Вы тут

Ананімная крыніца


Нельга быць справядлівым напалову.


«Паважаная рэдакцыя газеты «Звязда». Лісты, якія ляжаць у гэтым канверце, ужо дасланыя сваім адрасатам. Мы прапануем і вам азнаёміцца са становішчам у сацыяльна-педагагічным цэнтры вёскі С. Вельмі спадзяёмся на вашу дапамогу. Дынастыя Ш. разам з дырэктарам М. не павінна хадзіць па галовах іншых супрацоўнікаў. Тое, што прывозяць спонсары і проста людзі выхаванцам прытулку, павінна належаць менавіта выхаванцам, а не дынастыі Ш. разам з дырэктарам М., якія некалькі дзён запар кожны год выносяць поўныя сумкі з фруктамі, печывам, сокам, цукеркамі, бытавой хіміяй, спартыўнымі мячамі і шмат з чым яшчэ. А якія вялікія прэміі выпісвае кожны месяц сабе і сваім сваякам Ш., вы б пабачылі. І таксама брудна яна паступае, калі некалькі разоў, каб не ехаць у раён у цырульню, званіла і запрашала знаёмага майстра ў прытулак, стрыглася сама, стрыгліся яе сяброўкі-выхавальніцы. І дырэктар, ведаўшы пра гэта, нават не рабіў ім заўвагі. Гэта не той цырульнік, які прыязджае стрыгчы выхаванцаў прытулку. Гэта зусім іншы, гэта асабісты цырульнік Ш., да якога раней яна ездзіла ў раён стрыгчыся, а зараз зусім вядзе сябе нячыста, дайшла да таго, што на рабоце і ў рабочы час стрыжэцца разам з выхавальнікамі, мыюць галовы, з мокрымі галовамі ходзяць па прытулку, потым сядзяць з гэтым майстрам п'юць чай, а тэхнічка прыбірае за імі стрыжаныя валасы на падлозе. Дапамажыце, калі ласка, дабіцца справядлівасці! Дынастыя Ш. разам з дырэктарам М. павінны несці адказнасць за свае ўчынкі! За свае несправядлівыя адносіны да іншых работнікаў і за тое, што адбіраюць у пакрыўджаных лёсам выхаванцаў прытулку»...

Гэты допіс мне ўчора прынесла рэдактар аддзела пісьмаў са словамі: «Можа, возьмеш тэму для калонкі?» На пытанне, чаму не паслаць яго на рэагаванне ў абласное ўпраўленне адукацыі або не перадаць уласнаму карэспандэнту, каб разабраўся на месцы, мне красамоўна паказалі на канверт без канкрэтнага зваротнага адраса і адсутнасць подпісу ў канцы пісьма. Ананімка. Закон дазваляе іх не разглядаць. У журналісцкім выпадку нельга паехаць ці патэлефанаваць аўтару ці аўтарам «сігналу», удакладніць дэталі, паглядзець у вочы, калі на тое пайшло, — зразумець сітуацыю, аб'ектыўна яе ацаніць, зрабіць зноў жа аб'ектыўны матэрыял.

А тэма для калонкі — гэта калі ласка. І нават не адна. Можна разважаць пра сумленнасць і сумленне людзей, якія працуюць у сацыяльных установах. Можна пагаварыць пра агульны і непрадуманы падыход на месцах да вельмі добрай па сутнасці акцыі «Нашы дзеці», калі ў прытулак, дзе перад Новым годам было ўсяго два дзіцяці, везлі машыны падарункаў і пачастункаў, абы паставіць «птушачку». Можна, калі б была ўпэўненасць, што ўсё напісанае ў тым лісце — не элементарны паклёп. «Героі» допісу будуць казаць менавіта так, а тых, хто гатовы пацвердзіць, што ўсё напісанае — чыстая праўда, проста няма: яны так хаваюцца, што нават канверт, мяркуючы па паштовых штэмпелях, кідалі ў іншым горадзе...

Таму тэма застаецца адна — ананімкі. Чаму іх не варта разглядаць і чаму, нягледзячы ні на што, іх працягваюць пісаць. (А ў нашым канкрэтным выпадку ананімная крыніца не пашкадавала сіл і часу, каб напісаць і спонсарам, якія прывозілі падарункі, і ў рэдакцыі газет, і ў абласное ўпраўленне адукацыі. Пісьмы па змесце розныя, яднае іх, як ужо зразумела, адсутнасць якіх-кольвек канкрэтных звестак пра аўтара ды яшчэ чамусьці лейтматывам гучаць раскіданыя пасля стрыжкі валасы, якія пасля давялося змятаць прыбіральшчыцам...)

Замест адказу на першае пытанне ўспомню, калі дазволіце, выпадак з уласнай журналісцкай практыкі. Я тады ездзіла ў камандзіроўку па пісьму, у якім чалавек скардзіўся на ананімшчыкаў, што давялі яго жонку да бальніцы. Дакладней, на мясцовыя ўлады, якія зрабілі гэта, кіруючыся ананімкамі. Жонка-настаўніца прэтэндавала на месца завуча ў школе. Але камусьці гэта вельмі не падабалася, і ва ўсе інстанцыі на жанчыну пасыпаліся скаргі ад «добразычліўцаў», якія скарысталіся тым, што ў сужэнцаў прыёмныя дзеці. «Сігналізавалі», што малыя не дагледжаныя, што бацькі п'юць, пісалі ўсялякую лухту аб прыстойных нармальных людзях. На ўсе «сігналы» выязджала чарговая праверка (прыёмныя дзеці — на асаблівым кантролі), нічога крамольнага не выяўляла, пасля чарговага даносу зноў вярталася. Урэшце ў маці сямейства не вытрымалі нервы — і ад крыўды, ад пастаяннага напружання і яна злягла з сур'ёзным сардэчным прыступам. А праз нейкі час яны ўвогуле пераехалі ў іншае месца, дзе пастараліся пра ўсё забыць. Аўтар паклёпаў, якія фактычна ледзь не зламалі людзям жыццё, так і застаўся невядомым, а мясцовыя чыноўнікі, як прызнаваліся журналісту, назаўсёды вырашылі для сябе карыстацца правам, дадзеным законам: ананімныя лісты пакідаць без увагі.

Наша грамадства ўвогуле павінна было б выпрацаваць імунітэт да ананімных даносаў, якія зусім няшмат пакаленняў назад у многіх нашых продкаў адабралі жыццё або павыкручвалі ім лёсы. Тым больш сёння, калі ўлада стала вельмі адкрытай, калі праводзяцца прамыя лініі, прыёмы грамадзян на ўсіх узроўнях, калі спрабуем пабудаваць грамадства справядлівасці, — падобныя «сігналы» выглядаюць па меншай меры дзіўна. Чаго і каго вы баіцеся? Нават калі вы прыбіральшчыца ў гэтым няшчасным прытулку — што вам зробіць той дырэктар ці яго намесніца, калі вы раскажаце ці напішаце пра іх праўду, не хаваючы свайго імя? Прэміі пазбавіць — дык вы яе і так не атрымліваеце, мяркуючы па вашым допісе. З работы звольніць? Паверце, пасля вашага звароту (калі ў звароце праўда) яму будзе не да вас. За справядлівасць (калі вы, канешне, за справядлівасць, а не зводзіце асабістыя рахункі за нейкую крыўду) нельга змагацца, хаваючыся. Бо справядлівым, як і шчаслівым, і свабодным, нельга быць напалову.

А самае крыўднае ведаеце што? Нават калі кожнае слова ў вашым «сігнале» чыстая праўда, — пакуль вы будзеце хавацца за безаблічныя аддрукаваныя на прынтары літары і за мінскія штэмпелі на канверце, «дынастыя Ш. разам з дырэктарам М.» і ім падобныя наўрад ці атрымаюць пакаранне за тое, пра што вы абурана паведамляеце ў розныя інстанцыі.

І гэта, як ні дзіўна, будзе справядліва.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».