Вы тут

| | + |: вынікі дэцэнтралізаванага тэсціравання


Фільмы з выразным сацыяльным падтэкстам — гэта заўсёды двухбакова востры меч. З аднаго боку, моцная і актуальная праблема ў цэнтры сцэнарыя хутчэй выклікае глядацкую прыхільнасць і пры паспяховым рэзанансе нават мае шанц неяк паўплываць на праблему, падштурхнуць адпаведныя структуры да яе вырашэння. Але ў той  жа час з такім фільмам вельмі лёгка залішне сканцэнтраваць глядацкую ўвагу на вастрыні фактуры, з-за чаго нейкія выключна кінематаграфічныя моманты (як негатыўныя, так і пазітыўныя) могуць зусім знікнуць з поля зроку. І гэта, па сутнасці, пазбаўляе рэжысёра вялікай долі прафесійна-арыентаванага фідбэку, таму толькі і  застаецца, што спадзявацца на іншых кінематаграфістаў і крытыкаў (чые меркаванні падвергнуты пэўнай прафдэфармацыі, а значыць, і  пазбаўлены нейкага працэнта аб’ектыўнасці, які можна атрымаць толькі ад звычайнага гледача).


Кадр з фільма «| |» («Два»).

На апошнім «Лістападзе», а пазней і ў масавым беларускім кінапракаце з’явіўся новы фільм рэжысёркі Улады Сяньковай «| |» («Два»), які адлюстроўвае сацыяльную экасістэму школы ў шматгалоссі яе характараў і адносін, а таксама паўстае пэўнай лакмусавай паперкай, якая агаляе псіхалагічнае нутро аднаго з найважнейшых асобаўтваральных этапаў у жыцці кожнага чалавека і  пакідае ўбаку ўсю фармальна-лічбавую мішуру. Услед за сваімі героямі кіно ўнутры самога сябе робіць некалькі тэстаў і атрымлівае наступныя вынікі.

| | (дзве палоскі): станоўчы тэст грамадства

Кожны з галоўных герояў — Насця, Саша і Крысціна — сваёй персанальнай гісторыяй амаль што моўчкі канстатуе: праблемы ў школьнікаў ёсць, і не абыякія. І вытокі гэтых праблем не ўнутры асобных людзей, а дзесьці па-за іх межамі — у чорным гнілым алеі, што змазвае шасцерні нябачных сацыяльных механізмаў.

Хлопец Саша — тыповая ахвяра школьнай траўлі, чыё інтэлектуальнае і ўвогуле культурнае дамінаванне перабіваецца дамінаваннем фізічным (і гаворка пра рэчы больш жорсткія, чым проста збіванне). Нягледзячы на ўражанне цалкам адэкватнай асобы, яго рэтраградная, бы Меркурый, мама ў крытычны момант раскрывае сваю непедагагічную сутнасць і завальвае хлопца гіперклопатам, не заўважае яго дэструктыўнага і псіхалагічна-некарэктнага характару.

Крысціна і яе маці — асобы хоць і з дакладна негатыўнымі рысамі, але негатыўнымі быццам бы не істотна: кожны дзень мы неяк суіснуём з такімі на вучобе ці на працы, і іх негатыў тым меней уплывовы, чым меней на яго звяртаеш увагі. Але ў фільме істотнасці гэтай чарвяточынцы, зноў жа, дадае соцыум, і гэтым разам той, што ўключае дарослых — бацькоў і калектыў выкладчыкаў. Праблема, якая магла застацца паміж двума людзьмі (і датычылася толькі аднаго чалавека), распаўсюджваецца ва ўсе бакі, чым робіць горш абсалютна ўсім, нават тым, хто, па сутнасці, ніякага дачынення да яе не мае. Дарэчы, што тычыцца дарослых: абсалютная большасць з іх падаецца ў негатыўным ключы, але пры гэтым рэжысёрка не ставіць крыж на цэлым пакаленні, але асэнсавана, без перабольшвання, робіць фокус на тых кавалачках пустэчы, на тых нябачных душэўных ранах, якія засталіся ў цалкам нармальных людзей ад савецкага выхавання.

Насця нашмат болей за Сашу і Крысціну паказвае здольнасці да пераадольвання гнілых сацыяльных механізмаў за кошт сілы волі і актыўнага яе ўжывання. Але нават яе ламае тая лавіна, што вырастае з маленькай крупінкі, і хаця цячэ лавіна ажно ў трох кірунках — унутр самой Насці, у яе прыватную прастору і  ў  прастору калектыўную, найбольш фатальны і фізічна адчувальны «штуршок», нягледзячы на ўсю ўнутраную моц гераіні, ёй наносіць менавіта удар з боку соцыуму.

Як і было сказана напачатку, гэтае кіно  — бескампрамісны дыягназ беларускаму грамадству і нават не званочак, а сапраўдны набат з прычыны ўсяго таго, што адбываецца зараз са школьнікамі. І хаця рэжысёрка ў жаданні не схлусіць нават самых станоўчых герояў надзяляе досыць праўдзівымі падлеткавымі «дэманяткамі», асноўны акцэнт агульнай карціны ўсё роўна дапускае толькі аднаго абвінавачанага — механізм сацыяльна-інстытуцыянальных адносін, на зубах якога круціцца падрастаючае пакаленне.

Па прычыне, вызначанай у самым пачатку, адчуваецца жыццёвая неабходнасць у тым, каб зняць мяса праблематыкі са шкілета кінамовы і ўгледзецца непасрэдна ў касцявую структуру, таму надыходзіць час і для другога тэсту.

| (адна палоска): адмоўны тэст кінафільма

Лёгкую збянтэжанасць, якая ўзнікае пасля дастаткова рэзкага абрыву аповеду падчас фінальных цітраў, можна гэтак жа лёгка “вылечыць” цытатай Улады Сяньковай з інтэрв’ю, дзе яна гаворыць, што «| |» — заказ ЮНЕСКА, які спачатку павінен быў быць кароткім метрам. І гэтым фактам «лечыцца» змешанасць уражання ад фільма, аднаўляюцца патрэбныя прычынна-выніковыя сувязі, але сама праблема, тым не менш, застаецца. Пры ўсіх заслугах візуальна-аператарскай і акцёрскай працы карціне хапае ўсяго адной, але вельмі істотнай праблемы, каб ад цалкам пазітыўнага стаўлення да фільма адразу сысці ў хісткае 50/50: гэта яго сярэднеметражнасць, якая фарміруецца выключна па прынцыпе сярэдняга арыфметычнага, бо сцэнарый пабудаваны з кавалкаў падыходаў да поўнага і кароткага метраў, а не з чагосьці аднароднага. Хронаметраж у 61 хвіліну нестандартны непрапарцыянальна, з-за чаго кіно падобна на дарослага чалавека з ножкамі дзіцяці.

Калі брацца перадаць храналагічнае адчуванне фільма, атрымліваецца наступнае: уводзіцца досыць істотная колькасць персанажаў, пачынаюцца іх гісторыі, акрэсліваюцца сацыяльна-праблемныя тэмы, ідзе развіццё і тых, і тых, а ў канцы  — такое-сякое завяршэнне атрымліваюць лініі толькі двух герояў (і тое — гэта не зусім завяршэнне, хутчэй нейкая квазікатарсічная паўза, кропка с коскай, якая падагульняе сюжэтную фразу, замест кропкі ці шматкроп’я, якімі закрываецца сказ). Таму атрымліваецца, што для поўнага метра не хапае выразнага «“канцавога” знака прыпынку», каб закрыць і праблематыку, і прыватныя гісторыі герояў, а для кароткага — у карціне зашмат непатрэбных сюжэтных ліній і сцэн, якія не даюць ёй стаць канцэнтраваным мастацкім відэаэсэ з сацыяльным падтэкстам. Такі дысананс, канечне, не перашкаджае фільму быць добрым плацдармам для карыснай рэфлексіі наконт моладзі і ўмоў яе сталення, але дакладна перашкаджае фільму быць добрым фільмам.

Напрыканцы прагляду складваецца ўражанне, быццам стужка, як на ўзроўні асобных гісторый, так і выніковага спалучэння ідэй і эмоцый, засталася ў нейкім чысцілішчы, дзе апынулася па прычыне надзвычай загадкавых абставін, звязаных ці то з выгараннем Улады Сяньковай падчас адаптацыі рэальнага негатыўнага вопыту, ці то з недахопам нейкіх станоўчых першакрыніц для сюжэта, ці то з вымотвальным хістаннем паміж заказам і ўласным поглядам. Абодва тэсты, нягледзячы на крыху розныя ўваходныя дадзеныя, прыходзяць да агульных вынікаў: «Штосьці не так, што — быццам вядома, а як з “не так” зрабіць “так” — цалкам не зразумела». Аптыміст бачыць стакан напалову поўным, песіміст — напалову пустым. Улада Сянькова глядзіць на пусты стакан і нічога з нім не робіць, бо не адчувае смагі.

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».