнне часопіса прыйшлося, як заўважыў у сваім віншаванні да 70‑гадовага юбілею выдання народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін, «на няшчасныя і шчаслівыя часы жыцця, барацьбы і стваральнай працы беларускага народа». Тады часопіс выходзіў пад адпаведнай рэвалюцыйнай пары назвай «Чырвоная Беларусь». А рэдакцыя размяшчалася ў Мінску, па вуліцы Савецкай, 63. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны свет пабачылі ўсяго 79 нумароў часопіса. З 1933 года ў сілу розных гістарычных прычын адзінаццаць гадоў ён не выдаваўся. І выйшаў, адроджаны, толькі ў 1944‑м у абноўленым фармаце, з новай нумарацыяй пад назвай «Беларусь», калі тэрыторыя Беларусі часткова была яшчэ акупаваная нацыстамі. Толькі ў 1982 годзе найперш намаганнямі тагачаснага галоўнага рэдактара Аляксандра Шабаліна адноўлена была гістарычная справядлівасць. І мы пра той цікавы момант, адзначаючы юбілей, не можам не нагадаць. Цытуем зварот рэдкалегіі часопіса‑2000 да чытачоў:

«Першы публічны акт рэабілітацыі «Чырвонай Беларусі» адбыўся ў 1982 годзе: тады ў 9‑м нумары ў выходных дадзеных замест радка « заснаваны ў 1944 годзе», з’явілася: заснаваны ў 1930 годзе». Менавіта ў 82‑м на падставе матэрыялаў і дакументаў, якія адносяцца да гісторыі нашага выдання, была прынята пастанова ЦК КПБ («Беларусь», 1982, № 9) аб усталяванні даты пачатку выдання часопіса — з часу выхаду першага нумара «Чырвонай Беларусі», гэта значыць са студзеня 1930 года… Але ж агульная нумарацыя заставалася ранейшай… І толькі ў № 1 за 1997 год з’явіўся радок, які ўдакладняў дату заснавання часопіса: выдаецца са студзеня 1930 года…».

Пра тыя цікавыя павароты ў лёсе выдання чытайце ў артыкулах Івана Ждановіча: у № 1 за 2000‑ы (стар. 6) пад назвай «Нованароджаны», а таксама ў № 5–2019 (стар. 46) — «Нашы гады — наша багацце».

Так, нам 90. Многа гэта ці мала, і які гэта ўзрост — кожны ацэньвае па-свойму. Бо калі, як сцвярджаюць эксперты ў прагнозах, на зямлі да 2050‑га будзе жыць больш за 2 мільярды чалавек старэйшых за 60, а стогадовы ўзрост стане нормай, росквітам асобы, то ў дачыненні да выдання 90 — гэта толькі дастойная сталасць. Істотна іншае: якія мы сёння? Як мы, стваральнікі выдання, пазіцыянуем у свеце нашу Беларусь, краіну з багатай гісторыяй, якая здаўна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы?

Каб разумець адметнасці станаўлення, нюансы развіцця выдання, мы, вядома ж, углядаемся і ў мінулае: прыгадваем, якім яно было, імкнемся зразумець тых, хто працаваў да нас. Разважаем: як сумясціць лепшыя традыцыі выдання з патрабаваннямі часу, прычым зрабіць тое граматна і прыгожа.

Ніхто не багаты настолькі, каб выкупіць мінулы час, сказаў Оскар Уайльд. Працягваючы яго думку, заўважу: мы не можам падарожнічаць у мінулым. А, як вядома, лагічны розум можа і памыляцца. Мы не настолькі моцныя, каб дасканала зразумець папярэднікаў: у тым часе не жылі. А свае высновы будуем на высновах тых, хто жыў, працаваў, выкладаў факты і сваё бачанне падзей — да нас. Таму недарэчна гучыць сцвярджэнне: маўляў, вось калі б яны рабілі вось так, а не інакш, то і мы б даведаліся больш…

Нашы папярэднікі жылі, працавалі — як умелі, як маглі: і ў 30‑я, і ў 40‑я, і ў 70‑я‑80‑я… Савецкая эпоха — шматмерная эпоха. Што было, тое было. І пра тое можна пачытаць на старонках часопіса. У адным можна не сумнявацца — часопіс рабілі ва ўсе часы, публікаваліся на яго старонках прафесіяналы, якія належалі свайму часу.

Практычна ўсе нумары выдання, пачынаючы з 1930‑га, захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У розныя гады яно выходзіла рознымі накладамі. Да прыкладу, у № 7 за 1931 год наклад быў паказаны ўпершыню: 10 000 асобнікаў. Прыгадваецца нам, як Аляксандр Шабалін, галоўны рэдактар «Беларусі» ў 1978–2002 гадах, светлая памяць яму, з захапленнем казаў пра запатрабаванасць часопіса на прасторах былога Савецкага Саюза. Мне не забыць яго эмоцый, калі ён прыводзіў прыклады: толькі ўявіце, які гэта наклад — 30 000 асобнікаў! Так, лічбы зайздросныя ў наш інтэрнэт-час… Дарэчы, гэта менавіта шэф наш, Аляксандр Андрэевіч, вельмі любіў паўтараць фразу пра гісторыю, якая не ведае ўмоўнага ладу. І загалоўкам да нататкаў аддаем яму даніну вялікай павагі.

Унутраная кухня вачыма відавочцаў

Як мы ведаем з дыялектыкі, у культуры, як і ў іншых сферах жыцця, здараюцца перыяды росквіту і заняпаду. Часопіс «Беларусь» як грамадская, культурная з’ява — не выключэнне ў гэтым працэсе.

Разам з Іванам Ждановічам мы прыйшлі працаваць у рэдакцыю ў вельмі складаны для выдання час. Быў 1996 год. У рэдакцыі заставалася толькі тры вопытныя супрацоўнікі: галоўны рэдактар Аляксандр Шабалін, фотамайстар Віктар Жылін і тэхнічны рэдактар Надзея Багамолава. Па розных прычынах выданне было абясточанае: у штаце — ні намесніка, ні адказнага сакратара, ні журналістаў. Не было карэктара, стыль-рэдактара. А мы якраз увосень шукалі працу, бо каб здзейсніць пешае падарожжа ўздоўж дзяржаўнай мяжы Беларусі «Хаджэнне ў трыдзясятае царства» (красавік-жнівень 1996‑га), звольніліся з рэдакцыі часопіса «Роднае слова». І вось аднойчы тэлефануе мне былы калега па тым жа часопісе паэт Алесь Гібок-Гібкоўскі, кажа: «Вас з Іванам запрашаюць на працу ў часопіс «Беларусь». Я ўжо там працую з лета рэдактарам аддзела».

Міхась ЧАРОТ (1930-1932)

 

Мікола ХВЕДАРОВІЧ (1932-1933)

Ілья Гурскі (1944-1960)

Міхась КАЛАЧЫНСКІ (1960-1978)

Аляксандр ШАБАЛІН (1978-2002)

Алесь ЖУК (2002-2004)

Так мы апынуліся ў рэдакцыі, што месцілася ў будынку па вуліцы Захарава, 19. Івану прапанавалі пасаду намесніка галоўнага рэдактара, мне — адказнага сакратара: досвед такой працы мы ўжо мелі. Ад гутаркі з Шабаліным у нас засталіся самыя цёплыя ўспаміны. Вядома ж, наш будучы шэф рызыкаваў. Ні ён нас, ні мы яго зусім не ведалі. Помніцца, як Аляксандр Андрэевіч сказаў падчас размовы: «Бяру вас, як катоў у мяшку. Гібкоўскі так вас піярыў, што я здаўся. Але, як гаворыцца, рызыка — справа высакародная. Афармляйцеся». Паціснуў абодвум рукі, і мы 7 кастрычніка выйшлі на працу. Стаяла залатая восень, было цёпла і сонечна. Наш з Іванам прасторны і светлы кабінет выходзіў вокнамі на вуліцу Захарава, непадалёк ад плошчы Перамогі. Пазней прыйшла да нас, у той жа кабінет, Людміла Нікалаева ў якасці майго памочніка. Яна яшчэ і рубрыку вяла: «Утульны дом».

Пасля мы даведаліся, што спадабаліся Шабаліну сваёй захопленасцю чым бы там ні было. Як ён потым нам сказаў: прыцягнула вашая адкрытасць жыццю, бляск у вачах… З часам зразумелі: наша сустрэча з Шабаліным была лёсавызначальнай, як цяпер кажуць, кармічнай. (Абышлі Беларусь па перыметры — цяпер тварыце часопіс «Беларусь» знутры…) За гады працы ў рэдакцыі пад яго кіраўніцтвам шмат чаму навучыліся: мяккасці і ў той жа час патрабавальнасці да падначаленых, уменню цярпліва выслухоўваць супрацоўнікаў, быць прынцыповымі, калі таго патрабуе вытворчы працэс…

Вядома ж, я рызыкавала. Досвед працы ў друкаваных СМІ ў мяне быў зусім невялікі: толькі год да нашага падарожжа я ўпарта ўжывалася ў ролю адказнага сакратара ў часопісе «Роднае слова». Але з часам зразумела: той жорсткі досвед мне здорава спатрэбіўся. Галоўны рэдактар Міхась Шавыркін, светлая і яму памяць, быў уніклівы, патрабавальны, заўважаў нават мізэрныя адступленні ад правілаў, прынятых у працы адказнага. Часам здавалася мне: ой-ё-ёй, не вытрымаю напружання. Ну гэткім прыдзірлівым здаваўся мне галоўрэд! Але маючы байцоўскі характар, усё ж трымалася. Памятаю, як часам кідалася даказваць Міхасю Мікалаевічу, што і тут ён не мае рацыі, і тут… Але ж ён стаяў на сваім. І мне даводзілася выконваць тое, што ён патрабаваў, аж да маленькай коскі ў журналісцкім тэксце, альбо ў праекце загаду па рэдакцыі. А дасведчаныя супрацоўнікі, назіраючы той суровы «курс маладога байца», толькі пасмейваліся, маўляў, ці ўпішацца гэты Казярог, які знае сабе цану, у сузор’е «Роднага слова»… Што і казаць, добрая была школа жыцця.

Але «Роднае слова» пасля «Хаджэння…» засталося ў мінулым. Стыль жа кіраўніцтва Аляксандра Шабаліна быў мяккім, інтэлігентным. Ураджэнец палескай Лоеўшчыны, ён валодаў каштоўнай здольнасцю выслухоўваць твае аргументы, абмяркоўваць прапановы, а таксама падтрымліваць творчую ініцыятыву супрацоўнікаў. Калі з чымсьці не пагаджаўся, то прапаноўваў свае варыянты вырашэння пытання. Ніколі не раздражняўся. Ніводнага разу я не бачыла яго нервовым, нават калі цяжка хварэла ягоная мама. У зносінах з ім як з галоўным рэдактарам ходкі тэзіс «ініцыятыва пакаральная» не працаваў. Мы адчувалі сябе свабодна ў добразычлівай атмасферы рэдакцыі: на планёрках і лятучках, калі абмяркоўваўся план чарговага нумара, і калі задумваліся смелыя праекты вокладак. Да прыкладу, на чацвёртай старонцы выйшла неяк фота Дзеда Мароза — без галаўнога ўбора, на ровары.. У ролі Дзеда выступіў — з чыста паголенай галавой — артыст ТЮГа і пісьменнік Анатоль Жук. На адной з першых старонак вокладкі быў прадстаўлены на фота ўсмешлівы Прэзідэнт у клятчатай кашулі: што называецца, у фармаце «без гальштука». У тым часе такое рашэнне магло здацца вельмі адважным. А яшчэ мы з Іванам апублікавалі ў выданні вялікі цыкл матэрыялаў пад рубрыкай «Хрысціянству — 2000». Гэта быў перыяд, калі маладая незалежная Беларусь апраўлялася ад атэістычнай спадчыны. А наколькі нефармальнымі, нечаканымі былі віншаванні да 70‑годдзя часопіса «З барадой» — ад вядомых дзеячаў беларускай культуры і нават Мітрапаліта Філарэта!

Што яшчэ згадваецца з творчых знаходак калег? Аляксандр Андрэевіч неяк напісаў невялічкае эсэ «Апошні абзац». Расказаў адзін з эпізодаў яго працы з першым сакратаром ЦК кампартыі Беларусі Пятром Машэравым. Надзвычай тонка змог перадаць нюансы працы чыноўніка дзяржслужбы такога высокага ўзроўню. Цікавых, неардынарных суразмоўцаў знаходзіў журналіст Уладзімір Панада, спец у эканоміцы. А Іосіф Калюта з Віктарам Жыліным прывозілі з камандзіровак выдатныя фотарэпартажы, якія адлюстроўвалі жыццё беларускай глыбінкі. Здзіўляў размахам мыслення і аналітызму Алесь Гібок-Гібкоўскі ў цыкле артыкулаў «Анатомія жыцця». Ганарыліся мы і супрацай з пісьменнікам Янкам Сіпаковым, вялікім працаўніком. У той час надавалася вялікая ўвага літаратурным праектам: публікаваліся апавяданні, вершы пачаткоўцаў і дасведчаных аўтараў. Пазней, калі калектыў сфарміраваўся, набраў моцы, у яго ўлілася паэтка Валянціна Паліканіна. Яна фактычна толькі ў часопісе пачала асвойваць журналісцкае рамяство і дабілася поспехаў на гэтай ніве.

Ну, і мы самі не адставалі. Актыўна пісалі фактычна ў кожны нумар. Я вельмі любіла сваю рубрыку «Момант шчырасці» — «выбраныя месцы» з гутарак з выдатнымі асобамі краіны. Рабілі (як і цяпер бывае) сумесна з Іванам інтэрв’ю з віп-персонамі, пісалі і нарысы, рэпартажы. Іван, які навучаўся журналістыцы ў Піцерскім універсітэце, папрацаваў у розных СМІ, моцны ў любым жанры. І заўсёды можа даць мне, філолагу па адукацыі, з досведам у тэатразнаўстве, добрыя парады. І я, дарэчы, да іх прыслухоўваюся. Часам і дыскутавала. Памятаю, ён крыху скептычна паставіўся да маёй ініцыятывы: хутка зрабіць рэпартаж з Акадэміі навук з нагоды яе юбілею. Вось, думала я, падахвоцілася ж сама на планёрцы! А Іван папярэджваў: гэта наўрад ці будзе пад сілу табе, гэта азы журналістыкі, якіх ты не ведаеш. Але я той рэпартаж зрабіла! І паказала адразу Шабаліну. То як жа ганарылася тым, што ён мяне пахваліў, не зрабіў нават ніводнай заўвагі! З пераможным выглядам пасля зайшла ў наш кабінет, маўляў, вось табе, Іван, атрымай і распішыся: тваё нявер’е ў мае здольнасці пацярпела фіяска. Так паступова адладжваўся і наш з ім творчы тандэм. Не без шурпатасцяў, зразумела. Я часам магла ўлезці ў яго дыялог з журналістамі, тэксты якіх Іван рэдагаваў. У адным жа кабінеце сядзіш, многае чуеш. А ўсе ж — асобы: кожны таленавіты, а тут яго правяць. Крыўдна ж людзям! Іван мог і патрэбных слоў адразу не знайсці, каб не закрануць пачуцці малодшага па статусе калегі. Часам я змякчала заўвагі Івана, часам магла не зразумець і ўставіць свае недарэчныя «пяць капеек». Ён, вядома ж, бываў тым незадаволены. І мой аргумент, што мы павінны ў калектыве падтрымліваць добразычлівую атмасферу, у той «гарачы» момант, калі гаворка ішла аб прафесіяналізме, Івана не пераконваў. Але, у рэшце рэшт, мы дамаўляліся. Тым і было цікава. І цяпер мы дыскутуем, калі працуем сумесна. Іван, хоць і галоўны рэдактар газеты «Голас Радзімы», але ў часопіс, бывае, рыхтуем разам нейкія інтэрв’ю, іншыя матэрыялы. Наш творчы тандэм пашырыўся да тандэму двух выданняў: часопіса і газеты, у якой таксама юбілей — 65 гадоў з дня заснавання.

Так, кожнага супрацоўніка ў рэдакцыі мы стараліся заўважыць, адзначыць. Таму ў юбілейным нумары за студзень 2000‑га крэатыўна прадставілі ва «Утульным доме» абсалютна ўсіх калег — з іх любімымі кулінарнымі рэцэптамі. Праявілася і мастачка Алена Вашчанка: прыўнесла ў фотаздымкі Віктара Жыліна навагодні антураж. Памятаем і спагадлівасць, і прафесіяналізм тэхслужбаў рэдакцыі: акуратную наборшчыцу Алену Кахноўскую, з’едліва-скрупулёзную Валянціну Самарыну (стылістка, чытала рускамоўную версію выдання), а таксама моцнага карэктара беларускай версіі Зінаіду Надумовіч. І найстарэйшага дасведчанага тэхрэда Надзею Багамолаву з яе памочніцай і кур’ерам Марыяй Пальчык нам не забыць.

Не ўсё адразу гарманічна склалася ў выбудоўванні маіх узаемаадносін з тэхнічнай службай, якая мне падпарадкоўвалася. Заўважала: часам распараджэнні мае ігнаруюцца, ці ўспрымаюцца паблажліва, маўляў, маладая, у прафесіі зялёная… І я рашылася! Сабрала ўсіх супрацоўнікаў і паважліва, але жорстка пазначыла межы дазволенага. У такіх выпадках кажуць: паказала, хто ў доме гаспадар. І, о цуд! Мяне пачалі паважаць. Шабалін ухваліў такія дзеянні. Прызнаюся, і самой мне спадабалася, як склаўся мой дыялог з супрацоўнікамі. Кожны з іх зразумеў, як сапраўды патрэбная на працы, дзе мы праводзім значную частку жыцця, спрыяльная, добразычлівая атмасфера. Мой аргумент «мы робім агульную справу, мы — каманда» — спрацаваў.

Праца адказнага сакратара мне па душы і сёння. Гэта маё, як кажуць. Спачатку няма нічога. Потым услухоўваешся ў інфармацыйны фон часу, у прапановы калег — і заказваеш адпаведныя тэксты, паралельна плануецца нумар. Раней у нас было прынята на лятучцы з галоўрэдактарам і ўсімі супрацоўнікамі план абмярковаць, улічваць прапановы. Наступны этап быў: тэксты рыхтуюцца, рэдагуцца на ўзроўні намесніка рэдактара, потым іх чытае карэктар, стыльрэдактар… Дарэчы, калі ў 2002‑м Аляксандр Шабалін падаў у адстаўку, а Іван у хуткім часе таксама сышоў з рэдакцыі (вырашалася пытанне, хто будзе заснавальнікам выдання), даводзілася і мне пару гадоў рэдагаваць аўтарскія тэксты. На ўласнай шкуры, як кажуць, адчула, як цяжка не пакрыўдзіць аўтара артыкула сваімі праўкамі. І больш зразумела Івана.

Асабліва прыемны для мяне ў працы адказнага момант выбудоўвання нумара, так званая рэжысура, калі казаць мовай тэатра. Вось перада мной «вычышчаныя» тэксты. І я пачынаю іх тасаваць, нібы калоду карт. Паступова яны кладуцца ў патрэбным парадку. Блок — на тэму палітыкі, следам ідзе эканоміка, далей — тэматыка сацыяльная… І так далей да культуры… І вось ён, будучы нумар, як на далоні. Можна ўздыхнуць. А далей — вёрстка. Ты ўжо кантактуеш з вярстальшчыкамі, ідзе падбор ілюстрацый… І так штомесяц. Люблю таксама і той момант, калі ў руках ужо сігнальны асобнік часопіса. Пахне друкарская фарба, прыемна гартаць старонкі. Крыху хвалюешся заўсёды: ці ўсё атрымалася па фарбах… Гэта ж вынік і маёй працы.

Нядоўгі час, каля двух гадоў, працавала я з галоўным рэдактарам — пісьменнікам Алесем Жуком. Гэта быў прафесіянал, які даваў мне поўную свабоду дзеянняў, разумеючы, што ў працы з Аляксандрам Шабаліным я цалкам асвоіла «адказнасакратарскае мастацтва».

У снежні 2004‑га часопіс «Беларусь» увайшоў у склад медыяхолдынга «Советская Белоруссия» (цяпер Выдавецкі дом «Беларусь сегодня»), які тады ўзначальваў галоўны рэдактар Павел Якубовіч. Мы, арыентуючыся і на замежнага чытача, цалкам адмовіліся ад літаратурных тэкстаў, у тым ліку ад паэзіі. Узначаліў часопіс Віктар Харкоў, які зарэкамендаваў сябе ў «СБ» як галоўны рэдактар газеты «The Mіnsk Tіmes». Тое была ў гісторыі выдання асобная старонка. У ліпені 2018‑га выданні «Беларусь. Belarus» і «Голас Радзімы» перавялі пад дах Выдавецкага дом «Звязда», які ўзначальвае дырэктар-галоўны рэдактар Павел Сухарукаў. Так, у творчым тандэме з газетай і працуем, паядноўваючы, калі патрэбна, сілы супрацоўнікаў. Зусім невялікім калектывам прадаўжаем рабіць наш часопіс у фармаце, які адпавядае патрабаванням часу. Да прыкладу, наш карэктар і мая памочніца Аліса Гюнгер чытае, акрамя часопіса, і газету. А таксама піша тэксты. Любоў Малышава, вярстальшчык і дызайнер «ГР», дапамагае ў вёрстцы часопіса, як і Таццяна Старажэнка ў вёрстцы газеты… Іншы раз Іван Ждановіч прачытвае карэктуру часопіса.

Калі паядноўваюцца высокая мэта і твае здольнасці, то ты — у руху, ты — на шляху самаўдасканалення. І няважна, колькі нам гадоў. Бо мэта наша — рабіць сучасны прадукт. Якасны! І мы яго робім. Як адказны сакратар я імкнуся глядзець на нумар, які вярстаецца, вачыма чытача. Уяўляю сябе на яго месцы: вось бяру нумар у рукі… Ці адчуваю пры тым эмацыйную радасць? Вядома, што, перш за ўсё, мы візуальна рэагуем на вокладку, ілюстрацыі, а потым пачынаем учытвацца ў тэксты, калі нас нешта зачэпіць.

Нашае выданне — гэта і наш стыль жыцця ў прафесіі, і ўнікальная магчымасць расказваць, як развіваецца незалежная Беларусь. Гэта і адлюстраванне сённяшняй беларускай ментальнасці. Гісторыя часопіса «Беларусь. Belarus» прадаўжаецца. І тыя, хто прыйдзе пасля нас, таксама, пэўна, скажуць, што яна не ведае ўмоўнага ладу. А можа хто і заўважыць: вось няхай бы яны расказвалі пра тое ці тое вось так… Спадзяюся, іх будзе меншасць.

Пажадаем нам усім добрай памяці аб папярэдніках, якія рабілі часопіс. А нам, хто працуе ў ім сёння — крэатыўных ідэй, доўгага жыцця! Бо не сакрэт: з часам, нягледзячы на лідзіруючыя электронныя ўмовы для існавання СМІ, мы з задавальненнем будзем гартаць як часопісы, так і кнігі з газетамі. Ну нездарма ж, расказваюць, у ЗША цяпер у элітных колах лічыцца правілам добрага тону — падарунак у выглядзе кнігі. Не электроннай!

Пра што мы пішам, няма патрэбы пералічваць. Той, хто чытае часопіс, ведае: мы працуем на вынік, які будзе цікавы чытачу. І мясцоваму, і замежнаму. А самі мы — амаль штодня ў творчым працэсе, які ўсім маім калегам падабаецца.

Валянціна Ждановіч

Фота Івана Ждановіча

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.