Вы тут

Мікола Аўрамчык. Брат сасны і праўды сын


Калі «візітоўкай» успрымання малой радзімы Якуба Коласа з’яўляецца прызнанне, што прагучала ў паэме «Новая зямля» (Мой родны кут, як ты мне мілы!.. // Забыць цябе не маю сілы!), то ў Міколы Аўрамчыка кранаюць сэрца такія радкі:


Фота Кастуся Дробава

Мая Бабруйшчына зялёная,

Здаешся іншым ты малой

З тваёй Бярэзінай хвалёнаю

І з непрыкметнаю Алой.

А мне заўсёды паўнаводнымі

Здаваліся іх берагі,

Былі твае мясціны роднымі,

Куток з маленства дарагі.

Верш так і называецца — «Мая Бабруйшчына зялёная». На Бабруйшчыне, у вёсцы Плёсы, ён нарадзіўся 14 студзеня 1920 года. Як сведчыць у  аўтабіяграфіі «Пра сябе», любоў да літаратуры яму прывіла настаўніца Алена Лаўрэнаўна Меляшкевіч: «Дзякуючы ёй горача палюбіў апавяданні і аповесці Якуба Коласа і Кузьмы Чорнага, вершы Янкі Купалы і Максіма Багдановіча». Гэта падахвоціла і самога пісаць вершы. Адзін з іх, прысвечаны Якубу Коласу, прачытаў увосень 1936 года на вечары ў бабруйскім Доме Чырвонай Арміі. У горадзе якраз шырока адзначалася 30-годдзе літаратурнай дзейнасці песняра. Тады ж упершыню ўбачыў Канстанціна Міхайлавіча і Платона Галавача, які выступіў з дакладам пра творчасць класіка.

Будучы дзесяцікласнікам, рэгулярна прапаноўваў свае творы ў насценную газету, а ў канцы 1937 года дэбютаваў у бабруйскай акруговай газеце «Камуніст». Праз год яго верш «Парашутыстка» быў надрукаваны ў другім нумары часопіса «Полымя рэвалюцыі». Да юнага аўтара ўважліва ставіліся Кузьма Чорны, Аркадзь Куляшоў, Рыгор Мурашка. На яго творы давалі «вельмі падрабязныя і змястоўныя пісьмовыя адказы». А ўлетку 1938 года, пасля заканчэння сярэдняй школы, Міколу запрасілі на рэспубліканскія курсы маладых аўтараў. Восенню ж паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага.

Студэнты выпускалі часопіс «Наша творчасць», ладзілі творчыя сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі. На адну з  іх прыйшлі Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Лынькоў, Эдзі Агняцвет. Канстанціну Міхайлавічу спадабаўся верш М. Аўрамчыка «Адлёт жураўлёў». Свае ўражанні ён не толькі выказаў перад прысутнымі, але і пакінуў на верш пахвальны водгук у кнізе запісаў.

У 1938—1940 гадах М. Аўрамчык апублікаваў яшчэ некалькі вершаў: у тым жа «Полымі рэвалюцыі», у газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Камунар Магілёўшчыны». У суаўтарстве з  Аляксеем Коршакам прарэцэнзаваў дзве кнігі. Пасля гэтых выступленняў у друку наступіў доўгі перапынак, да 1946 года. Яго імя з літаратуры на нейкі час выкрасліла Вялікая Айчынная вайна. Гвардыі радавы М. Аўрамчык апынуўся на Волхаўскім фронце.

Ва ўзводзе славутых «Кацюш» ваяваў нядоўга. У канцы чэрвеня таго ж сорак другога пры акружэнні каля Мяснога Бору трапіў у палон. З гэтага моманту і пачалася яго, кажучы словамі Рыгора Барадуліна, «трагічная, ахвярная біяграфія». Вывезлі на каменнавугальную шахту горада Марль. Пра перажытае расказваў так: «Кожны дзень на дасвецці з лагера да шахты канваіры прыганялі вялікую калону з палонных, абвітую гірляндамі шахцёрскіх лямпаў. Нявольнікаў апускалі ў падзямелле. У лагеры лупцавалі кіямі паліцаі, па дарозе да шахты штурхалі прыкладамі канваіры, а ў падзямеллі кайлом білі штайгеры і іх памочнікі».

Як сведчанне — верш «Сустрэча былых канагонаў» (у шахтах канагонам называюць паганятага каня, запрэжанага ў ваганетку):

Паўзмрочная капальня ў дымным Руры,

І ў ёй не я, а сноўдае штодзень

Шкілет, які яшчэ абцягнут скурай,

 Ды на сцяне — чужы, сутулы цень.

Твор напісаны пасля вайны ўжо. Пасля таго, як Мікола Якаўлевіч пабываў у Салігорску. Разам з шахцёрамі спускаўся і ў забой. Працаваць у шахце яму было не прывыкаць, бо шахцёрам быў не толькі ў Руры, а і ў Данбасе, пасля Перамогі.

Верш гэты даў назву яго аднайменнай кнізе лірыкі, якая пабачыла свет у 1963 годзе і адзначана Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы ў 1964-м. Першая ж кніга паэзіі М. Аўрамчыка «Пярэдні край» выйшла ў 1949 годзе. За ёю з’явіліся зборнікі «Шляхамі дружбы» (1952), «Ключы жураўліныя» (1960). Пасля «Сустрэчы былых канагонаў» пабачылі свет кнігі «Універсітэцкі гарадок» (1967), «Агледзіны» (1969), «Як на далоні» (1970), «Дрэва дружбы» (1973), «Вадовішча» (1976). Тройчы выходзілі выбраныя творы, прытым у 1980 годзе ў двух тамах. Выдаў Мікола Якаўлевіч і зборнік вершаў для дзяцей «Дружба» (1950). Шмат займаўся перакладамі. Яго творы таксама пераствораны на некалькі моў.

Зведанае, перажытае ў гады Вялікай Айчыннай вайны ніколі не адпускала ад сябе — у пасляваенных вершах нязменна прысутнічае гэтая тэма. Сярод іх вылучаецца верш «Каб гэтакага лёсу вы не мелі…». Радкі прасякнуты болем. Але гэта не толькі ўласны боль, але і ўсіх, каго таксама напаткаў незайздросны лёс:

Пад Чудавым я цудам не забіты.

Прапаў без вестак я ў Мясным Бары,

І ў Руры, Богам і людзьмі забыты,

Ледзь выбраўся з падземнае нары.

 Чужою славай радавым не ласавацца…

Але мне крыўдна ўсё ж, што пакрысе

У мове прыжылося слова ўласаўцы,

Джалільцы ж слова ведаюць не ўсе.

Муса Джаліль — татарскі паэт, палітрук, які мужна трымаўся ў фашысцкім палоне:

Вярнуўшы добрае імя старое,

Закона справядлівая рука

Уваскрасіла з мёртвых, як героя,

Былога нашага палітрука.

Манера пісьма ў М. Аўрамчыка знешне спакойная, але ўражанне гэтае падманлівае. Ёсць у яго вершах і такая важная якасць, як прыхаваны драматызм, што сведчыць аб неўтаймаванасці душы лірычнага героя, яго не толькі чыста чалавечым, а і грамадзянскім неспакоі, які асабліва дае аб сабе знаць тады, калі ўнутраная энергія радка просіцца вонкі, прагне споведзі.

Паспрабаваў Мікола Якаўлевіч свае сілы і ў прозе, напісаўшы раман «У падзямеллі» і  аповесць «Палон», праўдзіва расказаўшы пра зведанае ў гады Другой сусветнай вайны. Найперш праз вобразы галоўных герояў Янкі Лагуна і Міхася Сіліча. Абодва персанажы з яркімі аўтабіяграфічнымі рысамі. Праўда вайны ў творы — тая, якая доўга замоўчвалася. Каларытнымі атрымаліся вобразы каменданта лагера Грышкі і паліцая Гаўрыка. Ва ўсім сваім мярзотным вобліку паўстаюць наглядчык Ляўшун і даносчык Румега. Ім супрацьстаяць тыя, хто і ў пякельных умовах захаваў чалавечнасць. Гэта прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, але ім аднолькава невыносна цяжка. Яны трымаюцца. Дый іншых, слабейшых духам, падтрымліваюць. Фашыстаў пісьменнік паказаў не толькі чорнымі фарбамі. Сярод іх таксама былі тыя, хто ваеннапалонных успрымаў людзьмі, па меры магчымасці падтрымліваў, як мог аблягчаў іх становішча. Некаторыя з іх выведзены пад сваімі сапраўднымі прозвішчамі, а гэта таксама сведчыць на карысць таго, што М. Аўрамчык імкнуўся быць як мага больш праўдзівым. Мастацкая праўда не засланяла яму праўды жыццёвай. Біяграфія самога апавядальніка — толькі частка таго фактычнага матэрыялу. Ён пісаў пра тых, на чыю долю выпалі нечалавечыя выпрабаванні, звязаныя з ваеннымі дзеяннямі і з жахам палону, няволі.

Важкія набыткі Міколы Якаўлевіча і ў галіне мемуарыстыкі. У кнізе «Знаёмыя постаці» змешчаны аповеды пра пісьменнікаў, з якімі ў той ці іншы час звёў лёс. Аднак аўтар нязменна прытрымліваўся падыходу: расказваць толькі пра творцаў, якіх ужо з намі няма.

Пра тых, хто адышоў у лепшы свет, ён паведаў па-свойму, па-аўрамчыкаўску: цёпла, светла, пранікнёна, з павагай, захапленнем талентам кожнага, каго згадвае. Са старонак кнігі паўстаюць незабыўныя абліччы Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Анатоля Грачанікава, Кандрата Крапівы, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Аляксея Пысіна і іншых. Але асабліва шчымлівыя радкі прысвяціў ён Аляксею Коршаку і Міколу Сурначову, сябрам свайго даваеннага юнацтва

Ва ўспамінах М. Аўрамчыка ёсць яшчэ і такая важная якасць, як фактаграфічная насычанасць. Прыгадваецца толькі тое, сведкам чаго быў сам. Пасля гэтага хочацца працытаваць Рыгора Барадуліна, які засведчыў: «Пра шчодрасць душы, пра жаданне падзяліцца ўсім самым дарагім сведчаць шматлікія прысвячэнні, па якіх, як і па вершах паэта, можна чытаць геаграфію і біяграфію».

Да месца і сказанае Алегам Лойкам, які з удзячнасцю зазначыў, што М. Аўрамчык  — «адзін з першых настаўнікаў паэтычнай моладзі Беларусі з пачатку 50-х і аж да 80-х гг.». Гавару «адзін з першых», бо не забываюся пра Анатоля Сцяпанавіча Вялюгіна ў «Полымі», Сяргея Сцяпанавіча Дзяргая — у «Вожыку». Алег Антонавіч быў упэўнены, што «[…] яны былі трыма зоркамі, былі святлістым Арыёнам, бляск якога спадаў на кожнага з нас — шасцідзесятнікаў, сямідзесятнікаў». Пра тых, перад кім адкрыў вялікі свет літаратуры, сам Мікола Якаўлевіч шчыра, ад сэрца сказаў у 1977 годзе ў вершы «Паэтам “Маладосці”»: «Вас усіх я добра помню ў твар, // Ведаю любога з вас пайменна».

У аўтабіяграфіі ён прыгадаў вядомае выказванне: «Кажуць, што біяграфія паэта — у яго вершах» і развіў гэтую думку: «Мабыць, кароткая ў мяне біяграфія, бо вершаў напісаў я вельмі мала». Сапраўды так, калі мець на ўвазе колькасць. Ды колькасць далёка не заўсёды сведчыць пра якасць.

 Як ні згадаць меркаванне Пімена Панчанкі? Асабліва яму падабаўся твор М. Аўрамчыка «Беларуская сасна»: «У многіх паэтаў ёсць адзін верш, у  якім нібы сканцэнтравана ўся сутнасць і асаблівасць іх паэзіі. У М. Святлова гэта “Гранада”, у Я. Смелякова  — “Калі я захварэю…”, у С. Арлова — “Яго зарылі ў шар зямны” і г. д. У М. Аўрамчыка такім вершам я назваў бы “Беларускую сасну”… Тут усё хораша: і думка, і сюжэт, і вобразнасць. Адразу адчуваеш і  гордасць за сваю працу лірычнага героя, і любоў да роднай Беларусі з баравымі соснамі. Але галоўнае — верыш шчыраму даверліваму голасу паэта. У гэтым увесь Аўрамчык з яго яснай паэзіяй, з любоўю да радзімы, да людзей працы, з вернасцю франтавому сяброўству…»

Дзвюма строфамі з гэтага твора, у якім прачытваецца частка суровай і трывожнай біяграфіі выдатнага паэта, і хочацца закончыць згадкі пра яго:

З кожнай штольні пахне беларускай,

Баравой, смалістаю сасной…

Пад зямлёй праход нязручны, вузкі

Выглядае просекай лясной.

Ты з настойлівасцю вугаль колеш,

Іскры пырскаюць з-пад малатка…

Родная сасна пад цяжкай столлю

Не аддасць у крыўду земляка.

Мікола Аўрамчык — брат сасны і сын праўды. Пакручасты быў ягоны лёс, неаднойчы набліжаў на валасок да смерці. Ды, бадай, самім Усявышнім яму было наканавана выжыць. А жыў не толькі за сябе, а і за сяброў. За Аляксея Коршака, Міколу Сурначова, якія рана пайшлі з жыцця. Ён жа ўсё набліжаўся да 100-гадовага рубяжа. Адышоў у вечнасць 8 мая 2017 года.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».