Вы тут

Што азначае перавернуты кілішак на памінках?


Ліст з Мінска ад Вольгі К.: «Так адбылося, што адразу пасля сустрэчы Новага года, менавіта 2 студзеня, давялося хаваць стрыечную бабулю, якая жыла ў вёсцы недалёка ад Мінска. Памінкі зрабілі ў хаце, а не ў сталоўцы. Прыйшлі яе суседзі, сябры, знаёмыя. Адзін з самых старых дзядоў строга сачыў, каб людзі выпілі па тры чаркі, за кожным разам прапаноўваў камусьці расказаць пра бабулю. І калі трэцюю чарку выпілі, ён перакуліў сваю чарку дагары, устаў, перахрысціўся і пайшоў да дзвярэй. Вясковыя людзі зрабілі таксама, а мы, гарадскія, здзіўлена сачылі за гэтым. Растлумачце, чаму так сябе паводзіў гэты стары чалавек».


У традыцыйнай культуры беларусаў існаваў і да сённяшняга часу захаваўся цэлы шэраг дзеянняў, звязаных з перакульваннем або пераварочваннем прадметаў, якія суправаджаюць асноўныя этапы пахавальна-памінальных абрадаў, у тым ліку і заключную яго частку.

Памерлага выносілі з хаты ўперад нагамі і адразу ж перакульвалі табурэткі або лаўкі, на якіх стаяла труна. Прычым існавалі два варыянты: перавярнуць абедзве табурэткі ўверх нагамі ці толькі адну і паставіць яе ніцма на другую. Змест гэтага дзеяння быў адзін і той жа: не даць смерці раней за жывых «заняць» гэта месца і «забраць» яшчэ каго-небудзь з сям'і. Як толькі жалобная працэсія скіроўвалася да могілак, нехта са сваякоў памерлага перамешваў зерне розных сельскагаспадарчых культур так, каб тое, якое было знізу, аказалася зверху, і наадварот, каб смерць аднаго з членаў сям'і не адбілася неўраджаем, а значыцца, яшчэ большымі стратамі і бедамі.

Узвышша над магілай таксама мела форму асвоенай прасторы (прамавугольніка), аднак структурныя гарызонты зямлі падчас засыпання магілы мяняліся месцамі. Дзёран і чарназём кідалі на дно магілы, а зверху ўтваралі ўзвышак з жоўтага або белага пяску, у якім зерне не магло прарасці новым коласам.

На Піншчыне вядомы яшчэ адзін рытуал пераварочвання ў заключнай частцы пахавальнага абраду. За труной звычайна неслі гаршчок з вадой, якой святар крапіў магілу. Рэшткі вады вылівалі, а гаршчок пераварочвалі і клалі на магілу ў галовах. Тое ж рабілі і з місай або гліняным гаршком, у якім следам за нябожчыкам неслі палаючыя вугольчыкі. Сані або калёсы, на якіх везлі труну з нябожчыкам, таксама пераварочвалі і пакідалі ў такім стане да саракавін побач з могілкамі або непадалёк ад вёскі. Пераважная большасць згаданых рытуалаў мела папераджальны характар. Жывыя экраніравалі смерць і праз пэўныя абрадавыя дзеянні імкнуліся пазбегнуць новых ахвяр.

Важную ролю прынцып перавернутасці выконваў і ў структуры першага памінальнага стала, які звычайна рабіўся на трэці дзень пасля смерці чалавека або адразу ж пасля вяртання з могілак: за трэцім разам кілішак трэба было перавярнуць і паставіць. Гэтым рытуальным дзеяннем самы старэйшы чалавек за сталом паказваў заканчэнне памінальнай трапезы. І зноў жа — свайго роду экраніраванне жывых ад смерці.

Сістэматызацыя рытуалаў перакульвання прадметаў у пахавальна-памінальнай абраднасці дазваляе зразумець асаблівасць мацавання рамак з фотаздымкамі ў вясковых хатах. Калі ў рамцы змешчаны фотакарткі жывых суродзічаў, то яна будзе вісець паралельна сцяне, строга вертыкальна (усё жывое цягнецца да сонца, падпарадкоўваецца рытмам яго актыўнасці); калі ж там будуць партрэты бабулі і дзядулі, якія даўно памерлі, то яна будзе вісець нахіленая пад вуглом да падлогі.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Прэв'ю: focusedcollection.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».