Вы тут

У Мінску, каб пачуць роднае слоўца, трэба наведваць беларускамоўныя імпрэзы. У вёсцы дастаткова проста выйсці з хаты


Цяпер родная газета на роднай мове прыходзіць і ў нашу вуслянскую хату. Вядома, можна было сэканоміць грошы ды працягваць чытаць «Звязду» ў інтэрнэце. Але, як казала мая бабуля: «Ну як гэта жыць у вёсцы ды нічога не выпісваць».


Цяпер родная газета на роднай мове прыходзіць і ў Малую Вусу. Прычым, што ўсцешыла, не адна...

За апошніх 15 гадоў, што пражыла ў Мінску, мне ні разу нават думка не прыйшла падпісацца на нейкую газету ці часопіс. А вось з пераездам у Малую Вусу накаціла настальгія па вясковым дзяцінстве. Згадала, як пасля школы з нецярпеннем чакала паштальёнку, што прыносіла мне «Раніцу». Часам цёця Лена хітра ўсміхалася і казала: «Ну што, танцуй», — пасля чаго працягвала мне ліст ад сяброўкі па перапісцы (іх я заводзіла менавіта дзякуючы газеце). У такія моманты радасці маёй не было межаў!

Раней у вуслян таксама была свая «цёця Лена», з якой можна было пагаварыць ды пасмяяцца за жыццё. Цяпер жа газеты ў Вусу прывозіць машына «Белпошты». І калі раней каля кожнай хаты вісела свая паштовая скрыня, дык цяпер па свежую прэсу трэба ісці ў цэнтр вёскі. Менавіта там, на плоце, побач з буслянкай вісіць агульная скрыня з пранумараванымі ячэйкамі. Дык вось пасля Новага года і нашай сям'і выдзелілі адну, самую верхнюю. І ключык ад яе далі. Так з'явілася ў нас з Сымонкам новая традыцыя: пяць разоў на тыдзень разам ходзім па «Звязду». Ужо дома сынок з цікаўнасцю гартае газету, тыцкаючы ў фотаздымкі маленькім пальчыкам — «дзядзя», «цёця», «гого» «дуда»... Вось зараз думаю, які б беларускамоўны часопіс выпісаць свайму гадавасіку.

Дарэчы, я была пераканана, што адна з вуслян буду выпісваць «Звязду». І прыемна здзівілася, калі памылілася са сваімі прагнозамі. На днях дастала газету са скрыні, стаю гартаю. Якраз у гэты момант спадар Іван вяртаецца дадому з бензапілой у руках. Павітаўся ды кажа: «А я таксама «Звязду» выпісваю». Аказваецца, яго цесць усё жыццё быў верны нашай газеце. «Не прызнаваў ніякіх іншых выданняў, акрамя «Звязды». А я перад Новым годам ляжаў у бальніцы, дык і купляў у шапіку то адну газету, то другую. Прыглядаўся. У выніку папрасіў жонку выпісаць «Звязду» на паўгода».

Нядаўна злавіла сябе на думцы, што тут, у Вусе, мы з сям'ёй пачуваемся дома. Глядзіце самі: у Мінску, каб пачуць роднае слоўца, трэба адмыслова наведваць беларускамоўныя імпрэзы. Тут жа, у вёсцы, дастаткова проста выйсці з хаты. Бо карэнныя вусляне размаўляюць на сакавітай роднай мове. А з вясны да позняй восені штодзень слых радуюць радыё «Сталіца» ды канал «Культура» Беларускага радыё, што цэлы дзень вяшчае ў альтанцы нашых самых блізкіх суседзяў. Нават аб'явы аб вясковых сходах тут пішуць па-беларуску. Таму нядзіўна, што за больш як паўгода, якія мы тут жывём, ніхто ні разу не запытаўся, чаму мы размаўляем па-беларуску. Тут не трэба баяцца, што цябе не зразумеюць, калі кажаш такія слоўцы, як чабор, суніцы, ажыны, гарбата, зёлкі, скрыпень... І калі ты папросіш у мясцовай краме цукар ці запалкі, імгненна атрымаеш менавіта тое, што прасіў. Відаць, менавіта таму з першага дня нам тут так лёгка дыхаецца.

У той дзень, калі мы прыехалі ў Малую Вусу глядзець участак, былы яго гаспадар першым чынам пазнаёміў нас з будучымі суседзямі. Памятаю, як пераглянуліся з мужам, калі Галіна Фёдараўна загаварыла з намі па-беларуску. Аказалася, яна да пенсіі працавала настаўніцай. У свой час нават пісала артыкулы ў «Настаўніцкую газету» пра важны ўплыў роднай мовы на выхаванне дзетак. Я тады адразу свайму Уладзю сказала, што гэта лёс, добры знак.

Перад Новым годам, калі ездзілі выпісваць «Звязду» ў Ліцвяны (паштовае аддзяленне месціцца ў суседняй вёсачцы), дык зайшлі ў дзіцячы садок, куды плануем пазней аддаваць свайго Сымонку. Мала таго, што маладая выхавацелька дазволіла малому пагуляць з цацкамі, дык і, што ўсцешыла, звярталася да яго на роднай мове.

Дачка ж майго ўніверсітэцкага сябра ходзіць у гарадскі садок. Дык вось пасля Каляд вярнулася Васіліса дадому і дзеліцца ўражаннямі: «Папа, сегодня к нам в группу приходили ряженные щедровщики, пели песни, а потом воспитатель сказала: «Бярэм казу ў кола!». Кола — это как? Как в песне «виски, кола, королева танцпола»?» Як кажуць, і смех і грэх... Гэтая гісторыя ўжо каторы дзень не выходзіць у мяне з галавы. А дакладней, каментары бацькоў, якія пасыпаліся пад Алесевым пастом у сацсетках. Маўляў, «у гэтым паўгоддзі стала тры белмовы ў тыдзень. Ужо каторы дзень мой маленькі школьнік у дэпрэсіі». «Часам чытаем на мове, але сын пакуль не вельмі любіць», «і ў нас такая ж гісторыя!»... І гэта ўсё дзеці, якія гадуюцца ў горадзе. Яны чуюць мову гады ў рады. Таму не дзіўна, што не разумеюць сэнс адметных беларускіх слоўцаў. У нас, вясковых дзяцей, у свой час такой праблемы не было. Таму хочацца верыць, што пераезд у вёску — найлепшы падарунак, які я магла зрабіць сваёй радзіме і сыну. Спадзяюся, ужо праз пару гадкоў на Каляды наш беларусік не разгубіцца і возьме разам з іншымі дзеткамі казу у кола. Жыццё пакажа...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Добры знак, або Чаму нам тут лёгка дыхаецца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».