Вы тут

Безабароннасць свету мастака. Вячаслаў Паўлавец «без шкла»


Жыццё сучаснага чалавека звязана са шклом: смартфоны, камп’ютары, кінатэатры — усё нагадвае пра бар’еры паміж стваральнікам і гледачом. Для кагосьці гэта непазбежнасць, для іншых — нагода для крэатыву, часам рызыкоўная, як, напрыклад, для аднаго з найвыдатнейшых мастакоў Беларусі, майстра акварэльнага жывапісу Вячаслава Паўлаўца.


Фота Кастуся Дробава.

Выстаўка «Без шкла. 12 акварэлей Вячаслава Паўлаўца» адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Аўтар прэзентуе 12 выбраных пейзажаў з асабістай калекцыі. Усе яны прадстаўлены ў нязвыклай нетрадыцыйнай манеры афармлення графічных твораў — без шкла. У гэтым выпадку карціны становяцца безабароннымі, адкрытымі і быццам прамаўляюць толькі адно: паміж мастаком і гледачом не існуе перашкод. Гэтага не стае ў стасунках людзей са светам, з грамадствам, бо да чалавека зараз трапляе безліч фактаў у бясконцай плыні інфармацыі, якая пазбаўляе каштоўнага часу. Таму яго пачуцці і эмоцыі ператвараюцца ў муляжы, сімулякры і фантомы пачуццяў і эмоцый, лічыць аўтар выстаўкі.

— Адкрытасць, шчырасць, безабароннасць — гэта не слабасць, а моц, якая разам з інтуіцыяй высвечвае шлях да існасці, — адзначае В. Паўлавец. — Гэта не пратэст, а хутчэй роздум над пытаннем перашкод ва ўзаемаадносінах. Гэта рызыка, у нейкім сэнсе экстрым — выстаўляць работы без шкла. Але сучаснае мастацтва набывае розныя формы. Творца з яго дапамогай мае магчымасць паказаць сябе не такім, якім яго кожны дзень бачаць людзі праз знешнасць, адзенне, звычкі, а праз тое, што адлюстравана ў рамках на выстаўцы.

У экспазіцыі прадстаўлены работы розных гадоў: большасць — з серыі «На скрыжаванні лёсу» (2018), а таксама з ранніх «Крокі па вадзе», «Успаміны» і «Чорна-белыя мары». Некаторыя пейзажы па адносінах са светам нагадваюць творы Архіпа Куінджы. Сярод іх — аркуш VII з серыі «Крокі на вадзе», хоць кожны здольны ўбачыць у ім і розны час дня, і няпэўную пару года, і нявызначаны, неакрэслены рух, які, нягледзячы на поўную статычнасць адлюстраванага, усё ж маецца на ўвазе і адчуваецца. На заўвагу пра асацыяцыі з іншым творцам мастак адказвае: яшчэ з тых часоў, калі вучыўся ў мінскай дзіцячай мастацкай школе № 1, і пазней, калі ўжо скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, не пераставаў здзіўляцца ды захапляцца талентам вялікага рускага мастака. Сапраўды, гэты ўплыў усё ж ненавязліва прасочваецца.

Дарэчы, калегі мастака асабліва вылучаюць манахромныя мінімалістычныя пейзажы. У іх, нягледзячы на адсутнасць багацця фарбаў, адчуваецца незвычайная асабістая інтанацыя, якая зачароўвае. Мастака таксама называюць майстрам «пейзажу настрою», незвычайна чуйным да прыроды, да самапазнання чалавека праз прыроду і суіснавання ў гармоніі з ёю. Цікава і тое, што творчасцю В. Паўлаўца захапляюцца як прафесіяналы, якія ствараюць сучасны мастацкі працэс і ўплываюць на яго, так і аматары, якія не валодаюць спецыяльнымі ведамі. Гэты сакрэт застаецца неразгаданым.

У сучасным айчынным мастацтве В. Паўлавец набыў статус захавальніка традыцыі, паслядоўніка вядучых майстроў ХХ стагоддзя — Аркадзя Астаповіча, Віталя Цвірко, Зоі Ліцвінавай. Для яго творчасць, менавіта працэс, — найвышэйшая мэта. З аднаго боку, ён падтрымлівае высокі ўзровень беларускай рэалістычнай Безабароннасць свету мастака Вячаслаў Паўлавец «без шкла» акварэльнай школы, з другога — пастаянна імкнецца да эксперыментаў, ствараючы адмысловы тып акварэлі, працуючы ў манеры alla prima — вадкімі фарбамі па вільготнай паперы. Гэта дазваляе падчас творчага працэсу перажыць некалькі хваляў эмоцый, якія мастак не збіраецца хаваць. Усё пачынаецца з накіравання позірку на белы аркуш паперы, які адначасова і вабіць, і палохае. Вядома, існуюць нейкія эскізы, але калі творцу палоніць стыхія каляровай плыні празрыстай фарбы, знікаюць і час, і прастора. Існуюць толькі вобразы, якія змяняюць адзін аднаго. Іх творца называе гасцямі з сусвету падсвядомасці.

Аркуш VII з серыі «Крокі па вадзе». 2018 г.

— У гэтыя хвіліны разумееш, чаму мастака называюць творцам. Ты можаш накіроўваць аблокі па небе, ствараць лясы, рэкі, азёры, пракладваць сцежкі, дарогі, будаваць замкі. Істотна і тое, што створаны свет не зусім адпавядае твайму плану. Ды і ніколі няма цвёрдага плана: усё пабудавана на спантаннасці, — адзначае В. Паўлавец.

Сапраўдная тэарэма акварэлістаў: калі акварэлі ўласціва расплывацца, то не трэба гэтаму супраціўляцца. Шмат залежыць і ад выбару паперы: фактурная, тэкстурная паводзіць сябе інакш, чым гладкая. Адчуванне матэрыялу, яго ўласцівасцей сапраўды ідзе на карысць. Не дзіўна, што часам В. Паўлавец і сам не ведае, якім будзе вынік, бо дадаюцца фарбы і адценні, што раптоўна здзіўляюць самога аўтара, які зазначае: акварэль не церпіць гвалту, трэба ісці за плынню фарбы, прыслухоўваючыся да падказак. І атрымаецца пачуць яе, нібы сімфонію.

Акварэль самадастатковая. Яна ўвабрала ў сябе найлепшае і ад жывапісу, і ад графікі, і ад сваёй папярэдніцы фрэскі, лічыць В.  Паўлавец. Менавіта акварэль сфарміравала яго лад жыцця, неўпрыкмет стаўшы жыццятворчасцю. Многія работы ўжо адносяць да класікі беларускага мастацтва XX стагоддзя. Яны ўваходзяць у альбомы, прыватныя калекцыі. У мінулым годзе творца адсвяткаваў юбілей — 60 гадоў. Але што датычыцца Мастацкага музея, то «Без шкла» — толькі другая персанальная выстаўка, хоць у фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь захоўваецца 18 твораў мастака. Першая ж выстаўка — «Перакрыжаванні часу» — адбылася яшчэ ў 2006 годзе. З некаторымі работамі можна пазнаёміцца на віртуальнай экспазіцыі. Між тым хутка ў музеі пройдзе майстар-клас мастака па акварэлі.

Творца не цураецца выставак, у тым ліку што тычыцца сумесных праектаў. Калі лічыць з таго ж 2006 года, то іх было арганізавана даволі шмат толькі ў адным Мінску: персанальныя выстаўкі «Акварэалізм» (2012) і «Крокі па вадзе» (2018) у  Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у рэспубліканскай мастацкай галерыі «Палац мастацтва» (2009), у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа (2016), выставачныя праекты «Tour de Беларусь. Этап: Мінск — Полацк — Мінск» (2015) і «Зямля пад белымі крыламі» ў Нацыянальным мастацкім музеі (2011), а  таксама персанальныя выстаўка «Акварэльны сусвет Вячаслава Паўлаўца» ў Нацыяльным цэнтры сучасных мастацтваў Беларусі (2019). Кажучы пра экспазіцыі ў іншых гарадах, нельга не згадаць «Art Belarus» у Варшаве (2010), «Вада+фарба» ў Полацку (ды ў Мінску ў 2011 годзе), а таксама персанальныя выстаўкі ў музеі Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве (2010) і «Каляровая плынь» у Нацыянальным полацкім музеі-запаведніку (2017). Такая кіпучая дзейнасць можа і не здзівіць, калі не ўлічваць тое, што В. Паўлавец усё жыццё працуе мастацкім рэдактарам у розных выданнях. На сённяшні дзень гэта часопіс «Мастацтва».

Дарэчы, летась у Выдавецкім доме «Звязда» выйшаў альбом «Акварэльны сусвет Вячаслава Паўлаўца». У ім 100 акварэлей, створаных на мяжы тысячагоддзяў. Гэта работы апошніх трыццаці гадоў: ад першых самастойных твораў 1980-х да аркушаў, выкананых у 2018 годзе ў Германіі (яго графіка там запатрабавана). У выданне ўвайшлі і творы, што захоўваюцца ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

Аркуш IV з серыі «Чорна-белыя мары». 2006

Варта адзначыць, што экспазіцыя «Без шкла. 12 акварэлей Вячаслава Паўлаўца» размясцілася не ў адной з выставачных залаў, а ў арт-кафэ «Культурнае жыццё» Мастацкага музея. Гэта таксама пэўны эксперымент, на карысць якога граюць две рэчы. Па-першае, кафэ — гэта заўсёды выгаднае памяшканне для дэманстрацыі мастацкіх работ дзякуючы вялікай наведвальнасці на працягу ўсяго года. Такі крытэрый безумоўна паспрыяе пазнавальнасці твораў. Па-другое, гэта ўсё роўна тэрыторыя, дзе пануе музейная атмасфера, якая схіляе да роздумаў, прымушае засяродзіцца. Бывае, гэтаму перашкаджаюць і натоўпы ў музеі, і абмежаваны час любой экскурсіі.

Пастаянная натура, крыніца роздумаў творцы — пейзажы старажытнага фальварка Відагошч (цяпер Камсамолец) пад Мінскам, дзе пасля вайны дзед будучага мастака пабудаваў дом. З дзяцінства гэтыя мясціны сталі важнымі як для асобы мастака, так і для яго творчасці. Многія вобразы натхнёныя прыродай гэтага краю. Сёння ў мястэчку майстэрня В. Паўлаўца. Але ад поўнай адданасці натуры ў першыя гады самастойнай работы акварэліст сышоў у прынцыповую імправізацыйнасць, працу па памяці. Мастак усхваліў і ўзвысіў да паэтычнай метафары беларускую прыроду, яе шэры дзень, рэдкі на сонца. Сапраўды, асаблівасць яго работ — у маларухавасці, у амаль поўнай адсутнасці на іх людзей. Але чалавек у творах В. Паўлаўца заўсёды няўлоўна існуе. І гэта сам глядач — яго бачанне пейзажа, успрыманне колераў, свету і ценяў, успаміны, пачуцці і эмоцыі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.