Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Ганарова быць першым Прэзідэнтам, але апошнім быць не хачу


Пра прэзідэнцкую камандзіроўку ў Шклоў размовы ішлі даўно. У раніцу пятніцы журналісты пула, як звычайна, загадзя прыбылі на абвешчанае месца — «Завод газетнай паперы» пад Шкловам. Рэпарцёры разам з прэс-службай лідара краіны абмяркоўвалі план будучай працы. Але камандзіроўка пайшла не па плане... не тое, што прэс-службы, нават і дзяржаўных асоб, і службы бяспекі кіраўніка краіны.


Па прыбыцці на завод, дзе Аляксандру Лукашэнку пачалі дакладваць пра сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну і Магілёўскай вобласці, стан лесаапрацоўчай галіны і работу прадпрыемства, лідар дзяржавы аб’явіў, што збіраецца наведаць яшчэ Шклоўскі масларобны завод, Шклоўскі ільнокамбінат і дрэваапрацоўчае прадпрыемства. Пакуль служба бяспекі па загаду Прэзідэнта рыхтавала маршрут перамяшчэння па дадзеных кропках, прадстаўнікі ўлады і прадпрыемства працягвалі свае даклады.

«Завод газетнай паперы» — прадпрыемства з шэрагу інвестыцыйных праектаў, для завяршэння якіх неабходна было рашэнне кіраўніка краіны ў выглядзе ўказаў. Нагадаем, што Прэзідэнт не падтрымаў дакументы ў працоўным парадку, а адправіў на нараду (адбылася 17 снежня 2019 года), каб пераканацца: меры дзяржпадтрымкі для заканчэння праектаў — пралічаныя і аптымальныя. 

Сёння лінія працуе кругласутачна, стварае альтэрнатыўныя віды паперы. Гэта дае свае вынікі, але такая вытворчасць менш прыбытковая ў параўнанні з вытворчасцю паперы-асновы. Рашэнне працягнуць праект прынята, плануецца: выручка павялічыцца ў 2,6 раза і прыбытак у 3,7 раза.

Вытворчасць паперы-асновы для дэкаратыўных абліцовачных матэрыялаў уведзена ў эксплуатацыю ў 2016 годзе, але на кантрактныя параметры не выйшла. Па рэалізацыі інвестпраекта шклоўскае прадпрыемства супрацоўнічала з вядомай чэшскай кампаніяй. Па віне такога «супрацоўніка» частка пастаўленага абсталявання мае неналежныя якасці. Ды і тэрміны здачы значна зацягнуліся, як і судовыя справы з партнёрамі, якія пачаліся пазней. 

«Вы павінны мне дакласці ўсе рычагі ўздзеяння на чэхаў. Я гэтага не баюся. Мы іх павінны паставіць на месца. Так нельга адносіцца да краіны. І папярэдзьце Макея. Я яму даручаў, калі прымаў даверчую грамату чэшскага пасла. Пасол мяне зразумеў. І сказаў, што гэта не каштуе таго, каб мы сапсавалі адносіны з Чэхіяй», — выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка.

Асноўнымі рынкамі, якія вызначыла для сябе шклоўскае прадпрыемства, з’яўляюцца Расійская Федэрацыя і ўнутраныя патрэбы. Завод дакладна закрые патрэбы рэспублікі ў паперы-аснове. «То бок 13 тысяч з 30 тысяч (тон — „Зв.“) — гэта імпартазамяшчэнне ў Беларусі. Значыць, мыш не павінна прапаўзці. Усе 13 тысяч ты павінен паставіць любымі шляхамі ў Беларусь. Ніхто не павінен завезці сюды з боку», — даў загад Прэзідэнт.

Пра патрэбы работы над імпартазамяшчэннем казаў ён і старшыні канцэрна «Беллеспаппрам» Юрыю Назараву. «Калі ты ствараеш табурэтку, імпартнай табурэткі ў краіне быць не павінна. Разумееш? — абурыўся лідар дзяржавы. — Так ва ўсіх краінах. Я ж прыводзіў табе прыклад. Кітай з Амерыкай па гэтай прычыне вайну гандлёвую распачалі».

Прадэманстравалі Аляксандру Лукашэнку альтэрнатыўную прадукцыю завода — папяровую ўпакоўку для разнастайных патрэб. Тут ён нагадаў пра сваё жалезнае даручэнне — пазбаўляцца пластыка, і даў зялёнае святло вытворчасці папяровых пакетаў. 

Лідар краіны акцэнтаваў увагу, што грошы сёння можна рабіць з усяго, асабліва са смецця. Яго горы пад Мінскам і іншымі гарадамі павінны ператварыцца ў вяршыні з грошай. «У вобласці не павінна быць гэтых смеццевых палігонаў і гор. Гэта ж грошы, велізарныя грошы. Трэба перапрацаваць усё смецце», — удакладніў Прэзідэнт


«Падатковы манеўр Расія зрабіла спецыяльна, каб надавіць на Беларусь»

Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў падчас размовы з калектывам шклоўскага «Завода газетнай паперы». Ён адзначыў, што ў энергетычным сектары праца ідзе вельмі няпроста, таму што аб’ядналіся эканамічны і палітычны складнікі.

«Мы ўжо пяць год рушым да сусветнага кошту на нафту, пастаянна, паціху. Чаму адбыўся фактычна канфлікт са старым складам урада Расіі, які адправіў прэзідэнт Пуцін у адстаўку? — пачаў кіраўнік краіны. — Мы вымушаны былі згадзіцца з тым, што праз пару год мы будзем нафту не найлепшай якасці (Urals не найлепшая нафта ў свеце, ёсць больш лёгкая, якасная), але нашыя заводы з савецкіх часоў прызвычаіліся перапрацоўваць гэтую нафту). 

Расказаў Аляксандр Лукашэнка і пра падатковы манеўр. 

«Яны (расійскі бок) узялі гэтую палову, якую мы атрымлівалі, рэалізоўваючы нафтапрадукты, свой тавар, купілі там нафту, перапрацавалі, прадалі і мелі гэтую палову. Адабраць нязручна. Яны ўзялі і ўвялі ў сябе падатак на здабычу карысных выкапняў. І тым самым паднялі цану на нафту», — патлумачыў Прэзідэнт і падкрэсліў, што гэта зрабілі спецыяльна, каб надавіць на Беларусь.

«Калі мы паставілі пытанне: старэйшы брат, так жа не паступаюць? Нельга нас за дурняў трымаць. Там усё ў падатак унеслі да цэнта», — дадаў Аляксандр Лукашэнка і падкрэсліў, што гэта зрабілі спецыяльна, каб надавіць на Беларусь.

Каб захаваць узровень па кошту хаця б газу, па словах кіраўніка краіны, адпаведныя меры будуць прынятыя ў Беларусі. Ён падкрэсліў, што Беларусі патрэбна не таннае паліва, а толькі роўныя цэны з расіянамі, і гэта калісьці паабяцалі. «Што тычыцца газа, нас кінулі, не вывелі на роўныя цэны, што тычыцца нафты — плаціце больш, чым яны прадаюць палякам і венграм, немцам», — канстатаваў ён.

Каб захаваць узровень кошту хаця б газа, па словах кіраўніка краіны, адпаведныя меры будуць прыняты ў Беларусі. Ён нагадваў, што нам не патрэбна таннае паліва, а толькі роўныя цэны з расійскімі прадпрыемствамі і гэта калісьці паабяцалі. Але пра гэта забылі.

Расказаў Аляксандр Лукашэнка і пра чатыры шляхі нафты ў Беларусь і дыверсіфікацыю паставак, пра якую паведамілі на нарадзе па нафце ў аўторак.

Адзін — праз Клайпеду, другі — з Гданьска, трэці ад пастаўшчыкоў з Венесуэлы, і, безумоўна, застанецца імпарт з Расіі.

Сусветны кошт за бараль нафты 62 долары, а расійскія партнёры патрабуюць дадатковую прэмію. На тоне сума дзесьці атрымліваецца ў 15-16 долараў. А калі памножыць на 24 мільёны тон (столькі могуць пераапрацаваць нашы два заводы — у Мазыры і Наваполацку), то выходзяць вялікія грошы.

Сёння ў Беларусі нафта крыху таннейшая, чым у свеце.

Ён яшчэ раз запэўніў, што ніколі не пойдзе на аб’яднанне Беларусі і Расіі ў адзіную дзяржаву: «Нават, калі я на гэта пайду, беларусы мяне з’ядуць на працягу аднаго года пасля прыняцця падобнага рашэння. Што тычыцца мяне асабіста. Я ўжо напрацаваўся. Мне больш улады ці менш не трэба. У імя таго, каб працягнуць сваё існаванне, атрымаць ключы ад нейкага складу ў Расіі — для мяне непрымальна. Я не хачу быць апошнім Прэзідэнтам Беларусі. Ганарова быць першым, але апошнім быць не хачу». 

«Што тычыцца ўлады, я вам шчыра сказаў — пройдуць прэзідэнцкія выбары і вы вырашыце, хто будзе кіраваць краінай. І калі вы мяне не выберыце, я на вас не абіжуся. Гэта будзе ваш выбар. Вы павінны вызначыцца, час сур’ёзны, хто будзе кіраўніком дзяржавы, у якой будуць жыць вашы дзеці», — падкрэсліў Прэзідэнт.


«Наша галоўная сыравіна — гэта мазгі, нашы мазолістыя рукі»

«Да таго ж прырода падарыла нам багатыя лясныя рэсурсы, але найбольш востра стаяла пытанне сельскай гаспадаркі, таму першапачатковыя задачы для нашай маладой незалежнай дзяржавы — накарміць людзей за кошт развіцця сельскай гаспадаркі», — нагадаў калектыву «Завода газетнай паперы» Аляксандр Лукашэнка. 

Абнаўленне аграрнага комплексу адбылося — краіна завяршыла структурную мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі. Жывучы ў рэгіёне, багатым на лес, беларусы паралельна ўзяліся за мадэрнізацыю лясной, папяровай прамысловасці і стварэнне гатовага прадукту — паперы і мэблі.


«Трэба выкарыстоўваць усе рычагі ўздзеяння на чэшскага інвестара для завяршэння праекта на заводзе газетай паперы ў Шклове»

«Ну вось целяпаемся ўжо 10 год. Шмат чаго зрабілі, тэмп добры, але ёсць тры праблемныя прадпрыемствы, па якім нам неабходна сёння вырашыць праблему. Гэта (прадпрыемства — „Зв.“) я лічу праблемным (таму і прыехаў), Добруш, і да розуму трэба давесці Светлагорск, — працягнуў лідар краіны. — Я там яшчэ пабуду, пагляджу. Мы на праектную магутнасць выходзім. Людзі гавораць, там дурна пахне, яшчэ штосьці. Разумееце. Гэтага быць не павінна, але і людзі нашы такія пераборлівыя вельмі. Гэта добра з аднаго боку».

Непрыемная гісторыя адбылася ў шклоўскага завода з вядомай чэшскай кампаніяй, якая не давяла да канца мадэрнізацыю прадпрыемства, і яно не можа выйсці на запланаваную якасць асновы паперы.

Да канца гэтага года Прэзідэнт паведаміў, што іншая кампанія створыць і паставіць неабходныя заводу агрэгаты. «І мы ўсё роўна створым патрэбную нам прадукцыю, — запэўніў кіраўнік краіны. — І на знешніх рынках мы заўсёды будзем мець запыт. Я аб’ехаў увесь свет: ніжэй за цэнтр Украіны лясоў няма, а ўсе хочуць нармальную мэблю».

Але неабходна «паспець і ўскочыць у гэты экспартны вагон». Прэзідэнт падкрэсліў, што ніколі не даруе шклаўчанам правалу: «Вы мае людзі, мы з вамі выраслі на гэтай зямлі. Гэта не галоўная прычына, але мае значэнне, адыгрывае пэўную ролю. Таму разварочвайцеся, дырэктар у вас нядрэнны — каб не зазнаўся, малады хлопец, вярціцеся. Я чамусьці ўпэўнены, што вы тое, што абяцалі да канца года, зробіце, усё, што неабходна ад дзяржавы, вы атрымаеце, ужо атрымліваеце».

Дарэчы, паказчык сярэднямесячнага заробку на прадпрыемстве ў 2019 годзе склаў 1043 рублі.


«Завод газетнай паперы» засвоіў выпуск і пастаўкі драўляных каркасна-шчытавых дамоў тыпу таўнхаус. Іх рэалізацыі перашкаджае старая нарматыўна-прававая база па электра- і пажарнай бяспецы. З такой праблемай да Прэзідэнта звярнуўся адзін з працаўнікоў. 

Аляксандр Лукашэнка даручыў у першым квартале вырашыць гэта пытанне. «Я быў у гэтых дамах. Яны двухузроўневыя, двухпавярховыя. І што за праблемы? Праводка, — сказаў ён. — Пабольш б вы рабілі такіх дамоў і людзі нашы будавалі. Цэны ў Шклове нармальныя».

Лідар краіны падзяліўся з супрацоўнікамі сваім абурэннем, чаму пустуюць участкі і людзі не хочуць узяць гэты кавалак зямлі. «Чаму не ўзяць? Пабудаваць маленькі домік, хай сабе просценькі. Але вы замацуеце за сабой паўгектара зямлі. Вы забяспечыце жыццё не толькі сваім дзецям, але і ўнукам. Хутка гэта зямля будзе каштаваць даражэй за золата. Вось што мяне здзіўляе», — выказаўся Аляксандр Лукашэнка.

«Не магу адвыкнуць ад друкаванага слова»


Цікавіліся ў Прэзідэнта і яго стаўленнем да друкаванай прэсы. Кожную раніцу прэс-сакратар рыхтуе яму стопку газет ад «СБ-Беларусь сёння» да «Народнай волі» і агляд разнастайных рэсурсаў, што пішуць пра краіну і яе кіраўніка. «Як чалавек старой фармацыі, я не магу адвыкнуць ад друкаванага слова»,— падагульніў лідар і падзяліўся, што не мае мабільнага тэлефона.

Інтэрнэт, на яго думку, — вялікая справа, але «яшчэ невядома, да чаго ў выніку прывядзе сусветнае павуцінне і развіццё штучнага інтэлекту».

«Я за тое, каб друкаванае слова было, і я ўпэўнены, што яно нікуды не сыдзе», — сказаў Прэзідэнт. — Да, ёсць нейкі спад, меншы запыт на друкаванае слова, але вы ўбачыце, што яно вернецца і будзе, мабыць, яшчэ вышэй».


Пасля грунтоўнай размовы Прэзідэнт адправіўся на прадпрыемствы, які нечакана з’явіліся ў парадку камандзіроўкі. На масларобным заводзе ён наведаў некалькі цэхаў і перайшоў на размешчанае па суседстве прыватную вытворчасць «Данон Шклоў». Аляксандр Лукашэнка даручыў старшыні Магілёўскага аблвыканкама разгледзець магчымасць аб’яднання вытворчых рэсурсаў гэтых двух прадпрыемстваў. 

На ільнозаводзе Прэзідэнт папрасіў звярнуць увагу на сыравіну. Калі прадпрыемства не спраўляецца самастойна з доўгім ільновалакном, ёсць магчымасць аддаць яго іншым вытворцам прадукцыі з «залатога руна». 

Размаўляючы з прадстаўнікамі ўлады, Прэзідэнт высвятліў, што ехаць на прыватнае дрэваапрацоўчае прадпрыемства не мае сэнсу, бо яно не працуе. Фірма закрэдытаваная і не мае магчымасцяў вырашыць свае праблемы. Аляксандр Лукашэнка даручыў разабрацца з сітуацыяй і далажыць яму.

Такім чынам скончылася чарговая камандзіроўка Прэзідэнта па краіне. Магчыма, пасля картэж лідара краіны направіўся ў Александрыю, побач з якой б’е «Трафімава крыніца» — частка яго сямейнай гісторыі. Выток адшукаў і добраўпарадкаваў дзед Прэзідэнта. У суботу да вечара, калі будзе крыху свабадней, Аляксандр Рыгоравіч сказаў, што збіраецца акунуцца ў цалебны выток

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».