Вы тут

Узаемадзеянне Беларусі з КНР развіваецца цягам амаль трох дзесяцігоддзяў


Эканамічны эфект супрацоўніцтва з Паднябеснай відавочны. Актыўна пашыраецца яно ў сацыяльнай сферы, у прыватнасці, у сістэме адукацыі. Адзін з яскравых прыкладаў — кітайскі вектар найбуйнейшага адукацыйнага, навукова-вытворчага цэнтра нашай краіны — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 2019, які, дарэчы, быў абвешчаны Годам адукацыі Беларусі ў Кітаі, у плане рэалізаваных магчымасцяў шмат у чым стаў знакавым для БДУ. Якія ж адукацыйныя трэнды набылі ўвасабленне?


Рэктар БДУ Андрэй Кароль і дырэктар падрыхтоўчага цэнтра ўніверсітэта ў Санья Чжан Лэй падчас адкрыцця кабінета беларускай мовы і культуры імя Янкі Купалы.

Крэатыў ад сумеснага інстытута

У БДУ атрымліваюць адукацыю, якая адпавядае ўсім сучасным стандартам, звыш 3,7 тысячы замежнікаў з больш чым 60 краін. Сярод іх — Аўстралія, ЗША, Канада, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Францыя, Швейцарыя, Турцыя, Шры-Ланка, Сірыя, Лівія, Кот-д'Івуар, Эквадор, Тога. Пералічваць, вядома, можна яшчэ доўга. Канешне ж, навучаюцца ў БДУ і грамадзяне дзяржаў постсавецкай прасторы. Найбольш прадстаўнічая «дэлегацыя» — 1889 чалавек, — навучэнцы з Паднябеснай. 365 кітайцаў займаюцца ў магістратуры, 89 — у аспірантуры. Найбольш запатрабаваныя эканамічны і філалагічны факультэты, а таксама факультэты журналістыкі і міжнародных адносін.

З 2007-га БДУ развівае плённае супрацоўніцтва з Далянскім політэхнічным універсітэтам (ДПУ). Як паведаміў начальнік упраўлення міжнародных сувязяў БДУ Аляксандр Жук, тры гады таму была адкрыта першая ў нацыянальнай сістэме беларуска-кітайская ВНУ — сумесны інстытут ДПУ-БДУ. Летась у яго паступілі 78 студэнтаў. З іх 40 — на спецыяльнасць «Інжынерная механіка», 38 — «прыкладная фізіка». Усяго ў сумесным інстытуце цяпер навучаюцца 244 студэнты. У яго склад уваходзяць тры факультэты — прыкладной фізікі, інжынернай механікі, а таксама матэматыкі і прыкладной матэматыкі. Адметна, што навучанне з удзелам выкладчыкаў БДУ вядзецца на англійскай мове.

З 1 верасня бягучага года на базе БДУ пачаў работу сумесны беларуска-кітайскі інстытут БДУ-ДПУ (СІБД). Гэта першы вопыт у айчыннай сістэме вышэйшай адукацыі ў галіне сумеснай падрыхтоўкі спецыялістаў першай ступені на базе беларускай ВНУ. Выпускнікі інстытута будуць запатрабаваныя прамысловымі, адукацыйна-навуковымі прадпрыемствамі Беларусі і Кітая, а таксама ў індустрыяльным парку «Вялікі камень».

Падрыхтоўка тут вядзецца па такіх спецыяльнасцях, як «сусветная эканоміка», «фізіка (вытворчая дзейнасць)», «механіка і матэматычнае мадэляванне». У далейшым мяркуецца павялічыць пералік спецыяльнасцяў, а таксама адкрыць падрыхтоўку ў магістратуру. Цяпер на першым курсе навучаецца больш паўсотні студэнтаў. Сёлета набор плануецца павялічыць.

Усе навучальныя планы і праграмы навучальных дысцыплін распрацоўваюцца і зацвярджаюцца пры ўдзеле двух бакоў і актуалізуюцца ў адпаведнасці з апошнімі дасягненнямі навукі, тэхнікі і прамысловасці краін — удзельніц адукацыйнага праекта. Выпускнікі сумеснага беларуска-кітайскага інстытута атрымаюць два дыпломы — БДУ і ДПУ. У прафесарска-выкладчыцкі склад СІБД увойдуць прадстаўнікі беларускага і кітайскага ўніверсітэтаў. Летась у студзені паміж двума ўніверсітэтамі падпісана пагадненне аб стварэнні навукова-інавацыйнага цэнтра. Ён быў адкрыты ўжо ў чэрвені 2019-га. Мяркуецца, што ў гэтым цэнтры з выкарыстаннем сучаснага навукова-лабараторнага абсталявання будуць праходзіць практыку і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Таксама супрацоўніцтва БДУ—ДПУ прадугледжвае правядзенне шэрагу сумесных мерапрыемстваў. У прыватнасці, у студзені мінулага года на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта была арганізавана грунтоўная Зімовая школа. Для студэнтаў з Кітая былі зладжаны лекцыі па праблемах сучаснай фізікі, матэматыкі, механікі. У навуковых і вучэбных лабараторыях факультэтаў БДУ прайшлі творчыя заняткі па спецыяльнасцях «фізіка (вытворчая дзейнасць)», а таксама «механіка і матэматычнае мадэляванне». А ў чэрвені 2019-га на базе Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта была арганізавана Летняя школа. Яе слухачамі сталі 20 студэнтаў механіка-матэматычнага і фізічнага факультэтаў БДУ. Праграма школы ўключала вывучэнне сучасных праблем прыкладной фізікі і механікі, заняткі прайшлі ў даследчай лабараторыі ДПУ.

Цяпер узаемадзеянне БДУ з універсітэтамі і навуковымі інстытутамі Кітая ладзіцца ў межах 77 двухбаковых дакументаў (мемарандумаў, пагадненняў, праграм супрацоўніцтва). Напрыклад, партнёрамі, апроч ужо згаданых, з'яўляюцца Пекінскі, Хэнанскі, Фашанскі, Усходне-Кітайскі педагагічны ўніверсітэты, Шанхайскі ўніверсітэт транспарту, а таксама Харбінскі ўніверсітэт навукі і тэхналогій, Кітайскі ўніверсітэт міжнародных адносін і шэраг іншых. Летась падпісана 12 двухбаковых дакументаў з установамі адукацыі КНР. Асобныя былі накіраваны на пашырэнне партнёрскіх адносін. Сярод іх — пагадненне аб абмене навучэнцамі з Далянскім політэхнічным універсітэтам. Летась БДУ пашырыў кола сваіх партнёраў у Кітаі. Асобна тут варта адзначыць падпісанне мемарандума аб узаемаразуменні з Пекінскім універсітэтам — адной з вядучых ВНУ Паднябеснай.

Начальнік упраўлення міжнародных сувязяў БДУ Аляксандр Жук і кіраўнік інфармацыйна-адукацыйнага цэнтра ўніверсітэта ў Кітаі Ван Яацян абмяркоўваюць перспектывы супрацоўніцтва.

Рызыкнуць і выйграць

Насамрэч, крэатыўным і іміджавым для Белдзяржуніверсітэта стаў праект, у межах якога ў канцы 2017 года ў Пекіне быў адкрыты інфармацыйна-адукацыйны цэнтр БДУ. Яго кіраўніком і каардынатарам стаў Ван Яацян. Ён, дарэчы, выпускнік БДУ, у Мінску абараніў кандыдацкую па эканамічным профілі і вырашыў не губляць сувязі з альма-матэр, а, наадварот, паглыбляць узаемадзеянне. «Было вялікае жаданне расказаць пра Беларусь, яе адукацыйныя магчымасці, — кажа Ван Яацян. — Дагэтуль кітайцы добра ведалі пра магчымасць атрымаць адукацыю ў Еўропе, Расіі, ЗША. Пра той жа БДУ было зусім няшмат інфармацыі.
А між тым універсітэт знаходзіцца на высокіх пазіцыях у сусветным рэйтынгу. Якасць адукацыі тут адпавядае міжнародным стандартам, я ў гэтым асабіста пераканаўся».

Для БДУ арганізацыя цэнтра ў Паднябеснай — смелы эксперымент, у якім была немалая доля рызыкі. Аднак такі інавацыйны падыход да рэкрутынгу студэнтаў сябе апраўдаў. Пра гэта сёння можна казаць з упэўненасцю. «Ужо менш чым праз год пасля адкрыцця базавага «пункта» ў кітайскай сталіцы — у верасні 2018-га — была набрана першая група навучэнцаў. Падрыхтоўчы цэнтр БДУ з'явіўся ў вядомым горадзе Санья, што на востраве Хайнань, — адзначае Аляксандр Жук. — Ён быў створаны з мэтай моўнай падрыхтоўкі кітайскіх абітурыентаў, якія плануюць паступленне ў БДУ. Першая група — 60 чалавек — з верасня прыступіла да навучання на журфаку».

Сёння ў падрыхтоўчым цэнтры ў Санья навучаецца ўжо 140 слухачоў па вучэбных праграмах беларускага ВНУ. Ужо ў пачатку сакавіка гэтая група прыедзе ў Мінск і працягне навучанне ў БДУ. Адбор у цэнтры адбываецца на конкурснай аснове з удзелам прадстаўнікоў 17 школ, трох універсітэтаў 12 правінцый Кітая. Уся інфраструктура ў Санья нагадвае пра беларускія рэаліі. Вучэбныя кабінеты маюць назвы станцый метро Мінска, сцены ўпрыгожаны фатаграфіямі, калажамі і карцінамі з выявамі беларускіх асветнікаў, славутых турыстычных месцаў і рэгіёнаў. Кітайскім слухачам даступны фонд фільмаў, прэзентацый, твораў беларускіх пісьменнікаў, перыёдыкі, спіс якіх рэгулярна будзе папаўняцца пры падтрымцы БДУ. Адным з важных кірункаў работы цэнтра з'яўляецца сацыякультурная адаптацыя замежных грамадзян перад іх навучаннем у нашай краіне. Гэтая ўстанова праз адукацыйную дзейнасць актыўна садзейнічае распаўсюджванню
інфармацыі пра Беларусь у Кітаі.

Летась у лістападзе адбылася знакавая падзея — у падрыхтоўчым цэнтры БДУ з'явіўся кабінет беларускай мовы і культуры імя Янкі Купалы. Урачыстая цырымонія адкрыцця імянной аўдыторыі Песняра прайшла пры ўдзеле дэлегацыі беларускай ВНУ на чале з рэктарам Андрэем Каралём, дырэктара падрыхтоўчага цэнтра Чжан Лэя, слухачоў і выкладчыкаў. Адбылося тэатралізаванае прадстаўленне кітайскіх навучэнцаў, якія падрыхтавалі музычна-танцавальныя нумары, вершы і песні на беларускай, рускай і кітайскай мовах. Цяпер слухачы падрыхтоўчага цэнтра маюць цудоўную магчымасць папрацаваць з арыгінальнымі матэрыяламі па лінгвістыцы, гісторыі, мастацтве і краіназнаўстве Беларусі. Плануецца, што тут будуць арганізоўвацца адукацыйна-культурныя мерапрыемствы профільнай тэматыкі.

А яшчэ ў планах — пашырэнне сеткі падрыхтоўчых цэнтраў БДУ ў Паднябеснай Сёлета, як мяркуецца, адпаведныя ўстановы будуць адкрыты ва Ухані, а таксама ў кітайскай сталіцы. Так што інавацыі пашыраюцца.

Даслоўна

Рэктар БДУ Андрэй Кароль:

З упэўненасцю адзначу, БДУ сёння — лідар беларуска-кітайскага супрацоўніцтва па шэрагу перспектыўных кірункаў. Галіна адукацыі тут не выключэнне. Сёння кожны трэці кітайскі студэнт, які навучаецца ў беларускіх ВНУ, — вучыцца ў БДУ. Наш Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя стаў першым Узорным інстытутам Канфуцыя сярод інстытутаў кітаязнаўства краін СНД і адзіным, які атрымаў права за межамі Кітая праводзіць міжнародны кваліфікацыйны экзамен для перакладчыкаў CATTІ.

Больш за 12 працэнтаў ад агульнай колькасці ўсіх міжнародных пагадненняў у галіне адукацыі і навукі ў нас заключана з кітайскімі ўстановамі. Штогод адзначаецца павелічэнне колькасці слухачоў факультэта даўніверсітэцкай адукацыі БДУ з ліку кітайскіх грамадзян. Гэтаму спрыяе створаная інфраструктура экспарту адукацыйных паслуг. Калі ў 2017/2018 навучальным годзе мы налічвалі на падрыхтоўчым аддзяленні ФДА 287 чалавек, то цяпер іх ужо 596, з якіх — 580 з КНР. А гэта патэнцыйныя студэнты БДУ і значныя інвестыцыі ў нашу краіну.

Новыя перспектывы з Кітаем бачацца ў пашырэнні спектру сумеснай падрыхтоўкі спецыялістаў і развіцці культурных сувязяў. У найбліжэйшы час прапануем кітайскім калегам праграмы павышэння кваліфікацыі для работнікаў сістэмы адукацыі ў галіне крэатыўнага і эўрыстычнага навучання. Эўрыстычныя тэхналогіі дазваляюць навучэнцам паглядзець на сябе з боку, адкрыць сябе і свае магчымасці, праверыць межы свайго няведання. Таму сёння такое навучанне вельмі запатрабаванае ў свеце. Новыя адукацыйныя падыходы накіраваны не на ўзнаўленне і засваенне ўсіх дасягненняў чалавецтва, а на стварэнне студэнтам свайго прадукту, адрознага ад таго, што зрабіў яго аднагрупнік; цяпер вучаць задаваць пытанні, а не даваць аднолькавыя адказы. Гэтыя інавацыі мы актыўна выкарыстоўваем у БДУ для павышэння якасці адукацыі.

Наш вопыт у гэтым кірунку зацікавіў кітайскіх калег падчас візіту ў падрыхтоўчы цэнтр у Санья. Ужо ёсць дамоўленасць, што першымі слухачамі праграмы павышэння кваліфікацыі стануць нашы калегі з навучальных устаноў гэтага горада. Кабінет беларускай мовы і культуры імя Янкі Купалы, які працуе ў цэнтры, — адметны культурна-адукацыйны цэнтр Беларусі ў КНР. Ён спрыяе папулярызацыі беларускай гісторыі, літаратуры, нашых нацыянальных традыцый, асаблівасцяў, славутасцяў сярод кітайскіх грамадзян. Упэўнены, такія структуры маюць добрую будучыню. Кітайскія слухачы разам з падрыхтоўкай да паступлення ў БДУ адчуваюць сацыякультурную атмасферу Беларусі. Пашырэнне ведаў пра нашу краіну цягне за сабой прырост замежных грамадзян, умацоўвае дзяржаўны імідж за мяжой. Дарэчы, па выніках візіту ў Санья набор кітайскіх слухачоў для падрыхтоўкі да паступлення ў БДУ павялічаны да 500 чалавек. Перакананы, што і гэта не максімум.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і з архіва БДУ

Загаловак у газеце: Купала крочыць па Паднябеснай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Антыдэпрэсанты не выклiкаюць прывыкання i залежнасцi». Як перамагчы трывогу i дэпрэсiўны настрой?

«Антыдэпрэсанты не выклiкаюць прывыкання i залежнасцi». Як перамагчы трывогу i дэпрэсiўны настрой?

Расказаў урач-псiхiятр-нарколаг мiнскага гарадскога клiнiчнага псiхiятрычнага дыспансера Iгар Сарокiн.

Грамадства

У Беларусі дыягнаставаны 861 выпадак каранавіруса

У Беларусі дыягнаставаны 861 выпадак каранавіруса

31 знаходзіцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх.