Вы тут

Зямля і памяць


Да міжнароднай акцыі “У славу агульнай Перамогі!”, якую анансаваў 9 мая 2019 года Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, далучаюцца замежныя арганізацыі, грамадскія дзеячы, беларусы замежжа


У крыпце гэтага Храма будуць зберагацца капсулы з зямлёй. Фота sputnik8.com

У хуткім часе, па вясне, пачнецца заключны этап акцыі. (Пра тое, як яна была ініцыявана, праходзіць па ўсёй Беларусі, наша газета пісала ўжо не раз. — Рэд.) І ў беларускіх суполак за мяжой (найперш у краінах, дзе ў гады Другой сусветнай вайны вяліся баявыя дзеянні, гінулі ў барацьбе з нацыстамі ўраджэнцы Беларусі) яшчэ ёсць час, каб далучыцца да міжнароднай акцыі “У славу агульнай Перамогі!”. Для таго трэба ў краіне, дзе цяпер жывуць беларусы, належным чынам сабраць зямлю з месцаў пахаванняў воінаў-суайчыннікаў, зрабіць адпаведныя апісанні пахаванняў. Найлепш, вядома ж, папярэдне ўзгадніць такія дзеянні з арганізатарамі акцыі. Калі зрабіць усё як належыць, то капсулы з зямлёй будуць урачыста закладзены 9 мая 2020 года ў крыпце мінскага Храма-помніка ў гонар Усіх Святых.

Паўдзельнічаць у праекце “У славу агульнай Перамогі!” заклікаў беларусаў замежжа настаяльнік Храма-помніка ў гонар Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны, калі ў Нацыянальнай бібліятэцы адзначалася 25‑годдзе Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Нагадаем, што актывісты Беларускага культурнага цэнтра духоўнага адраджэння, што дзейнічае пры Храме-помніку, раней бралі ўдзел у распрацоўцы праекта, цяпер апякуюцца яго паэтапнай рэалізацыяй: каардынуюць ход акцыі па ўвекавечанні памяці многіх тысяч беларусаў, якія аддалі жыцці за Айчыну.

Цяпер вядома: пахаванні воінаў-суайчыннікаў, што загінулі за межамі Беларусі ў часе сусветных войнаў ды іншых ваенных дзеянняў, знаходзяцца на тэрыторыях 49 краін. Велізарная праца па іх выяўленні вялася з 2010 года. Была створана кніга-рэквіем “Жить и помнить”, яе аўтары — доктар гістарычных навук Анатоль Шаркоў і журналістка Алена Харашэвіч, якія цесна супрацоўнічаюць з Усіхсвяцкім прыходам. Аўтарскі калектыў пабываў у першай экспедыцыі ў Германіі, Аўстрыі, Венгрыі, Польшы, Чэхіі, Славакіі ды Італіі. Дзякуючы таму ў крыпце Храма-помніка былі закладзены капсулы з зямлёй з Цэнтральных могілак Вены (Аўстрыя), Мемарыяльных могілак Керэпешы ў Будапешце (Венгрыя), Трэптаў-парку і Мемарыяла загінулым савецкім воінам у Ціргартэне ў Берліне (Германія), Могілак-маўзалея савецкіх воінаў у Варшаве (Польшча), Мемарыяльных могілак Славін у Браціславе (Славакія), Мемарыяла савецкім воінам на Альшанскіх могілках (Чэхія).

“Мы не ставім на мэце сабраць зямлю з усіх пахаванняў воінаў-беларусаў ва ўсіх замежных краінах, — патлумачыў мне пры сустрэчы дырэктар Беларускага культурнага цэнтра духоўнага адраджэння Аляксандр Госцеў. — Але ж падтрымліваем кожную падобную ініцыятыву, з якой выступае грамадскасць, нават асобны чалавек.

У крыпце Храма-помніка будуць размешчаны капсулы з зямлёй, сабраныя па жаданні жыхароў як Беларусі, так і замежных краін”.

У цэнтры мне расказалі, што акцыю падтрымліваюць і замежныя грамадзяне. Напрыклад, Амбасадар Малдовы ў Беларусі Віктар Сарачан ініцыяваў забор зямлі з пахаванняў савецкіх воінаў у Малдове. Ён збіраецца перадаць тыя капсулы з зямлёй з Малдовы ў крыпту Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Беларусі. Да таго ж і зямля з месцаў пахаванняў воінаў-малдаван, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі, спадар Амбасадар плануе адвезці ў адпаведныя арганізацыі ў Малдове.

Так праходзіла акцыя восенню 2019 года на Кургане Бессмяротнасці ў Лідзе. Фота БЕЛТА

Амбасада Балгарыі ў Беларусі таксама выказала намер паўдзельнічаць у акцыі. Там ужо склалі спіс месцаў найбольш масавых пахаванняў вайскоўцаў у Балгарыі — адкуль і рэкамендуюць балгарскія дыпламаты сабраць зямлю для ўвекавечання памяці загінулых.

Ёсць суполкі беларусаў за мяжой, што таксама жадаюць паўдзельнічаць у акцыі “У славу агульнай Перамогі!”. Сярод іх — Беларуская абшчына “Мара” з Ліепаі (Латвія). (Прыемная навіна! Пасля публікацыі артыкула “Малодшы сын Анастасіі Купрыянавай (ГР, 26.11.2019) мы парэкамендавалі аўтарцы Анжэле Фаміной расказаць пра акцыю сябрам па суполцы, паўдзельнічаць у ёй. Падказалі, дзе атрымаць кансультацыі. Рады будзем пачуць весткі па далейшым ходзе акцыі з Ліепаі. — Рэд.)

Не застаўся ў баку і савет Аб’яднання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы. Каардынуе дзеі, спалучаныя з заборам зямлі з пахаванняў воінаў у Літве, кіраўнік аб’яднання Мікалай Логвін. Ён ужо не раз прыязджаў у Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, наведваўся ў Храм-помнік у гонар Усіх Святых. Яго ўразіла крыпта, дзе ўвекавечваецца памяць абаронцаў нашай Айчыны.

У Расіі акцыю “У славу агульнай Перамогі!” дамовіліся сумесна правесці актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ды Расійскага саюза моладзі. У іх на руках ёсць Спіс воінскіх пахаванняў у гарадах-героях, складзены ў Міністэрстве культуры Беларусі. Ва Украіне — пад Кіевам і ў Чарнігаўскай вобласці — акцыю праводзіць Міжнародны педагагічны клуб. Дарэчы, яго сябры ў маі 2018‑га ўдзельнічалі ў ІV Міжнародным моладзевым форуме “Моладзь Еўропы — за Мір!”, на які прыязджалі маладыя людзі з Расіі, Беларусі, Украіны, Італіі, Венгрыі, Латвіі ды Узбекістана.

Некаторыя валанцёры ІІ Еўрапейскіх гульняў (якія, нагадаем, прайшлі ў Мінску летам 2019‑га) пасля спаборніцтваў заняліся заборам зямлі з месцаў пахаванняў воінаў у Валожынскім раёне Беларусі. Цяпер жа яны вырашылі правесці акцыю “У славу агульнай Перамогі!” у Польшы, паблізу Беластока — бо капсулы з зямлёй з Варшавы, нагадаем, ужо ёсць у крыпце.

Плануецца, што добраахвотнікі ў бліжэйшы час возьмуць таксама зямлю на ваенных могілках у Румыніі, Балгарыі, Харватыі, Латвіі, Малдове, Украіне, у гарадах-героях былых савецкіх рэспублік. Ёсць дамоўленасці наконт таго, што акцыя “У славу агульнай Перамогі!” за мяжой праводзіцца пры падтрымцы міністэрстваў замежных спраў тых краін.

Дзякуючы ініцыятыве грамадскасці за межамі Беларусі ў крыпту Храма-помніка ў гонар Усіх Святых нядаўна перададзена зямля з Мемарыяльных Антакальнскіх могілак у Вільнюсе (Літва), Мемарыяльнага комплексу “Вызваліцелям Бялграда” (Сербія), з магіл савецкіх воінаў-вызваліцеляў у Кіркінэсе (Нарвегія).

У Беларускім культурным цэнтры духоўнага адраджэння цяпер вельмі шмат арганізацыйнай працы. Чакаецца, што самым насычаным на падзеі ў плыні міжнароднай акцыі “У славу агульнай Перамогі!” стане красавік. Бо якраз у пару, калі абуджаецца прырода, зямлю з месцаў пахаванняў воінаў як у Беларусі, так і за яе межамі пачнуць мэтанакіравана перадаваць у крыпту Храма-помніка. Урачыстыя цырымоніі па закладцы капсул з зямлёй, якія прывязуць з‑за мяжы, і тых, што даставяць з розных раёнаў Беларусі, будуць праходзіць паасобку — але як мага бліжэй да 9 мая 2020 года.

Як патлумачыў Аляксандр Госцеў, пра свой намер паўдзельнічаць у акцыі беларусы замежжа могуць і цяпер паведаміць напрамую ў Беларускі культурны цэнтр духоўнага адраджэння. І яго спецыялісты падкажуць, як далей дзейнічаць, пры неабходнасці дапамогуць устанавіць кантакт з дыппрадстаўніцтвамі ці Міністэрствам замежных спраў Беларусі.

Пра тое, як праходзяць усе тры этапы акцыі, якія ёсць рэкамендацыі для забору зямлі на мемарыяльных могілках — можна прачытаць на сайце цэнтра ў інтэрнэце: http://www.zdv.by/ meroprіatіa/mezhdunarodnaya- akcіya-vo-slavu-obshchey-pobedy. Забор зямлі, як правіла, суправаджаецца ўрачыстымі імпрэзамі. Пры тым арганізатары акцыі на месцах самі рыхтуюць гістарычную даведку, збіраюць звесткі пра ваенныя падзеі 1941–45 гадоў у іх мясцовасці, пра ўнёсак землякоў у Вялікую Перамогу. Трэба яшчэ дазнацца пра колькасць загінулых, скласці спіс з іх імёнамі, калі яны вядомыя, сфатаграфаваць помнік і цырымонію забору зямлі. Уся тая ды іншая цікавая інфармацыя спатрэбіцца для музея: ён ужо ствараецца пры Храме-помніку ў гонар Усіх Святых.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».