Вы тут

Доўгія кантракты, водпуск для бацькі і іншыя змяненні. Сёння ўступае ў сілу новы Працоўны кодэкс


І грамадства, і эканоміка пастаянна развіваюцца. Жыццё дыктуе новыя ўмовы — з'яўляюцца гнуткія формы занятасці, мяняюцца вытворчыя працэсы, узнікаюць новыя запыты як з боку работнікаў, так і з боку наймальнікаў. Абноўлены Працоўны кодэкс заканадаўча замацаваў самыя важныя і значныя з такіх змен. Дык якія новаўвядзенні нас чакаюць? Што важна ведаць работніку і наймальніку?


Доўгія кантракты

Усяго ў абноўленым Працоўным кодэксе было зменена больш за 200 артыкулаў і з'явілася 13 новых. Сярод іх, напрыклад, частка 18, якая датычыцца кантрактнай формы найму, і частка 25, якая рэгулюе дыстанцыйную работу.

Прафсаюзы ў ходзе маніторынгу, які яны правялі летась, высветлілі, што больш за 60 працэнтаў працоўных кантрактаў заключана тэрмінам усяго на год. Пра тое ж кажа і саветнік па сацыяльных і працоўных пытаннях Рэспубліканскай асацыяцыі прадпрыемстваў прамысловасці «БелАПП» Аляксандр АНЧУК. Так, паводле яго слоў, у сістэме Мінпрама ў 125 арганізацыях доля кароткатэрміновых кантрактаў пры заключэнні склала больш за 60 %, а пры падаўжэнні нават 78 %. «Кантракты на год сапраўды маюць месца», — рэзюмуе Аляксандр Анчук.

Цяпер, згодна з абноўленым Працоўным кодэксам, работнік, які адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, зможа разлічваць на больш працяглы кантракт. Напрыклад, калі работнік упершыню ўладкоўваецца на прадпрыемства, з ім можна заключыць кантракт на год. Але далей, калі наймальнік хоча працягнуць працоўныя адносіны, ён абавязаны прапанаваць таму кантракт на максімальны тэрмін дзеяння — гэта значыць да пяці гадоў. Калі па заканчэнні пяцігадовага тэрміну наймальнік і работнік зноў маюць намер працягваць працоўныя адносіны, новы кантракт павінен быць адразу на тры гады. На меншыя тэрміны кантракты можна працягваць толькі з пісьмовай згоды работніка.

Гарантыі перад пенсіяй

Работадаўца таксама абавязаны прадоўжыць кантракт з работнікам перадпенсійнага ўзросту не менш чым за два гады да надыходу права на атрыманне пенсіі. Калі ж скончыўся максімальны, пяцігадовы тэрмін кантракта, то павінен заключыць новы. Умова для работніка пры гэтым толькі адна: ён павінен добрасумленна ставіцца да працы.

Пра часовы перавод на іншую работу

Таксама адрэгуляваны парадак часовага пераводу са згоды работніка на іншую работу, калі ёсць вакансіі, у тым ліку да іншага наймальніка, на тэрмін да шасці месяцаў. Раней, пагаджаючыся на такі перавод, чалавек не заўсёды быў упэўнены, што ён застанецца працаваць у гэтай арганізацыі, гэта значыць не былі забяспечаны яго гарантыі. «У абноўленым Працоўным кодэксе прапанаваны такі досыць зручны варыянт, калі можна, вызваліўшы ад ранейшай пасады, перавесці работніка з яго згоды на шэсць месяцаў на іншую работу, — тлумачыць начальнік галоўнага юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Валянціна Маслоўская. — Пры гэтым яму будзе гарантавана вяртанне на ранейшае рабочае месца. І яшчэ адзін важны момант: гарантаванае захаванне заработнай платы. Так, калі зарплата па іншай пасадзе вышэйшая, ён будзе атрымліваць зарплату па выкананай рабоце. Але калі раптам яна ніжэйшая, то заработная плата будзе захоўвацца».

Дыстанцыйная работа: больш стабільнасці

Апошнімі гадамі можна назіраць усё больш выпадкаў дыстанцыйнай работы, але пры гэтым яна не была заканадаўча ўрэгулявана. Работадаўцы, як правіла, выкарыстоўвалі грамадзянска-прававыя дагаворы. Цяпер на яе распаўсюджваюцца працоўныя адносіны — гэта ўсё ж такі больш стабільны варыянт, які дае работніку больш гарантый.

На дыстанцыйную работу будуць распаўсюджвацца ўсе абавязковыя нормы: рэжым працы, абедзенны час, адпачынак, аплата часовай непрацаздольнасці. Але трэба разумець, што такі кантракт дзейнічае толькі на тэрыторыі Беларусі. «Калі работнік знаходзіцца на тэрыторыі іншай дзяржавы, то там таксама ёсць сваё заканадаўства. І той грамадзянін, які знаходзіцца на тэрыторыі іншай дзяржавы, павінен несці адказнасць, падпарадкоўвацца гэтаму заканадаўству. Наймальнік таксама павінен гэта разумець», — тлумачыць Валянціна Маслоўская.

Пра матэрыяльную адказнасць работніка

У новым Працоўным кодэксе зменена норма, якая датычыцца матэрыяльнай адказнасці работнікаў за прычыненую наймальніку шкоду. Раней наймальнік мог перакласці на работніка штраф, які на яго наклаў кантралюючы або наглядны орган. Пры гэтым сумы маглі быць велізарныя. Цяпер гэта выключана. Таксама новая рэдакцыя кодэкса канкрэтызуе, што з'яўляецца матэрыяльнай шкодай. Улічвацца будзе толькі рэальная шкода. Прычым калі яе памер не перавышае трох сярэднямесячных зарплат работніка, наймальнік мае права спагнаць яе ў адміністрацыйным парадку, не даводзячы справу да суда.

Працоўны кодэкс таксама ўраўноўвае матэрыяльную адказнасць работнікаў, якія працуюць па кантракце і па бестэрміновым працоўным дагаворы. Раней да кампенсацыі шкоды прыцягваліся толькі кантрактнікі, прычым незалежна ад таго, была яна нанесена выпадкова або наўмысна. Цяпер абмежаваная матэрыяльная адказнасць пашыраецца на ўсіх, а кампенсаваць страты давядзецца толькі ў выпадку іх наўмыснага стварэння.

Дадатковы водпуск для бацькі пры нараджэнні дзіцяці

У новай рэдакцыі Працоўнага кодэкса прадугледжаны водпуск для бацькі або айчыма пры нараджэнні дзіцяці. Яго працягласць складзе 14 дзён, якія можна будзе выкарыстаць на працягу шасці месяцаў пасля нараджэння дзіцяці. Аплачвацца такі водпуск не будзе, таксама ён не будзе лічыцца часткай працоўнага водпуску. Пры гэтым у калектыўным дагаворы можна прапісаць пункт, які будзе прадугледжваць аплату дадзенага перыяду. Такім жа чынам можна павялічыць і працягласць гэтага водпуску.

У заканадаўства таксама ўвялі паняцце «адзінокі бацька». Мы ўжо бачым, што, акрамя адзінокіх жанчын, дзяцей выхоўваюць адзінокія мужчыны. На іх будуць пашырацца ўсе тыя ж гарантыі і нормы, што і на адзінокіх маці.

Членам прафсаюза — пашыраныя правы

Згодна з абноўленым Працоўным кодэксам, нормы калектыўнага дагавора будуць падзеленыя на асноўныя, якія датычацца ўсіх работнікаў — сюды ўваходзяць працягласць рабочага дня, час адпачынку, працоўны распарадак, сістэма аплаты працы і некаторыя іншыя істотныя пытанні, і дадатковыя нормы, якія будуць рэгулявацца праз калектыўны дагавор і датычыцца ў асноўным членаў прафсаюза.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».