Вы тут

Як адаб'юцца на насельніцтве і бізнесе змены ў заканадаўстве ў сферы абыходжання з адходамі


Толькі за першы месяц года ў краіне было прынята тры дакументы, якія рэгулююць сферу абыходжання з  адходамі. Якія змены яны нясуць? Разбіраемся са спецыялістамі.


Адказнасць за смецце

З 2012 года ў нашай краіне дзейнічае прынцып пашыранай адказнасці вытворцаў. Згодна з ім, вытворцы ці імпарцёры нясуць адказнасць за абыходжанне са сваімі таварамі і ўпакоўкай, калі тыя страцяць спажывецкія якасці і пяройдуць у катэгорыю адходаў.

— У сусветнай практыцы ёсць некалькі спосабаў выканання гэтага абавязку, аналагічныя прадугледжаны і ў Беларусі: вытворцы і пастаўшчыкі ствараюць уласную сістэму збору адходаў тавараў і ўпакоўкі ці фінансуюць агульную сістэму збору, — тлумачыць начальнік упраўлення па каардынацыі дзейнасці ў сферы абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Анатоль ШАГУН. — Усё гэта прапісана ва Указе № 313 «Аб некаторых пытаннях абыходжання з адходамі спажывання», прынятым у 2012 годзе.

Па словах дырэктара ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Наталлі ГРЫНЦЭВІЧ, за час дзеяння дакумента ў краіне ўдалося істотна палепшыць сітуацыю са зборам адходаў тавараў і ўпакоўкі. Так, калі ў 2012 годзе ўзровень выкарыстання адходаў быў 10 %, то за 2019 год, чакаецца, ён складзе 22,6 %. Аб'ёмы збору адходаў шкла павялічыліся ў тры разы, на 35 % — паперы і кардону. Сталі актыўна збіраць палімеры, бытавую тэхніку, шыны, адпрацаванае масла, электрычнае і электроннае абсталяванне, іртуцьзмяшчальныя лямпы, батарэйкі. За кошт чаго гэта ўдалося?

— Указ № 313 дазваляе эканамічна стымуляваць збор і нарыхтоўку другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), — расказвае Анатоль Шагун. — Сродкі ад вытворцаў і імпарцёраў ідуць на развіццё сістэмы збору ДМР: павелічэнне колькасці нарыхтоўчых пунктаў, кампенсацыі зборшчыкам, закупку кантэйнераў, тэхнікі, абсталявання для іх падрыхтоўкі і выкарыстання, стварэння вытворчасцяў па сартаванні і перапрацоўцы адходаў, у тым ліку тых відаў, якія раней не перапрацоўваліся.

Пытанне абыходжання з адходамі тавараў і ўпакоўкі знаходзіцца на асаблівым кантролі Прэзідэнта Беларусі. Падчас нарады з кіраўніцтвам Савета Міністраў 14 студзеня Аляксандр Лукашэнка чарговы раз абазначыў важнасць вырашэння праблем у гэтай сферы. «Нельга дапусціць, каб нас напаткаў лёс краін-суседак, калі людзі задыхаюцца ад колькасці звалак, а глеба на дзесяцігоддзі атручана хіміяй», — заявіў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што стан навакольнага асяроддзя — найважнейшая задача, а здароўе беларусаў бясцэннае. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта не толькі пытанне экалагічнага дабрабыту: «Развітыя краіны, у якіх, як і ў нас, няма багатых запасаў прыродных выкапняў, навучыліся атрымліваць неабходныя рэсурсы фактычна са смецця».

Новыя выклікі

З 1 ліпеня 2020 года на змену Указу № 313 прыйдзе новы дакумент — Указ № 16 ад 17.01.2020 «Аб удасканаленні парадку абыходжання з адходамі тавараў і ўпакоўкі». Што ён зменіць?

— Тое, што было запісана ў дзеючай рэдакцыі, мае абмежаваны напрамак у частцы эканамічнага стымулявання збору і перапрацоўкі адходаў. Яно заключалася толькі ў рабоце з традыцыйнымі ДМР, — тлумачыць Анатоль Шагун. — Збор паперы, шкла, пластыку, шын, бытавой тэхнікі — гэта, безумоўна, важны сегмент, які займае 25—30 % ад усяго аб'ёму цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). Але каб выкарыстоўваць іх на 90—100 %, як у многіх еўрапейскіх краінах, толькі перапрацоўкай ДМР нельга абмежавацца.

У 2017 годзе ўрадам была прынята Нацыянальная стратэгія абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі на перыяд да 2035 года, якая ўлічвае як традыцыйныя, так і новыя напрамкі — энергетычнае выкарыстанне і апрацоўку арганічнай часткі ЦКА. Каб мець магчымасць эканамічна стымуляваць і гэтыя кірункі, былі ўнесены адпаведныя змены ў заканадаўства.

Без пластыку

За апошнія дзесяцігоддзі пластык захапіў рынак тавараў і ўпакоўкі, а пластыкавыя адходы сталі аднымі з галоўных забруджвальнікаў наваколля — як сушы, так і Сусветнага акіяну. Каб зменшыць забруджванне пластыкам, быў прыняты План мерапрыемстваў, накіраваных на паэтапнае зніжэнне выкарыстання палімернай упакоўкі з яе замяшчэннем на экалагічна бяспечную — на аснове паперы, шкла, кардону і біяраскладанага пластыку. Ён быў зацверджаны пастановай Савета Міністраў № 7 ад 13.01.2020.

— Усе мерапрыемствы Плана можна ўмоўна раздзяліць на пяць блокаў, — расказвае начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Мінпрыроды Вадзім ДЭМКО. — Гэта вытворчасць і выкарыстанне экалагічна бяспечнай упакоўкі, у тым ліку біяраскладанай; навуковыя даследаванні па вызначэнні найбольш перспектыўных, экалагічна і эканамічна мэтазгодных тэхналогій атрымання бяспечнай упакоўкі, якія дазваляюць захаваць якасныя характарыстыкі і тэрміны прыдатнасці прадукцыі; тэхнічнае рэгуляванне, скарачэнне імпарту і вытворчасці палімернай упакоўкі; удасканаленне сістэмы абыходжання з адходамі, у тым ліку арганізацыя паасобнага збору ДМР і інфармацыйна-асветніцкая работа.

  • Ужо сёння ў буйных аб'ектах гандлю прадугледжваюцца альтэрнатыўныя варыянты замяшчэння аднаразовай палімернай упакоўкі шматразовай і экалагічнай.
  • З 1 студзеня 2021 года будзе забаронена выкарыстанне і продаж аднаразовага пластыкавага посуду ва ўстановах грамадскага харчавання. Спіс такіх тавараў цяпер распрацоўваецца.
  • У Беларусі ў найбліжэйшыя гады плануецца адмовіцца ад выкарыстання палімернай тары аб'ёмам больш за адзін літр для разліву піва і слабаалкагольных прадуктаў. Так, у суседняй Расіі з 2017 года ўжо дзейнічаюць абмежаванні на продаж піва і іншага алкаголю ў ПЭТ-тары аб'ёмам больш за 1,5 л.

Рэгіянальны падыход

Згодна з Планам, у краіне мяркуюць стварыць аб'екты па сартаванні і выкарыстанні ЦКА і палігоны для іх захавання. Так, прадугледжваецца завяршыць пераход ад раённых сістэм кіравання адходамі да рэгіянальнага ўзроўню. Будуць створаны 30 цэнтраў, куды стануць звозіць камунальныя адходы і сартаваць іх для вымання прыдатных ДМР. Там жа пабудуюць пляцоўкі для кампаставання і падрыхтоўкі адходаў для энергетычнага выкарыстання, перапрацоўкі буйнагабарытных і будаўнічых адходаў. Тое ж, што нельга пусціць у грамадзянскі абарот, будзе захоўвацца на палігонах, створаных там жа.

— Папярэднія падлікі паказваюць, што рэалізацыя гэтай канцэпцыі можа да 2030 года павысіць узровень выкарыстання камунальных адходаў да 55—60 %, — адзначыў Анатоль Шагун.

Бутэлька ў залог

Не пазней чым да 2022 года ў нашай краіне плануюць укараніць дэпазітную (залогавую) сістэму абарачэння спажывецкай упакоўкі. Адпаведны праект указа цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі Прэзідэнта.

Дэпазітная сістэма будзе распаўсюджвацца на ўсё, у што сёння разліваюцца напоі: ПЭТ-бутэлькі, шкляныя бутэлькі і слоікі, бляшанкі — за выключэннем малочнай тары. Астатнія віды ўпаковак застануцца ў сістэме паасобнага збору.

— Гэта сістэма падобная да той, што была ў Савецкім Саюзе, — кажа Анатоль Шагун. — Купляючы напой, чалавек пакідае ў краме залог за бутэльку (каля 20 кап.). Здаўшы ўжо пустую тару ў гэтай жа ці іншай краме, ён вяртае сабе залог. Такая сістэма дазволіць як мінімум у два разы павялічыць аб'ём тары ў рэспубліцы, якая збіраецца. Плануецца, што яна дасць не менш за 80 % звароту.

Нашто павышаюць збор?

Каб вытворцы пераходзілі на «зялёны» бок і адмаўляліся ад выкарыстання пластыку ва ўпакоўцы, важна не толькі забараняць, але і эканамічна стымуляваць іх да выкарыстання альтэрнатыўных матэрыялаў, упэўнены Анатоль Шагун. Гэта прадугледжваюць і нормы Указа № 16.

Згодна з імі, каб не плаціць збор, трэба пашыраць выкарыстанне ў вытворчасці палімернай упакоўкі і вырабаў з пластмас пластыкавых адходаў. На сёння іх доля павінна складаць не менш за 30 % адходаў, з 2021 года — да 35 %, з 2023 года — 40 %.

— Яшчэ адна мэта Указа, якая атрымае сваё развіццё ўжо ў дакументах урада, — зрабіць так, каб бізнес больш актыўна пераходзіў ад прынцыпу «заплаціў і забыў» да стварэння ўласных кааперацыйных сістэм збору адходаў упакоўкі, без выплаты кампенсацыі, — гаворыць спецыяліст. — Дзякуючы гэтаму можна павялічыць аб'ёмы збору пластыку, дробнай бытавой тэхнікі і інш.

Прастымуляваць гэтыя змены прызвана і змяненне памераў платы за карыстанне пластыкавай упакоўкай, прадугледжанае пастановай Саўміна № 24 ад 16.01.2020. Плата будзе павышацца паэтапна: са 180 да 270 рублёў з 1 красавіка 2020 года і да 360 рублёў з 1 студзеня 2021 года. У сваю чаргу плануецца напалову (да 90 рублёў з 01.04.2020) знізіць плату за выкарыстанне біяраскладанай упакоўкі, вырабленай з расліннай сыравіны.

Пры гэтым, па словах Анатоля Шагуна, чакаецца, што павышэнне платы ў два разы не прывядзе да істотнага павелічэння кошту тавараў. Так, сёння збор за адну ПЭТ-бутэльку, якая важыць каля 40 г, складае 0,7 капеек у цане тавару. Пры павелічэнні збору да 360 рублёў. яна стане адпаведна 1,4 к. Што ж казаць пра поліэтыленавыя пакеты!

* * *

Каб меры па ўдасканаленні сістэмы збору адходаў і прадухіленні іх утварэння былі эфектыўныя, многае залежыць ад нашых з вамі простых дзеянняў: абмінаць смеццеправод і выкідаць пластык і змяшаныя адходы асобна; не ленавацца данесці батарэйкі ці люмінесцэнтныя лямпы да спецыяльных кантэйнераў, карыстацца ў краме не пластыкавымі пакетамі, а папяровым ці палатняным мяшочкам.

Калі знікнуць смеццеправоды?

Пытанне з заварваннем смеццеправодаў плануецца вырашыць у найбліжэйшыя год-два, расказаў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віталь Смірноў. Ён падкрэсліў, што гэта работа вядзецца пастаянна. Пры гэтым улічваецца меркаванне жыхароў, а таксама магчымасць будаўніцтва кантэйнерных пляцовак.

Некалькі гадоў таму ўсе смеццеправоды заварылі ў Гродне, а ў Гомелі гэта работа была завершана больш за 10 гадоў таму. Вядзецца яна і ў кожным буйным населеным пункце.

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.