Вы тут

Без якіх кампетэнцый «выжыць» на рынку працы будзе немагчыма?


Як спраектаваць сваю будучыню? Кім быць, каб праз 10—15 гадоў не застацца без работы? Хто са спецыялістаў будзе запатрабаваны? Гэтыя пытанні хвалююць сёння многіх, асабліва тых, хто яшчэ не абраў свой прафесійны шлях. Паводле апошняга глабальнага даследавання працоўных рэсурсаў, дэфіцыт рабочай сілы ў свеце ў 2030 годзе складзе прыкладна 85 мільёнаў чалавек, але востры недахоп будзе абумоўлены адсутнасцю навыкаў, а не людзей.

Інтэрнэт рэчаў, аўтаномныя электрамабілі, дроны, робаты, індывідуальныя лекі, створаныя на падставе аналізу ДНК, альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, «разумныя гарады»... Усё гэта — ужо сённяшні дзень. Ва ўмовах лічбавізацыі рынак працы зменіцца кардынальна, а многія прафесіі знікнуць назаўсёды. Чацвёртая прамысловая рэвалюцыя і крэатыўная эканоміка ўзмацняюць няроўнасць паміж людзьмі, але актуалізуюцца супярэчнасці не паміж багатымі і беднымі, а паміж людзьмі з высокаразвітымі кампетэнцыямі, прафесіяналамі высокага класа — з аднаго боку, і сярэднімі спецыялістамі — з другога. Прасцей кажучы, быць сярэднім студэнтам, сярэднім выпускніком, сярэднім спецыялістам становіцца эканамічна нявыгадна.

«Новыя навыкі для новых спраў» — менавіта так называлася канферэнцыя, якая прайшла ў рамках праекта «Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Эксперты са Швецыі, Германіі, Нідэрландаў, Эстоніі, Літвы, Францыі, Славеніі, Беларусі і іншых краін прадставілі на ёй інавацыйныя практыкі, якія адпавядаюць сістэме навучання на працягу ўсяго жыцця, пазнаёмілі з запатрабаванымі кваліфікацыямі, механізмамі прагназавання кампетэнцый будучыні і сучаснымі стандартамі прафесійнай дзейнасці.


«Канструктар» з ведаў

Ёсць меркаванне, што ў самых прагрэсіўных галінах праз паўтара-два гады палова ведаў перастане даваць канкурэнтную перавагу. Каб стварыць яе, трэба генераваць новыя веды. Гэта значыць, што якую б ВНУ вы ні скончылі, калі не абнаўляць веды, у найлепшым выпадку іх хопіць на пяць гадоў. Пасля гэтага вы можаце застацца неканкурэнтаздольнымі на рынку працы.

— Сёння мы назіраем нарастаючую нестабільнасць уменняў. Лічбавізацыя змяняе колькасць, профіль, а часта і лакалізацыю рабочых месцаў і задач. Да 2022 года доля асноўных уменняў, якія патрабуюцца для выканання работ, зменіцца на 42 працэнты. Кожнаму другому супрацоўніку будуць патрэбныя сур'ёзная перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі тэрмінам ад шасці месяцаў да года, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі віцэ-прэзідэнт Festo Dіdactіc SE Андрэас ХЁРСТ. — Прычым рабочыя месцы і прафесійныя ўменні змяняюцца ва ўсіх эканамічных сферах. Прыкладна траціна кампаній, апытаных у 2018 годзе, канстатавалі, што будуць браць пад увагу тое, як рабатызацыя паўплывае на іх бізнес-мадэль. Некаторыя пасады проста перастануць існаваць. Шмат відаў работ алгарытмізуецца.

У перспектыве будуць запатрабаваныя камбінаваныя навыкі і гібрыдныя службовыя абавязкі, якія аб'ядноўваюць розныя дысцыпліны. Узаемадзеянне з разумнымі машынамі патрабуе новых здольнасцяў, высокай ступені самастойнасці ў дзеяннях і самаарганізацыі. Я заклікаю разглядаць хуткасць лічбавізацыі як магчымасць для адукацыі, якая, несумненна, павінна адпавядаць новым патрэбам эканомікі і грамадства.

Як паведаміў у сваім выступленні кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзірк ШУБЕЛЬ, у 2020 годзе ў краінах Еўрасаюза прыблізна 15 працэнтаў дарослага насельніцтва будзе ўдзельнічаць у розных адукацыйных праграмах. У 2018 годзе імі было ахоплена 11 працэнтаў насельніцтва (12 працэнтаў жанчын і 10 працэнтаў мужчын). Найлепшыя вынікі дасягнуты ў Швецыі, Фінляндыі і Даніі.

У самай найбліжэйшай будучыні адукацыя стане бесперапынным працэсам, «канструктарам» з ведаў, якія чалавек зможа перасабраць самастойна. Знікне і паняцце «прафесія» — яму на змену прыйдзе ўзаемапранікальная сістэма кампетэнцый. Кампетэнцыі — больш, чым проста веды і ўменні. Гэта і першае, і другое плюс псіхасацыяльныя асобасныя якасці, звязаныя з адказнасцю за тое, што мы ведаем і ўмеем прымяняць на практыцы.

У сярэднім чалавек за жыццё можа змяніць да дзесяці прафесій. З'явяцца цэнтры сертыфікацыі, дзе спецыялісты будуць здаваць кваліфікацыйныя экзамены, якія вызначаюць набор навыкаў і кампетэнцый. Чалавек будзе фарміраваць набор апошніх пад запыты канкрэтных вакансій. А штучны інтэлект падкажа, якіх ведаў яму не хапае, чаму і як трэба вучыцца.

Незалежны кансультант у вобласці прафарыентацыі, эксперт Саша НІКЛАНОВІЧ (Славенія) звяртае ўвагу на наступную акалічнасць: змена работы знаходзіцца на трэцім месцы сярод стрэсавых фактараў. Таму прафесійнае арыентаванне павінна нас суправаджаць на працягу ўсяго жыцця...

Пад патрэбы наймальнікаў

Берціл ОСКАРСАН, эксперт па прафесійным навучанні і навучанні дарослых, паведаміў, што ў Швецыі дзейнічае Нацыянальнае агенцтва вышэйшай прафесійнай адукацыі. Яно адказвае за распрацоўку і падтрымку Шведскай нацыянальнай рамкі кваліфікацый і забяспечвае прафесійнае навучанне ў 14 розных галінах, напрыклад, будаўніцтве, вытворчасці, ахове здароўя, сацыяльнай сферы, рэстараннай справе, турызме, транспарце, сельскай гаспадарцы, экалогіі і нават у журналістыцы.

Вучоба можа доўжыцца ад шасці месяцаў да двух гадоў, але для таго, каб праграма прывяла да атрымання сертыфіката пятага або шостага ўзроўню еўрапейскай рамкі кваліфікацый, яна павінна доўжыцца мінімум адзін год.

Праграмы прапануюцца ў абласцях, дзе ёсць ярка выражаны попыт на пэўныя кампетэнцыі (патрабуецца дакументальнае пацвярджэнне гэтага факта). Калі ў пастаянна дзеючых установах адукацыі не рыхтуюць патрэбных на рынку працы спецыялістаў, то навучальныя ўстановы разам з наймальнікамі могуць звяртацца ў агенцтва для арганізацыі іх навучання. Прычым работадаўцы абавязкова бяруць удзел у прафесійным навучанні: сама меней 25 % зместу праграмы вывучаецца непасрэдна на вытворчасці.

Работадаўца выступае асноўным пастаўшчыком паслугі або суарганізатарам, дае пляцоўку для навучання на рабочым месцы, з'яўляецца членам кіруючага камітэта праграмы навучання і можа забяспечыць выпускнікоў рабочым месцам (але гэта неабавязкова).

Заяўка на арганізацыю праграмы адкрываецца ў красавіку кожнага года на наступны год. Навучацца могуць як учарашнія школьнікі, так і дарослае насельніцтва. Некаторыя праграмы патрабуюць атрыманых раней ведаў, напрыклад заканчэння спецыяльных курсаў па нацыянальнай праграме на ўзроўні старшай сярэдняй школы, або спецыяльнага прафесійнага вопыту.

Паспяховыя заяўкі атрымліваюць фінансаванне з разліку на канкрэтнага навучэнца. Яго ўзровень залежыць ад тыпу навучання і ў сярэднім складае 6300 еўра на аднаго навучэнца ў год, але можа вар'іравацца ад 5500 да 9000 еўра. Гэтыя лічбы не ўключаюць матэрыяльную дапамогу навучэнцам, якая паступае з іншай крыніцы фінансавання (прыблізна 9 тысяч шведскіх крон, або 900 еўра). А вось браць плату за навучанне не дапускаецца.

У 2018—2019 гадах па 496 праграмах навучаліся 36 тысяч чалавек. Колькасць прэтэндэнтаў на даступнае месца складала ў сярэднім 1,8 чалавека. Праз шэсць месяцаў пасля заканчэння падрыхтоўкі 93 % слухачоў такіх адукацыйных праграм працаўладкоўваюцца або арганізуюць самазанятасць (52 % былі нанятыя кампаніямі, у якіх яны праходзілі навучанне на вытворчасці). 91 % навучэнцаў і 70 % наймальнікаў задаволеныя або вельмі задаволеныя вынікамі навучання.

На «мове дракона»

Як больш эфектыўна вучыцца: на памылках ці на сітуацыі поспеху? Паўлюс ДАБАЖЫНСКАС, урач-рэаніматолаг, доктар медыцыны, выкладчык Універсітэта навукі і здароўя (Літва), упэўнены, што ў медыкаў усе навыкі павінны быць даведзены да аўтаматызму.

— Я добра памятаю, як пасля заканчэння навучання прыйшоў на работу і мне давялося аказваць дапамогу пацыенту, які пацярпеў у дарожна-транспартным здарэнні, — кажа ён. — Тэарэтычна ведаю, што рабіць, але ў стрэсавай сітуацыі разгубіўся. Той раз чалавека выратавалі, але я стаў думаць, што трэба з гэтым штосьці рабіць. Будучыя ўрачы выходзяць з медыцынскага ўніверсітэта з ведамі, якія не могуць прымяніць на практыцы... Ёсць такая статыстыка: 80 % выпускнікоў — гэта лузеры, 17 % — урачы, да якіх можна ісці лячыцца, і толькі 3 % — урачы ад Бога. Рашэнне праблемы мы падгледзелі ў стваральнікаў касмічнай праграмы. Над распрацоўкай інфармацыйнай сістэмы для касмічнай станцыі было задзейнічана каля 60 тысяч чалавек. Калі на арбіце адбываецца нейкі тэхнічны збой, на Зямлі трэба яго тэрмінова ліквідаваць. А паспрабуйце знайсці таго, хто адказваў за канкрэтны ўчастак агульнай работы! Таму была створана алгарытмічная мова і ўсе самыя складаныя працэсы прапісаны так, каб любы супрацоўнік цэнтра кіравання мог разабрацца і выправіць хібы.

Мы пайшлі аналагічным шляхам: стварылі «мову дракона» і мадэль гібрыднага навучання, якая спалучае элементы электроннага навучання, узаемнага навучання, практычнага навучання сімуляцыям і элементы навучання прафесійнаму майстэрству з выкарыстаннем пакрокавых алгарытмаў і сімуляцыі сітуацый. Звычайныя сімуляцыйныя цэнтры, якія выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы медыкаў, маюць шмат мінусаў: гэта абавязковая наяўнасць інструктара-прафесіянала, навучанне ў вялікіх групах, калі адзін штосьці робіць, а іншыя толькі глядзяць, абмежаваны час доступу ў вучэбную аўдыторыю і іншыя недахопы.

Наша аўтаматызаваная сістэма кіравання сімуляцыйным цэнтрам заснаваная на алгарытмах паспяховага навучання, таму што на хвалі ўдачы вучоба ідзе прасцей. Сітуацыйнае алгарытмічнае навучанне дазваляе ўсе магчымыя сцэнарыі давесці да поўнага аўтаматызму. Студэнт праходзіць чатыры стадыі навучання: ад несвядомай і свядомай некампетэнтнасці да свядомай і несвядомай кампетэнтнасці. Вучоба адбываецца ў маленькіх групах па тры чалавекі і не патрабуе прысутнасці інструктара. Апошні знаходзіцца на адлегласці, ён не з'яўляецца крыніцай ведаў, а забяспечвае кантроль за працэсам (у зручны для яго час), выкананне студэнтамі кантрольных сцэнарыяў і сертыфікацыю ведаў. Навучанне можа доўжыцца 24 гадзіны ў суткі або столькі, колькі забяспечваецца доступ у «Гібрыд-лаб».

Важнасць крытычнага мыслення

Многія эксперты на канферэнцыі звярталі ўвагу на актуальнасць так званых мяккіх навыкаў (sоft skіlls). Ёсць думка, што паспяховасць чалавека ў прафесійнай сферы на 85 працэнтаў залежыць ад іх. Sоft skіlls спатрэбяцца ў любой сітуацыі і ў любой прафесіі. Іх яшчэ называюць сацыяльнымі навыкамі, таму што размова ідзе пераважна пра ўзаемадзеянне паміж людзьмі.

Маюцца на ўвазе такія якасці, як уменне выказваць сваё меркаванне і пры гэтым не ўшчамляць іншых, уменне весці дыялог з аўдыторыяй, аргументавана дыскутаваць, прадухіляць і «гасіць» канфлікты, фармуляваць мэты і ставіць задачы, а таксама гнуткасць, уменне працаваць у камандзе, генерыраваць і камбінаваць ідэі, стрэсаўстойлівасць, уменне канцэнтравацца, прэзентацыйная ўпэўненасць, самаарганізацыя, гатоўнасць браць на сябе адказнасць, прыстасоўвацца да інавацый. Увогуле, калі трапляеш у новы калектыў, неабходна быць гнуткім і лёгка адаптавацца да перамен, таму без «мяккіх навыкаў» проста не абысціся...

Эксперты Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе сфарміравалі пералік кампетэнцый, які ўключае дзесяць пунктаў. Сярод іх комплекснае вырашэнне праблем, крытычнае мысленне, крэатыўнасць, уменне кіраваць чалавечымі рэсурсамі, узаемадзейнічаць з іншымі людзьмі, эмацыянальны інтэлект (эмпатыя ў рабоце не менш важная, чым узровень ІQ), адказнасць за прыняцце рашэнняў, кліентаарыентаванасць, уменне весці перагаворы, кагнітыўная гнуткасць (здольнасць розуму хутка пераключацца з адной думкі на іншую, а таксама абдумваць некалькі рэчаў адначасова).

Важнасць крытычнага мыслення расце (яно знаходзіцца на другой пазіцыі), а вось яго распаўсюджанасць адстае. Каб арыентавацца ў вялізным інфармацыйным свеце, патрабуюцца два ўменні. Першае — весці пошук інфармацыі, аналізаваць яе. І другое, самае галоўнае, — уменне выбудоўваць сувязі паміж здабытай інфармацыяй і атрыманымі раней ведамі і ўбудоўваць новую інфармацыю ў задачы і праблемы, што ўзнікаюць.

І напрыканцы адна парада ад экспертаў: правярайце, чаму вы навучыліся за тыдзень, месяц, год... Калі адкідаць гэтую думку і апраўдвацца тым, што занадта занятыя аператыўнымі задачамі і справамі, то праз некаторы час убачыце, што вы засталіся на ранейшым месцы, а свет пайшоў наперад, і ваша канкурэнтаздольнасць на рынку працы рэзка знізілася.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Новыя навыкі — для новых спраў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?