Вы тут

Сапёры паказалі, як яны абясшкоджваюць боепрыпасы


Хоць апошнія баі Вялікай Айчыннай вайны адгрымелі на нашай зямлі 75 гадоў таму, яшчэ і дагэтуль яны нагадваюць пра сябе смяротнымі «сюрпрызамі» ў зямлі. На рахунку інжынерных войскаў — звыш 11 з паловай тысяч абясшкоджаных летась выбухованебяспечных прадметаў. А гэта больш чым па трыццаць штук за дзень.


Фота БелТА.

Як бачым, нашым сапёрам адпачываць няма калі. І больш за тое, ім трэба пастаянна вучыцца сваёй справе, бо стаўка пры памылковых дзеяннях вельмі высокая. Менавіта таму на базе 2-й інжынернай брыгады прайшоў адмысловы збор па размініраванні. Туды з'ехаліся начальнікі інжынерных службаў, камандзіры воінскіх часцей, дзе ёсць перасоўныя групы размініравання, а таксама кіраўнікі гэтых груп.

— Збор праводзіўся на працягу трох дзён, — паведаміў начальнік інжынерных войск Узброеных Сіл Андрэй Куракоў. — У першы з іх вайскоўцы наведалі тэарэтычныя заняткі, дзе паўтаралі асноўныя моманты, неабходныя падчас службы. Другі ж дзень стаў практычным і праводзіўся на палігоне брыгады непадалёк ад Мінска. На невялікім участку дэманстравалася разведка мясцовасці на наяўнасць выбухованебяспечных прадметаў, то-бок праверка, як камандзір групы арганізоўвае гэты працэс. Пасля яго змяніла суцэльная ачыстка мясцовасці ад выбухованебяспечных прадметаў. У чым розніца? Разведка праводзіцца тады, калі ёсць дакладныя звесткі пра тое, што менавіта ў гэтым раёне як быццам нешта ёсць. Калі інфармацыя пацвярджаецца, то арганізоўваецца суцэльная ачыстка. Але яна патрабуе значна большых рэсурсаў як па часе, так і па задзейнічанні асабовага складу.

Летась ачысткай тэрыторыі Беларусі ад снарадаў, гранат, мін, бомбаў, акрамя ўнутраных войскаў, займалася 28 перасоўных груп размініравання, падрыхтаваных у 13 злучэннях і воінскіх часцях Узброеных Сіл. Яны выканалі 456 заявак ваенных камісарыятаў на абясшкоджванне небяспечных знаходак, якіх было амаль дзве з паловай тысячы. Прычым 90 % з іх адносіліся да катэгорыі тэрміновых.

Але адкуль жа ўзялася розніца прыблізна ў дзевяць тысяч? Справа ў тым, што гэтая колькасць знойдзеных боепрыпасаў прыпадае на Докшыцкі раён. Непадалёк ад станцыі Круляўшчызна немцы пры адступленні падарвалі збройны склад. Але яго «начынка» не столькі ўзарвалася проста на месцы, колькі разляцелася па навакольнай мясцовасці. Работы па пошуку неразарваных боепрыпасаў і іх абясшкоджванні запланаваны і на 2020 год.

— Зямля наша літаральна нашпігавана снарадамі, бомбамі, гранатамі не толькі з часоў Другой, але і з Першай сусветнай вайны. Колькасць таго, што мы з кожным годам вывозім на палігоны і падрываем, істотна не змяншаецца. Калі мы цалкам ачысцім лясы і палі Беларусі ад «рэха вайны» — вельмі цяжка сказаць. Але ніводная еўрапейская краіна не прыняла на сябе столькі смертаноснага металу, як наша.

Вайскоўцы і паказалі на палігоне, як яны знішчаюць такія смертаносныя прадметы. Прычым існуе некалькі спосабаў. Першы, і ён жа даўно асвоены, — гэта кантраляваны падрыў. Снарад ці бомба часоў Вялікай Айчыннай узрываецца дзякуючы дэтанацыі ад падрыву размешчанага побач з імі зарада. Гучыць каманда «Агонь» — і праз долю секунды раздаецца выбух. Толькі чорны дым зносіць у бок лесу... Але нашы інжынерныя войскі асвоілі выкарыстанне так званага блакіратара выбуху. Гэтая прылада прызначана для таго, каб максімальна паглынуць энергію выбуху без утварэння асколкаў. А рэшта энергіі перанакіроўваецца ў строга вызначаны бок. У нашым выпадку — вертыкальна ўверх і ўніз. Гэтыя напрамкі лічацца максімальна бяспечныя непасрэдна для саміх удзельнікаў перасоўных груп размініравання. Летась іх аснасцілі новымі проціасколкавымі касцюмамі, набылі самыя сучасныя мінашукальнікі. У асноўным яны аўстрыйскай і амерыканскай вытворчасці.

— Перад вамі два касцюмы — не толькі проціаскепкавы, але і процівыбуховы, — расказвае начальнік цыкла проціміннага цэнтра Узброеных Сіл Міхаіл Кандрацьеў. — Пра яго хочацца расказаць падрабязней. Наш даспех даволі цяжкі, ён важыць у зборы ажно 64 кілаграмы. Фізічна знаходзіцца ў ім няпроста. Але разлічаны на тое, каб зберагчы жыццё. Ён вытрымлівае падрыў за паўтара метра ад сябе паўтара кілаграмаў трацілу ў металічнай абалонцы таўшчынёй некалькі міліметраў. Яго задача — мінімізаваць уздзеянне выбуховай хвалі. Гэта стала магчыма дзякуючы выкарыстанню адмысловых бранявых накладак. Упор, натуральна, робіцца на франтальную частку. Знаходзіцца ў такім касцюме можна не больш за 15 хвілін. Каб яго адзець, патрэбны два чалавекі. Таксама ў склад касцюма ўваходзіць шлем з магчымасцю радыёсувязі і паветранай вентыляцыяй. У камплекце да яго дадаецца гідрафобная нацельная бялізна. Сам касцюм ахалоджваецца пры дапамозе вады.

Уся гэтая работа прароблена ўнутры краіны. Але якія вынікі паказваюць нашы інжынерныя войскі на міжнародных зборах і спаборніцтвах?

— Летась мы прымалі ў Гродне на базе 557-й брыгады Заходняга аператыўнага камандавання падраздзяленні з Расіі, Кыргызстана, — згадвае Андрэй Куракоў. — Збор праходзіў вельмі інтэнсіўна і завяршыўся сумесным тактыка-спецыялізаваным вучэннем. Акрамя таго, сумеснае вучэнне прайшло на палігоне ў Муліне, які месціцца ў Ніжагародскай вобласці Расіі. Падчас вучэння «Шчыт Саюза—2019» было абсталявана больш за тысячу фартыфікацыйных збудаванняў, дзясяткі кіламетраў маршрутаў перасоўвання войск, больш за паўтара кіламетра інжынерных забудоў. Адпрацоўвалі праход праз мінныя палі праціўніка з прымяненнем установак размініравання. І чарговы раз даказалі сваю здольнасць сумесна выконваць задачы.

2020 год абяцае быць не менш насычаны. Апроч іншага, у Магілёве мяркуецца правесці збор пантонных падраздзяленняў, які скончыцца тактыка-спецыялізаваным вучэннем.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: З-пад зямлі дастаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».