Вы тут

Новая падстанцыя хуткай медыцынскай дапамогі адкрылася ў Мінску.


Яна размяшчаецца на вуліцы Уладзіслава Сыракомлі ў мікрараёне Лошыца і будзе абслугоўваць каля 150 тысяч мінчан з Ленінскага і Заводскага раёнаў сталіцы. На будаўніцтва патрачана 4,5 мільёна рублёў. І гэта другая падстанцыя ў сталіцы, пабудаваная па такім тыпе.


Напрыклад, усе выклікі паступаюць на камп'ютары дыспетчараў. Брыгада хуткай дапамогі атрымлівае іх у раздрукаваным выглядзе, таксама яны дублююцца на планшэты медыкаў. Памяшканні падстанцыі абсталяваныя селектарнымі апавяшчальнікамі, у тым ліку і пакоі для адпачынку (іх тут 13). Так фельчары могуць аператыўна атрымаць інфармацыю аб тым, што ёсць выклік. Такая ж селектарная сувязь ёсць і ў сталоўцы.

Не толькі сучасныя тэхналогіі, але і само размяшчэнне падстанцыі павінна паспрыяць таму, што «хуткія» будуць за больш кароткі тэрмін прыязджаць на выклік. Паводле нормаў, гэты час не павінен перавышаць 15 хвілін.

На падстанцыі прадугледжаны 12 брыгад: адна педыятрычная, тры брыгады інтэнсіўнай тэрапіі і восем фельчарскіх. Гэта каля 150 медработнікаў і іншых спецыялістаў. Паводле сацыяльнага стандарту, на 12 тысяч гараджан павінна быць адна брыгада хуткай дапамогі. Мінск у гэтыя нарматывы ўпісваецца: для абслугоўвання 2 мільёнаў жыхароў працуе 62 урачэбныя і 105 фельчарскіх брыгад.

— Наш прыярытэт — забяспечыць насельніцтва даступнай, сучаснай і якаснай хуткай медыцынскай дапамогай, — адзначыў падчас урачыстага адкрыцця падстанцыі намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём ЦУРАН. — Гэта не толькі аб'ект аховы здароўя, які доўга будзе служыць мінчанам, але і месца работы з дастойнымі ўмовамі для медработнікаў.

На адкрыцці госці маглі ацаніць прастор і зручнасць размяшчэння аб'ектаў: дыспетчарскай, памяшкання для папаўнення медыкаментаў, праверкі медыцынскай апаратуры, пакояў для прыёму ежы і адпачынку персаналу, душавых, канферэнц-залы. Адметна, што жыхары навакольных раёнаў могуць кругласутачна звяртацца па экстранную і неадкладную медыцынскую дапамогу ў кабінет, спецыяльна прызначаны для прыёму амбулаторных пацыентаў, размешчаны на першым паверсе.

Аўтамабілі хуткай дапамогі ўтрымліваюцца ў сучасным гаражы ў боксах з ацяпленнем — так яны будуць пастаянна гатовы да тэрміновага выезду без папярэдняга прагрэву рухавіка нават у зімовы час. Тут жа можна захоўваць медыцынскую тэхніку і падзараджаць яе перад выездамі. На паркоўцы нават абсталяваны зліў — зімой, калі на колах застаецца шмат снегу, тут не будзе лужын.

Дарэчы, падстанцыя ўкамплектаваная аўтамабілямі, — іх 12 — пераведзенымі са сталічных падстанцый №№ 1, 3 і 5. Мінскія «хуткія» закупляліся ў перыяд з 2016 да 2019 года — па 40 у год. Наступнае абнаўленне сталічнага аўтапарка плануецца ў наступныя пяць гадоў.

Падстанцыю пабудаваў будтрэст № 1. Яна стала другой, узведзенай па такім праекце. У 2014 годзе падобная была адкрыта ў Каменнай Горцы. Такі ж праект ёсць у Брэсце, яшчэ  адзін цяпер рэалізуецца ў Баранавічах. Сучасныя падстанцыі дазваляюць палепшыць умовы работы медперсаналу, адзначыў намеснік міністра аховы здароўя Вячаслаў ШЫЛА.
А задача мясцовых органаў аховы здароўя — максімальна набліжаць іх да тых раёнаў горада, якія маюць у гэтым патрэбу.

— Адкрыццё падстанцыі звязана з развіццём горада і яго інфраструктуры. Цяпер развіваецца Ленінскі раён, і таму прынялі рашэнне пабудаваць падстанцыю тут, — растлумачыў старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Сяргей МАЛЫШКА. — У канцэпцыі развіцця першаснай медыцынскай дапамогі Мінска запланаваны яшчэ дзве падстанцыі, якія з'явяцца ў мікрараёне Уручча і Маскоўскім раёне. Іх пабудуюць у найбліжэйшыя пяць гадоў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Новаму раёну — новая падстанцыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».