Вы тут

Сартавальніца смецця: Дзеці кажуць, я не лепшая за бамжоў


Гадоў дзесяць таму пазнаёмілася з жанчынай, якая падняла непапулярную тэму. Таццяна распавяла, што ёй 40 гадоў, маці-адзіночка, на руках — двое школьнікаў. Спецыяльнасці пэўнай не набыла, але вось знайшла для сябе работу, якая вельмі падабалася. І зарплата прыстойная, і калектыў добры, але дзеці саромяцца, што яна працуе сартавальніцай смецця на біямеханічным сартавальным заводзе.

— Дзеці кажуць: ты не лепшая за бамжоў, што жывуць са сметніка, а я раблю тое, што кожны з нас павінен рабіць, але не жадае запэцкацца. Рукамі перабіраю пластык, паперу, шкло, адходы з вашых кухняў. За змену праз такіх, як я сартавальнікаў праходзіць некалькі дзясяткаў тон смецця.

Сама не разумеючы, жанчына пачала немудрагеліста разважаць пра бясконцае спажыванне, пра тое, што людзі выкідаюць рэчы і не разумеюць іх каштоўнасці для некага іншага. Яна так апантана расказвала пра карысць паасобнага збору адходаў і перапрацоўкі другаснай сыравіны, што заслухаўся б вопытны эколаг.


Гісторыя той жанчыны-сартавальніцы ўсплыла ў памяці не так даўно, калі некалькі месяцаў таму гомельскія камунальнікі і эколагі ў адзін голас загаварылі: магутнасцяў біямеханічнага сартавальнага завода, які быў пабудаваны ў 2007 годзе, адзінага для паўмільённага Гомеля і навакольных вёсак, больш не дастаткова. Гарадскі палігон цвёрдых бытавых адходаў перапоўнены. На кардынальнае вырашэнне пытання застаецца менш двух гадоў.

У нефармальных абмеркаваннях «смеццевай праблемы» гамяльчане падзяліліся на два лагеры: «чалавек-спажывальнік» і «чалавек-камунальнік». Першыя з аргументамі: я, маўляў, утвараю смецце, а што далей — гэта праблема тых, хто зарплату атрымлівае за збор і перапрацоўку. Другія рэальна заклапочаны праблемай і вераць, што існуючы падыход да смецця можа змяніцца ў найбліжэйшы час.

Здалося, некаторыя гамяльчане і самі не ведаюць, колькі паслядоўных крокаў зрабіў горад, каб увогуле пачаць «разбірацца са смеццем». Гэтыя «разборкі» складаліся з непрыкметных гісторый руплівых сартавальшчыц завода, жыльцоў шматпавярховак, што адмовіліся ад смеццеправодаў, камунальнікаў, што цярпліва прывучалі сартаваць смецце, чыноўнікаў, якія зразумелі, якім чынам адходы ператвараць у даходы.

Згадаем разам. Яшчэ ў сярэдзіне дзевяностых у гомельскай Навабеліцы аднымі з першых у краіне пачалі адмаўляцца ад выкарыстання смеццеправодаў у шматпавярхоўках. Гэта была не толькі санітарная пазіцыя, але адзіная магчымасць увогуле пачаць паасобны збор смецця. У нулявых гомельскія камунальнікі масава ўсталёўвалі бакі для розных відаў адходаў. У 2007 годзе ў Гомелі пачаў дзейнічаць першы тады ў краіне біямеханічны сартавальны завод. Праз некалькі гадоў горад першы з абласных цэнтраў цалкам адмовіўся ад смеццеправодаў.

На заводзе магутнасцю 100 тон за суткі наладжана глыбокая перапрацоўка пластыка і поліэтылена. Там жа працуе цэх па рабоце з буйнагабарытнымі адходамі: ад мэблі да халадзільнікаў. На базе гомельскага прадпрыемства «Спецкамунтранс» дзейнічае падраздзяленне, дзе з адходаў пластыка і плёнкі выплаўляюць люкі, кольцы для калодзежаў і ліўнепрыёмнікі.

Што цяпер? Сёння створанай сістэмы сартавання і перапрацоўкі смецця недастаткова для аб'ёму цвёрдых камунальных адходаў, якія пастаўляюць горад і навакольныя вёскі.

Новая вытворчасць, праект якой распрацоўваецца ў Гомелі, павінна стаць рэгіянальным комплексам абыходжання з адходамі. Гэта не толькі новы палігон, але і сартавальны завод. Тады можна будзе закрыць патрэбы па перапрацоўцы смецця не толькі Гомеля, але і суседніх раёнаў: Гомельскага, Добрушскага, Веткаўскага, Чачэрскага, Лоеўскага і Рэчыцкага. Гэта на перспектыву.

Цяпер жа смеццевы палігон — самы буйны ў Гомельскай вобласці — гэта цэлы гмах у 20 паверхаў.

Апошнія 52 гады сюды звозіліся ўсе гарадскія адходы. Верхнюю частку гары зраўнавалі, засыпалі пяском. Цяпер смецце скідаюць на бакавых пляцоўках. Месца практычна не засталося, прызнаецца дырэктар Гомельскага прадпрыемства «Спецкамунтранс» Валерый Ткачоў:

— Аб'ект не закансерваваны. Зараз аб'ёмы цвёрдых камунальных адходаў, якія паступаюць на палігон, зніжаны на 10 %. Астатняе вымушаны пакуль перанакіроўваць на палігон у Ветку.

Палігон у Гомелі ствараўся ў канцы 60-х. У савецкія часы першапачаткова праекта не было, — працягвае Валерый Ткачоў. — Палігон утварылі на месцы невялікага кар'ера, так вось і застаўся. Даводзілася расці ўверх. Гэта складана ў тэхнічным плане, але выйсця іншага пакуль няма. Праблемай заклапочаны гарадскія і абласныя ўлады, цяпер вядзецца пошук пляцоўкі для новага палігона.

Зараз у Гомельскім гарвыканкаме вызначаюцца з заказчыкам будоўлі. Шляхі фінансавання — сродкі гарадскога бюджэту плюс Міністэрства ЖКГ. Вядома, што для новага аб'екта неабходна пляцоўка не менш чым у 20 гектараў. Пры гэтым складзіраваць плануецца толькі да 30 % смецця. Астатнія аб'ёмы пачнуць перапрацоўваць пад другасную ўпакоўку і біягаз.

Дарэчы, ужо цяпер на гомельскім палігоне працуе вытворчасць альтэрнатыўнай энергіі. Кампанія-інвестар, якая ўзяла ў арэнду частку тэрыторыі, пры дапамозе спецыяльных кампрэсараў выпампоўвае праз свідравіны біягаз. Ён напалову складаецца з метану. Тут жа знаходзіцца і міні-электрастанцыя. У месяц яна вырабляе да 20 мегават электраэнергіі.

На новым аб'екце абавязкова павінны сумяшчацца экалагічныя складнікі і перадавыя тэхналогіі, упэўнены ў «Спецкамунтрансе».

Пры стварэнні новага комплексу трэба ўводзіць аўтаматызаваныя лініі па больш глыбокай перапрацоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў. Метал, шкло, макулатура пойдуць па прызначэнні. З кампосту можна будзе атрымліваць угнаенні.

«Звязда» спытала

Ці гатовыя гамяльчане пераплачваць за ўпакоўку тавару, зробленую з экалагічна бяспечных матэрыялаў?

Сафія, маладая маці: «Я не ведаю, як наогул гэтая розніца ў цане можа быць вылічана, але, думаю, нейкія цалкам адэкватныя сумы.
Я гатовая плаціць. Я думаю пра сваіх дзяцей і ўнукаў».

Максім, студэнт: «А хто ў краме дакажа, што ўпакоўка іх тавараў рэальна экалагічная? Я не моцна спадзяюся на сумленнасць вытворцаў экалагічнай тары».

Таццяна, пенсіянерка: «Калі ўкладуцца ў прыстойную суму для пенсіянераў, то можна. Увесь свет ідзе да гэтага, мы таксама павінны ісці ў гэтым кірунку».

Аляксандра, касметолаг: «У мяне сустрэчнае пытанне: ці будзе гэта зручна? Я асабіста не гатовая насіць малако ў шклянках. І увогуле, лічу, што такія прадукты будуць каштаваць залішне дорага».

Міхаіл, вайсковец у адстаўцы: «Усё новае экалагічнае — гэта старое, пра якое забылі. Заварочваць усё ў газеты, як калісь, вось рашэнне. Выпісваеш, чытаеш, потым — у гаспадарку. Ніякай адмысловай абгорткі і пакункаў».

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Ірыны АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Каб не жыць на сметніку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.