Вы тут

У Мінску ўручаць грамату «Праведнік свету» і зладзяць канцэрт «Жоўтыя зоркі»


Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту 27 студзеня ва ўсім свеце адзначаюць па-рознаму. У Беларусі сёлета з гэтай нагоды зладзяць канцэрт «Жоўтыя зоркі», сумеснае з Міністэрствам замежных спраў мерапрыемства адбудзецца ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, уручаць грамату «Праведнік свету» нашчадкам аднаго з герояў тых часоў.


Статус «Праведнік свету» даецца людзям розных нацыянальнасцяў, якія, рызыкуючы жыццём, дапамаглі яўрэям. Спецыяльны камітэт правярае іх подзвігі і, калі бачыць падставу, прысуджае пачэснае званне. На жаль, жывых удзельнікаў тых падзей ужо мала, і пачэсныя граматы атрымліваюць іх дзеці і ўнукі. Такі статус прысуджаны 781 беларусу, сваякоў яшчэ чатырох нашых суайчыннікаў шукаюць, подзвіг дзесяці правяраецца, расказаў Алон ШОГАМ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі:

— Беларусь — адно з тых месцаў, дзе яўрэі і мясцовыя жыхары плячо ў плячо супраціўляліся фашыстам і разам пакутавалі ад іх. Свет не збіраецца забыцца на гэтую з'яву, а рыхтуецца помніць і нагадваць нашчадкам пра тыя цёмныя часы, каб такое не адбылося зноў.

Сведкаў тых падзей усё менш, а памяці пра іх — больш. У нашай краіне тысячы месцаў, дзе пахаваны расстраляныя і закатаваныя яўрэі. Гісторыя Халакосту прайшла доўгі шлях ад маўчання пра яго да нашых часоў, калі мы штодня гаворым пра жахі таго часу і стараемся ўвекавечыць памяць ахвяр.

— З пачатку стварэння яўрэйскай суполкі і фонду «Халакост» людзі ставілі помнікі. Проста ў лесе, полі, месцах, дзе знішчалі яўрэяў, пра што ведалі тутэйшыя. І гэты шлях даў нам неверагодную карту памяці Халакосту на Беларусі, — кажа Галіна ЛЕВІНА, старшыня Рэспубліканскага фонду «Халакост».

Цяпер у Беларусі больш за 500 помнікаў ахвярам Халакосту, і іх становіцца ўсё больш. Мяркуецца, што ў сакавіку з'явіцца мабільная праграма для айфонаў на рускай мове, дзе будуць акрэслены ўсе вядомыя памятныя месцы, нават калі гэта проста камень у полі. З часам плануецца перакласці праграму таксама на англійскую і яўрэйскую мовы.

Ірына СІДАРОК

Прэв'ю: museums.by

Загаловак у газеце: Без права на забыццё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».