Вы тут

Высокая мова гравюр


Рэканструяваная “Біблія для народа” разьбяра-гравёра Васіля Кораня, выдадзеная ў Маскве напрыканцы ХVІ стагоддзя, цяпер ёсць і ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.


Адна з гравюр майстра

Імя таленавітага земляка Васіля Кораня беларусы адкрылі для сябе параўнальна нядаўна. Вядома пра яго няшмат: што нарадзіўся каля 1640 года ў мястэчку Дуброўна Аршанскага павету (цяпер Віцебская вобласць). У часе вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667 гады) патрапіў у Расію. Якім чынам, у якім статусе — можна толькі здагадвацца: вайна ж была вельмі жорсткая. З 1671‑га жыў у Мяшчанскай слабадзе ў Маскве. Там і раскрыўся талент беларуса як разьбяра-гравёра. У 1692–1696 гадах друкавалася яго Біблія ў малюнках.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ў студзені зладзіў выставу “Бібліі для народа 1692–1696 гг. Васіля Кораня”. Дэманстраваліся рэканструкцыі маскоўскага мастака-графіка, заснавальніка сучаснага лубка Віктара Пензіна. Некалькі расфарбаваных гравюр з подпісамі на сюжэты з Кнігі Быцця і Апакаліпсіса з тае кнігі, вырабленыя ў “Майстэрні народнай графікі” Віктара Пензіна, застануцца ў Беларусі назаўсёды. Віктар Пятровіч падараваў іх музею ў часе адкрыцця выставы. Нагадаў: рэканструяваная ім Біблія Васіля Кораня ёсць у музеях у Ватыкане, Мексіцы, Мадрыдзе, іншых гарадах і краінах. І што яна цяпер ёсць у фондах Музея літаратуры ў Мінску — падзея знакавая.

Нагадаем: адзіны часткова ацалелы арыгінал кнігі XVІІ стагоддзя захоўваецца цяпер у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбурзе. Каштоўнасць ілюстраванай Бібліі Васіля Кораня ў тым, што яна стала першай кнігай з лубачных гісторый пра стварэнне свету, якія былі папулярныя ў Расіі ў канцы XVІІІ — XІX стагоддзях. Выданне вельмі падобнае на заходнія так званыя “Бібліі жабракоў”. Але тое не значыць, што кніга прызначалася для беднякоў: тэхналогія вырабу яе была складаная і шматзатратная.

Што з сябе ўяўляе арыгінальны асобнік кнігі? Біблія Кораня гравіраваная на дрэве, аддрукаваная на галандскай паперы з філігранямі: галава блазна і герб Амстэрдама. Старонкі размаляваныя ад рукі ў канцы XVІІ ст. жоўтай, карычневай, вішнёвай, ліловай, чырвонай, зялёнай і чорнай фарбамі рознага тону, насычанасці колеру. Каларыт аркуша вызначаюць охра й карычневая фарба. Кантрастам да іх успыхваюць чырвоны, зялёны, чорны колеры. Біблія мае фарзац з паперы, адлітай на Яраслаўскай мануфактуры Савы Якаўлева ў 1764–1765 гады, з уладальніцкімі запісамі XVІІІ — XІX стагоддзяў. Пераплецена ў карычневую скуру з залатым цісненнем у першай чвэрці XІX стагоддзя. Біблія Кораня не мае ні тытульнага аркуша, ні выходных дадзеных. Складаецца з 36 аркушаў-малюнкаў, з якіх 20 створаны паводле старазапаветнай кнігі “Быццё” і 16 — новазапаветнай кнігі “Апакаліпсіс”.

 

Дырэктар музея Міхаіл Рыбакоў (злева) прымае ў падарунак гравюры ад Віктара Пензіна

Кніга, прадстаўленая на выставе ў Мінску Віктарам Пензінам, адпавядае ўсім асаблівасцям арыгіналу. Навукоўцы спрачаюцца: якім накладам Васіль Корань мог выдаць сваю Біблію? Некаторыя гавораць пра 1000 асобнікаў, іншыя толькі пра некалькі, а ёсць і такія, хто сцвярджае: асобнік і быў адзіны. Адкрыла яго для навукі яшчэ ў 80‑я гады мінулага стагоддзя філолаг, мастацтвазнаўца, музейны супрацоўнік, адзін з галоўных спецыялістаў у галіне рускага народнага малюнка й рускай гравюры Антаніна Саковіч. (Мяркуючы па прозвішчы, у даследчыцы таксама беларускія родавыя карані? — Рэд.) Яна першай даведалася з маскоўскіх метрык пра беларускае паходжанне Васіля Кораня. Пра майстра, яго Біблію Антаніна Георгіеўна расказала ў кнізе “Народная гравіраваная кніга Васіля Кораня” (Масква, 1983). Дарэчы, і гэтая кніга была падаравана Музею літаратуры гасцямі ўрачыстай імпрэзы.

Антаніна Саковіч, маючы 96‑гадовы ўзрост, не змагла прыехаць на адкрыццё выставы, але звярнулася да беларускай навуковай супольнасці ў відэазвароце ў часе круглага стала ў музеі. Казала: ужо й не спадзявалася, што майстэрства Васіля Кораня будзе прызнана й на яго Бацькаўшчыне. Даследчыца такому ходу падзей вельмі рада. У відэазвароце яна дала дазвол беларускім навукоўцам у сваіх даследаваннях выкарыстоўваць і яе кнігу. Параіла шукаць яшчэ адну Біблію Васіля Кораня — у Беларусі. Сама ж даследчыца шукала яе раней на поўначы Расіі, ды не знайшла.

На круглым стале ў той жа дзень у музеі выступілі з дакладамі пра Васіля Кораня, ягоную працу краязнаўцы, мастацтвазнаўцы, гісторыкі з Расіі ды Беларусі.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».