На тэрыторыі былой ваеннай базы вырабляюць патроны і мадэрнізуюць авіяцыйныя ракеты, якія адпрацавалі тэрмін і падлягаюць утылізацыі. Сёлета тут плануюць пабудаваць цэхі па вытворчасці нітрацэлюлозы, зборцы бронемашын і супрацьтанкавых кіраваных ракет. Унікальны для краіны праект рэалізуюць спецыялісты «Белзнешспецтэхнікі» і «БСВТ — новыя тэхналогіі».
Пра тое, што важна не залежаць ад імпарту ўзбраення, кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка казаў яшчэ ў кастрычніку 2018-га, наведваючы палігон Даманава. Дарэчы, раней Беларусь боепрыпасы не вырабляла. Змянілі становішча, каб у гэтым абаронным пытанні мець магчымасць разлічваць на сябе. Спачатку была распрацавана нарматыўна-прававая база, затым падрыхтавалі спецыялістаў, і толькі потым вызначыліся з калібрам — пад пісталет, аўтамат, кулямёт і снайперскую вінтоўку. Наладжаны і пастаўкі прадукцыі ў краіны Заходняй Еўропы і Афрыкі. Па водгуках заказчыкаў, суадносіны «кошт—якасць» — аптымальныя.
— Кожны патрон праходзіць кантроль якасці непасрэдна ў цэху. З партыі ў 10 тысяч робіцца выбарка з 250 гатовых вырабаў, — паведамілі на прадпрыемстве. — Затым праводзіцца праверка ў стралковай лабараторыі, дзе даследуюцца балістыка, фізіка, хімія і гэтак далей.
Для праверкі якасці патронаў пабудаваны цэлы даследчы комплекс, падобных якому ў краіне няма.
Вытворчыя магутнасці аршанскага прадпрыемства хоць адносна і невялікія, але ўсё роўна ўражваюць: тут ёсць магчымасць выпусціць да 30 мільёнаў патронаў у год. А калі попыт будзе, то гэты аб'ём можна павялічыць і пашырыць лінейку іншымі калібрамі.
Рэалізацыя праекта ажыццяўляецца ў рамках Указа № 506 «Аб развіцці Аршанскага раёна», які дазваляе казаць аб далейшым развіцці прадпрыемства. Сёння на «аршанскай пляцоўцы» працуе 150 чалавек, але іх колькасць з улікам планаў па хуткім пашырэнні вытворчасці павялічыцца, магчыма, на такую ж лічбу. Перавага гэтай пляцоўкі ў тым, што тут жывуць спецыялісты, якія шмат гадоў былі задзейнічаны ў захоўванні і абслугоўванні боепрыпасаў. Іх не трэба вучыць, дастаткова толькі перападрыхтоўкі.
Вольга АНУФРЫЕВА
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».