Вы тут

Месца сустрэчы змяніць нельга, або Як трапіць у кабінет капітана міліцыі Глеба Жаглова


У Адэсу часцей ездзяць па іншыя ўражанні — на мора, да ласкавага чарнаморскага сонца. Напэўна, мала хто ведае, што зусім недалёка ад папулярнага ў адэсітаў пляжа «Атрада» знаходзіцца той самы славуты «кабінет Жаглова», а ў двары пад гарачымі сонечнымі промнямі сумуе аўтобус-пенсіянер па мянушцы «Фердынанд». Трэба толькі прайсці па Французскім бульвары ў бок Аркадыі. Бачыце вунь той дом з караблікам на баку і надпісам «Адэская кінастудыя»? Не саромейцеся, заходзьце ўнутр. Вам там спадабаецца.


Высоцкі цікавіўся, як справы

Гэта, напэўна, адно з самых моцных маіх уражанняў мінулага лета. Пасля пляжа проста прагулялася па вуліцы, каб паглядзець архітэктуру. І, напэўна, прайшла б раўнадушна міма будынка Адэскай кінастудыі, калі б не «зачапіла» кампазіцыя з Уладзімірам Высоцкім — металічная і ў той жа час такая паветраная. Крохкая чалавечая фігурка нібы лунае ў бязважкасці. Стала цікава, адкуль яна тут. Зайшла на кінастудыю, каб спытацца, і прапала амаль на дзве гадзіны. Хто ж ведаў, што там такі шыкоўны музей кіно! Але спачатку чакаў сюрпрыз. Прыгожая жанчына паважанага ўзросту на, як модна цяпер казаць, рэсепшане (я ніколі б не паверыла, калі б яна сама не прызналася, што ёй за 80), аказалася, добра ведала і самога Высоцкага, і яго ўлюбёную Марыну Уладзі, і многіх з тых, з кім сябравала славутая пара. Завуць яе Кацярына Логвінава, і яна ўсё жыццё (60 гадоў!) працавала на гэтай кінастудыі разам са сваім мужам, а потым і сынам. Яе муж, Валерый Логвінаў, быў брыгадзір асвятляльнікаў, прадстаўнік адной з самых паважаных у кінематаграфічным свеце прафесій. Бо — і гэта меркаванне экспертаў — поспех фільма на 70 % залежыць ад правільна падабранага асвятлення. А Валерый Логвінаў быў майстар ад бога. Дарэчы, у фільме «Месца сустрэчы змяніць нельга» ён быў майстрам па свеце, і яго імя таксама ёсць у цітрах. Жонка згадала гісторыю, як ён здымаў эпізод з Жагловым і Шарапавым у партэры Вялікага тэатра. Здымкі ў Вялікім наогул катэгарычна забараняліся, але гэты дазвол цудам быў атрыманы. Працаваць дазвалялася не больш за 20 хвілін, далей — 15-хвілінны перапынак, бо вочы артыстаў і персаналу пакутавалі ад інтэнсіўнага асвятлення. Але Высоцкі часта быў у цэйтноце і прасіў: «Валера, прашу цябе, уключай, у мяне білеты на самалёт, спектакль, не паспяваю!»

У фае кінастудыі шмат фотаздымкаў зорак экрана савецкага перыяду, у тым ліку з тымі, хто заставаўся за кадрам. І Кацярына Логвінава з гонарам паказвае сярод іх мужа і сябе. Вунь яна, зусім яшчэ маладзенькая, — у шэрым з белым каўнерыкам камбінезоне члена сандружыны. Кім яна тут толькі не працавала! Была загадчыцай склада, памочніцай у асвятляльным цэху, але артысты больш ведалі яе як адміністратара гасцініцы, дзе яны прыпыняліся на час здымак.

— Залаты быў час, — уздыхае жанчына. Чарговая экскурсія па павільёнах кінастудыі толькі што скончылася, а наступная група яшчэ не назбіралася, і Кацярына Логвінава не супраць пагутарыць са мной. Тым больш што ёй самой, як мне здалося, было прыемна вярнуцца ва ўспамінах у тыя часы.

— Як здароўе, Кацярына? Як справы? — цікавіўся Высоцкі, калі праходзіў у свой гасцінічны нумар. Бывала, і цукеркамі частаваў, — усміхаецца суразмоўца. — Я працавала дзяжурным адміністратарам у гасцініцы кінастудыі — «Кураж». Тады толькі-толькі прыехала ў Адэсу і адкрыла для сябе Высоцкага. Уяўляеце, якая я шчаслівая? Першыя песні Высоцкага пачула не на касетах, а ў жывым выкананні. Які ж гэта быў цудоўны час, калі мы збіраліся ў двары нашай гасцініцы і Валодзя браў у рукі гітару. Песні перарываліся анекдотамі, жартамі, смехам. Мы ўсе былі крышачку закаханыя ў Высоцкага і бясконца шчаслівыя.

Кацярына Логвінава асабіста была знаёма з Высоцкім.

Дзе шукаць «чорную кошку»?

Хто не ведае культавы тэлефільм пра цяжкія і смяротна небяспечныя будні супрацоўнікаў крымінальнага вышуку ў суровыя пасляваенныя гады? Натуральныя здымкі тэлесерыяла «Месца сустрэчы змяніць нельга» праходзілі ў Маскве, а вось павільённыя — у Адэсе. У 5-м павільёне Адэскай кінастудыі дагэтуль існуе славуты кабінет начальніка аддзела па барацьбе з бандытызмам Маскоўскага крымінальнага вышуку (у фільме МУР) капітана міліцыі Глеба Жаглова.

«Не распускай соплі, Шарапаў! Тут МУР, а не інстытут высакародных паненак», — здаецца, нават чуеш з'едлівы голас Жаглова, калі трапляеш у гэты кабінет. Тут, дарэчы, за болей чым 40 гадоў пасля здымак амаль нічога не змянілася. Насупраць дзвярэй легендарны стол, той самы, за якім (памятаеце?) дзяўчына лёгкіх паводзін Марыя Калыванава, а па-простаму Манька-Аблігацыя, пісала, пры якіх абставінах злодзей-рэцыдывіст «таварыш Капчоны» падарыў ёй бранзалет «сярэбраны, са змейкай і з адным ізумрудным вочкам». Кажуць, што пытанне Манькі наконт правапісу першай літары «о» або «а» ў слове «аблігацыя» — чыстай вады імправізацыя. Маўляў, Ларыса Удавічэнка сапраўды не ведала, як пішацца назва каштоўнай паперы.

На стале тыя ж самыя рэчы, што былі і падчас здымак, — дыскавы тэлефон, чорная настольная лямпа, набор для пісьмовых прылад і нават раскрытая папка з крымінальнай справай, што супярэчыць жалезнаму правілу майстра крымінальнага вышуку: нічога важнага не пакідаць навідавоку без нагляду. Жаглоў нават лаяўся праз гэта на Шарапава. Вось што значыць няма дысцыпліны! Наведвальнікам тут наогул дазваляецца многае: сядзець за сталом, лазіць па яго скрынях, мацаць усё, што трапіць пад руку. Хоць, магчыма, я памыляюся. Проста як сапраўдная прыхільніца Высоцкага разам з такімі ж фанатамі затрымалася ў гэтым кабінеце крыху больш, чым іншыя. І пакуль экскурсавод паказвала ў суседнім памяшканні ўсім астатнім натуру для «Вясны на Зарэчнай вуліцы» і «Трох мушкецёраў» (гэтыя фільмы таксама здымаліся тут), мы пазіравалі перад мабільнікамі за сталом, з трубкай тэлефона, нават з чайнікам. І ўвесь час грэла думка, што перад табой менавіта той стол, за якім (і на якім) сядзеў Жаглоў-Высоцкі; тэлефон, трубку якога ён трымаў; скрыня, дзе, магчыма, ляжаў яго партсігар з «Казбекам» або дарагімі цыгарэтамі «Мальбара», якія ён апошнія гады курыў.

Экскурсавод паведаміла, што ў двары кінастудыі сярод рарытэтных машын стаіць і той самы легендарны «Фердынанд», з акна якога Глеб Жаглоў страляў па «Студбекеры» з уцякаючым ад пагоні Фоксам. У маю памяць добра ўрэзаўся той напружаны эпізод, калі Высоцкі разбівае шкло рукой, напалову высоўваецца ў акно і загадвае супрацоўніку трымаць яго. «Як трымаць?» — перапытвае збянтэжаны міліцыянер. «Пяшчотна», — іранічна кідае начальнік. Сцэна, дарэчы, была знятая з першага дубля. Дома, разглядваючы адэскія здымкі, міжволі злавіла сябе на думцы, што «Фердынанд» чамусьці не цёмна-зялёнага колеру, як у фільме, а блакітны з белым. Магчыма, перафарбавалі?

У кабінеце Жаглова кожны прадмет можна памацаць рукамі.

А песні засталіся...

На Адэскай кінастудыі пра Высоцкага нагадвае ўсё. У сувенірнай краме прадаюцца кнігі пра яго, на сценах вісяць шматлікія фотаздымкі з ім, у музеі, акрамя кабінета Жаглова, ёсць яшчэ некалькі звязаных з імем акцёра памяшканняў. «Вертыкаль», «Небяспечныя гастролі», «Кароткія сустрэчы», «Белы выбух» — усе гэтыя фільмы здымаліся менавіта тут. Для апальнага артыста Адэская кінастудыя была, лічы, другім домам. На здымках «Месца сустрэчы...» Уладзіміру Высоцкаму ўдалося ўвасобіць у жыццё яшчэ адну сваю запаветную мару — стаць рэжысёрам. Станіслаў Гаварухін, з'язджаючы ў камандзіроўкі, пакідаў яго за галоўнага. На гэтай жа кінастудыі артыст марыў зняць і першы свой фільм — «Зялёны фургон», дзе ён бы спалучыў абавязкі рэжысёра з роляй Красунчыка. Не атрымалася. Смерць мацнейшая за планы. Фільм быў зняты іншым рэжысёрам праз тры гады пасля таго, як Высоцкага не стала. А ролю Красунчыка выканаў таленавіты акцёр Аляксандр Салаўёў, які трагічна загінуў у 2000-м.

На экскурсіі вам абавязкова пакажуць памяшканне, дзе Высоцкі ў ролі харызматычнага Жоржа Бенгальскага з фільма «Небяспечныя гастролі» спявае прысвечаныя Адэсе куплеты — «Дамы, господа! Других не вижу здесь. / Блеск, изыск и общество — прелестны! / Сотвори, Господь, хоть пятьдесят Одесс, — / Всё равно в Одессе будет тесно». Фільм наогул на 70 % складаецца з песень Высоцкага. Кажуць, рэжысёр паўгода «выпрошваў» артыста на гэтую ролю — ён у той час быў «нездымальны». Але настойлівасць перамагла. Высоцкага неахвотна, але ж зацвердзілі. Калі будзеце фатаграфавацца на фоне дэкарацый да фільма, звярніце ўвагу: раяль той самы, за якім сядзеў артыст. А вось гітара на сцяне, кажуць, не ягоная.

Яшчэ адно памяшканне нагадае пра фільм «Вертыкаль», які ў 1966 годзе зняў тады яшчэ зусім малады рэжысёр Станіслаў Гаварухін. На ролю радыста Валодзі ён запрасіў ужо папулярнага, але яшчэ малавядомага шырокай грамадскасці Уладзіміра Высоцкага. У 1968 годзе, пасля выхаду фільма на экраны, група альпіністаў на паўднёва-заходнім Паміры скарыла безыменную вяршыню вышынёй 6200 метраў і назвала яе «Пік Уладзіміра Высоцкага». На жаль, афіцыйна гэтую назву савецкія ўлады не зацвердзілі. Але песні Высоцкага, што прагучалі з экрана, адразу ж сталі хітамі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».