Вы тут

«Дрэнныя хлопцы назаўсёды»: яшчэ адзін фільм, дзе палаючы дом абвальваецца якраз за спінамі герояў


Заўсёды вельмі проста вылічыць, на якую стужку «ставіць» кінапракат, а значыць і дыстрыб'ютар: такія ідуць па ўсіх мажлівых кінатэатрах па некалькі разоў на дзень. Убачыш сетку паказаў — і ўжо ведаеш, што гэта «козыр», які за рэдкім выключэннем абавязкова кіруецца забаўляльнымі задачамі і не ўтрымлівае ў сабе нічога большага за непрыхавана камерцыйны экшэн і суцэльныя спецэфекты. Гэтым разам рукі пацірае з дзясятак галівудскіх кінакампаній, датычных да стужкі «Дрэнныя хлопцы назаўсёды»: працяг нізка ацэненых фільмаў пра крутых дэтэктываў Маркуса Бёрнэта і Майка Лоўры стаў адным з лідараў пракату. «Казачны» сцэнарый, найпрасцейшы, калі не казаць пра тэхнічны аддзел і каскадзёраў, спосаб яго ўвасаблення, так сабе гумар — некалькі разоў на дзень у кожным кінатэатры.


Самы раз, каб змарнаваць час бясследна. Гледачу ўжо вядомыя гэтыя героі ў выкананні Уіла Сміта і Марціна Лоўрэнса — славутыя непераможныя «дрэнныя хлопцы», дружбаны і напарнікі, грозы злачынцаў і наркабаронаў, якія з рашучасцю на мяжы безразважнасці, гумарам і нават уласнай песняй раскідваюць праціўнікаў.

У трэцім фільме пра дэтэктываў іх заданнем становіцца выяўленне мсціўца, які некалькі разоў стрэліў у Лоўры — той трапіў у шпіталь, тройчы перажыў клінічную смерць, але выжыў і прыйшоў на вяселле дачкі свайго напарніка. Крыху пазней мсцівец стрэліць у іх начальніка капітана і толькі адной куляй заб'е беспаваротна, каб праз параўнанне крутасць Лоўры была відавочная. Зразумела, у работу паліцэйскіх зноў умяшалася нешта асабістае, але што дакладна і хто гэтыя небяспечныя, і таксама рэзкія, мексіканцы — дэтэктывам з дапамогай асобнага і добра ўкамплектаванага паліцэйскага аддзела давядзецца высвятляць.

А каб жыццё не здавалася малінай і фільм расцягнуўся на больш чым дзве гадзіны суцэльнай весялосці, на шляху персанажаў да мэты апроч боек і спецаперацый павінны быць іншыя перашкоды, добра яны ўпісваюцца ў сцэнарый ці не. Бёрнэт, напрыклад, паабяцаў Богу, што перастане «сеяць гвалт» на зямлі, калі яго сябар выжыве, і сапраўды сыходзіць на пенсію, нягледзячы на просьбу Лоўры дапамагчы яму ў апошняй справе. Вядома ж, на час, але штамп бразільскіх серыялаў рассыпле па экране драматычныя ноты і стане нагодай для серыі жартаў.

Спецаддзел, што займаецца справай мсціўца Лоўры, у рэшце рэшт закрыюць, але гэта, вядома ж, не сыграе ніякай ролі, толькі зойме час: ён усё роўна адправіцца на дапамогу, бо паліцэйскія ў «Дрэнных хлопцах назаўсёды» абсалютна аўтаномна вырашаюць свае справы, не зважаючы ні на якія забароны і карыстаючыся прасунутай казённай тэхнікай.

Урэшце, серыя боек у пошуках вінаватых у нападзенні на Лоўры будзе амаль што толькі серыяй боек дзеля боек, бо мсцівец усё роўна сам знойдзе сваю мэту і сам дасць адказ на ўсе пытанні. Адным словам, імкненне ўмясціць як мага больш уражальных эпізодаў у сцэнарый выклікае вялікія пытанні. «Дрэнныя хлопцы назаўсёды» сапраўды не асабліва клапоцяцца аб грунтоўнасці гісторыі і дапасаванасці адной яе часткі да другой — усім кіруе патэнцыял дынамічнасці, што ў кампаніі з некалькімі жартамі мусіць не дазволіць гледачу адарвацца ад экрана.

Глядач і не адарвецца — фільм дарагі, відовішчны і насычаны, адно непераканаўчы да немагчымасці, — хопіць толькі пагоні, у якой дэтэктывы будуць ехаць на матацыкле, у іх будуць бясконца страляць ззаду, але ні разу не трапяць.

У той жа час цікава, што ўвасабленнем зла з наркагандлем і нават вядзьмарствам у галівудскіх кампаніях становяцца мексіканцы, а галоўныя героі — дэтэктывы — тусуюцца ў шыкоўных пентхаусах з басейнамі і неперадавальнымі краявідамі на Маямі і ездзяць на дарагіх аўтамабілях.

Выкарыстаўшы старыя прыёмы — палаючы дом, напрыклад, абваліцца толькі тады, калі кульгаючыя героі з яго выйдуць, — аўтары стужкі прапанавалі чарговы баявік, які, па сутнасці, з'яўляецца казкай, распухлай ад непатрэбных сюжэтных элементаў. «Дрэнныя хлопцы назаўсёды» — у пракаце да 12 лютага.

Вольга МІЦКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Знаёмыя прыёмчыкі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.