Вы тут

Прайшло асвячэнне дамавога храма Барысаўскага епархіяльнага ўпраўлення ў гонар свяціцеля Савы


Урачыста і велічна прайшло асвячэнне дамавога храма Барысаўскага епархіяльнага ўпраўлення ў гонар свяціцеля Савы, першага архіепіскапа Сербскага. Ганаровае месца ў гэтым невялікім светлым храме заняла ікона святога Савы, якую перад пачаткам богаслужэння перадалі ў дар па блаславенні Патрыярха Сербскага Ірынея. Пасля малебну архіпастыр Сербскай праваслаўнай царквы епіскап Маравіцкі Антоній таксама паднёс у дар храму камплект літургічных сасудаў.


Фота мае ілюстрацыйны характар. ndm-museum.ru

Абраз з выявай свяціцеля — гэта дакладная копія фрэскі з манастыра Мілешава, створанай у гонар 800-годдзя Сербскай праваслаўнай царквы.

Шанаванне святога Савы на Белай Русі мае глыбокія гістарычныя карані. Гэтага свяціцеля згадвае Францыск Скарына ў календары «Малой падарожнай кніжыцы» (1522) у ліку самых значных славянскіх святых, а Захарыя Капысценскі ў сваім трактаце «Палінодыя» (1621) называе яго ўзорам для пераймання.

— Для епіскапскага служэння ў сучасных умовах асабліва важныя не толькі прыклад вялікага святога Савы, але і яго нябеснае заступніцтва і дапамога, якія будуць асабліва адчувальныя, калі яму будуць прыносіцца пастаянныя малітвы ў асвячоным храме ў яго гонар, — лічаць у прэс-службе епархіі.

— Прыклад святога Савы, плады яго падзвіжніцкай і духоўна-асветніцкай дзейнасці не абмяжоўваліся межамі святой гары Афон і Сербіі. Яны аказалі істотны ўплыў на ўвесь праваслаўны свет ад Грэцыі да Маскоўскай Русі. Шанаванне святога на тэрыторыі сучаснай Беларусі зацвердзілася ў ХV—ХVІ стагоддзі, — расказаў епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін.

Богаслужэбныя песнапенні на сербскай мове выканаў дзіцячы хор кафедральнага сабора Уваскрэсення Хрыстова горада Барысава пад кіраўніцтвам рэгента Ксеніі Качаноўскай. Пропаведзь перад прычасцем прачытаў свяшчэннік Ігар Васько.

На богаслужэнні прысутнічаў і маліўся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь Велько Кавачавіч. Як адзначыў ён, асвячэнне прастола дамавога храма ў гонар святога Савы Сербскага стала яшчэ адным унёскам ва ўмацаванне духоўнага адзінства двух праваслаўных народаў. Гэта асабліва значна цяпер, калі паміж Сербіяй і Беларуссю імкліва развіваюцца палітычныя і эканамічныя стасункі. Такія мерапрыемствы сведчаць пра тое, што нашы краіны не толькі развіваюць узаемавыгаднае супрацоўніцтва, але і з'яўляюцца братэрскімі.

Епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін падзякаваў епіскапу Антонію за архіпастырскі візіт і ў памяць аб сумеснай малітве паднёс ікону Ефрасінні Полацкай. Ён таксама ўдастоіў архіерэйскіх грамат беларускага прафесара Івана Чароту і сербскага праваслаўнага публіцыста Ранка Гойкавіча, які браў удзел у верасні ў Дні беларускага пісьменства і друку і які прывёз у дар ад Сербскай Патрыярхіі ікону святога Савы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Ікона свяціцеля Савы Сербскага ў асвячоным храме

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.