Вы тут

Тэатральны лёс: Алена Хрысціч пра любімую прафесію


Свой юбілей Алена Мікалаеўна Хрысціч адзначыла на сцэне — падчас бенефісу і прэм’еры чэхаўскага «Юбілею» ў Маладзёжным тэатры, якому актрыса аддала палову жыцця. Віншаваннем ад калег стаў капуснік, які даў магчымасць удзельнікам раскрыцца з самага нечаканага боку: тэатральныя артысты могуць спяваць не горш за папулярных зорак (ды нават лепш, таму што без фанаграмы), здолелі б скласці канкурэнцыю вядомым рэперам па ўзроўні харызмы (а сэнс слоў наогул па-за канкурэнцыяй), а ўсю іх шчырасць не ўкласці нават у самы лірычны раманс. Галоўная гераіня вечара расчулілася — яркія ўспаміны прымусілі разважаць не толькі пра ўласны лёс, але і пра тэатральны наогул. Некаторымі думкамі яна падзялілася з намі:


Мара:

— Я марыла быць балерынай, займалася танцамі. Але не было магчымасці гэтую мару рэалізаваць. Аднак яна засталася, і я яе ўвасобіла, — няхай і не стала балерынай, але я на сцэне як драматычная актрыса.

Увасабленне:

— Гады вучобы — час самы цікавы: танцы, фехтаванне, літаратура, выяўленчае мастацтва, сцэнічнае маўленне... Тады быў вельмі моцны выкладчыцкі склад у Беларускім дзяржаўным тэатральнамастацкім інстытуце. Наш педагог Аляксандр Іванавіч Бутакоў выгадаваў не адно пакаленне артыстаў, і ўсе гавораць пра яго з удзячнасцю. У нас перад вачыма быў дэвіз: «Акцёрам можаш ты не быць, а чалавекам быць абавязаны». Выкладчык выхоўваў высакароднасць.

Тэатр:

— Быў курс, які пасля заканчэння інстытута цалкам з’ехаў працаваць у Бабруйск. І я таксама, прапрацавала там 3 гады. А потым мяне запрасілі ў ТЮГ, дзе ставіў спектакль Рыгор Баравік. У выніку гэтаму тэатру я аддала 10 гадоў. А калі стварыўся Маладзёжны тэатр, перайшла сюды, зноў жа дзякуючы Рыгору Іванавічу Баравіку: ён быў пастаноўшчыкам першых спектакляў у  гэтым тэатры. Тады яшчэ не мелі свайго будынка, рэпеціраваць даводзілася па начах. Але мы былі маладыя, трымаліся на энтузіязме, жаданні працаваць. У гэтым тэатры я ўжо 35 гадоў, з дня яго заснавання.

Ролі:

— Для артыста важная кожная роля. Ты ўсё роўна аддаеш часцінку сваёй душы, і чым складаней даецца вобраз, тым, напэўна, ён даражэйшы.

...Часам заплюшчыш вочы, асабліва пасля спектакля, і ўсё прайграеш зноў і зноў: не, гэта было не так, тут можна па-іншаму... Накатваюць гэтыя думкі, увесь час думаеш, як зрабіць лепш...

Да гэтага часу хвалююся кожны раз перад спектаклямі. Але выходжу на сцэну — і ўжо нічога, супакойваюся. Мы ж робім гэта, каб гледачу было цікава.

Матэрыял:

— Цікава паспрабаваць сябе і ў драме, і ў камедыі. Прыцягваюць вострахарактарныя ролі. Але драма, вядома, акцёрам дае магчымасць максімальна раскрыць сябе. Адзін з нашых першых выДАТна Тэатральны лёс: Алена Хрысціч пра любімую прафесію спектакляў — «Гэтыя незразумелыя старыя людзі» (паводле кнігі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар»). Складаная тэма. Я іграла Любоў. Мы шмат размаўлялі з ветэранамі, яны дзяліліся ўспамінамі. Трэба было паглыбіцца ў гэтую гісторыю. А інакш — ніяк...

Рыхтавацца да роляў заўсёды складана. Даводзіцца і ў бібліятэку ісці, шмат чытаць дадаткова. Напрыклад, у мяне ёсць і двухтомнік лістоў Антона Паўлавіча Чэхава, і поўны збор твораў. Чытаю яго — вельмі падабаецца. А калі пачаліся рэпетыцыі «Юбілею», думаю: напэўна, не маё. Я іграю спадарыню Мярчуткіну... Але паволі, паволі  — і пайшло.

Маладым:

— ...Цярпення і надзеі. Працаваць, шмат працаваць над сабой. Нават калі нешта не атрымліваецца, нават калі нейкі рэжысёр цябе не так успрымае, усе намаганні ідуць у скарбонку...

Лёс:

— Я займаюся любімай прафесіяй. Ведаеце, якое задавальненне, калі выходзіш у фінале спектакля, людзі ўстаюць, дзякуюць. Усё ўнутры дрыжыць ад шчасця. Бо гэта ж шчасце! Няўжо праца? Задавальненне, радасць! Так, праз пакуты, праз церні — да зорак. А як інакш?..

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.