Вы тут

Пра анталогію сучаснай беларускай драматургіі «Усё нармальна. Яе-версія»


Жанчына гаворыць — у гэтым сутнасць анталогіі сучаснай беларускай драматургіі «Усё нармальна. Яе-версія». Выданне звяртае на сябе ўвагу тым, што ўтрымлівае п'есы, напісаныя выключна жанчынамі, — цяпер можна пачытаць яшчэ сем твораў. Гэтыя тэксты абралі ўкладальніцы і рэдактаркі Таня Арцімовіч, Ксенія Князева і Алена Мальчэўская. Але драматургічных твораў, аўтарамі якіх з'яўляюцца жанчыны, у Беларусі значна больш, і гэта — з'ява, вартая асобнай увагі.


...Жанчына гучна гаворыць тады, калі мае што сказаць. А тэатр — тая прастора, што дазваляе выказвацца гучна. Яе па-ранейшаму можна назваць царствам мужчын. Не, безумоўна, жанчыны-актрысы ў тэатр прыйшлі даўно і замацаваліся трывала. З жаночай рэжысурай значна больш пытанняў, хоць у Беларусі ёсць стваральніцы яркіх спектакляў і нават асобных тэатральных з'яў. А вось п'есы, напісаныя жанчынамі (ды яшчэ каб іх увасобілі на сцэне) — з'ява адзінкавая. Але не безнадзейная.

Надзея найперш на тое, што ў творы закранаюцца пытанні, якія наўрад ці агучыць мужчына, пры тым што жанчыны складаюць палову свету. Пра «надзейнасць» можна казаць з таго пункту гледжання, што тэксты драматургінь могуць прыйсці ў тэатр (а некаторыя ўжо былі пастаўленыя). Пры тым, што кнігу не аднясеш да папулярнага чытва, яе справа — спадзяюцца ініцыятары выдання анталогіі — не марная: на іх думку, адметная сама з'ява выхаду ў свет друкаванага зборніка драматургіі, а ён яшчэ мае асаблівае гучанне.

— На вокладцы мы свядома не пазначалі, што гэта жаночая драматургія. Для нас было важна, што гэта сучасная моцная класная драматургія, — адзначае Таня Арцімовіч. — Мы свядома ўключылі толькі тэксты, напісаныя жанчынамі-драматургамі, і для гэтага былі падставы. Той, хто ходзіць у тэатр, мог заўважыць, што апошнім часам у Беларусі бум на аўтарства п'ес, напісаных жанчынамі, да таго ж гучыць усё больш імёнаў рэжысёрак. Ведаючы гісторыю тэатра, на гэта звяртаеш увагу. Таму што на працягу доўгага часу і не толькі ў Беларусі тэатр застаецца мужчынскім светам. Уваход туды жанчын — гэта выключэнне, подзвіг. Тое, што тут з'явілася столькі імёнаў, прымусіла нас звярнуць увагу на гэтую з'яву. Мы імкнуліся да таго, каб гэта была не проста кніга п'ес, а нешта большае.

Зборнік адкрывае тэкст, прысвечаны фемінісцкаму тэатру ў Беларусі. Гэта не значыць, што гаворка аб прадстаўніцах фемінісцкіх рухаў. Гаворка пра феміннасць — гэта гаворка пра жаночы погляд на свет: «жанчыны ў гэтых тэкстах выказваюцца пра палітычнае, дзеляцца сваімі жахамі, марамі і фантазіямі, што правакуе з'яўленне новых для беларускага тэатральнага кантэксту характараў на сцэне». І сапраўды, магчыма, знойдзецца чытач, які адкрые для сябе гэтую тэму, захоча прыслухацца да думак, каб зразумець душу, пра якую прынята казаць «загадкавая». Але, можа быць, неразгаданасць застаецца менавіта ад непачутасці? Адсюль — шмат якія жыццёвыя пытанні і праблемы, вырашыць якія можна было б шляхам простага разумення.

Таму зборнік можна назваць «драматургія+». У ім канцэптуальна прадугледжаны дыялог. Жанчынам, што ствараюць для тэатра і ў тэатры, далі прастору для выказванняў па-за п'есамі. У кнізе змешчаны тры маналогі прадстаўніц розных пакаленняў, якія вырашылі звязаць свой лёс з тэатрам: Алены Паповай, драматургіні, якую можна назваць мэтрам у айчынным тэатры, маладой аўтаркі Алены Іванюшанкі і рэжысёркі Валянціны Мароз.

Мы пазнаём імёны тых жанчын, якія існуюць у цяперашнім часавым адрэзку. Калі азірнуцца назад і згадаць перадгісторыю, то на нашай зямлі яшчэ з XVІІІ стагоддзя вядомае імя жанчыны-стваральніцы п'ес — Уршулі Радзівіл. Яе творы былі скіраваныя ў асноўным для хатніх пастановак.

Першай жанчынай, якая смела заявіла пра сябе менавіта як пра драматурга, стала ў ХХ стагоддзі Алена Папова. У той час, калі Алена Георгіеўна ўваходзіла ў тэатральны свет, яна была адзінай жанчынай сярод мужчын, якія стваралі для тэатра, і здолела дасягнуць поспеху. Яе п'есы актыўна ставіліся ў 80—90-я гады мінулага стагоддзя не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Пра поспех Папова выказалася так: «Выключэнняў больш, чым правіл. Правілы патрэбныя, каб не заблытацца, але выключэнняў больш. Свет значна больш шматаблічны».

Адна з праяў шматаблічнасці ў тым, што ўкладальніцам давялося няпроста, выбіраючы творы для друку. Заўсёды ёсць пытанні выбару асоб, крытэрыяў якасці.

— Мы чыталі шмат твораў, нават па некалькі разоў, праводзілі адкрытыя абмеркаванні, — удакладняе Алена Мальчэўская. — Для мяне гэтая кніга важная тым, што яна пашырыла межы. Гэта не проста кніга, а праект. Яшчэ да таго, як яна складалася, п'есы ўвайшлі ці трапілі ў поле нашай увагі.

Анталогію «Усё нармальна. Яе-версія» можна разглядаць як частку праекта «Фармат+. Чытанні сучаснай беларускай драматургіі» Платформы перфарматыўных практык «зЕрне». Напрыклад, пры яе спрыянні ў 2019 годзе адбываліся чыткі сучаснай беларускай драматургіі ў такіх гарадах Беларусі, як Брэст, Гомель, Магілёў, Барысаў, Ліда. П'есы былі прачытаныя непрафесійнымі тэатральнымі калектывамі, а таксама тымі, што не належаць да сферы аматарскага тэатра. Укладальніцы анталогіі адзначаюць, што практыка чытак, а таксама конкурсаў і фестываляў сучаснай беларускай драматургіі вельмі істотная для аўтараў: яны атрымліваюць зваротную сувязь, пачынаюць пісаць больш актыўна. Жыццё тэксту можа пачынацца не толькі з пастаноўкі на сцэне, а непасрэдна з моманту ўзаемадзеяння з аўдыторыяй.

— Гэтае выданне паказвае, наколькі шырокае поле для дзейнасці ў гэтай галіне, — лічыць Ксенія Князева. — Гэтыя тэксты высокага ўзроўню і з тэатральнага пункту гледжання заслугоўваюць, каб на іх звярнулі ўвагу. Я б хацела, каб іх яшчэ можна было ўбачыць у тэатрах.

Чаму? Адказ просты: жанчыны ўздымаюць у драматургічных творах тэмы, адрозныя ад тых, што непакояць мужчын. Іншы погляд на жыццё — іншыя болевыя кропкі. І калі ўжо жанчына вырашыла выказацца, то часам гатовая рабіць гэта даволі адкрыта і бескампрамісна. У зборніку можна пачытаць п'есы, створаныя ў апошнія дзесяць гадоў, якія не друкаваліся раней:  Алёны Іванюшанкі, Кацярыны Чакатоўскай, Улады Хмель, Марыі Бяльковіч, Рымы Ушкевіч, Юліі Шаўчук, Анастасіі Васілевіч. І гэта ўсё не толькі пра жанчын.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: (Не)жаночыя пытанні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».